Надзьмуты памідор і смачная кніга

№ 35 (1370) 01.09.2018 - 06.09.2018 г

Паступовы надыход ураджайнай восеньскай пары адчуваецца і ў лістах, што сцякаюцца да нас ад рупліўцаў культуры з усяго краю. І ўжо не ўпершыню па іх колькасці лідзіруе Гродзеншчына. Што, напэўна, не так і дзіўна: вунь і агурок у гэтым краі амаль метровы вырас, і гарбуз у чатыры цэнтнеры, і перац паўкілаграмовы. Не адстае ў росце, як вы зараз самі пераканаецеся, і сфера культуры.

/i/content/pi/cult/707/15489/14.JPGБярэзінская цэнтральная раённая бібліятэка не засталася ў баку ад праведзенага ў краіне 16 жніўня “Дня здаровага харчавання”. Напярэдадні ў актавай зале прайшоў семінар “Здаровае харчаванне — шлях да даўгалецця”, галоўнай тэмай якога стала вегетарыянства, а вяла мерапрыемства бібліятэкар аддзела абслугоўвання Кацярына Ярмалінская. Прысутныя прагледзелі відэаролік “Як стаць вегетарыянцам за 3 хвіліны”, праслухалі міні-даклад “Правільнае харчаванне — разумнае харчаванне” і азнаёміліся з выставай “Духоўная кулінарыя”.

Другі год запар у Іўі — гэтай “памідорнай сталіцы” краю — праходзіла свята “Іўеўскі памідор”. “Пачалося мерапрыемства яркім шэсцем з эмблемай свята, — піша загадчык аддзела народнай творчасці Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу Лілія Кішкель. — Ад цэнтра горада да набярэжнай прайшлі і праехалі на рэтра-матацыкле, мікрааўтобусе і садовай тачцы дзясяткі сімвалаў фестывалю… З удзелам кіраўніцтва раёна адбылася сімвалічная закатка першага слоіка таматаў новага ўраджаю і слоіка з будучай іўеўскай памідорнай расадай для гасцей з горада-пабраціма Кайшадорыс Літоўскай Рэспублікі”.

У рамках свята быў упершыню праведзены конкурс-выстава на самы вялікі памідор, які вырасцілі іўеўскія агароднікі. Перамогу атрымала Галіна Шагідзевіч — ее “ягадка” пацягнула на 1 кiлаграм 165 грамаў! А ў выставе-конкурсе на арыгінальнае агароднае пудзіла пяршынстваваў творчы калектыў бібліятэкі-філіяла гарадскога пасёлка Юрацішкі. На свяце падвялі і вынікі фотаконкурсу “Я і Памідор”, перамогу ў ім атрымаў Раман Качыер. Кульмінацыяй жа iмпрэзы стаў запуск у неба яго галоўнага сімвала — паветранага памідора.

Супрацоўнікі аддзела бібліятэчнага маркетынгу Астрынскай гарпасялковай бібліятэкі Шчучынскага раёна распавялі пра тое, што 24 жніўня ў іх установе адбыўся літаратурна-музычны вечар “Працягнем настаўніку канікулы”, на які былі запрошаны самыя актыўныя чытачы-педагогі. У праграму ўвайшлі вершы, гістарычнае падарожжа ў прафесію, віктарыны, музыка. Гасцям уздымалі настрой песні ў выкананні Карыны Жалязняк і Дашы Сяўрук з гуртка сольнага спеву “Сузор’е”, Івана Бабіцкага і Алёны Сямашка. А аўтарскія байкі Аляксандра Чучвы і вершы Таццяны Чарняк дадалі сустрэчы душэўнасці.

