Калі рэй вядзе практык

№ 35 (1370) 01.09.2018 - 06.09.2018 г

Стаўбун вядомы на ўвесь край як адзін з цэнтраў аўтэнтычнага абраду пахавання стралы. Пра яго “К” ужо не так даўно пісала. Таму гэтым разам, згодна з нашай завядзёнкай — не пра “разынкі” і святы, а пра самыя што ні ёсць будні культурнага жыцця аграгарадка. Менавіта сваёй натуральнасцю, непрыдуманасцю, “без пылу ў вочы”, гэтым “як ёсць, так ёсць”, культура Стаўбуна і мілая. Ці тыповая яна для нашага сяла? У нейкай ступені, так. Ці шмат такіх “стаўбуноў” у краіне? Хапае. Дзе дом культуры і бібліятэка — гэта і ёсць усе “агмені мастацтва”. Установы, у якіх ідзе звычайная, руцінная праца — без узлётаў у выглядзе эксклюзіўных праектаў (абрады я ў разлік не бяру) і без падзенняў, за якія бэсцяць на кожнай нарадзе ў раёне. Карацей, жыццё як жыццё.

/i/content/pi/cult/707/15490/15.JPGЦікавей, чым на будоўлі

— Было трохі, — шчыра адказаў на маё пытанне дырэктар Сельскага дома культуры Васіль Семянкоў, калі я спытаў яго, ці доўга ён узважваў прапанову ўзначаліць гэтую ўстанову.

І ўжо трэці год яе ўзначальвае. Дагэтуль ён адпрацаваў у ёй месяцы тры культарганізатарам (імклівае прасоўванне па службе!). А па прафесіі — эканаміст. Калі ўлічыць, што ўжо доўгія гады работнікаў культурнага фронту заклікаюць і абавязваюць зарабляць грошы на пражытак сваіх устаноў, атрыманая ім адукацыя — толькі на карысць. Працаваў спадар Семянкоў і на будоўлі (у тым ліку, атамнай электрастанцыі каля Астраўца), і намеснікам начальніка рамонтных майстэрняў у саўгасе. Нават давялося спазнаць лёс гастарбайтэра ў Расіі, дзе ён будаваў чыгунку.

— Я разумею, чаму вы так на мяне глядзіце, — кажа 28-гадовы дырэктар. — Запэўніваю вас: у глыбінцы ў культуры працуе процьма людзей, якія не маюць хоць нейкай профільнай адукацыі ў гэтай сферы. Растлумачыць, чаму?

Не трэба, Васіль Паўлавіч. Зрэшты, дырэктар, усё ж, не зусім самавук-практык — пару разоў ён ездзіў у Мінск навучацца на курсах
“культурнаму” рамяству, адзін раз яго вучылі гэтаму ў Ветцы.

— Цяперашняя мая праца мне падабаецца, — шчыра кажа спадар Семянкоў. — Не так, як на будоўлі, дзе ўвесь час тое самае. А тут сёння адным займаешся — да фестывалю, дапусцім, рыхтуешся, заўтра — іншым: ідэю канцэрта прыдумляеш. У аграгарадку каля 900 жыхароў, і трэба прадбачыць, якое мерапрыемства ім будзе цікавым у гэты раз. А як пачнем паўтарацца — народ перастане да нас хадзіць.

Народ у ДК ходзіць. У гурткі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Рукадзельніца” і вакальны — эстрадных спеваў, у знакаміты народны фальклорна-этнаграфічны калектыў “Стаўбунскія вячоркі” і дзіцячы фальклорны ансамбль “Спадчына”, у клуб аматараў народнай песні “Суседкi”.

— У чым я бачу сваю асноўную задачу? — задумваецца Васіль Паўлавіч. — Адцягнуць людзей ад паўсядзённай мітусні, даць ім магчымасць праявіць свае ўтоеныя таленты. У гэтым пастаянным забегу па крузе — дом-праца-дом — яны ўсё больш і больш імхом пакрываюцца. І дзякуй Богу, з задачай у пошуку самабытнасці мы спраўляемся.

Словам, Дом культуры не пустуе. У ім кожны тыдзень, прынамсі, ладзяць дыскатэкі для моладзі — тут гэтая форма вольнага часу сябе не вычарпала. Для людзей старэйшага веку прадугледжаны вечары адпачынку — з тымі ж танцамі, але збольшага пад настальгічную музыку. Іншы раз спадару Семянкову даводзіцца як след паблукаць у інтэрнэце, каб знайсці і самыя модныя на сёння мелодыі, і шлягерныя рэтра-рытмы. Ад таго, мабыць, такія імпрэзы карыстаюцца попытам і ў заўсёднікаў танцпляцоўкі з суседніх паселішчаў. Штомесяц калектывы ДК даюць як мінімум адзін платны канцэрт — не прывязваючы яго да святаў, калі выступы праходзяць абавязкова.

Не для праформы

/i/content/pi/cult/707/15490/16.JPGЗапытаў у спадара Васіля, ці наведалі Стаўбун у Год малой радзімы “з творчымі справаздачамі” тыя артысты, пісьменнікі, мастакі, якія нарадзіліся ў гэтых краях. Адказам стала недаўменнае маўчанне.

— Але да нас веткаўскі тэатр прыязджаў, “Ісціна”, па-мойму, ён называецца. Людзі ў зале на яго сабраліся, — тут жа распавёў пра насычанае гастрольнае жыццё дырэктар СДК.

