Выхад у тэатр як рухавік эканомікі

№ 37 (1372) 15.09.2018 - 22.09.2018 г

Кіраўнік Цэнтра беларускай драматургіі Аляксандр МАРЧАНКА не так даўно вярнуўся з-за акіяна. Разам з дырэктарам Цэнтра “АРТ Карпарэйшн” Анжалікай Крашэўскай, галоўным мастаком тэатра імя Максіма Горкага Алай Сарокінай, кіраўніком арганізацыйна-творчага аддзела Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Таццянай Нікановіч і з галоўным рэжысёрам Цэнтра культуры "Віцебск" Уладай Цвікі ён меў магчымасць пазнаёміцца з тамтэйшымі тэатральнымі тэхналогіямі. І цяпер можа падзяліцца ўражаннямі пра тое, як арганізавана тэатральнае жыццё ў ЗША.

/i/content/pi/cult/709/15533/20.JPGГалоўны матыў — “цікава”

— Мы выправіліся ў Амерыку па праграме International Visitor Leadership Дзярждэпартамента ЗША. Пачыналі з Вашынгтона, а пасля праехаліся па шасці гарадах пяці штатаў. Праграма была прапрацаванай да дробязяў і вельмі насычанай.

У Злучаных Штатах амаль не сустрэць таго тэатра, да якога мы прызвычаіліся — рэпертуарнага ў нашым
разуменні. Там вельмі шырока прадстаўлены тэатр музычны і сацыяльны, які працуе з рознымі слаямі насельніцтва, адлюстроўваючы злабадзённыя для грамадства пытанні: беднасць, гендар, раса, бежанцы…

У кожным тэатры існуе цэлая служба накшталт нашага аддзела маркетынгу, якая займаецца вывучэннем попыту. У адной з іх я запытаў, якімі матывамі кіруюцца амерыканцы, аддаючы перавагу тэатру. Сярод адказаў лідзіруюць “цікава” (чалавек ідзе ў тэатр дзеля забавы), “хачу быць з іншымі людзьмі” (прага да сацыялізацыі), “хачу сузіраць прыгожае”, “хачу даведацца пра новае” (асобасны рост). У Беларусі такога маштабу даследаванні не праводзяцца, але, мяркую, адказы былі б падобнымі. Асэнсаваўшы, якія тэмы цікавяць публіку ў дадзеным рэгіёне, калектыў разумее, што ён можа прапанаваць сваёй аўдыторыі.

І пры гэтым, галоўны прынцып у амерыканскім тэатры — разнастайнасць. Ён адпавядае розным густам, і тыя пара-тройка працэнтаў аўдыторыі, якая прагне “нечага іншага”, яго атрымліваюць. Амерыканцы імкнуцца жыць, паважаючы пазіцыю кожнага чалавека, яго погляды і памкненні.

Многія з тэатральных кампаній, з якімі мы сустракаліся, займаюцца тым, што развіваюць свае мясцовыя супольнасці. Гэта могуць быць раёны ў горадзе, суполкі ў графстве ці штаце. Але галоўным прынцыпам заўсёды будзе ахоп адмысловай групы насельніцтва. Возьмем тэатр у акрузе Анакосція, што непадалёк ад Вашынгтона. Здавалася б, амаль сталіца, але варта толькі пераехаць праз раку — і пачынаецца зусім іншае жыццё. Раён заселены пераважна афраамерыканцаміы, сюды не раяць зазіраць уначы. Аднак пры гэтым там актыўна дзейнічае тэатр. Ён нясе сваю місію: імкнецца сацыялізаваць пэўныя слаі насельніцтва, якія часцяком лічацца небяспечнымі. Прычым не толькі паказвае нейкі тэатральны прадукт, але і прапануе жыхарам раёна розныя інтэрактыўныя праекты.

Карысць ад шкоднай звычкі

— Як вядома, тэатр у ЗША не ўтрымліваецца дзяржавай. Там не існуе такой структуры, як міністэрства культуры: дзейнічае толькі нацыянальны фонд, які займаецца пытаннямі мастацтва. Адкуль жа тэатры бяруць грошы на сваё існаванне? Бюджэт на год складаецца з некалькіх крыніцаў. Нешта ўстанова зарабляе непасрэдна з продажу білетаў. 2 — 3 працэнты — унёсак дзяржаўных структур (прычым неабавязкова нацыянальных: у ЗША вельмі моцна развітая сістэма самакіравання на ўзроўні штата, графства, горада). 15 працэнтаў — удзел фондаў культуры.