Насычанымі на падзеі сталі мінулыя выхадныя і ў іншых населеных пунктах Гродзеншчыны. У аграгарадку Ярэмічы Карэліцкага раёна 25 жніўня каля Дома культуры прайшло культурна-спартыўнае свята “Саламянае дэрбі”. Яго ўдзельнікі спаборнічалі ў конкурсах, у якіх баль правіла салома — пра гэта “К” праінфармавалі супрацоўнікі аддзела метадычнай работы Карэліцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

А аграгарадок Дварэц Дзятлаўскага раёна Гродзенскага рэгіёна 25 жніўня сабраў жыхароў і гасцей на Свята хлеба — як складовай часткі праекта “Дбайных людзей славім — весела час бавім”. “Мерапрыемства пачалося з урачыстага шэсця калоны жыхароў па вуліцах аграгарадка ў суправаджэнні Наваельненскага духавога аркестра”, — піша Юлія Бакуновіч.

Конкурсна-забаўляльная праграма пачалася са спаборніцтва на лепшы каравай. Першае месца прысудзілі гаспадарам свята — камандзе сельскагаспадарчага прадпрыемства “Дварэц-Агра”. Наступны конкурс — кветак — называўся “Наш букет героям жніва”: яго пераможцам стала КСУП “Войневічы”.

Як паведаміла спадарыня Бакуновіч, свята адзначалася не толькі каля канцэртнай пляцоўкі: увесь час гаспадары запрашалі на падворак, дзе гасцей частавалі хлебабулачнымі вырабамі і гарбатай, дзеці забаўляліся на атракцыёнах, працавалі палаткі з дэкаратыўна-прыкладнымі вырабамі.

Адной з важных падзей Свята хлеба стала ўшанаванне мясцовых герояў жніва-2018. У іх гонар выступіў і знакаміты ансамбль танца, музыкі і песні “Белыя росы”.

А ў Навагрудку зноў радавала мінакоў бібліякафэ “Смачная кніга” раённай бібліятэкі, пра што нам распавяла яе галоўны бібліёграф Святлана Чубрык. Дзверы праекта расчыніліся падчас свята “Хлеб, сыр, квас і добры настрой”, якое прайшло ў горадзе 25 жніўня. “Свята аб’яднала сапраўдных гурманаў і вытворцаў якасных і карысных прадуктаў харчавання, — распавядае Святлана. — За ўтульнымі столікамі можна было прадэгуставаць хатнія сыры і выпечку, а таксама пачаставацца гарбатай на травах. Усе пачастункі прыгатавалі самі бібліятэкары па любімых рэцэптах”. Як у сапраўднай кавярні, гасцей ветла сустракалі афіцыянткі. Кожны ахвотны атрымаў рэцэпты самаробных сыру, квасу, пірагоў. А яшчэ бібліякафэ ўпрыгожвала кніжная выстава, дзе часопісы і кнігі былі прадстаўлены трыма раздзеламі: “Дзень з сырам як з сонцам”, “Хлеб у хаце — быць багаццю”, “Без часу не будзе квасу”.

Сустракаў наведвальнікаў установы ў гэты дзень i міні-музей “Страчаная спадчына”, экскурсіі ў ім праходзілі з акцэнтам на кулінарную культуру і харчовыя традыцыі Навагрудка.

Як паведамляе аддзел метадычнай работы Ашмянскага раённага цэнтра культуры, у мінулую суботу ў аграгарадку Жупраны прайшло свята ў гонар вясковага сыравара. Прафсаюзная арганізацыя і мясцовы сельсавет каштоўнымі падарункамі адзначылі лепшыя падворкi, якія займаюцца здачай лішкаў малака.

Свае выставы на свяце арганізавалі работнікі культуры з вёскі Паляны Смаргонскага раёна. Керамічныя вырабы тамтэйшых рамеснікаў прывезла вядомы майстар Валянціна Свірская: менавіта ў такім посудзе здаўна прынята было захоўваць і малако, і тварог, і сыры.

Iмпрэза не абышлася без канцэрта, у якім выступілі ўдзельніцы вакальнага гурта з Ашмянаў “Рабiнушка” і самадзейныя выканаўцы аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Кракаўка. Прыйшліся па душы гасцям свята “Сырнае казіно” і флэшмоб “Жывы сыр”. А пасля забаўляльнай праграмы адбыліся прагляд кінастужкі “Мышынае паляванне” і дыскатэка.

