“Поле цудаў” і яго ягадкі

№ 36 (1371) 08.09.2018 - 15.09.2018 г

Чаго толькі ў Губічах няма з агменяў прыгожага: і Дом культуры, і бібліятэка, і Дом рамёстваў! Для аграгарадка з паўтысячным насельніцтвам — “поўны кампрэс”, як сказаў бы адзін з герояў савецкага кiнабаевіка “Шосты”. Ёсць тут нават уласны Філіп Кіркораў! Зрэшты, “раскатваць” Губічы будзем мы па парадку.

/i/content/pi/cult/708/15511/18.JPGЗ марай пра “Песняроў”

Дырэктара Дома культуры Алега Сомава мясцовыя жыхары называюць не іначай, як “сваім” Кіркоравым. Маўляў, яго голас ну вельмі ўжо падобны на кіркораўскі. Зрэшты, хай вакал параўноўваюць спецыялісты, але тое, што губiцкi “Філя” перасягнуў візаві па колькасці дзяцей — факт неаспрэчны. Іх у Алега Сямёнавіча — чацвёра!

Ну, а яшчэ адно яго “дзіця” — уласна ўстанова, якую ён узначальвае ўжо шосты год, прыйшоўшы на гэтую пасаду з пасады метадыста тутэйшага Дома рамёстваў. Адукацыі “культурнай” не мае (гл. мой папярэдні матэрыял у гэтай рубрыцы). Але ці такая ўжо гэта бяда? Галоўнае, каб чалавек быў добры, праўда? І ініцыятыўны, вядома, таксама, чаго ў нашага героя не адняць. Ды і спявае ён з пяці гадоў, не раз беручы за гэта прызы разнастайных фестываляў.

— Хай бы мяне лепей з Мулявіным блыталі, чым з Кіркоравым, — смяецца спадар Сомаў. — Ну, можа, нейкія інтанацыі ў нас з Філіпам Бядросавічам і падобныя. А так я ж народнік па спевах, а не эстраднік. Прызнаюся, што здавён ужо мару паказацца ансамблю “Песняры”. Калі б падышоў — не задумваючыся пагадзіўся б увайсці ў яго склад! А з жонкай і сынамі дамовіўся б.

Але пакуль гэтага не здарылася, спусцімся на зямлю буда-кашалёўскую. Як сцвярджае Алег Сямёнавіч, не ў шкоду астатняй клубнай працы, шмат увагі ён надае менавіта спеўным аб’яднанням — дзіцячаму і даросламу, а таксама народнаму вакальнаму ансамблю “Губiчанка” (адзіны фальклорны калектыў у гэтым раёне, які носіць такое высокае званне). Дзейнічаюць у ДК і два драмгурткі — дарослы і дзіцячы. У парадку рэчаў ва ўстанове — гульнявыя праграмы для дзяцей (асабліва, калі іх трэба заняць у дні школьных канікул) і дыскатэкі. Артысты радуюць сваім мастацтвам не толькі аднавяскоўцаў, але выязджаюць на “гастролі” і ў бліжэйшыя вёскі, якія ляжаць у “зоне адказнасці” мясцовага сельсавета — такіх набіраецца з дзясятак.

— Ездзілі б, можа быць, і часцей, — кажа дырэктар, — але ёсць праблемы з касцюмамі, гукавым і светлавым абсталяваннем — яны маюць патрэбу ў абнаўленні. Хочацца, вядома, большага фінансавання. А тое ў нас нават фарбу няма на што купіць, каб прывесці да ладу падлогу ў зале. Хочацца, каб інтэрнэт нам правялі. Але мы яшчэ нармальна жывём: я вось быў тут у адным месцы... Ды і не гэта галоўнае! Галоўнае — адраджаць беларускія нацыянальныя традыцыі, чым мы і займаемся. Каб моладзь гэтым адраджэннем захаплялася — вось на што скіраваныя нашы намаганні! На маю думку, вельмі доўга ў нашай краіне гэтая справа была ў стадыі “разгойдвання”. Сёння ж рух актыўна ідзе, шырыцца — на ўсіх узроўнях. І наш Дом культуры, я лічу, павінен быць у яго авангардзе.

“Цырульнік” у саломкапляценні

Вольга Сафронава вывучылася на цырульніка, працавала выхавацелькай у садку, але ўжо больш за восем гадоў шчыруе ў Доме рамёстваў — спачатку як метадыст, а апошнія тры гады як кіраўнік.

— Гэта маё прызванне — нешта рабіць рукамі, — кажа яна. — Але не стрыгчы, як я аднойчы зразумела, а, напрыклад, плесці з саломы. Мяне з дзяцінства да нечага творчага вабіла: я рабіла аплікацыі, малявала.

Асноўны профіль установы — якраз саломкапляценне. Вольга Валер’еўна згадвае, што гэтае рамяство мае на Гомельшчыне глыбокія карані, адсюль і асаблівая да яго ўвага. (Прытым, што з зыходным матэрыялам сёлета былі цяжкасці — салома папрэла). Рэшта ўвагі дасталася ткацтву, вышыўцы і вязанню — прычым тут ім захапляюцца і хлапчукі! Усяго ж гурткі наведваюць 27 чалавек — амаль палова вучняў школы. Прадукцыя Дома не залежваецца ў яго сценах: яе можна набыць на выставах-продажах, якія праходзяць па раёне.

— А яшчэ мару, каб нашы вырабы бралі на рэалізацыю гомельскія спецыялізаваныя крамы, мiнскі аэрапорт, — дзеліцца задумамі дырэктар. — Бо нам кажуць: калі хочаце, каб ваш Дом рамёстваў жыў, думайце аб тым, каб як мага больш зарабляць.

