Камедыя. Опера. Публіка

№ 36 (1371) 08.09.2018 - 15.09.2018 г

Сярод гасцей ХХІІІ Міжнароднага тэатральнага фестывалю “Белая Вежа”, што адкрыецца 11 верасня ў Брэсце, — Даўгаўпілскі тэатр з танцавальна-пластычным спектаклем “Казанова. Генрыета. Венецыя”. Калектыў з Латвіі не ўпершыню ў нашай краіне: ён неаднойчы праводзіў абменныя гастролі з Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатрам, станавіўся ўдзельнікам “Славянскага базару ў Віцебску”, “М.@rt.контакту” ў Магілёве. Прычым прывозіў спектаклі самага рознага кшталту: драматычныя, пластычныя, музычныя, уключаючы класічную аперэту ў нечаканым вырашэнні. Вопыт гэтага несталічнага тэатра, што месціцца ў культурна-адукацыйным і прамысловым цэнтры Латгаліі літаральна за трыццаць кіламетраў ад Беларусі, можа быць цікавым для нашых калектываў. Тым больш, што гісторыя Даўгаўпілскага тэатра, што бярэ адлік ад ХІХ стагоддзя, мела нямала драматычных старонак: тэатр зачыняўся, аднаўляўся, шукаў свайго гледача, свае твар і месца ў міжнародным тэатральным руху. З 2011 года яго ўзначальвае дырэктар і мастацкі кіраўнік Алег ШАПАШНІКАЎ — рэжысёр, вучань знакамітага Рамана Вікцюка і адначасова, паводле дзвюх ранейшых вышэйшых адукацый, урач і псіхааналітык.

/i/content/pi/cult/708/15512/19.JPG— Як фарміруецца афіша вашага тэатра? Усё ж у рэжысёра і дырэктара, нават калі яны ў адной асобе, розныя мэты: рэжысёр прагне самавыяўлення, дырэктар жа клапоціцца пра запаўняльнасць залы.

— Я з тых рэжысёраў, хто хоча, каб спектаклі былі найперш цікавымі. Пры гэтым, заўважце, у нас няма ніякіх перакосаў у забаўляльны жанр. Так што дзве мае пасады ніяк не супярэчаць адна адной.

— Лічыцца, што глядач прагне адно камедый. Не як рэжысёр ці дырэктар, а як псіхолаг вы можаце неяк пракаментаваць такое сцвярджэнне?

— З ім можна пагадзіцца і адначасова не. Лічу, гэтая скажоная формула ўзнікае з-за таго, што некаторыя чамусьці ўпэўнены, быццам сур’ёзны спектакль не можа быць цікавым для шырокай публікі. Атрымліваецца падмена паняццяў: азначэнні “цікавы” і “вясёлы” ўспрымаюцца сінонімамі, хаця насамрэч гэта не так. Адпаведна, знак роўнасці ставіцца між сур’ёзным і сумным, на якім можна заснуць: маўляў, драма і тым больш трагедыя патрабуе выключна інтэлектуальнага, трэніраванага гледача. Насамрэч, такая гульня з сэнсамі не мае пад сабой ніякай падставы. Любы спектакль, незалежна ад жанру і зместу, можа быць сумным ці захапляльным. Так што праблема тут крыецца ў няўменні рабіць цікавыя спектаклі. І ў тым, што прыцягнуць публіку
абяцаннем чагосьці смешнага — прасцей. Мне
заўжды хацелася ламаць стэрэатыпы, і прыкладам можа быць пастаноўка мюзікла Кіма Брэйтбурга “Джэйн Эйр”.

— Вы зрабілі сваю сцэнічную версію гэтага твора, якая прынцыпова адрозніваецца ад пачатковай аўтарскай пастаноўкі Мікалая Андросава, увасобленай і ў нашым Музычным тэатры. У вас — усё ўсур’ёз, без таго казачна-меладраматычнага флёру, што ўласцівы расійскім кінасерыялам, без аперэтачнага падзелу на лірычныя і характарна-гратэскавыя амплуа. Затое з падвойным складам дзеючых асоб: адных і тых жа герояў іграюць і драматычныя артысты, і прафесійныя спевакі.