Другі свой дзень нараджэння адзначыў і іншы фэст, які прайшоў на Гродзеншчыне 26 жніўня. Свята кошыка ў аграгарадку Ёдкі Лідскага раёна сабрала аматараў лозапляцення, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і ўсіх, каго цікавяць народныя рамёствы. “Галоўнымі гасцямі сталі майстры па лозапляценню Алена Войсят з вёскі Наркуны Крупаўскага сельсавета, Канстанцін Дзербук з вёскі Панямонцы, Міхаіл Кельнік з хутара Збляны Беліцкага сельсавета, — паведамляе Алена Габіс. — Яны падзяліліся сакрэтамі і таямніцамі старажытнага беларускага рамяства: расказалі, калі трэба збіраць лазу, як яе падрыхтоўваць, паказалі розныя тэхнікі пляцення і прадставілі вырабы з лазы, якія, дарэчы, былі ўсімі ўпадабаныя і добра купляліся. А гэта сведчыць пра тое, што ў сваіх дамах сучасныя людзі без кошыка не абыходзяцца”.

Арганізаваная выстава “Ад мінулага да сучаснага” ўразіла разнастайнасцю матэрыялаў, бо гэта былі не толькі плеценыя вырабы з лазы, але і з нітак, стужак, вяровак і паперы. Увогуле, экспанаты з усяго Лідскага раёна дзівілі вока сваёю самабытнасцю і прыгажосцю.

Увечары таго ж дня “…у аграгарадку Бялкоўшчына сабраліся жыхары Каранёўскага сельсавета і госці са Смаргоні на выдатным салодкім свяце “Мядовы смак”, — распавядае нам Смаргонскі раённы цэнтр культуры. — Павітала ўсіх прысутных старшыня сельсавета Святлана Гаспадарова, а ў канцы свайго выступу яна і начальнік аддзела культуры Смаргонскага райвыканкама Таццяна Ражава адкрылі галоўны вулей і выпусцілі ў неба шары (у выглядзе пчолак) як сімвалічны пачатак свята”.

У рамках iмпрэзы прайшоў конкурс на лепшы тэматычны касцюм і кулінарны “Мядовае асарці”. Былi арганізаваны выставы майстроў народнай творчасці, фотавыстава “Нашы землякі”, выстава-продаж мёду і мядовай прадукцыі “Прыроды дар бясцэнны”. Супрацоўнікі мясцовай бібліятэкі арганізавалі выставу кніг і раздавалі рэцэпты старадаўніх страў на аснове мёду. Канцэртная ж праграма з удзелам грамадскага аб’яднання інвалідаў “Жыццё без межаў”, вакальных гурткоў Бялкоўшчынскага дома культуры, а таксама гасцей з Ашмянскага раёна — народнага ансамбля народнай песні “Жытніца”, падарыла масу задавальнення, добрага настрою і станоўчых эмоцый. А скончылася свята дружным карагодам пад песню “Пчолачка залатая”.

Вось так святкавала Гродзеншчына. Але скончым мы наш агляд самадзейнымi артыстамі i народнымі майстрамі з Віцебшчыны, што ў мінулую нядзелю прынялі ўдзел у свяце “Спасаўкі”, якое адбылася ў Смаленскім абласным цэнтры народнай творчасці.

Нашу краіну прадстаўляў народны ансамбль народнай песні і музыкі “Вераснянка” Сельскага дома культуры вёскі Мазалава, а на кірмашы — майстры віцебскага цэнтра рамёстваў “Адраджэнне”. “Як паведаміла дырэктар мазалаўскага СДК Вольга Жураўская, — пiша Андрэй Струнчанка, — падчас святочнай праграмы жыхары і госці Смаленска змаглі дакрануцца да народнай творчасці праз удзел у шматлікіх майстар-класах, народных гульнях і абрадах. Творчы візіт на Смаленшчыну для артыстаў і майстроў Прыдзвіння — не першы, бо амаль штогод яны бяруць удзел у мерапрыемствах, якія ладзяцца суседзямі”.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"