Бенефіс і пачуцці

№ 35 (1370) 01.09.2018 - 06.09.2018 г

У Тэатры-студыі кінаакцёра паставілі лірычную камедыю “Змяшаныя пачуцці” амерыканскага сцэнарыста і драматурга ХХ стагоддзя Рычарда Баэра. Гэтай прэм’ерай тэатр адзначыў 50-годдзе творчай дзейнасці заслужанага артыста Беларусі Аляксандра Кашперава.

/i/content/pi/cult/707/15488/13.JPGМяркуючы па актыўных кіназдымках артыста, Аляксандр Кашпераў даўно ўжо стаў “народным героем”. Яго з’яўленні на экране адразу пазнавальныя і вельмі запамінальныя — часцей, гэткі бурклівы стары, якому не ўсё даспадобы. У гэтым сэнсе роля Германа ў “Змяшаных пачуццях” быццам на яго і пісалася: не самы прыемны ў стасунках з каханай жанчынай (замест прызнання ў палкіх пачуццях зачытвае дзелавы спіс “бонусаў” магчымага шлюбу, пачынаючы з “эканамічнага фактару”), яго герой паступова здымае з сябе “шкарлупінне”, агаляючы тонкую, чуллівую душу “невыпраўляльнага рамантыка” і вымаўляючы некаторыя фразы літаральна са слязьмі на вачах.

Тым не менш, новы спектакль, пастаўлены мастацкім кіраўніком тэатра, народным артыстам Беларусі Аляксандрам Яфрэмавым, можна лічыць падвойным бенефісам. Алена Адзінцова паўстае тут не проста добрай партнёркай: яе Крысціна становіцца галоўнай прычынай зменаў, якія адбываюцца ў Германе. Таленавітая актрыса скарае не адно вытанчанымі сцэнічнымі строямі (мастак па касцюмах — Ніна Гурло), а найперш тонкасцю псіхалагічных прачытанняў зменлівага стану сваёй гераіні, імгненнасцю гэтых пераходаў, дакладнасцю найдрабнейшых дэталяў, удала знойдзенай “распеўнай” манерай маўлення.

Пэўна, гэты спектакль будзе любімым не толькі ў публікі, але і ў работнікаў сцэны. Сяргей Лапаніцын (Ральф) і больш “раскручаны” Антон Жукаў (Чак), выконваючы ролі спачатку афіцыянтаў (а насамрэч, дапамагаючы ў танцы Яне Хадановіч у дададзенай ролі рэстараннай Спявачкі), а потым грузчыкаў, цягам дзеі выносяць са сцэны ці не ўсю мэблю і нават здымныя панэлі (мастак-пастаноўшчык — Ігар Хруцкі). Музычнае рашэнне Віктара Капыцько і танцавальнае — Сяргея Мікеля падтрымліваюць агульны настрой спектакля. Музыка, часам ледзь чутная, падкрэслівае два ягоныя полюсы — адзіноты і кахання. Перамагае апошняе — у спектаклі і ў нашых сэрцах.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"