Адбіткі зменлівага духу

№ 36 (1371) 08.09.2018 - 15.09.2018 г

У Нацыянальным мастацкім музеі праходзіць выстава Аляксандра КАНАВАЛАВА, прымеркаваная да яго 70-годдзя. Называецца яна па-інтэлігентнаму сціпла: “Маргіналіі, або нататкі на палях”. Што выглядае сімптаматычным. Мастак нібы наўмысна абірае сферу бытавання недзе наўзбоч ад тлумных магістраляў, утульней за ўсё пачуваючыся ва ўласнай майстэрні на ціхай ускраіне Полацка. І там з дапамогай пэндзля ўвасабляе амаль няўлоўныя “адлюстраванні зменлівага духу”, як напісала пра творчасць жывапісца яго жонка і паплечніца, мастацтвазнаўца Ларыса Лысенка.

/i/content/pi/cult/708/15504/10.jpg— Як асоба вы сфарміраваліся ў глыбока савецкія часы і ўдалечыні ад буйных гарадоў. Што на вас паўплывала?

— У юнацтве я рэгулярна купляў у полацкім шапіку часопіс “Юность”. Гэты былі гады адлігі: Вазнясенскі, Еўтушэнка… Там друкавалі і рэпрадукцыі імпрэсіяністаў, часам нават Пікаса. Для мяне стала зразумела, што ёсць нейкія іншыя, нязвыклыя культурныя вымярэнні. Потым не раз ездзіў у Ленінград, Маскву, хадзіў там па музеях.

— А ці было ў Полацку пажыўнае для такога мастацтва асяроддзе?

— Прафесійных мастакоў тады ў нашым горадзе, можна сказаць, не было. Затое была пара-тройка сяброў, і мы хадзілі па полацкіх вуліцах як сапраўдныя стылягі. Адпаведна, я меў з кім падзяліцца думкамі. І гэтая атмасфера натхняла, каб самому пачаць нешта рабіць. Паспрабаваў усё — ад фота да мадэлявання. Доўга вагаўся паміж паэзіяй і жывапісам. Потым падумаў: ну які з мяне паэт? І паступіў у Віцебск на небезвядомы “худграф”.

— Ці трэба для абстракцыяніста класічная адукацыя: усе гэтыя кампазіцыі і пастаноўкі?

— Не так даўно мне рабілі аперацыю на вачах. Няўжо б я даверыў гэта каму заўгодна — проста добраму хлопцу? Зразумела, медыцына патрабуе адмысловых навыкаў, досведу і, канешне, адказнасці. А што, мастацтва хіба не? Таму адукацыя ў кожным разе патрэбная. Зрэшты, тым, хто не вучыўся, ім нават лягчэй — яны проста не ўсведамляюць мяжы паміж добрым і дрэнным ды могуць рабіць усё, што хочуць. Мне, які пэўнымі ўяўленнямі абцяжараны, часам даводзіцца сабе ўскладняць жыццё.

— А як жа “геніяльныя дылетанты”?

— Так, уключаю днямі “Еўраньюс” — а там рэпартаж з выставы мастачкі, якая яшчэ тры гады таму працавала афіцыянткай. Паказваюць вялізныя халсціны, мне яны падабаюцца. Нават незразумела, навошта яны ўдакладняюць, што яна нядаўна працавала афіцыянткай. Дзеля прыцягнення ўвагі?

Канешне, бываюць выключэнні з правілаў, калі нехта “выстрэльвае” і без адукацыі. Але такіх — адзінкі. Да ўсяго, калі чалавек у плане мастацтва пісьменны, ён больш гатовы да пераменаў. Вось сёння ты абстрактны мастак, а што будзе, калі заўтра табе гэта надакучыць?

— Тым не меней, ад таго, чаму вас вучылі — рэалістычнага жывапісу — вы неўзабаве адмовіліся. Чаму?

