Сямёра смелых

№ 37 (1372) 15.09.2018 - 22.09.2018 г

“Кніга ўжо даўно не толькі аб’ект продажу, як і прасоўванне літаратуры — не толькі яе продаж”, — лічыць бібліятэкар Вольга ВОЎК. На прыкладзе ўласнага досведу яна падзялілася з “К” разважаннямі наконт таго, навошта любому гораду абавязкова патрэбны свой кніжны фестываль.

/i/content/pi/cult/709/15532/17.JPGВольга — галоўны бібліятэкар аддзела маркетынгу і праектнай дзейнасці Навуковай бібліятэкі БНТУ, старшыня камітэта праектнай дзейнасці Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі, а таксама арганізатар кніжнага фестывалю “Горад і Кнігі” ў Мінску, які ўжо чатыры гады збірае разам усіх, хто робіць у сталіцы штосьці на літаратурную тэму: клубы і гурткі, хатнія тэатры, кнігарні, выдавецтвы, бібліятэкі і гэтак далей. Уваход для ўсіх — вольны.

— Гэта пакуль адзіны ў Беларусі фэст такога фармату, — кажа яна. — Што, вядома, сумна, бо, скажам, у суседняй Расіі свой кніжны фестываль ёсць у кожным больш-менш буйным горадзе. Вяртаючыся з аднаго з іх — “Нон-фікшн” у Маскве — мы з маёй калегай Вікторыяй Каралёвай у цягніку абмеркавалі ідэю зрабіць штосьці такое ў сябе.

Восем тысяч — зусім не мяжа

Першапачатковай мэтай бібліятэкараў было паказаць тое, што Мінск — горад кніжны.

/i/content/pi/cult/709/15532/18.JPG— Для нас гэта было відавочна, але для большасці людзей — усё ж такі не, — распавядае арганізатар. — Тыя, хто да нас прыходзяць, не ведаюць шмат якія кніжныя праекты, не разумеюць, што ў бібліятэках можна бясплатна атрымаць кнігу, якая ў краме каштуе немалыя грошы. У бібліятэк наогул вялікая бяда з папулярызацыяй, многія з іх не ўмеюць сябе пазіцыянаваць, хаця шмат дзе праца вядзецца немалая! Некаторыя з іх лічаць, што калі яны размясцілі абвестку на сваім сайце, дык увесь горад пра гэта даведаецца — хаця часам і сам сайт знайсці складана.

Першы фестываль адбыўся ў 2015 годзе ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і сабраў каля трох тысяч наведвальнікаў. Другі — ужо больш за пяць тысяч. Трэці праходзіў сёлета ў маі на вуліцы каля карпусоў БНТУ, і яго наведала блізу васьмі тысяч чалавек. І арганізатары лічаць, што гэта далёка яшчэ не мяжа.

— Нядаўна мы вярнуліся з Эдынбургскага міжнароднага кніжнага фестывалю — аднаго са старэйшых і найбуйных у свеце, — распавядае Вольга. — Яго кіраўнік у сваёй справаздачы напісаў, што ў іх было 260 тысяч наведванняў! І адзначыў: больш за ўсё яму шкада, што няма такой прылады, якая магла бы вымераць, наколькі за гэты час Эдынбург стаў шчаслівейшым і
разумнейшым. Вось для чаго патрэбны кніжны фестываль!

Пытанне — як гэта зрабіць? Сама ж Вольга паспрабавала на яго адказаць.

Інструкцыя дадаецца

Каб зрабіць фестываль, патрэбны энтузіязм людзей. Калі адкрыць сайты сусветных форумаў і паглядзець іх каманду, то часам яна большая за колькасць супрацоўнікаў усёй нашай бібліятэкі. У нас усё пачыналася з двух чалавек. Потым кожны год хтосьці далучаўся. Цяпер у аргкамітэце шасцёра, неўзабаве будзе сем.

