Аўдыя & Відэа

№ 36 (1371) 08.09.2018 - 15.09.2018 г

Жнівеньскія аўдыя / відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць прадзюсар і кліпмейкер Мацвей САБУРАЎ (A.) і спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура”, музычны крытык Алег КЛІМАЎ (B.).

АЎДЫЯ

/i/content/pi/cult/708/15507/Loud_opt.jpegГурт Loudscage, міні-альбом “Юнацтва роспач”

А.: Наогул, я такой музыкай ніколі не цікавіўся. Зрэшты, як і шмат якой іншай. Тым не менш, нават краем вуха ўхапіўшы тое, што мяне не кранала, я часам спрабаваў скласці сваё меркаванне аб пачутым. У прыватнасці, праз вакал. І калі яго моц дапаўнялася эмацыйнасцю, то песня магла мяне і зачапіць. У дадзеным выпадку голас не стаў той прыцягальнай сілай, якая б зацягнула мяне ў вір кампазіцыі: няма ў ім неабходнай мне пачуццёвасці.

B.: Я ўжо думаў, што ню-метал у нашых краях даўно памёр! Але бач ты — аказваецца, жывы, грымелка! А ў гэтым выпадку — яшчэ і з жаночым вакалам! І трэба прызнаць — шляхетна верашчыць Марго Давідовіч, працінае яе голас наскрозь, трымае ў напружанні, а ўнутры вібруюць нейкія струны душы. І музыканты не саступаюць фронтвумен — “валяць” не па-дзіцячаму. Рамкі жанру захаваны і пашыраны, ёсць пад што адарвацца металхэдам — і старым прыхільнікам такога кшталту “жалеза”, і неафітам.

Маленькая заўвага — можа, і не па справе, але ўсё ж… Зразумела, што дадзены стыль не прадугледжвае такой ужо меладычнасці, але лепшыя яго прадстаўнікі складалі і выконвалі цалкам сабе напеўныя рэчы. Хочацца гэтага пажадаць і Loudscage: пробліскі ёсць, але паболей бы іх.

/i/content/pi/cult/708/15507/Drez_opt.jpegПраект Drezden, альбом Drezden

A.: Для мяне вельмі каштоўна ў гэтай рабоце тое, што і Міхалок, і інструменталісты, і гукачы здолелі перадаць слухачу музычную атмасферу, пра якую хацелі нагадаць. Ды і самі ўсе яны, як адчуваецца, з асалодай купаюцца ў ёй. Выдатны алдскульны Сяргей: і ў тэкстах, што нагадваюць тыя наіўныя рэчы, якімі ён калісьці паланіў публіку, і ў манеры выканання — таксама “ляпісаўскай”. Абсалютна харызматычны рэліз, які класна заходзіць падчас перамяшчэнняў па адкрытай прасторы.

B.: Не здзіўлюся, калі неўзабаве Сяргей Міхалок са сваёй чарговай музычнай бандай запіша цалкам акустычны альбом, бо артыста ў апошнія гады ў якія толькі творчыя бакі не кідае. На гэты раз ён пакланіўся 1980-м, калі на сусветнай эстрадзе ва ўсю моц супернічалі за розумы і вушы слухачоў постпанк, новая хваля, танцавальны электронны поп з рокам. І вось, Міхалок палічыў патрэбным перадаць тым часам сваё настальгічнае прывітанне. Перадаў і перадаў, далей на гэта можна забыцца: няма ў мяне ўпэўненасці ў тым, што гэты рэліз парве ў шматкі чарты. Ну так, мілая гульня з тым гукам, рытмам, стылістыкамі. Ёсць уласцівыя Сяргею Уладзіміравічу ўдалыя і вельмі ўдалыя рыфмаваныя знаходкі (але, наогул, занадта шмат у альбоме літар і сэнсаў: стамляешся, пераварваючы і засвойваючы ўсю гэтую страву). У цэлым жа — зусім не разрыў шаблонаў.

ВІДЭА

/i/content/pi/cult/708/15507/opt.jpegГурт Znich, кліп на песню “Крумкач”

А.: А калісьці ў Беларусі рабілі кліпы за дзесяць тысяч долараў... Але цяпер і за капейкі ў кагосьці атрымоўваецца зняць менавіта відэа, а не абы-што. Са Znich гэта здарылася — сціплы фінансавы рэсурс скарыстаны эфектыўна. Толькі я б яшчэ цытаты з тэкста песні пусціў па карцінцы. Аднак сама кампазіцыя мяне не кранула. І ў тым віна не метал-музыкі, пра мае адносіны да якой ужо казаў. Проста, занадта шмат я ў свой час пераслухаў фольку — і цяжкага, і лёгкага, і аўтэнтычнага, і электроннага, каб мяне сёння магло штосьці моцна ў ім уразіць.

B.: Нічога канкрэтнага пра работу сказаць не магу, бо ўся карцінка — з крумкачоў і крыжоў — уяўляе з сябе набор скупых вiдэаметафар і вiдэаалюзiй. Глядач сам спраектуе іх на тое, на што пажадае. Пра кампазіцыю. Гэта новы хіт гурта, маштаб у яго стадыённы, і познім вечарам на адкрытай пляцоўцы пад запаленыя знічы ён дакладна зойдзе “на ўра”.

І пара цікавых фактаў: асновай для тэксту песні стаўся верш Анатоля Сыса “Крыжавалі крумкача”, а рэжысёрам кліпа выступіў бубнач Znich Усевалад Календа.

/i/content/pi/cult/708/15507/Irdorath-2_opt.jpegГурт Irdorath, кліп на песню Varazheya

A.: Відаць, што было прыкладзена нямала намаганняў, каб кліп выйшаў такім, якім яго, мабыць, задумвалі артысты. Складаныя здымкі, праца ў натуральных прыродных умовах, шмат змены кадраў і руху. Такія ролікі, наколькі я ведаю, дакладна адпавядаюць сусветнаму музычнаму “кіношнаму” фольк-фармату. Але вось гэтая стандартнасць — я б нават сказаў, кардоннасць — мяне і не зачапіла. Нармальнае відэа, якое ўстойліва стаіць на рэйках вузкакалейкі фольк-кліпмейкерства — але не болей за тое. А вось вакал мне тут спадабаўся: сышліся ў ім для мяне сіла і эмоцыі.

B.: А завяршае нашае метал-шоу фэнтэзі-фолк-рок, у якім музыканты ўмела выкарыстоўваюць акустычныя інструменты. Песеньку артысты экранізавалі баявую, сімпатычную, але відэа нібы паўтарае адзін з папярэдніх ролікаў каманды, калі дзея адбываецца ў гушчары (у дадзеным выпадку, стаўшы яго часткай). Можа, у тым і заключалася ўся глыбінная сутнасць, але я яе спасцігнуць не змог. Носіцца Варажэя па лесе, вядзьмарыць, інтрыгі пляце — і вось нам і ўвесь сказ.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"