Празрыстыя фарбы Фінляндыі

№ 35 (1370) 01.09.2018 - 06.09.2018 г

А другая пляцоўка Нацыянальнага цэнтру сучасных мастацтваў (па вуліцы Някрасава) прапануе грамадзе падарожжа ў Фінляндыю і праменад па Хельсінкі. Магчыма, вы падумалі, што згаданая культурная ўстанова не ад добрага жыцця прыняла пад свой дах арэндатараў, і цяпер у яе залах замест мастацтва пасялілася турыстычнае бюро. На шчасце, не. “Праменад па Хельсінкі” — гэта назва выставы двух фінскіх мастакоў, улюбёных у свой горад. А яшчэ — у акварэль, з дапамогай якой яны і адлюстроўваюць аблічча фінскай сталіцы.

/i/content/pi/cult/707/15493/21.JPGПершае, што мушу адзначыць: Міка Цёрэнэн і Марк Лангбейн — віртуозы акварэлі і гарадскія краявіды выяўляюць майстэрскі. Я маю пэўнае ўяўленне пра фінскае мастацтва і архітэктуру, гартаў кнігі і даведнікі, прысвечаныя Хельсінкі. Здаецца, някепска ўяўляю сабе фінскую сталіцу, хоць ніколі там не быў. Але выстава стала для мяне сапраўдным адкрыццём. Гэтыя аўтары здолелі празрыстымі фарбамі намаляваць само паветра горада, матэрыялізаваць дух Поўначы.

Стылёва, нават хутчэй ментальна, майстры розныя. Аснова акварэльнай тэхнікі — імправізацыя. Тут ніколі пэўна не ведаеш, што атрымаецца ў выніку. Аднак краявіды Цёрэнэна ўспрымаюцца як выбудаваныя. Нібыта ён загадзя ведаў, куды павядзе пэндзаль і як ляжа фарба. Дарэчы, мастак і не робіць сакрэту з таго, што далёка не
заўжды працуе на пленэры: калі-нікалі і ў майстэрні. Асабліва зімою, калі вадзяныя фарбы на паветры замярзаюць. Пры гэтым як дапаможным матэрыялам карыстаецца фатаграфіяй. Такую методыку Міка Цёрэнэн тлумачыць тым, што для яго галоўнае не працэс, а вынік.

Цікавы факт ягонай біяграфіі: вучыўся мастацтву ён у Аўстраліі! Шануе рускіх класікаў. Сярод ягоных любімых майстроў — Рэпін, Шышкін, Левітан.

Марк Лангбейн, мяркуючы па ягоных творах — чалавек настрою. Ён нібыта доўга ўглядаецца ў краявід, а потым пераносіць яго на аркуш некалькімі трапнымі мазкамі. У акварэлі вышэйшы пілатаж — калі пад фарбай відаць фактуру паперы. Умеюць гэта абодвы майстры. Адно што, Лангбейн — больш ашчадны ў выяўленчых сродках, і ў параўнанні са сваім калегам выглядае мінімалістам. Нарадзіўся мастак ў Латвіі, там жа атрымаў прафесійную адукацыю. Так што можна лічыць яго прадстаўніком латышскай школы жывапісу, дзе пейзаж заўжды быў адным з найважнейшых жанраў.

Яшчэ дадам, што аскетычная эстэтыка экспазіцыйных залаў на Някрасава вельмі пасуе успрыманню камернага мастацтва, да якога, без сумневу, належыць і акварэльны жывапіс.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"