— Была некаторая асцярога: мюзікл не смешны, з драматычнымі жыццёвымі калізіямі і дастаткова ўмоўным хэпі-эндам. Ці можа такога роду музычны спектакль стаць прыцягальным для гледача? Тым больш, што ўсе ранейшыя музычныя пастаноўкі нашага тэатра былі забаўляльнымі і не прадугледжвалі глыбокіх перажыванняў публікі. А гэты спектакль мы наўмысна пазбаўлялі камізму: калі маці і сёстры задумваюць зло, гэта не можа быць лёгка і весела — гэта папраўдзе страшна, павінны мурашы бегчы па скуры. Музыку мы, вядома, не змянялі, але ў гэтай пастаноўцы яна пры ўсёй сваёй легкаважкасці і легкадумнасці яшчэ больш узмацняла трагізм сітуацыі: які цынізм патрэбны, каб рабіць зло з усмешкай і непрыхаванай радасцю.

— Адразу бачна прафесійнага псіхолага! Наколькі дапамагае вам гэта прафесія ў вашай цяперашняй дзейнасці?

— Без псіхалогіі нідзе не абысціся. Мэта рэжысёра — не проста неяк уздзейнічаць на акцёраў, тлумачыць ім і гледачам псіхалагічную падаплёку ўчынкаў персанажаў, а ствараць якасны тэатральны прадукт. Каб гэтага дасягнуць, важна разумець, што адбудзецца ў душы тых, хто ўбачыць той ці іншы спектакль. Здольнасць да гіпатэтычнага, але максімальна дакладнага ўспрымання рэакцыі публікі — гэта спецыфічная псіхатэрапеўтычная велічыня. Веды ў галіне псіхатэрапіі вельмі дапамагаюць трэніраваць эмпатыю — уменне адчуць стан іншага чалавека. Урэшце, гэта дапамагае мне ствараць спектаклі, якія б хвалявалі, бударажылі публіку, не пакідалі б яе абыякавай ні эмацыйна, ні інтэлектуальна. Што ж тычыцца пасады дырэктара, дык кожны кіраўнік незалежна ад сферы дзейнасці мусіць быць добрым псіхолагам — каб весці за сабой калектыў. Мне пашанцавала, што я сумяшчаю і абедзве пасады, і ўсе тры прафесіі.

— Ваш тэатр, з аднаго боку, драматычны, з другога — музычны. Гэта ж дзве розныя трупы і вялікі галаўны боль.

— Трупа ў нас адна. Але на музычныя спектаклі мы запрашаем прафесійных вакалістаў. І хаця сярод іх ёсць замежныя артысты і нават беларускія — той жа Анзор Алімірзоеў, перавагу аддаем спевакам нашага горада.

— Яны ўдзельнічаюць ва ўсіх рэпетыцыях ці проста ўводзяцца ва ўжо гатовы спектакль?

— Яны запрашаюцца на той ці іншы праект, а не проста праспяваць прэм’еру ці аздобіць чарговы спектакль. Многія вакалісты са здзіўленнем адзначаюць, што ў нашых пастаноўках іх чакаюць куды больш складаныя драматычныя задачы, чым яны прызвычаіліся. Што нават у так званым лёгкім жанры, у той жа аперэце, яны павінны ствараць не хадульных трывіяльных персанажаў, а глыбокія чалавечыя характары, дасягаць сапраўднага драматызму, у які публіка паверыць, нават ведаючы, што наперадзе — шчаслівы фінал.

— Чула, што вы ўвогуле імкнецеся да оперы. Калі верыць інтэрнету, калісьці так і было: з 1959-га ў вас ставіліся аперэты і оперы, але не мелі поспеху, і праз тры гады тэатр закрыўся. Не баіцеся сумнай “рэпрызы”?