Некалькі гадоў мы рабілі так: дзіцячая пляцоўка, маладзёжная, для дарослых, экспертная, зона чытанняў і выставачная зона. Пачынаючы з апошняга фестывалю спрабуем працаваць яшчэ з асобнымі тэмамі — навуковая літаратура, асаблівыя дзеці, тактыльныя кнігі, Мінск.

У кожнай тэмы фестывалю ёсць куратар, і гэта не заўжды чалавек з аргкамітэта. “Горад і Кнігі” — праект цалкам валанцёрскі. Ім людзі займаюцца па-за сваёй працай і бясплатна.

Але калі вы хочаце зрабіць вялікае мерапрыемства, вам патрэбна каманда і грошы. Першае ў нас ёсць, але фестываль не мае дзяржаўнай ці сталай спонсарская падтрымкі. Чатыры гады мы робім яго без бюджэту, хаця кожны раз хоць на што-небудзь грошы патрэбны. Скажам, на тэнты, калі мы праводзім імпрэзу на вуліцы. Калі прывозім замежных аўтараў, то збіраем праз краўдфандынг сродкі на аплату дарогі і жылля. Хаця ў свеце няма культуры ездзіць і выступаць бясплатна, часам цуды здараюцца. Напрыклад, мы запрасілі Марыну Арамштам — гучнае імя ў дзіцячай літаратуры і
педагогіцы. Я напісала ёй, і яна пагадзілася прыехаць проста так.

Адразу пасля фестывалю трэба пачынаць рыхтаваць новы — і цяпер мы ўжо вызначаем плошчы, даты, пачынаем працаваць з пасольствамі і людзьмі, якія давалі нам грошы летась. Ці гатовыя яны ў наступным годзе стаць спонсарамі якой-небудзь падзеі, прывезці аўтара? Нам дапамагалі і многія кнігарні. Калі месяцы за два-тры да фестывалю мы ведаем, якая падтрымка ў нас ёсць, запускаем краўдфандынг.

/i/content/pi/cult/709/15532/19.JPGСкласці праграму проста, калі ведаеш у горадзе ўсіх кніжных людзей. Ты прапануеш ім папрацаваць, яны пагаджаюцца. Але нам хочацца, каб фестываль быў ужо не толькі месцам збору аднадумцаў, але яшчэ і нараджаў штосьці новае, трансліраваў ідэі. Так з’яўляюцца спецпраекты, праца над якімі вядзецца цягам года. “Усмешлівыя цуды” — хэнд-мэйд выстава герояў сучасных кніг. Спачатку мы хадзілі па кірмашах і раздавалі візітоўкі майстрам, цяпер не паспяваем “размяркоўваць” паміж імі герояў. “10+10” — выпушчаны летась зборнік апавяданняў пра Мінск, напісаных вядомымі аўтарамі і тымі, што даслалі свае тэксты на конкурс фестывалю. “Ліхтар” — рэкамендацыйны спіс дзіцячых кніг. У нас ёсць сем экспертаў — акрамя аргкамітэта, гэта заснавальнікі кнігарняў, пісьменнікі, культуролаг, настаўнік, бібліятэкар, літаратурны аглядальнік. Яны адчытваюць усё, што выходзіць за сезон, і складаюць свой топ. З некалькіх спісаў складаецца адзін агульны. Праца каласальная — у дзень трэба чытаць не менш за дзве кнігі. У нас ёсць сувязі з выдавецтвамі, якія дасылаюць тое, што яшчэ нават не трапіла на рынак.

Фармат фестывалю адрозніваецца ад кірмашу, у якім удзельнічаюць пасольствы, вялікія выдавецтвы і крамы. Насамрэч шмат цікавых літаратурных праектаў робяцца акурат энтузіястамі. Нас не цікавяць рэгаліі — толькі якасны прадукт. Вам не падабаецца — усталі і пайшлі. Мы не страхуемся і не займаем месцы школьным групам. Калі прыязджае аўтар і пытаецца, ці будуць дзеці, мы кажам: “Не ведаем”. Продаж кніг — не наша мэта, але паколькі людзі хочуць іх набываць, мы робім выставачную зону таксама. Попыт, дарэчы, расце.