Затое, самі яго супрацоўнікі на гастролі выбіраюцца. Раз у месяц (часам у звязку з бібліятэкарам) гасцююць на малочна-таварнай ферме. Падчас такіх візітаў яе працаўніцам прапануюцца праграмы (здараецца, што з песнямі і танцамі) з расповедамі як на глабальныя тэмы, так і на цалкам утылітарныя — скажам, пра лекавыя расліны.

— Няўжо слухаюць? — не веру я.

— Слухаюць, — запэўнівае спадар Васіль.

— І пра міжнароднае становішча распавядаеце?

— Бывае... Вось вы ўсміхаецеся, думаеце, што гэта для праформы. А мы кожны раз галаву ламаем — як бы нам цікавей падаць інфармацыю, нейкія небанальныя для гэтага хады вынайсці. І людзі нам дзякуюць, чакаюць!

У гэтую ўборачную адбыліся і выезды канцэртнай брыгады ДК на збожжаток — даўняя штогадовая традыцыя. І яго работнікі гэтаксама сумяшчалі карыснае (спажыванне абедзеннай ежы) з прыемным (спажыванне ежы духоўнай).

— І пачынайце скардзіцца, Васіль Паўлавіч, на цяжкасці ў вашай працы — на знос касцюмаў, старую апаратуру... — стаў падбіваць яго я.

— А скардзіцца няма на што! — адказаў дырэктар. — Дом культуры ў сваім новым абліччы адкрыўся шэсць гадоў таму, так што яшчэ нічога ў заняпад не прыйшло. Так, сцены часам трохі падфарбую — і ўсе праблемы.

Каментарый Святланы ПАРАШЧАНКА:

Сённяшні рэцэнзент-інсайдэр — з песімістаў. Кіраўнік “Стаўбунскіх вячорак” Святлана Парашчанка ў культуры, лічы, усё жыццё — ажно 43 гады.

— Ох, якая яна ў нас раней была! — з настальгіяй успамінае Святлана Іванаўна. — І моладзь, моладзь культуру рухала! 700 чалавек у нашай школе вучылася, а цяпер — менш за сто. Самі разумееце, што ў сем разоў і “дзвіжуха” з тых часоў зменшылася. Нашмат прасцей было завабіць людзей у мастацкую самадзейнасць, ды і прыцягваць не трэба было: самі “гарэлі”. Шэсць мужыкоў у мяне ў ансамблі спявалі, а сёння — ні аднаго!

/i/content/pi/cult/707/15490/17.JPGРаней людзі прыходзілі ў клуб і радаваліся, гледзячы, як іх суседзі выступаюць на сцэне. А цяпер рэагуюць толькі на тое, якую сусед купіў машыну. І тое без радасці. Уся культура дзе цяпер? У інтэрнэце. (Праўда, якая там культура?). У клубах яна дажывае. Дапусцім, у нашай школе вучыцца 50 дзяўчат, да мяне хочуць ісці чалавек сем. Што астатнім у жыцці трэба — не ведаю. А яны, самі старшакласніцы, ці ведаюць? Акрамя грошай, вядома. Таму ў мяне вельмі дрэнныя прагнозы на тое, што будзе са стаўбунскай культурай далей. Узварухнуць бы яе. Можа, краязнаўчы музей стварыць. Але з выдумкай, каб гэта не была толькі нейкая дзяжурная “сялянская хатка”.

Дзень зачыненых дзвярэй-2

Нават не ведаю, што і думаць... Другі раз запар мне не атрымалася “праінспектаваць” сельскую бібліятэку. Хаця дамоўленасць пра тое, што карэспандэнта “К” у ёй будуць чакаць, была. Вось і гадаю цяпер — ці то сапраўды яе кнiгазахавальнік у сілу непрадбачаных абставінаў не змагла выдаткаваць на мяне крыху свайго часу, ці то ўсё значна горш, і асабліва ганарыцца чымсьці ў дзейнасці гэтай установы не выпадае.

Таму застаецца хіба прымаць на веру словы Васіля Семянкова. А ён сцвярджае, што ёсць наведвальнікі, якія ці не кожны дзень прыходзяць у бібліятэку. Што кніжныя выставы тут — з розных нагодаў — падзеі звычайныя, як і віктарыны ды акцыі для дзяцей, дзе час ад часу прымаюць удзел і артысты ДК.

Ці ёсць праблема ў тым, што ў сельскай культуры часцяком працуюць людзі, якія не маюць нават базавай профільнай адукацыі, і якія потым спасцігаюць навуку на адпаведных курсах? Добра, калі такія працаўнікі неабыякавыя да сваёй дзейнасці, здольныя развівацца, шукаць і знаходзіць новыя рашэнні на той ніве, якую прапанавала ім жыццё. А калі не? Тады на выхадзе атрымліваюцца сумныя клубы, бібліятэкі без гаспадара, дамы рамёстваў са стандартнымі матчынымі хаткамі… Карацей, толькі бачнасць культуры на месцах.

Стаўбуну пашанцавала, бо спадар Семянкоў “круціцца” як можа. Вучыцца на сваім вопыце нюансам культурна-масавай працы, ды і імпэту ў яго сёння процьма. Але раптам у яго здарыцца прафесійнае выгаранне, раптам ён зноў вырашыць змяніць жыццёвы кірунак? Хто тады прыйдзе яму на змену, з якой ударнай або замарожанай будоўлі, з якім жыццёвым крэда?

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"