— Дзякуй, што пра гэта запыталі. Сапраўды, мы імкнемся да стварэння Дзінабургскай оперы (Дзінабург — першая назва горада). Але гэта будзе не наш тэатр — асобны: опера будзе хіба прынікаць да нашага тэатра. Мы шмат гаворым пра гэта з гарадскімі ўладамі. Спадзяюся, цягам бліжэйшых двух гадоў усё здзейсніцца. Таму мне так хочацца, каб вакалісты, што ёсць у горадзе, ды не працуюць пакуль у тэатры, прыбіваліся да нас. Каб яны былі гатовыя выконваць складаныя не толькі спеўныя, але і ўласна драматычныя задачы. Каб не пачувалі сябе на сцэне адно канцэртнымі салістамі — каб гэта былі менавіта артысты.

— Краіна операй не абдзелена: Рыга славіцца знакамітай Латвійскай нацыянальнай операй і балетам, што вядзе свой адлік ад 1863 года. У цяперашнім рэпертуары, між іншым, там ёсць і “Прыгоды валацугі” Ігара Стравінскага, і “Дыялогі кармэлітак” Франсіса Пуленка, чым можа пахваліцца далёка не кожны калектыў. Навошта краіне, не самай вялікай па памерах, яшчэ адна опера? У нас, да прыкладу, такія пытанні ставяцца рэгулярна.

— Тады я магу перафразіраваць: навошта вам той жа “Славянскі базар у Віцебску”? Няўжо ў сталіцы фестываляў не стае? Опера патрэбна найперш самому гораду — а тым больш Даўгаўпілсу, які знаходзіцца ў даволі дэпрэсіўным раёне Латвіі. Стварэнне оперы — гэта такі амбіцыйны план, які, да ўсяго, дапаможа нам усвядоміць сваю значнасць. Невыпадкова ж гавораць: калі хочаш быць заможным, спачатку адчуй сябе такім. Так і тут: стварэнне опернага тэатра дапаможа гораду адчуць сябе паспяховым. У нас ёсць і іншыя славутасці — той жа Арт-цэнтр імя Марка Роткі, які з’яўляецца культурным аб’ектам сусветнага значэння.

Калі мы зразумеем, што ў нас багата таго, чым можна ганарыцца, дык і стаўленне да нашага рэгіёна зменіцца — і з боку самой Латвіі, і з боку Еўропы. Я ў палітыку, вядома, не імкнуся, але як патрыёт сваёй краіны лічу, што гэта магло б быць вельмі добрай рэкламай горада, які нараджае вельмі таленавітых, цікавых творчых асоб. Родам з Дзвінска (сённяшні Даўгаўпілс), напрыклад, Саламон Міхоэлс — арганізатар і кіраўнік Маскоўскага дзяржаўнага яўрэйскага тэатра, які загінуў у 1948-м у Мінску. Дый зараз у нас у горадзе шмат адоранай моладзі і менавіта маладых музыкантаў, якія маглі б далучыцца да оперы і як удзельнікі, і як гледачы. Навучальная база — музычны факультэт Даўгаўпілскага ўніверсітэта, дзе выкладае такая зорка, як Ілона Багеле (і яна ж удзельнічае ў нашых пастаноўках — у той жа аперэце “Таямніца містэра Ікс”). Так што стварэнне опернага тэатра — сур’ёзная, маштабная задача зусім не лакальнага характару.

— Тады што такое опера асабіста для вас?

— Адметнасць гэтага мастацтва ў тым, што там ты, як і ў цырку, не можаш схлусіць ці схалтурыць. У драматычным жа тэатры часцяком узнікае фальш, артысты не заўсёды іграюць на мяжы сумленнасці. Дый оперныя спектаклі ў ХХІ стагоддзі часта становяцца правакацыйнымі, вызначаюцца яркай рэжысурай, вымушаюць нават знаўцаў пачуць знаёмую музыку інакш. Нельга перайначваць зробленае кампазітарам, але заўсёды можна па-новаму прадставіць гэта публіцы. Опера, дзе музыкай у кожнае слова ўкладзены пэўныя эмоцыі, патрабуе яшчэ большай рэжысёрскай фантазіі. І вырашэння глабальнай філасофскай дылемы: як зрабіць новае, не забываючыся пра ранейшыя здабыткі. Опера, такім чынам, бы праекцыя нашага стаўлення да гісторыі: усё парушыць ці захаваць лепшае і пайсці далей.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"