Рабіць усё трэба так, каб табе падабалася. Па нашых адчуваннях, на апошнім фестывалі мы чагосьці не дацягнулі. Момант інфармавання, прыцягнення ўвагі — усё гэта важна, але павінна быць штосьці яшчэ. Можа, гэта празмерная цяга да дасканаласці?

Нас вельмі цікавяць асаблівыя дзеці, таму больш увагі будзем надаваць вырабу тактыльных кніг. Магчыма, зробім яшчэ адукацыйную частку для бацькоў, бо яны рэдка
разумеюць, што адбываецца ў літаратуры для самых маленькіх. Звернем увагу на інтэлектуальную кнігу, ілюстратараў. Будзем прыкладаць болей намаганняў для наладжвання сумоўя ўсіх удзельнікаў працэсу. “Кніжнікі” ведаюць свае праблемы, і часам яны вырашаюцца проста таму, што адны людзі пазнаёміліся з іншымі.

Мне падаецца, дзякуючы фэсту многія даведаліся, што ў Мінску адбываецца шмат чаго цікавага. І для нас наспеў ужо час пераходзіць да больш сур’ёзных літаратурных фарматаў.

Галоўнае — не прымушаць

Ідэя кніжнага фестывалю паступова пайшла па гарадах Беларусі. Літаральна тыдзень таму такі зладзілі ў Віцебску.
Падобныя спробы былі ў Гомелі і Гродне. Ініцыятыва часцей за ўсё там таксама сыходзіць ад бібліятэкараў.

— Галоўнае — не
абавязваць кагосьці ўдзельнічаць, — лічыць Вольга. — Перад кожным фестывалем праз бібліятэчную асацыяцыю робім рассылку ва ўсе бібліятэкі краіны, арганізуем экспертную пляцоўку і запрашаем да ўдзелу — але толькі па жаданні. Да нас часта звяртаюцца па парады. Напрыклад, пытаюцца, што мы кажам людзям, каб яны пагадзіліся далучыцца.

Але часам нас не чуюць. Бібліятэкары перакананыя, што могуць зрабіць усё сваімі сіламі: і станчыць, і заспяваць... Я ім кажу: “Не трэба, запрашайце прафесіяналаў”. Мы ж таксама не ўсё робім сваімі сіламі. Нам дапамагаюць. Некаторыя тэатры рыхтуюць прэм’еры проста да фестывалю. Немагчыма брацца за ўсё самому. Што за ідэя — апрануць бібліятэкара ў касцюм кнігі і прымусіць хадзіць па плошчы? Любы нармальны чалавек убачыць гэта і пойдзе ў адваротны бок! Але старэйшаму пакаленню такое часам не патлумачыць. Хаця… да нейкіх парадаў і мы не гатовыя пакуль прыслухацца.

На думку арганізатараў сталічнага фэсту, у рэгіёнах рабіць падобную імпрэзу прасцей.

— Там не заўжды ёсць куды пайсці, а ў Мінску канкурэнцыя вялікая, — кажа Вольга. — Гадоў 15 таму бібліятэкі згубілі манаполію на прадастаўленне інфармацыі з-за інтэрнэту, а гадоў пяць таму яшчэ і сваю манаполію як месца літаратурных падзей — гэтым сталі займацца крамы, гурткі, аб’яднанні. Людзі ідуць туды і плацяць па 10 — 15 рублёў, але не ходзяць на бясплатныя імпрэзы ў бібліятэкі. Таму мінскім бібліятэкарам трэба варушыцца хутчэй. А рэгіёны яшчэ могуць адваяваць гэты кавалачак аўдыторыі менавіта з дапамогай фестываляў.

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"