А самы вялікі аб’ём фінансавання — звыш 50 працэнтаў бюджэту — прыпадае на долю прыватных капіталаўкладанняў. Мецэнаты могуць вырашаць, на што канкрэтна яны пералічваюць грошы. Напрыклад, у Кліўлендзе дзейнічае другі па велічыні ў краіне — пасля Брадвея — тэатральны квартал. Арэнду памяшканняў тэатрам аплачваюць банкі.

Амаль ва ўсіх тэатрах, у якіх мы былі, можна пабачыць сведчанні такой падтрымкі. Напрыклад, на крэслах таблічка, што містар і місіс такія выдаткавалі пэўную суму на рэстаўрацыю тэатра. Нават такая велізарная тэатральная структура, як нацыянальны Цэнтр Кенэдзі, грошы на сваю дзейнасць таксама здабывае з дапамогай краўдфандынга і фандрайзінга. На сцяне Цэнтра мы бачылі велізарныя спісы, колькі долараў (а часам мільёнаў) прынёс у тэатр той ці іншы чалавек, арганізацыя, банк. Звесткі адкрытыя, бо ў фінансавым заканадаўстве краіны існуе ўзаемасувязь: калі ты ахвяраваў нешта на мастацтва, гэтая сума не будзе абкладацца падаткам, пра яе не трэба згадваць у дэкларацыі.

Уражвае і тое, як у ЗША ўсе ўдзельнікі культурнага працэсу ўмеюць знаходзіць паміж сабою паразуменне. Таму яны могуць сумесна прасунуць свае ідэі ў муніцыпалітэце. Менавіта талакой жыхары Кліўленда дабіліся таго, каб так званы “грахоўны падатак”, які ідзе ў муніцыпалітэт з продажу цыгарэт, цалкам перанакіроўваўся на развіццё мастацтва. І з пачатку 2000-х недзе 15 — 18 мільёнаў долараў штогод ідзе на падтрымку тэатра ў рэгіёне. Падобныя ініцыятывы для ЗША — стандартная практыка.

У амерыканскіх тэатрах мы неаднойчы задавалі пытанне: ці мае права чалавек, які ахвяруе грошы, умешвацца ў пастаноўку? І чулі адназначнае “не”. Банкі і карпарацыі могуць выдаткоўваць мільённыя сумы, паўсюль у тэатры будзе вісець іх рэклама, але ніхто, акрамя самаго тэатра, не будзе ўплываць на кантэнт. Нават той жа Цэнтр Кенэдзі, запрашаючы на сваю пляцоўку якіх-небудзь хіпхопераў, можа хіба прапанаваць формы супрацоўніцтва (напрыклад, аб’яднаць праграму з класічным аркестрам), але не мусіць умешвацца ў тэматычныя ўпадабанні гэтых тэатральных груп.

Калектывы часта аб’ядноўваюцца для агульных праектаў — напрыклад, каб зменшыць выдаткі на рэкламу. У ЗША прынята дасылаць лісты з рэпертуарам дадому патэнцыйнаму гледачу. І чаму б не ўкладаць у канверт афішы адразу трох тэатраў?

Хто, калі не сам

— Яшчэ адзін прынцып амерыканскай тэатральнай культуры можна сфармуляваць так: вазьмі і зрабі, калі табе гэта патрэбна. Прыкладам, у Балтыморы ёсць тэатральны калектыў, які ладзіць свае перформансы на закінутым заводзе. Творцы самі прыглядзелі ў цэнтры горада гэты “абандон”, зрабілі там сцэну, развіваюць тэхналогію Qlab і такім чынам зарабляюць грошы.

Каб вось так узяць і зрабіць, у іх ёсць галоўнае — падтрымка гарадскіх улад і ўсіх камунальных службаў. Муніцыпалітэт дазваляе надаваць заводу другое жыццё, не патрабуючы арэндных выплат. Пажарныя дапамагаюць забяспечваць элементарныя нормы бяспекі, а не штрафуюць за пралікі і забараняюць паказ. Усе разумеюць: каб развівалася грамадства ў цэлым, неабходны асобасны рост кожнага з яго членаў. І менавіта мастацтва вырашае гэтае пытанне.

