Мадлоба — дзякуй!

№ 36 (1371) 08.09.2018 - 15.09.2018 г

На мінулым тыдні ў Мінску прайшлі першыя Дні культуры Грузіі ў Рэспубліцы Беларусь.

/i/content/pi/cult/708/15497/4.JPG— Мы з’яўляемся сведкамі знакавай падзеі, бо прымаем не толькі нашых надзейных партнёраў, але і добрых сяброў — творчую дэлегацыю Грузіі. І гэта сапраўднае свята для нас! — зазначыў міністр культуры краіны Юрый Бондар падчас афіцыйнай цырымоніі адкрыцця свята ў Палацы Рэспублікі. На яго сцэне выступіў Дзяржаўны акадэмічны ансамбль народнай песні і танца Грузіі “Эрысіёні”, чыё выкананне нацыянальнага шматгалосся ўключана ў спіс Сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO.

Перад святочным канцэртам і пасля госці мерапрыемства маглі азнаёміцца з выставай, прысвечанай 100-годдзю стварэння першай Грузінскай Дэмакратычнай Рэспублікі, а таксама з пейзажамі беларускай мастачкі Тамары Батаковай-Матвеенка, палотнамі ўраджэнца Брэста Леаніда Данеліі, работамі грузіна па паходжанні Кахабера Гагахіі, які жыве і працуе ў Мінску.

1 верасня на ўсіх пляцоўках Верхняга горада гудзела “Тбілісоба-2018” — фестываль ладзіцца ў сталіцы чацвёрты раз запар. Гэтым разам ён быў прысвечаны стагоддзю незалежнасці Грузіі і завяршыўся выступленнем выдатнай джазавай вакалісткі Ніно Катамадзэ.

Для прыхільнікаў грузінскага кінематографа дэманстравалі мастацкую карціну Левана Кагуашвілі “Сляпыя спатканні”, адбыўся рэтраспектыўны паказ кароткаметражных фільмаў Міхаіла Кабахідзэ.

/i/content/pi/cult/708/15497/5.JPG— Дазвольце мне аддзячыць за вашу выключную гасціннасць, увагу і дабрыню, якую мы адчуваем літаральна на кожным кроку. Праграма ў нас атрымалася дастаткова насычанай, разнастайнай і, вельмі спадзяюся, цікавай для мінчан і завітаўшых у сталіцу Беларусі гасцей, — адзначыў першы намеснік міністра адукацыі, навукі, культуры і спорту Грузіі Міхаіл Гіаргадзэ.

Міжнародную акцыю на тэрыторыі нашай краіны зладзілі ў адказ на правядзенне Дзён культуры Беларусі ў лістападзе 2017 года ў Тбілісі. На сцэне Грузінскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Шота Руставелі цёпла прымалі нашых “Харошак”, “Песняроў”, саліста Вялікага тэатра Беларусі Уладзіміра Громава і іншых выканаўцаў. Як адзначыў Юрый Бондар, тады наша творчая дэлегацыя ўпэўнілася ў той увазе і любові, з якой ставяцца грузіны да беларускай культуры і нашага народа.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"