Словы пра Арлена Кашкурэвіча

№ 34 (1369) 25.08.2018 - 31.08.2018 г

Пяць гадоў таму, 26 жніўня 2013-га, у лепшы свет сышоў легендарны беларускі графік, які пакінуў вялікую спадчыну ў малых фарматах. Літаратар і мастак Адам Глобус прысвяціў свой нарыс “механіцы творчасці” майстра і некаторым малавядомым дэталям яго біяграфіі.

/i/content/pi/cult/706/15473/orlen111_opt.jpegПяро

Арлен Кашкурэвіч ведаў сакрэт, як малюнак пяром на паперы зрабіць жывым. Гэты сакрэт шмат хто з мастакоў ведае: пяро павінна танцаваць на паперы. Адна справа — ведаць сакрэт, іншая справа — прымусіць сталёвае ці якое трысняговае пяро затанцаваць. Лягчэй і надзейней тым пяром наштрыхаваць рысак, наставіць кропак, якія складуцца ў патрэбную выяву. З танцам усё складаней: пяро пачне танцаваць, а патрэбны малюнак і не вытанцуецца. Давядзецца браць новую паперу і пачынаць танец наноў.

І другі, і трэці, і дваццаць пяты танец пяра на паперы не гарантуе выніку. Яго гарантуюць іншыя рэчы: талент, упэўненасць, майстэрства... Усё гэта было ў Арлена Кашкурэвіча. Таму і танцавала ягонае пяро з чорнай тушшу па белай паперы, таму і вытанцоўваліся з-пад таго пяра жывыя малюнкі.

Падзея

Ёсць графікі, якія з выхаду кнігі — хай вядомай і шматкроць прачытанай — могуць зрабіць сапраўдную падзею. Такім графікам быў Барыс Забораў, калі аздабляў “Сымона-музыку” і казкі Оскара Уальда ды Аляксандра Пушкіна. Такое можна сказаць і пра графіка Валеру Славука з ягоным аздабленнем беларускіх народных казак. Але як для мяне, дык найбольш запамінальнымі падзеямі ў тутэйшым ілюстраванні класічных кніжак былі працы Арлена Кашкурэвіча.

Пасля з’яўлення абноўленага і абсучасненнага доктара Фаўста ў модных акулярах Арлен Кашкурэвіч стаў легендарнай постаццю. Маладыя мастакі пераказвалі адзін адному розныя гісторыі пра яго. Казалі, як жонка Арлена чытала мужу “Фаўста” па-нямецку, і як ён натхняўся арыгінальнай музычнасцю вершаў геніяльнага паэта.

Ілюстрацыі Кашкурэвіча да паэм Янкі Купалы гэтаксама сталі класікай беларускай кніжнай графікі. Шмат хто набыў і перачытаў кнігі Купалы, дзякучы змешчаным у іх малюнкам Кашкурэвіча. Казачныя вобразы Андэрсана шмат хто з беларускіх дзяцей упершыню ўбачыў вачыма Арлена Кашкурэвіча. Ён з тых адметных і непаўторных мастакоў, хто сваім талентам уздымаў кнігу на вышэйшы каштоўны ўзровень, а такіх сярод мастакоў — адзінкі.

/i/content/pi/cult/706/15473/18.JPGГутуза

Каб Рэната Гутуза нарадзіўся ў Беларусі, ён стаў бы кніжным графікам і зрабіў бы ілюстрацыі да “Фаўста” Гётэ і “Песні пра зубра” Гусоўскага, як гэта зрабіў Кашкурэвіч. Каб Арлен Кашкурэвіч нарадзіўся ў Італіі, ён напісаў бы вялікае палатно пра змагара і героя Джузэпэ Гарыбальдзі, як гэта зрабіў Гутуза.

Пекла

Перагляд малюнкаў Арлена Кашкурэвіча нарадзіў у мяне сумную думку — на пераважнай большасці ягоных аркушаў намалявана пекла. Абвугленыя людзі і абвугленыя рэчы ў абвугленых асяродках. Ідучы за нямецкімі ды італьянскімі экспрэсіяністамі, Кашкурэвіч не мог прамінуць пекла, але большасць еўрапейскіх экспрэсіяністаў ураўнаважвалі свае жудасныя пякельныя вобразы райскімі матывамі. Нольдэ бясконца пісаў кветкі, Марк захапляўся абрысамі катоў і казуль, Гутуза маляваў сонечнасць сланечнікаў і кукурузы.

