Класічны open-air — цяпер і ў Віцебску

№ 35 (1370) 01.09.2018 - 06.09.2018 г

Праект “Класіка ля Ратушы з velcom” пашырае свае геаграфічныя межы. Увечары 7 верасня на пляцоўцы перад Канцэртнай залай “Віцебск” выступіць Музычная капэла “Санорус”.

— Для фарміравання праграмы на адкрытым паветры, — гаворыць яе кіраўнік Аляксандр Хумала, — мы падышлі творча. Хацелася не проста выканаць штосьці цікавае для публікі, а неяк звязаць канцэрт з прыродным асяроддзем, таму і музычныя творы абіраліся адпаведныя. Цягам больш як дзвюх гадзін мы паслядоўна выбудуем лінію ад барока да сучаснасці. Да таго ж, заўсёды хочацца пашырыць уяўленне пра класіку, таму прагучыць нямала твораў, невядомых шырокаму слухачу, а часта і знаўцам. Да прыкладу, “Узлёт жаўрука” англійскага кампазітара-рамантыка Ральфа Вогана Уільямса, танцы польскага класіка ХХ стагоддзя Хенрыка Гурэцкага, нашага сучасніка Артура Маркеса з Мексікі. Дый Астар П’яцола будзе прадстаўлены не як аўтар шматлікіх танга, а праз свой Канцэрт для баяна. Нельга ўлагоджваць публіку адно збітымі хітамі! Трэба весці яе да новых цікавых адкрыццяў.

Памятаю, летась у Амерыцы на Нацыянальным музычным фестывалі мне прапанавалі прадырыжыраваць з тамтэйшым аркестрам “Жалобна-трыумфальнай сімфоніяй” Гектара Берліёза — апоўдзень у нядзелю, у парку, куды на такія канцэрты збіраюцца сем’ямі, спалучаючы іх з пікніком. Музыка там пампезная, яркая. І выкананне прайшло “на ўра”.

Віцебскае выступленне “Саноруса” таксама разлічана на сямейны адпачынак. Для самых маленькіх слухачоў Віцебскі гарвыканкам арганізуе дзіцячую пляцоўку. А той, хто не патрапіць на канцэрт, зможа далучыцца да яго анлайн.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"