Народны Кірчук краіны

№ 37 (1372) 15.09.2018 - 22.09.2018 г

Учора споўнілася 60 гадоў вялікаму і магутнаму — у прафесійным і фактурным сэнсах — Івану КІРЧУКУ. Галоўны падарунак да юбілею ён зробіць сабе сам, прэзентуючы 27 верасня ў Белдзяржфілармоніі “Цар Агонь” — новы, сёмы па ліку, альбом свайго этнатрыа “Троіца”. А пакуль ва ўтульнай этна-лабараторыі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Белдзяржуніверсітэта культуры і мастацтваў я гутару з выкладчыкам кафедры культуралогіі дадзенага ВНУ — а таксама фалькларыстам, музыкантам, пісьменнікам, мастаком — пра тое, з якімі прамежкавымі жыццёвымі вынікамі прыйшоў ён да гэтых двух падзей.

/i/content/pi/cult/709/15524/5.JPGЭтна-лабараторыя — гэта сапраўдны музей. Тут месціцца багатая калекцыя артэфактаў, звязаных з беларускім і сусветным фальклорам. Іх цягам дзесяцігоддзяў збіраў як сам Іван Іванавіч, так і музыканты яго каманды. У тым ліку, ёсць тут і “працоўныя” інструменты “Тройцы”, якія яна выкарыстоўвае ў сваіх выступах. Многія экспанаты не змясціліся ў інстытуцкiм пакоі — ім знайшлося месца ў Дворышчы, што на Лідчыне — у адрэстаўрыраваным будынку млына XIX стагоддзя Лідскага раёна, ператвораным у наш час у музейны комплекс. Не так даўно была спроба вярнуць з Польшчы батлейку, якая знаходзілася за мяжой з 1999 года. Але з прычыны мытных фармальнасцяў гэта не атрымалася.

Пра спраўджанае і няздзейсненае

— Буду вас “дабіваць”, Іван Іванавіч, ужо прабачце. Вяртанне батлейкі не стала падарункам да дня нараджэння — гэтак жа, як і, дапусцім, прысваенне вам нейкага ганаровага звання...

— Для мяне куды лепшым падарункам стаў бы выхад 560-старонкавай кнігі фольк-фэнтэзі, якую я пісаў тры гады. Яна праілюстраваная маёй графікай і работамі брэсцкага мастака Міраўлада Палачыча. Грошы на выданне я збіраў з дапамогай краўдфандынга. Але сабраў, прызнаюся, вельмі няшмат. У інтэрнэце часцяком пісалі: “Калі б кніга была “на мове”, я б тады даў грошы”. Але што рабіць, калі дзве папярэднія мае кнігі выйшлі па-руску, ды і думаю я па-руску? Хаця спяваю — па-беларуску!

— А пра што кніга?

— Пра падарожжы душы ў паралельныя сусветы. Называецца яна “Города восхождений”. Гэта выдуманая міфалогія, там шмат вынайдзеных рытуалаў, тэкстаў замоў. Галоўны герой (а апавяданне ідзе ад майго імя) прыязджае ў тайгу да шамана, які валодае многімі практыкамі, з жаданнем навучыцца ў яго гэтым ведам. Той яго нічому навучыць не змог. Расчараваны, ён сабраўся ўжо быў ехаць дадому, але раптам убачыў у нябёсах горад і выправіўся туды. Так герой наведвае 12 гарадоў, а жрацы i чараўнікі, што iх насяляюць, яго чамусьці вучаць. Кніга пра ўсё тое, чым я займаюся і захапляюся. Прыдуманы, дарэчы, ужо і яе працяг.

— Пра званні нагадваю...

— Не заслужыў іх, мабыць. Хаця яшчэ да “Тройцы”, у 1995 годзе, калі за маімі плячыма ўжо былі шматлікія рэканструяваныя абрады і батлейка, пастаноўкі фальклорных святаў, ансамбль “Дзiва”, добра вядомы тады і за межамі Беларусі, дзеячы расійскай культуры хадайнічалі перад нашымі інстанцыямі аб прысваенні мне чагосьці такога.

