Прэмія набывае размах

№ 37 (1372) 15.09.2018 - 22.09.2018 г

Вынікі IV Рэспубліканскага конкурсу “Нацыянальная літаратурная прэмія” пасля цырымоніі ўзнагароджання ў Іванаве абмеркавалі ў Мінску.

/i/content/pi/cult/709/15517/litpremiya_opt.jpegЯк адзначыла падчас прэс-канферэнцыі начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, старшыня экспертнай камісіі, член журы конкурсу Алена Паўлава, Нацыянальная літаратурная прэмія сёння набірае ўсё большую папулярнасць.

— На конкурс было пададзена 57 заявак ад літаратараў розных узростаў і ў розныя намінацыі, — адзначыла спадарыня Паўлава. — А гэта значыць, што Нацпрэмія набывае размах, расце яе прэстыж сярод пісьменніцкага асяродку Беларусі.

Прадстаўнік Міністэрства інфармацыі нагадала, што сёлета, 20 чэрвеня, Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь прынятая пастанова “Аб зацвярджэнні палажэння аб парадку правядзення Рэспубліканскага конкурсу “Нацыянальная літаратурная прэмія”. Яна амаль па ўсіх пунктах паўтарае папярэднюю, але ёсць у ёй і прынцыповыя змены. Калі раней літаратары атрымлівалі ўзнагароду ў 30 базавых велічынь у шасці розных намінацыях і 15 базавых велічынь за “Найлепшы дэбют”, то цяпер грашовае вызначэнне прэміі павялічылі да 100 базавых велічынь у асноўных катэгорыях, а для дэбютантаў — да 50.

Змяніўся і тэрмін прыёму заявак. Цяпер дакументы на ўдзел у конкурсе будуць прымаць да 1 красавіка. Журы пачне разглядаць кнігі з сярэдзіны чэрвеня, а пераможцаў конкурсу назавуць ужо на пачатку жніўня. Але ўсё адно прэміі фіналісты будуць атрымліваць падчас Дня беларускага пісьменства ў першыя выхадныя верасня.

Усіх сёлетніх пераможцаў ужо назвалі 2 верасня на Дне беларускага пісьменства ў Іванаве. Нагадаем, што лаўрэатамі прэміі сталі Казімір Камейша за зборнік вершаў “Высокі бераг”, Васіль Шырко за кнігу “Я нязваны госць”, Георгій Марчук за зборнік п’ес “Святло вышыні. П’есы”, Іван Штэйнер за кнігу “Смехъ зъ болЬстию смешанъ будеть: смехавыя традыцыі Рэнесансу ў сатырычнай літаратуры ХХ стагоддзя” і Зінаіда Дудзюк за кнігу “Пара высокага сонца”. У намінацыі “Найлепшы твор для дзяцей і юнацтва” ўзнагароджана Вольга Нiкольская за кнігу “Похищение шедевра, или Новые приключения агентов “КолбаФирЖик”, а ў намінацыіі “Найлепшы дэбют” перамагла Юлія Алейчанка з кнігай “Пад чароўным шкельцам”.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"