— Сыходзячы са сваіх асабістых упадабанняў. Мяне не задавальняла доўгае карпенне над карцінай. Прываблівала спантаннасць, імпульсіўнасць творчага працэсу. Гэта цяпер у мяне ўжо пачуцці прытупіліся — ці то дасведчанасць, ці то ўзрост. Але раней, калі я браў пэндзаль у рукі, адчуваў проста неверагоднае ўнутранае трымценне — ледзь не на фізічным узроўні! У жыцці ты нешта бачыш, ператраўляеш унутры сябе, назапашваеш у свядомасці… І ўрэшце яно выплёскваецца на палатно. Гэты працэс зацягвае — нават болей за самі выставы. Для мяне галоўнае — пісаць, а не паказваць.

— Зрэшты, сёння і абстрактны жывапіс многія лічаць нейкім атавізмам. Як і жывапіс наогул…

— Не, я ў гэта не веру! А што тады не атавізм? Актуальнае мастацтва? Думаю, тут вельмі шмат завязана на маркетынгу: трэба паўсячасна ствараць нейкі шум, каб пераканаць усіх, што сапраўднае мастацтва павінна быць менавіта такім. Але як
пройдзе ажыятаж, ад усяго гэтага “актуальнага” застанецца толькі самае вартае і важнае. А пена змыецца. Тое самае, дарэчы, і з абстракцыяністамі ўжо адбылося. Іх жа жах колькі паназ’яўлялася з пачаткам перабудовы! Адна толькі маскоўская студыя налічвала чалавек сто, а мо і дзвесце. Але ў асноўным гэта было пустое. Як з’явілася, так потым і знікла.

Я хачу, каб жывапіс заставаўся — як, скажам, класічная музыка. Так, прыхільнікаў у яе куды меней, чым было раней — але хай сабе! Галоўнае, што яна па-ранейшаму існуе — для тых, хто яе разумее, каму яна патрэбная. І тэатры таксама працуюць, не прагараюць зусім. Упэўнены, тое самае будзе і з карцінай.

— Але ці няма небяспекі, што жывапіс будзе ўспрымацца проста як дэталь для аздаблення інтэр’ера?

— Кімсьці будзе, а кімсьці не. Неяк на пленэры ў Каўнасе маладая, але даволі вядомая мастачка з Рыгі ў мяне пытае: навошта вы займаецеся жывапісам? Я кажу: для мяне гэта выклік, змаганне з палатном, перамога ў якім прыносіць неймавернае задавальненне. Таму і займаюся. “А я — проста так, для агульнага развіцця”, — кажа яна. То бок, для яе жывапіс — гэта забаўка нейкая, а зусім не справа жыцця. І, напэўна, такі падыход мае права на існаванне. Кожнаму сваё.

— А ці ёсць, на ваш погляд, нейкія крытэрыі ацэнкі, якія дазваляюць адрозніць варты абстрактны твор ад звычайнай мазні?

— А на ваш погляд?

— Думаю, усё выключна суб’ектыўна.

— Я магу з гэтым пагадзіцца. Але больш выразна такая суб’ектыўнасць праявіцца, калі глядач адукаваны і падрыхтаваны, калі ён навучаны адчуваць гэтае мастацтва.

— Наколькі вам удавалася сумяшчаць такі падыход да мастацтва з патрэбай існаваць у соцыуме?

— У савецкія часы я працаваў на мастацкім камбінаце, рабіў нейкія стэнды. Стамляешся проста фізічна, потым становішся перад мальбертам, а ўнутры ў цябе — пустэча. Бо энергія патрачана на нейкае глупства. Да ўсяго, мастацкія рады, прыніжэнне, ты прыносіш эскіз, цябе пачынаюць ушчуваць, камусьці цябе трэба пасунуць. Урэшце, я прыйшоў да высновы, што мне трэба займацца адным жывапісам.

— Вы стаялі ля вытокаў адной з першых беларускіх галерэй — “Рыса”. Чым было абумоўлена яе з’яўленне?

