Паравоз, які стаў “вечным дзюбелем”

№ 36 (1371) 08.09.2018 - 15.09.2018 г

У тое, што на гэтым тыдні будуць ужо саракавіны па Аляксандры Кулінковічы, многім і дасюль яшчэ цяжка паверыць. Здаецца, гітарыст класічнага складу гурта “Нейро Дюбель” Максім ПАРАВЫ, — як і вечны “дзюбелеўскі” ізгой Юрый Навумаў — быў найбольш блізкім сябрам Сашы з усіх музыкантаў. І ад’езд “Паравоза” (як усе яго звалі) у Маскву стаў для лідара гурта моцным ударам. Але на іх зносінах гэта не адбілася. Ды, як сведчыць наша гутарка, з “Нейро Дюбеля” Максім сысці назаўжды так і не змог.

/i/content/pi/cult/708/15513/20.JPG“Гэта была вялікая эпоха”

— Думаю, усіх прыхільнікаў “Нейро Дюбеля” ды і многіх беларускіх рок-меламанаў, цяпер хвалюе адно і тое ж пытанне — што будзе з калектывам далей?

— Час пакажа. Ёсць нерэалізаваныя ідэі, незапісаныя рэчы. Не хацелася б, каб гурт памёр.

— Што, на твой погляд, страціла беларуская альтэрнатыўная музыка пасля сыходу Кулінковіча?

— Са смерцю Сашы памерла цэлая эпоха ў гісторыі беларускага року. Гэта былі яркія гады, своеасаблівыя. Як сказаў Сяргей Міхалок, пра іх яшчэ з часам згадаюць.

— Дзесьці за год да смерці Сашы папаўзлі чуткі, што “дзюбялям” выпаў чарговы шанец паспрабаваць раскруціцца на расійскай тэрыторыі, каб адтуль раскінуць свае творчыя сеткі па ўсёй постсавецкай прасторы. Кажуць, што гэтая магчымасць з’явілася з тваёй падачы. Маўляў, ты і фінансаваў запіс апошняга альбома гурта ў маскоўскай студыі, і вёў перамовы аб прасоўванні каманды на тым музычным рынку.

— Я даўно Сашы прапаноўваў кожныя новыя рэчы “дзюбялёў” спрабаваць прадаваць на расійскім рок-рынку. Тым больш, што гурт там ведалі, паважалі. Прычым наша творчасць падабалася менавіта тым людзям, якiя сапраўды разбіраліся ў такога роду музыцы. Але Саша неяк гэтыя мае аргументы прапускаў міма вушэй ды пастаянна пярэчыў: маўляў, каму мы там патрэбныя? На што я адказваў: ды з такім стаўленнем лідара гурта “слоніка і сапраўды не прадасі”. Але ён быў такім, што ўжо тут зробіш.

— Так, я таксама неаднаразова чуў ад яго нешта падобнае. Што час сышоў, гады не тыя, каб куды-небудзь зрывацца, кідаць усё і матляцца з канцэртамі па ўсім былым “саўку”. Але калі б усё зраслося і музыканты “Нейро Дюбеля” вырашылі б рызыкнуць — пакінуць сем’і, наседжаныя месцы, пастаянныя работы? Ці была верагоднасць паспяховага пранікнення ў тую індустрыю?

— Пераезд цэлага гурта ў Маскву каштуе вельмі вялікіх грошай. Таму наўрад ці ён бы некалі адбыўся. Хаця, прызнаюся, калісьці такая думка ў маёй галаве жыла. Але, зноў-такі, Саша быў вельмі скептычна ў гэтым плане настроены. Наколькі я разумею, ён на мяне не хацеў звальваць вось увесь гэты цяжар па перамяшчэнні каманды ў Маскву. Ды і не гарэлі “дзюбялі” жаданнем стаць масквічамі. Тым болей, ва ўсіх музыкантаў гурта — сем’і, праца. Музыка нас ніколі не “карміла”.

Я, дарэчы, таксама ўсё гэта разумею. І выдатна памятаю, як, апынуўшыся ў расійскай сталіцы, доўгі час быў для яе нікім. Што ўжо казаць пра цэлы гурт, які хай і быў вядомы ў Расіі, але, па сутнасці, яму там трэба было пачынаць усё спачатку — зноўку праходзіць сцежку перамог і непазбежных няўдач. Я, можа, дзесьці пярэчу сам сабе, але, калі б усе музыканты вырашыліся на пераезд, шанец стаць папулярным гуртом там быў, і не малы — нават пры ўсіх тых цяжкасцях, пра якія казаў Саша і кажу я.

“Дзюбялёў” не любіў...”

/i/content/pi/cult/708/15513/21.JPG— А як ты апынуўся ў “дзюбялях”?

— Юру Навумава — некалі яшчэ і іх гітарыста — у чарговы раз выгналі з гурта, і было вырашана правесці кастынг на месца другога гітарыста. А я ў тыя гады выступаў у школьным гурце і вучыўся ігры на гэтым інструменце ў вядомага ў Мінску музыканта Эдзіка “Карэйца”. І ён мне паведаміў пра тое, што “Нейро Дюбель” праводзіць праслухоўванне. На гэта я сказаў, што чуў гэты гурт на канцэрце і ён мне жудасна не спадабаўся. І неяк я пайшоў у краму і па дарозе заскочыў да “Карэйца” ў культавы тады Альтэрнатыўны тэатр — якраз у той час, калі там кастынг і праходзіў. Прэтэндэнтаў было чалавек дзесяць. Тым, у каго не было гітары, прапаноўвалася сыграць на інструменце, які “дзюбялі” прынеслі з сабой. Для мяне ў той час гэта быў суперінструмент! Таму ажно рукі зачасаліся. Ну, сыграў я — і пайшоў сабе. І страшна здзівіўся, калі выбралі мяне.