Кашкурэвіч са свайго вайсковага гратэскнага пекла нават не паспрабаваў выйсці. Адзінае, што моцна адрознівае пекла Арлена Кашкурэвіча ад пекла ягоных папярэднікаў, — холад. У пекле Арлена, якога блізкія людзі называлі нардычным мяном Эрык, заўсёды студзёна, як у турэмных лёхах.

Гусоўскі

Паэма “Песня пра зубра”, перакладзеная з лаціны Язэпам Сяміжонам, некалькі разоў перавыдавалася з экспрэсіўнымі і ў той жа час манументальнымі малюнкамі Кашкурэвіча. Выходзіла яна і з малюнкамі Яўгена Куліка. Што цікава ў гэтай гісторыі: партрэт Гусоўскага з часоў Адраджэння не захаваўся (зрэшты, ніхто не ведае, ці быў ён наогул), а таму сучасным кніжным графікам давялося самім ствараць візуальны вобраз паэта-лацініста. Варта адзначыць, што ўзноленыя Кашкурэвічам і Куліком Гусоўскія падобныя між сабой.

Асабіста мне падабаецца партрэт, вымаляваны Арленам Кашкурэвічам, але большасць тутэйшых мастакоў абралі за эталон партрэт, зроблены Яўгенам Куліком. У ім мне бачылася адна загана — Гусоўскі Куліка нагадваў — і вельмі моцна — аблічча самога Куліка. Зрэшты, можна дапусціць, што і сам паэт-лацініст быў падобны да нашага сучасніка Яўгена Куліка. Чаму не?

Карацей, на ўзор, зроблены Куліком, пагадзіліся ўсе, акрамя Заіра Азгура, які зляпіў Гусоўскага, непадобнага ні на партрэт, створаны Куліком, ні на партрэт, створаны Кашкурэвічам. Азгур зрабіў уласную версію і застаўся са сваім бюстам у ганарлівай адзіноце. Гіпсавы Гусоўскі Заіра Азгура на выставе, прысвечанай “Песне пра зубра”, выглядаў адасоблена. “Гэта хто такі?” — пыталіся пра твор Азгура наведнікі і моцна дзівіліся, прачытаўшы на цэтліку “Мікола Гусоўскі”.

Цалкоў

У свой час я марыў наведаць кватэру Арлена Кашкурэвіча, дзе захоўвалася праца Цалкова. Аднойчы нагода з’явілася. Я прыйшоў да старэйшага сына Арлена Кашкурэвіча — Ігара. Ён мне і паказаў жывапіс Цалкова, зроблены алейнымі фарбамі на тоўстай фанеры. Ігар назваў карціну “Клоўн”. Гэта быў чорна-бела-чырвоны твар з пляскатым носам, капрызлівымі вуснамі і дробнымі вочкамі.

Цалкоў мяне ўразіў. Яшчэ мяне моцна ўразіла калекцыя абразоў, сабраная Арленам Кашкурэвічам. Іх у кватэры было многа, большасць вісела ў спачывальні. Ні раней, ні пазней я не сустракаў спачывальні, напоўненай золатам старажытных абразоў. Ігар казаў, што ў ягонага таты ці не самая вялікая калекцыя
паўзабароненых тады Біблій. Гартаць Бібліі я не стаў, вярнуўся да кубістычнага жывапісу Цалкова, каб наглядзецца і запомніць яго да драбніц.

Праз шмат гадоў працу Алега Цалкова Арлен Кашкурэвіч прадаў, каб набыць свайму малодшаму сыну Хведару дом пад Ракавам.

Франтыспісы

Шмат гадоў у выдавецтве “Мастацкая літаратура” выходзіла серыя кніг “Бібліятэка беларускай паэзіі”. У ёй друкавалася выбранае ад Багушэвіча да Галубовіча, чыя кніга была апошняй. У кожным томіку на франтыспісе змяшчаўся графічны партрэт аўтара. Вядомых паэтаў малявалі розныя графікі. На мой погляд, у Губарава партрэт быў занадта набліжаны да фотаздымка. У Веціка не было пераканаўчасці ў вобразе. У Фядорчанкі не хапала лёгкасці і празрыстасці.

Арлен Кашкурэвіч выканаў найлепшыя партрэты беларускіх паэтаў на франтыспісах. Пра гэтую ягоную вялікую працу ніхто ніколі не пісаў, яе ўспрымалі як будзёную і зробленую між іншым. Але са шматгадовай адлегласці добра відаць усю значнасць і вялікую каштоўнасць тых паэтычных партрэтаў.