Прызвычаенасць да беларускай

Аб гэтай установе мы пісалі 8 гадоў таму.

— І што з таго часу змянілася? — пытаюся я бібліятэкара Кацярыну Сямiход.

— Спадзявалася, што фонд наш будзе папаўняцца лепш, але... — уздыхае яна. — Няважнае папаўненне, мякка скажу. Асабліва перажываю за дзіцячую літаратуру. Хлопцы ж розныя бываюць, па-рознаму абыходзяцца з кнігай. Хтосьці акуратны, а іншы і запэцкаць можа, старонку парваць. Таму такія выданні патрабуюць досыць частай змены.

У зону абслугоўвання бібліятэкі гэтаксама ўваходзіць 10 населеных пунктаў. У два з іх перыядычна наязджае бібліёбус з Буда-Кашалёва, у іншыя рознымі спосабамі дабіраецца сама Кацярына Пятроўна або просіць сацыяльных работнікаў, якія курсуюць па тым жа маршруце, перадаць туды літаратуру.

— З гадамі ўсё менш і менш становіцца старажылаў, якім у такія вёскі можна было б даставіць кнігу або часопіс, — зноў уздыхае мая суразмоўца. — Але тыя, хто яшчэ мацуецца, вельмі чакаюць “пасылкі”, чакаюць проста размовы з тым, хто іх прынясе.

А для дзяцей, што прыходзяць у губiцкую бібліятэку, спадарыня Сямiход яшчэ 25 гадоў таму прыдумала такую “забаву”, як у тэлеперадачы “Поле цудаў”. У пакоі ўстаноўлена кола, хлапчукі і дзяўчынкі па чарзе раскручваюць яго і адказваюць на пытанні, якія iм выпалі. Таму, у каго ўзнікаюць цяжкасці, на дапамогу прыходзяць кнігі, раскладзеныя тут жа — на іх старонках і можна знайсці адгадку.

Пры бібліятэцы дзейнічае аматарскае аб’яднанне “Юны краязнаўца”. І дзецям далёка хадзіць у сваіх пошуках не трэба: дастаткова звярнуцца па ўспаміны да родных, і вось ужо новыя гісторыі ўпісаны ў летапіс Губічаў.

Цікаўлюся ў Кацярыны Пятроўны, наколькі вялікая цяга ў жыхароў аграгарадка да беларускамоўнай кнігі.

— Я вам такую гісторыю раскажу, — распачынае яна ў адказ. — У мяне была пастаянная чытачка родам з Растоўскай вобласці, якая на рускай мове ўсё ў бібліятэцы перачытала. Я параіла ўзяць ёй што-небудзь на беларускай. Яна спачатку засумнявалася. Але ўзяла. Потым тэлефануе, пытаецца, што азначае такое слова — не можа яна яго ў слоўніку знайсці. Так яна і ўцягнулася, палюбіла нашу мову. Дарэчы, зноў-такі пра дзіцячую літаратуру — паболей бы яе выдавалася па беларуску!

Цяпцiха і яе мастацтва

Рукадзельніцу Надзею Церашкову ў аграгарадку клічуць Цяпцiхай — мянушка гэтая пайшла ад яе мужа, які часам прыгаворваў “цяп-цяп”. Стаж жанчыны ўключае ў сябе, напрыклад, 17 гадоў працы слесарам-газавіком — яна развозіла і ўсталёўвала балоны, і 11 — бібліятэкарам. Пайшоўшы ў 2000 годзе на пенсію, Надзея Лукiнiчна пачала асвойваць прафесію вышывальшчыцы. І сёння з плёнам яе працы можна сустрэцца і ў Доме культуры, і ў Доме рамёстваў, дзе пастаянна праходзяць выставы майстрыхі. Надзея Лукiнiчна ахвотна пагадзілася пракаментаваць мясцовае культурнае жыццё-быццё.

Каментарый Надзеі ЦЕРАШКОВАЙ:

— Я спрабавала захапіць вышыўкай школьнікаў. Адзін час яны прыходзілі да мяне, я нешта ім паказвала, распавядала, але потым неяк іх цікавасць знікла, скончыліся нашы сустрэчы. Мне здаецца, нават у вёсках любоў да народнага мастацтва паволі згасае. Яна захоўваецца ў такіх вось закутках, як наш Дом рамёстваў. Але на святы чуваць, што народ гуляе. У мяне ж спіна хворая, 140 кілаграмаў вагi, а на святы ўсё-такі выходжу на вуліцу, гляджу, як людзі весяляцца — песні спяваюць, танчаць. Абрады, зноў жа, праводзяцца. Значыць, працуе наш Дом культуры!

P.S.: ад аўтара

Як і апісанаму ў мінулым нумары Стаўбуну, Губічам таксама пашанцавала на людзей, якія ўзначальваюць мясцовыя ўстановы культуры, але пры гэтым не маюць профільнай адукацыі. Справа ў іх спорыцца (наколькі гэта магчыма ў цяперашніх умовах на вёсцы), жыхары ва ўстановы цягнуцца (нават калі дзесьці іх туды і цягнуць за руку), план платных паслуг выконваецца. А таму я і
падумаў: а можа, гэта і не бяда, калі пірагі пячэ шавец, а боты точыць пірожнік? Галоўнае ж, каб пірагі былі ўежнымі, а боты — не дзіравымі. Згодныя? Ці ўсё-такі нешта не так? Помнікі — віртуальныя або, быць можа, рэальныя — Алегу Сомаву і Вользе Сафронавай землякі за іх працу хай паставяць, калі яны таго заслужаць. Але дзе тыя, хто, атрымаўшы “культурную” прафесію, павінен быў апынуцца на месцы нашых герояў? Ау?

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"