Бачнае і схаванае

№ 37 (1372) 15.09.2018 - 22.09.2018 г

Тонкай чырвонай лініяй праходзіць праз цэнтральную экспазіцыю Месяца фатаграфіі ў Мінску матыў інтэпрэтацыі і працы з архівам. 11 праектаў, што ўбірае ў сябе выстава ў галерэі візуальных мастацваў “Ў”, дапасоўваюцца, перагукаюцца і адштурхоўваюцца адзін ад аднаго. Арганізатары фестывалю як ніколі раней імкнуліся зрабіць галоўную выставу даступнай для гледача: працуючы з прасторай і колеравым вылучэннем залаў, дапаўняючы пэўныя праекты гукамі і пахамі. Аднак атракцыі ніяк не адмяняюць сэнсу: бачнага і схаванага.

/i/content/pi/cult/709/15525/6.jpgАтракцыёны з сэнсам

Самымі атракцыйнымі ў гэтым сэнсе сталі праекты “Кволая сіла: кветкі ў сучаснай фатаграфіі” Матыяса Гардэра і “Бачнае і схаванае” Эдуарда Кёрціса.

Матыяс Гардэр сабраў у сваім даследаванні работы 12 аўтараў, якія фатаграфуюць расліны. Кветкі ў дададзеным зборным выказванні пададзеныя ў самых розных прачытаннях, дэманструючы розныя метады працы з выявай. Напрыклад, у інтэрпрэтацыі Крысціян Ротман красцы надаецца аблічча “казачных зданяў”. Нямецкая фотамастачка здымае іх праз матавае шкло, наўмысна пазбаўляючы аб’екты відавочных абрысаў. Ханс Ханзэн захапляецца фатаграмамі, размяшчаючы кветкі наўпрост на адчувальнай паперы ці стужцы. Атрымоўваецца штосьці кшталту наскальных малюнкаў. Мархрыт Смюлдэрс у сваіх работах адсылае да нацюрмортаў фламандскіх майстроў, “узбіваючы” кветкі ў барочную пену. Герхар Каснэр фіксуе штучныя і жывыя кветкі на могілках у Венецыі, выяўляючы іх повязь з жыццём і смерцю. У чорна-белых фотаздымках Вільфрэда Баўэра сланечнікі паўстаюць як метафара пустаты.

Кветкі ў сваіх інтэрпрэтацыях — гэта ўжо нешта большае, ніж звыклыя абліччы прыгажосці. Важна, што ў экспазіцыі творы аўтараў дапаўняюць жывыя кветкі. Насычаючы прастору пахамі, яны ствараюць своеасаблівую антытэзу зафіксаванаму матэрыялу, дадаючы пачуццёвасці гэтай, у прынцыпе, даволі зразумелай для наведвальніка выставе.

У якасці атракцыйнага элемента ў праекце Эдуарда Кёрціса выступаюць спевы карэнных жыхароў Амерыкі. Аўтар вядомы грунтоўнай працай па зборы фатаграфічнай калекцыі індзейцаў — ён зрабіў больш за 40 тысяч фатаграфій у больш як 80 плямёнаў, а таксама збіраў мясцовыя легенды і паданні, мовы і спевы. Апошнія і ствараюць адпаведную атмасферу для прагляду выяваў, якія датуюцца пачаткам ХХ стагоддзя. На фотаздымках Кёрціса індзейцы паўстаюць прадстаўніча і каларытна. Моса з племені магавэ, Соер з племені нэ пэрсэ, Бэнда Доўгае Вуха, Малы Ястраб, Рубэн Чорны Малы з сям’ёй… Чытаючы подпісы, адразу прыгадваеш прачытаныя ў дзяцінстве раманы Купера.

Кёрціс імкнецца захаваць “на памяць” унікальныя народы, але сам не пазбягае пасткі: ён збірае каталог індзейцаў, не выяўляючы іх рэальных праблем. Больш за тое: часам фатограф сам інсцэніруе пэўныя цырымоніі і сцэны. Дзіўная рэч, але калекцыя Кэртыса нагадала іншы вядомы альбом — фатаграфіі графа Бенедыкта Тышкевіча.