— Неабходнасцю. У 1987 годзе ў Полацку ўтварылася невялічкая групоўка мастакоў-аднадумцаў: светлай памяці Сяргей Цімохаў, Ларыса Лысенка, Ігар Каткоў, я… А ў гэты час звыклыя схемы атрымання заказаў акурат сталі рассыпацца. Давялося думаць, як выжываць далей. Я прапанаваў стварыць свайго кшталту кааператыў, які б выконваў аздабленчыя і дызайнерскія заказы. І тут дырэктар завода будаўнічых матэрыялаў кажа: у нас ёсць прыбудова да жылога дома на ўскраіне горада, магу вам аддаць пад асветніцкую дзейнасць цэлы паверх, метраў пад 300. Мы зладзілі там дзясяткі са два выстаў, а таксама розныя імпрэзы. Народу нямала збіралася. Тады ж арганізавалі і вялікі дэсант беларускага мастацтва ў Маскву, у Цэнтральны дом мастака. Напачатку перабудовы мы былі саманадзейныя і спадзяваліся, што нашыя шчырыя творчыя памкненні спазнаюць камерцыйны поспех. Ды, на жаль...

— Многія вашы калегі ўрэшце перабраліся з Полацка ў Мінск. Але вы — вы засталіся...

— Я таксама падумваў пра тое, каб з’ехаць, але зразумеў, што патрачу вельмі шмат часу на ўладкаванне, пошукі майстэрні, працаваць недзе будзе патрэбна. А ўсё гэта адрывае ад творчасці. Да таго ж, я сустрэўся з Ларысай. Мы робім усё так, нібы гэта наша агульнае. Ладзім у Полацку выставы вартых мастакоў, з якімі цікава потым пасумоўнічаць. Каб Ларысы не было, я б тут завыў ад нудоты! А калі ўдвох — жыць можна.

— Ці лёгка беларускаму мастаку знайсці за мяжой галерыстаў і пакупнікоў?

— Калі хочаш, то ўсё знойдзеш. І ўсё атрымаецца. А пад ляжачы камень, самі ведаеце… Мне шукаць было складаней: у той час інтэрнэту яшчэ, лічы, не было. Але ўдавалася. Я неяк добра паказаўся са сваімі творамі ў Берліне, і пасля гэтага
пайшлі прапановы. Знайшоўся чалавек, які ўзяўся зрабіць выставу ў Кёльне, потым — у Люксембургу. Потым і продажы нейкі час ішлі нядрэнна. Я нават да гэтага асабліва і не імкнуўся, так яно само склалася. Скажам, была ў мяне выстава, здаецца, у Бельгіі. І вось, чалавек ехаў на машыне міма, убачыў у вітрыне галерэі мае работы, спыніўся, увайшоў, паглядзеў, выказаў захапленне, пацікавіўся коштам... Сказаў, што трэба зняць грошы ў банку. Я, вядома, быў пэўны, што ніколі яго ўжо не ўбачу. Але ж не — вярнуўся і купіў!

— Арт-рынак навязвае гледачу свае крытэрыі, сваё бачанне мастацтва, сваю оптыку…

— Ды яшчэ як! З іншага боку, хай мне пакажуць беларускіх мастакоў, якія паспяхова на арт-рынку існуюць. Звычайна — хіба выпадковыя продажы і праца на заказ. Усе ахвотна гавораць пра творчую свабоду. Але як толькі на даляглядзе з’яўляецца замова, чалавек тут жа забывае пра ўсё і кідаецца яе рабіць.

— А вы няўжо адмаўляецеся ад замоваў?

— Бывала, мяне просяць: ты зрабі што хочаш, а я ў цябе гэта куплю. І нейкую тады адчуваеш залежнасць, як быццам бы іншым становішся. Больш асцярожным. Узнікае адказнасць перад гледачом, якую я трываць не магу. Мне хочацца быць мастаком для сябе. І ў гэтым ёсць шчырасць.

— А шчырасць у мастацтве — гэта як? Асабліва, калі ў творы няма артыкуляваных сэнсаў.

— Казаць пра кагосьці мне складана, лепей казаць пра сябе. Не магу сцвярджаць, што ў мяне атрымліваецца быць шчырым на ўсе 100 працэнтаў. Гэта неяк вельмі небяспечна. Я тую небяспеку нават цяпер адчуваю, падчас нашай гутаркі. Таму і вы не надта сур’ёзна стаўцеся да ўсяго, што я вам тут нагаварыў.