— Дык ты ж сказаў, што гурт табе не падабаўся?

— Але я задумаўся: так, на канцэрце “...Дюбель” мне не пакаціў, але вось цяпер, калі я з хлопцамі ад душы імправізаваў, то ў нас атрымалася класна. Так у кастрычніку 1994-га я ў гурце і апынуўся. Пазней бубнач Андрэй Сцепанюк сказаў, чаму асабіста ён спыніў свой выбар на мне: “Граў ты не вельмі, але ў цябе ў вачах быў бляск!”

— А потым пачалося сяброўства з Кулінковічам?

 — Дарэчы, на пачатку ён мяне жудасна ненавідзеў: маўляў, малы і неспрактыкаваны. І толькі пасля запісу ў 1995 годзе альбома “Разумныя рэчы” я гурт зразумеў, зліўся з iм і да гэтага часу лічу сябе часцінкай яго арганізма.

— Дарэчы… А ці ёсць у цябе музычная адукацыя?

— Музычная школа па класе балалайкі — пры тады яшчэ Мінскім дзяржаўным музычным вучылішчы імя Глінкі. Паралельна асвоіў баян, акардэон, фартэпіяна. Выступаў у ансамблі “Равеснік” Дома піянераў. Мы “гралі” канцэрты (на самай справе, па інструментале “фанерныя”) ці не з усімі зоркамі айчыннай эстрады!

Калі ж працягнуць тэму маіх настаўнікаў, то першым я б назваў Генадзя Маркевіча — цяпер вядомага кампазітара. Ён не навучыў мяне граць, але паказаў дарогу, па якой я мог бы пайсці. Я яму за гэта ўдзячны.

— Які для цябе “залаты” перыяд “дзюбялёў”?

— Канец 1990-х і самы пачатак 2000-х. Мы проста кайфавалі кожны канцэрт. І зусім не думалі, ці спадабаецца наша музыка публіцы. Але з часам гурт, калі можна так сказаць, “стаў на прафесійныя рэйкі”, сышла тая энергетыка 1990-х гадоў, калі мы проста адрываліся. Плюс яшчэ тое, што нейкі час пасля таго, як Навумава канчаткова “адлучылі” ад гітары, як з’ехаў у Штаты клавішнік Макс Івашын, мне — калі не браць у разлік рытм-секцыю, — даводзілася запаўняць “карцінку” на канцэртах у адзіноце (за тры інструменты) — і гэта, вядома, адбівалася на гучанні. Але вельмі развівала фантазію!

“Гэтым паўкрэслам Максім Паравы...”

— Твой ад’езд з Беларусі. Ці лёгка зняўся з месца?

— Ты што?! Вельмі цяжка далося гэтае рашэнне — растанне з сябрамі, гуртом, якi быў мне сям’ёй. Складаны этап у маім жыцці... Я прыязджаў з Масквы на некаторыя канцэрты “...Дюбеля”. Было вельмі балюча чуць, што гурт гучаў ужо па-іншаму. Не тым ужо ён быў! Новыя музыканты — маладыя, але дасведчаныя — “бачылі” ўсё, натуральна, інакш. Не горш, але па-іншаму. І толькі на запісах сёе-тое з таго ранняга, “майго” праскоквала. Увогуле, вядома, гэта было права Сашкі ўсё рабіць па-свойму і па-новаму. І песні, дарэчы, новыя і цудоўныя ў рэпертуары гурта з’явіліся. Але пры ўсіх маіх прэтэнзіях з “дзюбялямі” я не парваў.

— Адзін наш агульны знаёмы неяк у размове прамовіў: “Калі “Паравоз” зарабіў свой першы мільён долараў...” Дык калі ж?

— Вой, які ты цікаўны. У 2002 годзе праз мае рукі сапраўды прайшоў першы мільён долараў. Але гэта быў не мой мільён. А за ўвесь час маёй працы ў Маскве такіх мільёнаў былі дзясяткі, калі не сотні. Колькі засталося ў мяне — не важна. Ніколькі! Мне проста заўсёды было цікава займацца тым, што мне падабалася. Цяпер я праектую і рамантую мэблю на замову — хто якую жадае. Калі ў Маскве кліент не знаходзіць гатовую мэблю, якую ён хоча набыць, то прыходзіць да мяне. Шмат людзей просяць парадаў па архітэктуры. Нікому не адмаўляю.

— Можа, тваё захапленне гітарай вылілася ў нешта большае?

— Так, я гітары калекцыяную. У гэтай справе мне дапамагае лідар гурта “Крама” Ігар Варашкевіч — ён знаходзіць цікавыя інструменты.

— Беларусь для цябе, як я разумею — не адрэзаная луста.

— Ні ў якім разе! Бываю на радзіме рэгулярна. З Сашкам у кожны мой прыезд сустракаліся абавязкова, цяпер буду часцей сустракацца з хлопцамі з “Нейро Дюбеля”. У Беларусі жывуць мае браты, мама, тут пахаваны бацька. І другі бацька — Саша... Засталіся яго жонка, сын. І музыку беларускую не забываю. Праўда, яна, на мой погляд, змянілася да горшага, стала “пластылінавай”, ні пра што. Адна надзея на старых мэтраў. Але яны, на жаль, сёння выступаюць рэдка. Асабліва перажываю за гурт “Крама”. Аднак надзеі на рэнесанс таго року, які для мяне родны, усё ж такі маю!

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"