Слынны вандроўнік, паляўнічы і яхтсмен, ён праславіўся і серыяй фатаграфій беларускіх (ліцвінскіх) сялян. Яго фотаздымкі таксама лічацца найкаштоўнейшым дакументам эпохі. Граф паспеў зафіксаваць пэўны пласт культуры: касцюмы, быт, тыпажы мясцовага люду. Але, як і Кёрціс, гэтаксама выдаў сябе з галавой як чалавек, несумненна, артыстычнага тэмпераменту, але іншага саслоўя. Фатаграфіі Тышкевіча таксама ўласцівы падыход тэатральнай інсцэніроўкі. Па сутнасці, яна выяўляе позірк чалавека, які стаіць вышэй на сацыяльнай лесвіцы за тых, каго ён фатаграфуе — і лічыць гэта належным. Тым не менш, гэтыя два фатографа з розных кантынентаў паспелі захаваць тую культуру, якая імкліва знікала.

/i/content/pi/cult/709/15525/7.jpgУ палоне рытуалу

Крок управа — і глядач трапляе на выставу “Рытуалы пераходу” паляка Пшэмыслава Пакрыцкага. У фокусе ўвагі аўтара — “свецкі аспект вядомых рэлігійных абрадаў”: хрост, Першая Камунія, вянчанне, адпяванне нябожчыка. Узяўшы за арыенціры фатаграфію Эжэна Атжэ і Аўгуста Зандэра, Пакрыцкі ладзіць сапраўднае даследаванне, здымаючы святкаванні і цырымоніі па ўсёй краіне. Ён робіць здымкі ў сем’ях — з большым ці меншым дастаткам, у афіцыйных колах — напрыклад, урачыстая цырымонія развітання з ваенным дзеячам.

У якім стылі ладзяцца сёння гэтыя галоўныя для каталікоў святкаванні і развітанні? Каго клічуць на вяселле ці першае прычасце? Якія сімвалы веры трымаюць у сваіх пакоях палякі? Фіксуючы “тэатр рытуалу” ў розных дамах, фатограф адначасова стварае калектыўны партрэт сучаснага польскага грамадства.

Літаральна ў суседняй зале тэму абраду працягвае беларускі праект — “Дзявочы вечар” архіўнай ініцыятывы VEHA. Праект, які працуе з сямейнай фатаграфіяй, прадставіў падборку вясельных фота беларусаў розных гадоў ХХ стагоддзя. Акцэнт увагі стваральнікаў выставы — на сімвале вянку як адметнага элемента ўбранства беларускай нявесты, што спалучае хрысціянскую і паганскую традыцыі. Вянок красаваўся на галовах беларускіх нявест у вёсках ды ў горадзе і на фатаграфіях пачатку ХХ стагоддзя, і яшчэ ў 1970-я! Варта адзначыць і падачу фотаздымкаў: яны сабраныя пад шклом у некалькіх рамах, іх прыкрывае белая лёгкая тканіна, якая нагадвае фату. У параўнанні з польскім праектам, “Дзявочаму вечару” трошкі не хапае відовішчнасці. Але архіўнае фота, трэба адзначыць, экспанаваць наогул складана.

Архіваманія

Прыклады працы з архівамі прадстаўлены яшчэ ў двух праектах — “59/82. Адкрытыя звесткі беларускай фатаграфіі” куратараў Антаніны Сцебур і Ганны Самарскай, а таксама “Страчаныя тэрыторыі: Новы канец” калектыву Sputnik Photos.

У выпадку “59/82” гаворка ідзе пра збор звестак пра клубны фотааматарскі рух Беларусі, які, па версіі куратарак, атрымаў сваё распаўсюджванне менавіта ў азначаны тэрмін — з 1959 па 1982 год. Антаніна і Ганна занурыліся ў нетры архіваў, выкарыстоўвалі даступныя інтэрнэт-крыніцы. “Вынікам аналізу стаў масіў з 411 імёнаў, у якім удалося вылучаць 102 найбольш актыўных фатографаў”, — каментуюць даследчыцы. Выстава,
безумоўна, цікавая як спроба перыядызацыі гісторыі беларускай фатаграфіі. Спадзяюся, гэты пачын атрымае далейшае развіццё.