— Што вас болей узрушвае — юбілей або выхад новай кружэлкі?

— Юбілей? Няма мамы, даўно няма таты. Якая ўжо тут можа быць весялосць? Таму адзначылі мы яго вельмі сціпла. За альбом перажываю больш. Мы яго запісалі яшчэ летась, у студыі Іллі Міцько. Прэзентацыя пласцінкі планавалася ў маі. Але нешта здарылася з абсталяваннем, і звядзенне ды майстарынг скончыліся толькі-толькі. Цьфу-цьфу-цьфу — хай усё адбудзецца зараз. Выдаць дыск плануецца накладам годным, на вядомым лэйбле. У яго ўвайшло дзесяць кампазіцый, слухачам яны ўжо знаёмыя па нашых канцэртах: гэта вясельная “Ой маю, маю”, зімовыя “Яшчар” і “Шчадруха”... Песень “Цар Агонь” і “Святая зямля” з такімі назвамі ў арыгінале не існуе: мы ўзялі за аснову два народныя тэксты і дапоўнілі іх сваімі аўтарскімі. Ёсць у альбоме “проста” песні, ёсць фольк-сюіты з некалькіх частак — як, напрыклад, “Мядзведзь” — але адзінага лібрэта ў альбоме няма.

— У юбілей прынята падводзіць і нейкія вынікі.

— Самым нечаканым у маім жыцці сталі новая сям’я і двое дзяцей, якія ў нас нарадзіліся. Многія ў мае гады няньчацца з унукамі такога ж узросту, што і мае маленькія дзеткі. У Стэфане я бачу сябе, у Агнежцы — рысы мамы. Мяне страшна ўзрушваюць штодзённыя зносіны з імі, размовы, адказы на іх пытанні. Або калі мы сядзім у пясочніцы ці бяжым па стадыёне...

У вынікі са знакам “плюс” занясу, вядома, і нараджэнне “Тройцы”. Яна дала мне магчымасць тыя народныя песні, што я вучыў і якім вучыў, з часам ператварыць у даволі сур’ёзныя фольк-сюіты. І з імі выязджаць у розныя канцы свету, дзе гучала беларуская музыка.

І я шчаслівы з той прычыны, што ў мяне да гэтага часу ёсць любімая праца, без якой я сябе не ўяўляю. Дзякуючы ёй я і сам працягваю вучыцца, спазнаваць новую музыку, знаёміцца з новымі інструментамі.

Пра розны фальклор

— У сувязі з гэтым. Ці ёсць у вас разыходжанні з, так скажам, афіцыйнай фалькларыстакай?

— Ды не правакуйце мяне, Алег, на рызыкоўныя меркаванні! Я ж, таксама выкладчык — і, значыць, да той афіцыйнай фалькларыстыкі належу. Глядзіце: вось ёсць навучальныя праграмы (я сам напісаў некалькі). На курсах я выкладаю, натуральна, па іх, але даю і звыш таго матэрыял, зыходзячы са свайго досведу. Ён пацверджаны часам і маімі слухачамі, што ўжо выкарысталі яго на практыцы. Тое ж адносіцца і да музыкі. Ёсць акадэмічнае выкананне фальклору, якое адпавядае нейкім канонам. Ні ў якай меры не замахваючыся на гэтыя каноны, “Тройца” па-свойму інтэрпрэтавала і аранжыравала тую музыку, якую мы знаходзілі ў архівах, у паездках па краіне. Як, скажам, і гурт “Палац”, які бліскуча здолеў сумясціць архаіку з сучаснай электронікай. Прытым, што “Тройцы” такі падыход не блізкі.

