Далі лепш за Далі

№ 35 (1370) 01.09.2018 - 06.09.2018 г

Арт-трасянка як элемент “сюру”
У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў (пляцоўка на праспекце Незалежнасці) праходзіць выстава пад назвай “Фантастычна-Ирэальнае”. Прысутнасць рускай літары ў беларускім тэксце мусіць настроіць гледача на сюррэалістычны лад. Калі, зразумела, лічыць трасянку з’явай іррэальнай, а тым больш — фантастычнай.

/i/content/pi/cult/707/15492/20.JPGЯк па мне, дык няма ў нашай рэчаіснасці нічога больш пэўнага і грунтоўнага, чым яна. Трасянка — гэта не толькі спецыфычная мова шырокага распаўсюду. Трасянка — форма мыслення і лад жыцця тутэйшага люду. Зрэшты, не толькі тутэйшага. Навакольных і тых, хто трапляе ў намінацыю “далёкае замежжа” — таксама.

Хай не пакрыўдзяцца на мяне арганізатары выставы, аднак, на маю думку, атрымалася яна не фантастычна-іррэальная, але рэальна-трасянкавая. Пры тым, што экспазіцыя змястоўная, густоўная. Болей за тое: выстава прымушае задумацца пра тое, што насамрэч ёсць метадалагічнай асновай беларускай мастацкай школы; паразважаць, наколькі наша мастацтва адкрыта знешнім уплывам і здольна адаптаваць іх у адпаведнасці з верагоднай рэчаіснасцю.

Прынята лічыць, што пры ўсім сваім высокім прафесіяналізме, беларускія мастакі неяк “не даганяюць” у канцэптуальным сэнсе, з насцярожанасцю ставяцца да ўсяго, што па-за межамі ўласна рэалістычнага арэалу. І гэтае меркаванне не пазбаўлена сэнсу. Але верна і іншае: пры нагодзе мы можам зрабіць як Далі, лепш за Далі. І выстава як раз выразна пра гэта сведчыць.

Іншая справа, што такое падабенства будзе, хутчэй за ўсё, чыста фармальным. На дадзены момант гаварыць пра фантастыку і пазарэальнасць як пра канцэпцыю можна хіба на прыкладзе творчасці вельмі шчыльнага кола беларускіх мастакоў. Такіх, як Георгій Скрыпнічэнка, Мікалай Селяшчук, Валерый Славук, Уладзімір Голуб, Сяргей Цімохаў. У большасці ж фантастычныя ўкрапванні ў рэалістычны кантэкст, нават закамуфляваны пад містыку ці міфалогію, успрымаюцца як замежнае слова ў роднай гаворцы — “трасянка”, інакш кажучы. Зноў жа, кожны асобны твор такога кшталту можа быць цалкам самадастатковым і безумоўна каштоўным.

Яшчэ дадам, што я не прыхільнік “паскоранага развіцця”, асабліва ў гуманітарнай сферы. І калі ў грамадзе і адпаведна ў мастацтве не саспела патрэба зазірнуць за гарызонт звыклых уяўленняў, дык і не варта гвалтам будучыню прыспешваць. Усё будзе ў свой час.

Зноў скажу: выстава густоўная. Пералічваць вядомыя прозвішчы яе ўдзельнікаў можна доўга. Па маіх назіраннях, яна мае поспех у грамады. Бачыў, як маладыя людзі, з выгляду іншаземцы, фатаграфавалі экспазіцыю на мабільнікі і самі здымаліся на яе фоне. Значыць, нешта іх зачапіла.

Прысутнасць на выставе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — керамікі (Ініта Эманэ) і шкла (Барыс Фёдараў), мяркую, зроблена дзеля эстэтычнага эфекту. Гэтыя віды мастацтва заўжды мелі ў аснове функцыянальнасць і прыгажосць. Ім уласцівая ўмоўнасць, якую пры жаданні можна трактаваць як заўгодна — хоць у філасофскім дыскурсе, хоць у эмацыйным рэчышчы. Але ж пераходзіць на поле, узаранае трыядай “жывапіс-графіка-скульптура”, для прыкладнікоў не надта ўласціва. Хоць сёння цэхавыя межы ў нашым мастацтве даволі празрыстыя. Зрэшты, ДПМ насамрэч дадае экспазіцыі прыгажосці.

Паводле ўбачанага, можна канстатаваць, што ў нашым мастацтве ёсць усё, што ёсць у свеце. Штосьці як акрэсленая тэндэнцыя, нешта — у якасці зерня, якое прарасце, калі надарацца зручныя ўмовы і будзе ў тым патрэба.

Пасля прагляду экспазіцыі мне захацелася зноў наведаць Нацыянальны мастацкі музей, дзе цяпер праходзіць выстава Язэпа Драздовіча — творцы фантастычна-іррэальнай віртуальнасці, глыбока ўкаранёнай у рэчаіснасць адвечнай Беларусі. Мяне заўжды ўражвае чыстая мова ягоных тэкстаў і карцін.

P.S. Згадалася… Па маладых гадах меў я прыяцеля, які захапляўся сюррэалізмам (Далі, Эрнст, Магрыт) і адначасова фанацеў ад класікаў сацыялістычнага рэалізму (Барыс Іагансон, Ісаак Бродскі, Дзмітрый Налбандзян). Неяк я яму заўважыў, што немагчыма аднолькава шанаваць такія дыяметральна розныя з’явы. Ён жа адказаў: ты нічога не разумееш, савецкі афіцыёз — гэта і ёсць самы сапраўдны “сюр”, самае фантастычнае ў свеце мастацтва, бо не мае ніякага дачынення да рэчаіснасці. Тады я толькі плячыма паціснуў, а цяпер вось думаю, што меркаванне, мо і небясспрэчнае, але…

Фантастычна-іррэальнага ў звычайным жыцці значна болей, чым у творах класікаў сюррэалізму.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"