Аснова выставы праекта Sputnik — таксама архівы. Праўда, ужо непасрэдна самаго калектыву, які, нагадаю, складаецца з сямі фатографаў. У 2008 — 2016 гады Sputnik Photos актыўна здымалі ў постсавецкіх краінах, і сёння гэтыя тысячы фатаграфій маюць патэнцыял мастацкіх выказванняў. Адно з іх — “Страчаныя тэрыторыі”. “Гэта набор гіпатэтычных “паштовак”, дасланых нам з эры, якая надыдзе пасля антрапацэну, або геалагічнай эпохі, што характарызуецца масіўнай экспансіяй гома сапіенса”, — пазначае ў эксплікацыі да выставы Себасцьян Ціхоцкі. Экспазіцыя падзелена на дзве часткі: першая — пейзажы, другая — аб’екты. У нечаканым спалучэнні выяў нараджаецца заканамернае пытанне аб эскплуатацыі прыродных рэсурсаў, і магчымых шляхоў іх выкарыстання. Зразумела, у пасланне закладзены і страх перад ядзернай катастрофай. І гэта зусім іншая фатаграфія, якая прапануе не толькі ўгляданне ў выяву, але і падсумаванне сэнсаў.

Вайна праз аб’ектыў

Кульмінацыяй галоўнай экспазіцыі можна лічыць праект, прымеркаваны да гадавіны смерці слыннага амерыканскага фатографа Стэнлі Грына “Чорны пашпарт”. Экспазіцыя гэтай выставы зроблена бездакорна, але галоўны яе элемент — самі жорсткія фота Стэнлі Грына з месцаў баявых канфліктаў у розных краінах. У той самы час, вастрыня выказвання ствараецца і за кошт супрацьпастаўлення прыватнага жыцця Стэнлі і яго спусташальнай працы. У экспазіцыі размешчаны асабістыя фота былой жонкі фотарэпарцёра, а побач — фатаграфіі з месца крывавых падзей, убачаных Стэнлі. Канцэнтраваным выказваннем, калі гледачу прапаноўваецца падумаць пра чалавека па той бок камеры, становіцца відэа, у якім развагі фотажурналіста спалучаюцца з нарэзкай ягоных прыватных і ваенных здымкаў.

“Хоць мяне і атакуюць маладыя фатографы з пытаннямі, як ім зрабіцца фотарэпарцёрамі ў зонах канфлікту, я адказваю: “Абірайце нармальнае жыццё, — піша Стэнлі Грын у кнізе “Чорны пашпарт”. — Калі ж яны настойваюць, я расказваю пра наступствы. Я кажу, што ў гэтым няма хараства і славы”.

Цікава, што Стэнлі распачынаў сваю кар’еру як фатограф свецкіх падзей, працаваў у моднай індустрыі, на выставе можна знайсці і яго фотаздымкі музыкантаў. Тым не менш, “Чорны пашпарт” сведчыць нам пра тое, што сутыкненне з гвалтам забівае і таго, хто ўсяго толькі не дае нам пра яго забыцца.

Месяц фатаграфіі ў Мінску прапануе сустрэчу з рознай фатаграфіяй, не толькі той, якая прачытваецца беглым позіркам. У гэтым сэнсе двойчы ўскладняецца праца куратараў, якія мусяць данесці галоўныя мэсэджы праектаў праз вывераную драматургію экспазіцыі. Збольшага ў сёлетняй выставе гэта ўдалося. Мяркую, працягнуць знаёмства з іншай для кагосьці фатаграфіяй павінны экскурсіі для наведвальнікаў, здатныя дапамагчы раскрыць тое, што часам хаваецца за бачным.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"