Запаведнік мары

№ 35 (1370) 01.09.2018 - 06.09.2018 г

Фільм Дар’і Жук “Крышталь” з трыумфам дабраўся да айчыннага пракату. Гучныя фестывальныя перамогі ў замежжы і мноства запрашэнняў на новыя прэстыжныя кінафорумы падрыхтавалі глебу для таго, каб наш глядач, які з традыцыйным скепсісам ставіцца да свайго, пайшоў у кінатэатры на беларускую карціну.

/i/content/pi/cult/707/15486/10.JPGРазлік, мяркуючы па ўсім, быў зроблены правільна: на двух перадпаказах у кінатэатры “Масква” яблыку недзе было ўпасці, а на падыходах запытвалі лішні білецік. З чацвярга “Хрусталь” запусціўся ў шырокі пракат, і народ ідзе — хаця б дзеля таго, каб зразумець, з-за чаго такая шуміха і хто гэта з суайчыннікаў такі смелы, каб замахнуцца на “Оскар”.

Першае адчуванне, якое накрывае цябе ўжо напачатку “Крышталя” — сучаснае беларускае кіно можна глядзець! Менавіта глядзець, а не ўгаворваць сябе, як тое бывае на пэўных прэм’ерах, што на адно-другое-трэцяе варта закрыць вочы, бо гэта ж “сваё”. Тут не трэба ставіцца паблажліва да аператарскіх ляпаў, шытых белымі ніткамі сцэнарных ліній, акцёрскай ненатуральнасці — тых дзіцячых хваробаў, якія ў той ці іншай ступені чамусьці ніяк не перарастуць як незалежныя праекты, так і прадукцыя нацыянальнага кінагіганта. Дар’я Жук прадэманстравала дыхтоўнае, добра скроенае кіно. І калі па сюжэце распавядаецца пра амерыканскую мару галоўнай гераіні Велі Сарокі, то сам “Крышталь” увасабляе даўнюю мару беларускую і ўпэўнена сведчыць: айчынныя кінастужкі могуць быць канкурэнтаздольнымі.

Рэжысёр дэманструе віртуознае ўменне аб’ядноўваць у каманду прадстаўнікоў розных краін і розных сфер — усё дзеля дасягнення неабходнага ёй выніку. Спадарыня Жук прывезла да беларускай натуры кінааператара з ЗША Караліну Косту — і хроніка такой знаёмай нашай глыбінкі набыла асалоду візуальнага балявання. Гэты погляд адтуль на штодзённае для нас дазваляе звесці ў кадр нечаканыя кантрасты, насыціць колерам роўную шэрую палітру дзевяностых.

Некаторыя рэжысёры ўдала манетызуюць моду на настальгію, калі трава апрыёры была зелянейшая ды неба чысцейшае. За што можна падзякаваць спадарыні Жук, дык гэта за погляд на дзяцінства праз прызму дарослага чалавека з адточаным камертонам успрымання рэальнасці. Яна не кідаецца ў крайнасці: на экране вы не пабачыце ідэалізацыі мінулага ці яго “чарнушнасці”. Карцінка складваецца з лапікаў рэалістычных падзей, унутры якіх варыўся кожны са сведкаў міжчасавасці: вяселлі з бойкамі, шмоткі з прышытымі для надання “брэндавасці” лэйбламі, заробак таварам сваёй вытворчасці, міліцыянеры, якім была больш зразумела не юрыдычная падаплёка падзеі, а размова “за жыццё”.

Галоўная гераіня ў выкананні Аліны Насібулінай падобна да іншапланецянкі: яна кантрастуе з асяроддзем не толькі праз пярэстасць адзення, але і ў стаўленні да “належнага жыццёвага шляху”. Яна закінула ў далёкі кут юрыдычны дыплом, круціць сэты за дзі-джэйскім пультам і абівае парогі амерыканскага консульства, бо заакіянскія даляглядыпадаюцца ёй райскім месцам. Пакаленне, чыё сталенне прыпала на дзевяностыя, было такім іншапланетным для сваіх родзічаў: мы ўжо бачылі, чаго дакладна не хочам, але яшчэ не разумелі, што з гэтым усведамленнем рабіць і куды падацца, каб вывесці сваё існаванне на іншыя рэйкі. Наша ўнутраная свабода шукала форму выражэння ў тое дзясяцігоддзе, калі разваленая імперыя пахавала пад сваімі абломкамі несумненныя для бацькоў нормы і правілы, пакінуўшы людзей у разгубленасці наконт таго, чаго чакаць далей.

Рэжысёр разумее, што яе гераіня — не ванільная прынцэса. Пры ўсіх заакіянскіх памкненнях, яна сядзіць на шыі ў маці — музейнай супрацоўніцы, крадзе ў яе крэўныя, пазычае грошы ў сябра-наркамана, навязваецца на некалькі дзён чужой сям’і. Аднак менавіта такі падыход, калі характар персанажа складаны і неадназначны, неверагодна імпануе.

Ты бачыш, што казачная Амерыка, куды так ірвецца Веля, усё ж, збольшага прыдумана ёю самой. Такім жа экзатычным светам для жыхароў пасёлка Крыштальны выглядае Мінск. Дзевяностыя сапраўды для многіх былі часам памкнення да нейкай сваёй прыдуманай ідэальнасці. Але тыя мары — ды і самі людзі — як экранны крышталь, змяняліся пад націскам парываў часу. І толькі з адлегласці мінулых дзясяцігоддзяў кожны з нас можа пачаць сур’ёзна разважаць, ці тую набыў ён форму, пра якую марыў, калі быў тым самым сrystal swan.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"