Зірнуць у Бясконцасць

№ 36 (1371) 08.09.2018 - 15.09.2018 г

Міжнародны касмічны кангрэс, які адбудзецца цяпер у Мінску, воляй лёсу і Космасу супаў з Днём таго горада, куды сабраліся скаральнікі міжпланетных прастораў з усяго свету. Што даволі сімвалічна ў Год малой радзімы і нагадвае пра яе непарыўную повязь з неабсяжным сусветам.

/i/content/pi/cult/708/15496/1.jpgПадзеяй, якая аб’яднае два маштабныя мерапрыемствы, стане адкрыццё мемарыяльнага знака “Беларусам — героям космасу”. Яно адбудзецца 9 верасня на мінскай вуліцы Касманаўтаў. Гэта чарговы прыклад візуальнага і сэнсавага насычэння сталічных ускраін і сведчанне таго, што яны — не проста “спальнікі”, але сапраўдная малая радзіма для мноства мінчукоў.

/i/content/pi/cult/708/15496/2.JPG— Гэта была мая даўняя ідэя, мая Мара з вялікай літары — прыўнесці ў скульптурны ансамбль нашай сталіцы касмічную тэму, — распавядае аўтар мемарыяльнага знака, народны мастак Беларусі Іван Міско. — Праца над гэтым творам мела для мяне вялікі каштоўнасны сэнс. Шторанак я прачынаўся з думкамі пра яго і адразу ж бег у майстэрню. І як жа я рады, калі бачу ўжо канчатковы вынік!

У аснове рэльефу — профілі трох беларускіх касманаўтаў: Пятра Клімука, Уладзіміра Кавалёнка і Алега Навіцкага. Майстар ставіў перад сабой задачу адлюстраваць выразы іх твараў падчас палёту. Сабранасць, рашучасць, мэтанакіраванасць, уласцівыя ўнутранаму свету герояў, гарманіруюць з бяскрайнасцю касмічнай прасторы, да якой здолелі дацягнуцца гэтыя смелыя людзі. Рэалістычная манера выканання, псіхалагічная напружанасць, дынамічнасць надаюць твору аптымістычны, узнёслы характар. Чалавечае жыццё раскрываецца тут як несупынны працэс пазнання і самапазнання, поўны велічы, моцы і хараства. Скульптурную кампазіцыю лагічна дапаўняюць аўтографы трох касманаўтаў.

У Майстэрні-музеі Івана Міско ёсць фатаграфія, на якой — Пётр Клімук, Уладзімір Кавалёнак і Алег Навіцкі. Гэта сябры мэтра і ў творчасці, і ў жыцці. Іван Якімавіч кажа, што пры сустрэчы заўсёды адчувае іх энергію і бадзёры настрой. І для яго гэта — заўсёдная крыніца натхнення.

Яркі, аптымістычны, самабытны! Касміст па духу, рэаліст у мастацтве, энтузіяст у жыцці. Менавіта так можна ахарактарызаваць асобу Івана Міско. З імем гэтага майстра звязана цэлая эпоха ў развіцці манументальнай і станковай партрэтнай скульптуры ў беларускім выяўленчым мастацтве. Сярод мадэляў творцы — грамадскія дзеячы, навукоўцы, пісьменнікі, кампазітары. Аднак лейтматывам усёй творчасці Івана Міско заўсёды з’яўлялася касманаўтыка і яе героі.

/i/content/pi/cult/708/15496/3.JPGУпершыню да гэтай тэматыкі скульптар звярнуўся яшчэ напрыканцы 1950-х, падчас вучобы ў Мінскім мастацкім вучылішчы. Вера ў бязмежныя магчымасці чалавека, яго невычэрпную ўнутраную моц — гэта і жыццёвае крэда беларускага майстра, і асабістая якасць ягоных скульптурных герояў.

З цягам часу маштаб дзейнасці Івана Міско набыў папраўдзе міжнародны фармат. Пры падтрымцы савецкай праграмы “Інтэркосмас”, якая дазваляла касманаўтам удзельнічаць у навуковых даследаваннях, скульптар пачаў актыўна працаваць як з беларусамі, так і з замежнікамі. У яго творчай спадчыне — партрэты заваёўнікаў космасу з Расіі, Польшчы, Англіі, Францыі, Германіі, Індыі, Афганістана. Разцу скульптара належаць і ўсталяваныя ў нашай краіне помнікі Пятру Клімуку, Уладзіміру Кавалёнку, Міраславу Гермашэўскаму.

— У мяне няма ўлюбёных касманаўтаў. Я люблю ўсіх! — кажа Іван Якімавіч. — Бачу ў іх дабрыню, прыгажосць, розум. Камунікую з імі — і станаўлюся духоўна багацей. Зараджаюся энергіяй.

Выступаючы прадаўжальнікам класічных традыцый, творца надае асаблівую ўвагу псіхалагічнай напоўненасці мадэлі. Ён перакананы, што пры працы з натурай вялікае значэнне мае не толькі знешняе падабенства або целасклад, але і характар. Укараненне ва ўнутраны свет чалавека, яго думкі, пачуцці павінна быць у прыярытэце для кожнага мастака.

А ў далейшых планах Івана Міско — стварэнне помніка вынаходніку прататыпа шматступеннай ракеты Казіміру Семяновічу. Менавіта з яго варта браць адлік беларускіх скаральнікаў космасу.

Ксенія СЯЛІЦКАЯ-ТКАЧОВА,
мастацтвазнаўца

Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА