Фотафіксацыя сноў

№ 35 (1370) 01.09.2018 - 06.09.2018 г

У Полацкай карціннай галерэі прайшла вялікая рэтраспектыва Сяргея Ждановіча “Срэбра і вугаль”. Аўтар, вядомы чытачам “К” і часопіса “Мастацтва” як выкшталцоны фотадакументаліст айчыннага культурнага працэсу, мае і зусім іншую іпастась. Вось ужо болей за два дзясяцігоддзі ён выкарыстоўвае камеру для стварэння ўласных арт-выказванняў, якія ставяць пад сумневы агульнапрынятыя ўяўлені пра фатаграфію.

/i/content/pi/cult/707/15487/11.JPGСяргей даволі часта фатаграфуе тыя мясціны, якія пазнавальныя не толькі кожнаму мінчуку, але нават і выпадковым “гасцям сталіцы”. Аднак ён умее зрабіць іх нейкімі непазнавальнымі, чарадзейнымі, энігматычнымі. Уключыць тое, што, здавалася б, прыналежыць усім, у сістэму сваіх асабістых каардынат. Нават болей — стварыць сваю ўласную сістэму каардынат, выбудоўваючы яе з банальных, здавалася б, праяваў рэчаінасці.

/i/content/pi/cult/707/15487/12.JPGУ праекце, які мае назву Incertum (“Няпэўнае”), такі падыход знаходзіць асабліва ўдалае ўвасабленне. Гэта ці не самы дзіўны і глыбокі погляд на Мінск, які толькі даводзілася сустракаць. На горад, у выгінах і складках якога тоіцца сваё метафізічнае жыццё. Прасякнуўшыся ім, можа нават закарцець усумніцца ў бачаным.

Прычым дасягаецца такая няпэўнасць найперш нават не малаўцямнымі для простых смяротных фатаграфічнымі тэхналогіямі (у гэтым плане Сяргей сапраўдны дока, аднак іх роля ў кожным разе другасная), не вынаходлівымі ракурсамі і нечаканай кампаноўкай кадра, але менавіта нечым зусім няўлоўным — аўтарскім поглядам. Самой прысутнасцю аўтара па той бок вочка аб’ектыва — і прысутнасцю ненавязлівай, бадай неадчувальнай.

“Фатаграфія не даставерная. Гэта тое, што, магчыма, было, а магло і не быць, але існуе як дадзенасць, — заблытвае аўтар наведвальніка выставы. — Яна, як і сон, выклікае адчуванне, што гэта ўжо аднойчы бачыў, нават калі глядзіш на яе ў першы раз”.

І гэта вельмі смелая антытэза ў дачыненні да першаснай задачы фота — як мага больш дакладна і неперадузята фіксаваць аб’ектыўную рэчаіснасць. Зрэшты, большасць фатографаў займаюцца фіксацыяй і пагэтуль — з тым ці іншым градусам суб’ектыўнасці. Сяргей жа, не палемізуючы з імі, адлюстроўвае нейкую паралельную рэчаіснасць, у нечым і сапраўды падобную да той, у якой мы існуем у сне.

Між іншым, і само месца для дэманстрацыі такіх фота было абрана надзвычай удала. Доўгі калідор колішняга езуіцкага калегіума, дзе ці то захаваліся, ці то былі адноўленыя барочныя скляпенні, самім сваім існаваннем увасабляе трансгрэсію, пераход мяжы паміж цяпершчынай і мінулым, якое падаецца назіральніку нейкім празмерна ўяўным, гіпатэтычным.

Ну, а той факт, што для правядзення знакавай для сябе выставы аўтар абраў не сталіцу, а Полацк, можа здзіўляць хіба ў нашых варунках і дасюль яшчэ празмернай цэнтралізацыі арт-жыцця. Балазе, карцінная галерэя — гэта тая пляцоўка, якую правінцыйнай ніяк не назавеш: ставячы задачу выбудаваць лейтматыў беларускага мастацтва, яна паспяхова з гэтым спраўляецца. Пэўна, гэта адзінае месца, дзе можна ўсвядоміць айчынны мадэрнізм як цэласную, папраўдзе еўрапейскага ўзроўню, з’яву. Вось і выстава Ждановіча — як аднаго з найвыбітных яго сучасных прадстаўнікоў — добра дапасавалася да асноўнай экспазіцыі.