— Сярод даследчыкаў і інтэрпрэтатараў фальклору здавён вядуцца палкія дэбаты наконт таго, што “сапраўднае”, а што не…

— Давайце сфармулюем вашае пытанне па-іншаму: ці шмат прыдуманага ў рэгіянальным фальклоры? Ёсць такое. Калі, да прыкладу, Масленіца ў нейкай мясцовасці ніколі не адзначалася альбо святкавалася зусім па-іншаму (пра што кажуць архівы), а цяпер там яе “адрадзілі ў першапачатковым выглядзе”. Але тут віна ляжыць і на розных інстанцыях, якія, нагледзеўшыся на суседзяў ці яшчэ з якой прычыны, аддаюць дырэктыву: “Правядзіце-ка ў гэтай вёсцы гэтае свята!” Я сам з такім неаднаразова сутыкаўся — напрыклад, у абрад, у якім ну ніяк не маглі быць задзейнічаны дзеці, патрабавалі іх уключыць. Маўляў, прыгожа будзе.

Чаму такое адбываецца? Давайце глядзець у корань. Фальклору трэба навучаць у сям’і, у дзіцячым садку, у школе на ўроках спеваў, каб ён літаральна ўсмоктваўся ў кроў маленькага чалавека. А ў нас гэтаму як не вучылі, так і не вучаць. Таму і некаторыя абрады ды традыцыйныя святы, якія прапагандуе тое ж тэлебачанне, выклікаюць асабіста ў мяне масу пытанняў. На сваіх курсах я спрабую якім-небудзь чынам кампенсаваць недаатрыманыя работнікамі культуры веды.

— Сваімі слухачамі вы задаволеныя?

— Яны ўсе ў добрым сэнсе “вар’яты” — мяркуючы па тым, у якіх умовах многія з іх працуюць, які ў іх заробак. Для мяне загадка, як яны ўмудраюцца захоўваць гэты свой энтузіязм, любоў да народнай культуры. Прытым, што ім трэба выконваць план платных паслуг — з гэтымі бясконцымі руціннымі мерапрыемствамі. Нашы размовы і круглыя сталы даюць шмат карыснага і ім, і мне.

Пра дарогі, якія выбіраюць

— Некалі ў вас быў кантракт з галандскай рэкорд-кампаніяй. Можа, каб усё атрымалася, сёння музыканты “Тройцы” жылі б за мяжой, шчыльна канцэртавалі па ўсім свеце, сталі б, у добрым сэнсе гэтага слова, камерцыйным гуртом ды маглі б дазволіць сабе жыць толькі за кошт музыкі.

— Нічога такога ўжо глабальнага PAN Records нам не прапаноўвала. Вялікі дзякуй гэтаму лэйблу за тое, што ён выдаў тры нашыя альбомы, якія ўвайшлі ў каталог “25 гадоў этнічнай музыкі свету”, падпісаў нас на шэраг канцэртаў. Але асесці ў Галандыі надоўга мы не маглі — з-за тутэйшай цяганіны з візамі. (Гэта цяпер з іх атрыманнем праблем няма, а тады...) Далей. Для таго, каб легальна працаваць у Еўропе, кожнаму ўдзельніку “Тройцы” трэба было штомесяц плаціць тысячу нямецкіх марак падатку. І адкуль было ўзяць такія грошы невядомаму гурту? Ды і не гатовыя мы былі ўсё кінуць у Беларусі. Не па 18 жа гадоў нам было.

— А іншы жыццёвы шлях вы маглі абраць?

— Усё юнацтва марыў пра мора, пра яго бязмежную волю. Адзін з маіх братоў аб’ездзіў шмат краін, і цяга да падарожжаў ад яго перадалася і мне. Я ж было ўжо зусім у мараходку сабраўся — мяне бабуля, прачнуўшыся, спыніла на парозе, калі я з чамаданам ішоў да дзвярэй. Разбудзіла бацьку, ён адабраў чамадан і кажа: “Я здаю будаўнічы аб’ект — музычнае вучылішча, будзеш там вучыцца. У мяне добрыя стасункі з дырэктарам, таму нічога, што ў цябе няма за плячыма музычнай школы”.

А калі я ўжо выязджаў з “Дзiвам” на гастролі, у партах крадком — тады ж нельга было, засакрэчана! — фатаграфаваў караблі. І цяпер адусюль цягну ракавінкі.

— Трэба будзе вам са свайго наступнага адпачынку прывезці што-небудзь, звязанае з морам.

— Такім падарункам я заўсёды рады!

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"