Творчасць

Графік Кашкурэвіч — асоба зорная. Ягонае імя ўваходзіць у сузор’е шасцідзясятнікаў, у сузор’е стваральнікаў у нашым мастацтве суровага стылю, які паўстаў пасля падзення дыктатуры Сталіна. Не дзіва, што адно з дзяржаўных выдавецтваў захацела выдаць кнігу, прысвечаную жыццю і творчасці Арлена Кашкурэвіча. Ён пагадзіўся з адной толькі ўмоваю, што тэкст на аснове біяграфіі напіша сам. Кашкурэвіч і раней пісаў выдатныя эсэ, таму выдавецтва пагадзілася на ўмову.

Кнігу “Ствараць — азначае жыць” Арлен Кашкурэвіч пісаў з захапленнем. Напісаўшы, прынёс у выдавецтва, дзе пачуў, што да рукапісу патрэбна яшчэ прынесці і грошы, каб заплаціць за паліграфічныя паслугі і паперу. Размову пра грошы Арлен Кашкурэвіч успрыняў як абразу. Яно і зразумела. Мастак усё жыццё паклаў на малюнкі для кніжак. Дзякуючы ягоным ілюстрацыям кнігі добра прадаваліся. Выдавецтвы шмат зарабілі на таленце мастака, а тут вырашылі згуляць у дурняў. Прыкра...

Кніжка “Ствараць — азначае жыць” усё яшчэ не знайшла свайго выдаўца. Перакананы, выдавец знойдзецца, бо Арлен Кашкурэвіч — зорная асоба. І ўсё ж хацелася б, каб выдавец знайшоўся як мага хутчэй.

Поўнач

Ёсць традыцыя ў Беларусі — дзяліць яе на Усходнюю і Заходнюю. Адпаведна, і беларусы лёгка падзяляюцца на заходнікаў ды ўсходнікаў. Так падзяляюцца і нашы пісьменнікі. Брыль, Карпюк, Танк — заходнікі, а Стральцоў, Караткевіч, Сачанка — усходнікі.

Здавалася, што і беларускіх мастакоў можна лёгка падзяліць на ўсходнікаў ды заходнікаў, але я пабачыў іншы прынцып, калі ўважліва разглядаў постэкспрэсіяністычныя афорты Арлена Кашкурэвіча. На першы погляд і згодна тутэйшай традыцыі ён — заходнік. Але ён не проста заходнік, ён заходнік з моцнымі ўплывамі Поўначы. Можна нават узяць на сябе смеласць і сказаць, што Арлен Кашкурэвіч больш паўночнік, чым заходнік. Так, як і ягоны антыпод у мастацтве Георгій Паплаўскі — больш паўднёвік, чым усходнік. Паплаўскі захапляўся Індыяй, шанаваў Тагора, а Кашкурэвіч з захапленнем пісаў пра Скандынавію, любіў паўночную Германію, Гётэ і Бёля.

Да беларускіх мастакоў Поўначы акрамя Кашкурэвіча можна залічыць і Міхаіла Савіцкага з ягоным шэрым снегам і шэрым лёдам, а мастакамі Поўдня варта лічыць Аляксандра Кішчанку і Гаўрылу Вашчанку з іх мядовасцю колераў ды сланечнікамі.

Пакупнік

Мастак-графік можа шмат чаму навучыцца ў Арлена Кашкурэвіча. У яго ўсё жыццё была зайздросная працаздольнасць. На выставы ён прыносіў толькі новыя працы. Зрабіўшы серыю вялікіх афортаў, ён адразу ж пачынаў рабіць наступную серыю. Вядомасць, прызнанне, грошы не заміналі Арлену Кашкурэвічу плённа працаваць.

Сам я вучыўся ў Арлена Кашкурэвіча паважаць сваіх гледачоў і пакупнікоў. Паважаць людзей, якія набываюць твой твор. Шмат хто з мастакоў лічыць пакупнікоў ідыётамі, якіх варта і трэба падманваць. Што з імі цацкацца, калі яны не разбіраюцца ў мастацтве? Арлен Кашкурэвіч цацкаўся. Напрыкацы жыцця ён рабіў маленечкія танныя малюнкі для самага простага і сціплага збіральніка арыгінальнага мастацтва. Такія малюнкі Кашкурэвіч развешваў у салонах і кнігарнях. Іх набывалі. Іх неслі дамоў і вешалі на сцены самых звычайных кватэр. Такі падыход да мастацтва мне
падаецца правільным.

Адам ГЛОБУС,
мастак, літаратар

Аўтар: Адам ГЛОБУС
мастак, літаратар