Космас праз прызму Беларусі

№ 36 (1371) 08.09.2018 - 15.09.2018 г

Міжнародны кангрэс Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў упершыню пройдзе ў Беларусі з 9 да 15 верасня. Касманаўты і астранаўты з 19 розных краін пазнаёмяцца не толькі з беларускім унёскам у касмічную галіну, але і з нашай культурай і гісторыяй.

Агулам міжнародны форум прыме больш за 200 удзельнікаў, якія працуюць у розных галінах касмічнай навукі. Афіцыйная цырымонія адкрыцця адбудзецца ў панядзелак у Нацыянальным выставачным цэнтры “БелЭкспа”. Праграма працоўных дзён кангрэса прадугледжвае тэхнічныя сесіі, на якіх удзельнікі абмяркуюць найноўшыя дасягненні ў даследаванні космасу. А скласці ўяўленне пра Беларусь не толькі як пра касмічную дзяржаву, але і як пра краіну з багатай гісторыка-культурнай спадчынай дапамогуць імпрэзы, якія суправаджаюць асноўную праграму.

Культурная частка прадугледжвае знаёмства ўдзельнікаў кангрэса з усімі славутасцямі беларускай сталіцы падчас спецыяльнай экскурсіі. У Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адкрыецца выстава касмічных дасягненняў. Запланавана і наведванне Вялікага тэатра Беларусі. У праграме вечара — два аднаакатавыя балеты: “Пятрушка” Ігара Стравінскага і “Шахеразада” Мікалая Рымскага-Корсакава. У Цэнтральным батанічным садзе касманаўты і астранаўты прымуць удзел у закладцы Алеі касманаўтаў.

Знаёмства з Беларуссю, зразумела, не абмяжуецца толькі сталіцай, госці форуму наведаюць помнікі сусветнага значэння — Мірскі і Нясвіжкі замкі. Падчас кангрэса запланаваны і паездкі на малую радзіму трох беларускіх касманаўтаў, якія пабывалі ў космасе. Як вядома, Пётр Клімук нарадзіўся ў вёсцы Камароўка Брэсцкай вобласці, Уладзімір Кавалёнак — у вёсцы Белае Крупскага раёна і Алег Навіцкі — у гарадку Чэрвень Мінскай вобласці. У родных для касманаўтаў мясцінах адбудуцца святочныя мерапрыемствы.

Вялікую ўвагу ўдзельнікі кангрэса нададуць папулярызацыі касмічных дасягненняў, асабліва сярод моладзі. Пройдзе Дзень супольнасці, падчас якога касманаўты і астранаўты наведаюць беларускія школы і ўніверсітэты, паразмаўляюць з вучнямі, студэнтамі і маладымі спецыялістамі. Адна з такіх сустрэч адбудзецца і ў сталічным Планетарыі, адзіным у Беларусі, які за больш як 50 гадоў сваёй працы заахвоціў да вывучэння космасу не адно пакаленне мінчан. Дзяцей і касманаўтаў запросяць разам паглядзець паўнакупальны фільм і абмеркаваць цікавыя для ўсіх пытанні.

— Важна, што касманаўты з розных краін, меркаванне якіх вельмі аўтарытэтнае ў свеце, убачаць нашу краіну, пазнаёмяцца з яе касмічнымі дасягненнямі, а таксама з нашай багатай гісторыяй і культурай, — адзначыў кіраўнік апарата Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, намеснік кіраўніка Нацыянальнага агенцтва па касмічных даследаваннях Пётр Віцязь. — Беларусь уваходзіць у склад Камітэта ААН па выкарыстанні касмічнай прасторы ў мірных мэтах, у нас ёсць свой спадарожнік дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, а таксама спадарожнік сувязі “Белінтэрсат-1”. Але, думаю, гэта — яшчэ толькі пачатак. Наша
даўняя мара — падрыхтаваць касманаўтаў, якія б прадстаўлялі Беларусь