Высакародная місія — адпавядаць!

№ 28 (846) 12.07.2008 - 18.07.2008 г

“Славянскі базар” і Віцебск — вось ужо цягам 17-ці гадоў паняцці непадзельныя, узаемазвязаныя і знакавыя не толькі для Беларусі. Банальнасці кшталту “горад зрабіў фестываль, фестываль зрабіў горад” можна вынесці за дужкі. Застанецца галоўнае: Віцебск цалкам усвядоміў сваю надзвычай адказную місію — праз мастацтва наладжваць паміж народамі свету мір і ўзаемаразуменне — і імкнецца ўсебакова гэтай высакароднай місіі адпавядаць. Ад фэсту да фэсту і горад, і гараджане жывуць прадчуваннем свята. І такі шчаслівы лёс выпадае толькі абраным.

 /i/content/pi/cult/168/1550/Vysakarodnaja-misija.jpg
Старшыня Віцебскага гарвыканкама Пётр Драздоў.
Натуральна, статус фестывальнай
сталіцы неабходна пацвярджаць штодзённа. Таму з мясцовым кіраўніцтвам напярэдадні “Славянскага базару” сустрэцца проста немагчыма. У кожнага свая дзялянка працы, свой жорсткі рабочы графік, распісаны сапраўды па хвілінах.
Да прыкладу, у прыёмнай старшыні Віцебскага гарвыканкама Пятра Драздова не праціснуцца ад службовага люду. Балазе, мэр усе пытанні вырашае імгненна, бо сабраў вакол сябе прафесіяналаў-віртуозаў. Але і ў кабінеце Пётр Драздоў не заседжваецца. Менавіта на адным з аб’ектаў Амфітэатра і ўдалося літаральна вырваць мэра з шэрагаў афіцыйнай камісіі. Шкада, што не для гаворкі, а толькі для фотапартрэта.
“Даруй, даражэнькі, — развітваўся Пётр Віктаравіч, — цяпер хранічна не стае часу! Але “Культуру” памятаю, выказваю ўдзячнасць ёй за штогадовую падтрымку!” І знік: маўляў, усё астатняе і сам пабачыш. Пабачыў і пастараюся пабачанае і ўсвядомленае данесці да чытача.
Пра бяспеку
Спачатку пра галоўнае — пра арганізацыю бяспекі фестывальных мерапрыемстваў. Натуральна, спецыфічных прафесійных падрабязнасцей не ведаю, але, мяркуючы па шматлікіх віцебскіх нарадах на ўсіх афіцыйных узроўнях і інспектарскіх праверках Амфітэатра з удзелам самых дасведчаных асоб, у абласным цэнтры зроблена і робіцца ўсё магчымае для таго, каб свята прайшло, як і заўжды, па-людску.
Летась, да прыкладу, і не заўважыў бы на агароджы Амфітэатра інфармацыйную абвестку пра тое, што дзеля бяспекі публікі ў час канцэртаў тут наладжаны бесперапынны і паўсюдны відэанагляд. Аказваецца, адлюстраванне сітуацыі ў кожным сектары Амфітэатра і літаральна кожным глядацкім радзе перадаецца на экраны манітораў, што ўсталяваны ў спецыяльным міліцэйскім памяшканні. Дарэчы, сур’ёзная міліцэйская ахова Амфітэатра была наладжана задоўга да пачатку фэсту. Я, да прыкладу, трапіў у “святая святых” толькі пасля дасканалай праверкі журналісцкіх дакументаў.
 /i/content/pi/cult/168/1550/Vysakarodnaja-misija1.jpg
Заходняя Дзвіна і Кіраўскі мост.
І апошні нюанс з гэтае нагоды. Віцебск сустрэў мяне аўтавакзальнай абвесткай па гучнай сувязі пра тое, што
пасажыры ў зале чакання павінны паведамляць аб усіх заўважаных “безгаспадарных” рэчах — пакетах, сумках, скрынках — у аддзел міліцыі. Летась такіх абвестак не чуў. Згодны: пільнасць неабходна праяўляць усёй грамадзе.