Практык ад студэнцкай лавы

— Мы завіталі ў дзве ВНУ, якія рыхтуюць тэхнічных спецыялістаў у сферы тэатра і лічацца вядучымі ў дадзеным кірунку: універсітэты ў Нью-Ёрку і штаце Юта. У апошнім навучанне каштуе ад васьмі да дзесяці тысяч долараў у семестр, але ў гэтую суму ўключанае жыллё, харчаванне, неабходнае для вучобы абсталяванне. Там выпускаюць тых спецыялістаў, з якімі ў нашых тэатрах заўсёды бяда: рэжысёраў па гуку, па святле, адмыслоўцаў, чые паўнамоцтвы адпавядаюць айчыннай пасадзе загадчыка пастановачнай часткі (па апошняй спецыяльнасці ў Беларусі ўвогуле ніхто не рыхтуе).

У вочы адразу кінулася розніца падыходаў: тамтэйшыя ВНУ выпускаюць вузкаарыентаваных спецыялістаў, якія на ўсіх этапах адукацыі атрымліваюць найперш не тэарэтычныя веды, а канкрэтныя навыкі. Напрыклад, будучы мастак па святле на працягу вучобы засвойвае розныя нюансы асвятлення. Для яго заўсёды адчынены дзверы лабараторый з масай асвятляльных прыбораў. Ты можаш паставіць у цэнтр пакою нейкі аб’ект і даследаваць, якога эфекту магчыма дасягнуць пры падсветцы з таго ці іншага боку.

Усіх нас вельмі моцна ўразіла матэрыяльна-тэхнічная база — такую колькасць тэхнікі можна ўявіць хіба толькі ў Вялікім тэатры Беларусі! Універсітэты прапануюць сваім студэнтам найноўшае праграмнае забеспячэнне накшталт Qlab, вучаць, як з дапамогай камп’ютара кіраваць тэхнічнымі, светлавымі, гукавымі эфектамі. Да моманту, калі настае час пакінуць сцены alma mater, студэнты паспяваюць засвоіць настолькі шмат практычных навыкаў, што праблем з працаўладкаваннем не ўзнікае ні ў каго. Нездарма нашае пытанне пра тое, як удаецца ўладкаваць выпускнікоў, выклікала ў кіраўнікоў факультэтаў усмешку.

У дадатак да квітка

 — За акіянам спектаклі існуюць, пакуль на іх ёсць попыт у гледача. У сярэднім, прэм’ера ідзе пяць разоў на тыдзень, пракатваецца месяц-два — і здымаецца, саступаючы месца наступнаму праекту. Бывае, што касавыя зборы за гэты тэрмін не пакрываюць выдаткаў на пастаноўку. Але ўсе ўдзельнікі працэсу разумеюць: самаакупны тэатр — рэдкае выключэнне. Таму ніхто не пераглядае рэпертуарную палітыку: маўляў, давайце ставіць адно камерцыйна прыбытковыя п’есы. Калектывы працягваюць развіваць узаемадзеянне з мецэнатамі, бо кожны з бакоў ведае галоўнае: менавіта мастацтва ўплывае на сацыяльнае асяроддзе дзяржавы.

Цяпер некаторыя законы, датычныя фінансавання мастацтва, змяняюцца. Сённяшні прэзідэнт ЗША лічыць: культура павінна цалкам сябе забяспечваць. Таму як нацыянальныя, так і некамерцыйныя фонды ўсё часцей праводзяць маштабныя даследаванні, каб
прадэманстраваць уплыў сферы мастацтва на эканоміку краіны. Грунтоўны аналіз сведчыць: сярэднестатыстычны амерыканец, ідучы ў тэатр, не толькі купляе квіток, але расходуе 31 долар звыш — на “выхад у свет”. У гэтую суму ўваходзяць выдаткі на транспарт, няню для пакінутых дома дзяцей, кубак кавы ў антракце.

Мяркую, калі б у Беларусі правялі падобнае даследаванне, то атрымалі б падобныя вынікі. Чым больш людзі ходзяць у тэатр, тым актыўней развіваюцца іншыя эканамічныя працэсы. І гэта не ўлічваючы стварэння працоўных месцаў для тых, хто непасрэдна заняты ў галіне мастацтва. Наша сфера — адзін з раўнапраўных чыннікаў, які стварае эканоміку краіны.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"