Пра чысціню духоўную і матэрыяльную
Калі паглядзець на абласны цэнтр гэткім “адлучаным” вокам пабочнага назіральніка, дык можа скласціся ўражанне, што Віцебск — горад дворнікаў і мастакоў. Работніцы і работнікі ў “апельсінавых” камізэльках з шуфлікамі і мётламі ў руках — такая ж яркая і традыцыйная дэталь гарадскога пейзажу, як хлопчыкі і дзяўчынкі з пэндзлямі, алоўкамі і мальбертамі ў кожным маляўнічым кутку Віцебска. “Да фестывалю рыхтуюцца...”, — выказаўся я замілавана і, як аказалася, паспешліва. “А пры чым тут “Славянскі базар”?!. — імгненна запярэчыла пажылая, але досыць жвавая кабета. — У нас заўжды так... Цэлых восем мастацкіх школ у горадзе — вось і малюем, а каб было што маляваць — смецце не назапашваем!” Напэўна, на віцебскім жартаўлівым слэнгу (Адэса
 /i/content/pi/cult/168/1550/Vysakarodnaja-misija2.jpg
 Перадсвяточная прыборка.
адпачывае!)
гэтае рэзюмэ прагучала б так: “Тут вам   не здзесь, тут вам — сталіца культуры!” Хто ж супраць!..
Для мяне Віцебск — горад мастоў, кветак і ветлівых людзей. “Прыемных вам уражанняў”, — пажадала ў першы камандзіровачны дзень адміністратарка гасцініцы “Віцебск” Марына. А іншых уражанняў, як паказаў час, і не было. Дарэчы, гасцініцу “Віцебск” проста не пазнаць. І вестыбюль, і нумары, і кавярня выглядаюць пасля леташняга рамонту вельмі прыстойна. А над пакойчыкам гасцінічнай адміністрацыі з’явіліся гадзіннікі, што, апрача віцебскага, паказваюць і еўрапейскі час. І можна цяпер азартна і патрыятычна паспрачацца, хто за “Славянскім базарам” звярае па кім час.
Пра Амфітэатр, які перастаў быць летнім
З улікам першых фестываляў польскай песні, якія не мелі статуса “Славянскага базару ў Віцебску”, у Амфітэатра, грунтоўна рэканструяванага і якасна абноўленага, “на носе” — дваццацігадовы юбілей. Пра канструкцыйныя вышукі і архітэктурныя нюансы новага даху “К” летась пісала ўжо. Спынюся на самым цікавым з тэхнічнага начыння: рэканструяванай у мінулым годзе канцэртнай залы. Стэрэаэфект гучання з дапамогай хітрай апаратуры ствараецца ў любой яе кропцы. Якасць “карцінкі” на двух сцэнічных экранах кантралюецца з камп’ютэрнага цэнтра. Бездакорнасць дзеяння механікі, электронікі і святлоапаратуры пастаянна кантралюецца сіламі спецыяльных прафілактычных службаў...
Са з’яўленнем даху Амфітэатр можна называць ужо не толькі летнім: галоўная канцэртная пляцоўка абласнога цэнтра выкарыстоўваецца з вясны да восені. Напэўна, гаварыць пра максімальную “загрузку” Амфітэатра мерапрыемствамі і гледачамі пакуль зарана. У перспектыўных планах гарадскога аддзела культуры пазначана яго выкарыстанне цягам года не толькі для гарадскіх, абласных, але і для рэспубліканскіх мерапрыемстваў.
* * *
На дзень нараджэння Марка Шагала ў Віцебску распачаліся бясконцыя залевы. Але летняя непагадзь ніякім чынам не сапсавала ўражанняў ад перадфестывальнага Віцебска і ягоных гараджан. Дый Амфітэатру ліпеньскія дажджы ніякай шкоды, натуральна, не прынеслі.