На сваёй хвалі

№ 34 (1369) 25.08.2018 - 31.08.2018 г

У Нацыянальным мастацкім музеі адкрылася выстава, прымеркаваная да стагоддзя з дня нараджэння жывапісца Ізраіля Басава (1918 — 1994). Экспазіцыю складаюць творы з калекцыі музея і са збору сям’і мастака.

/i/content/pi/cult/706/15468/12.jpgПра гэтага творцу я ўпершыню пачуў шмат год таму ад Аляксандра Кішчанкі. Характарыстыкі, якія Аляксандр Міхайлавіч даваў сваім калегам, вызначаліся выключнай аб’ектыўнасцю, афарыстычнай трапнасцю, часам — незласлівай іроніяй. І калі пра каго-небудзь Кішчанка гаварыў з захапленнем — значыць, гэта насамрэч была асоба вартая.

Ізраіля Басава Аляксандр Міхайлавіч называў — ні больш ні менш! — вялікім мастаком. Ды здзіўляўся ягонай здольнасці рабіць жывапіс не толькі спецыяльна прызначаным для гэтай мэты прафесійным інструментам — пэндзлем, але і якой заўгодна прыладай, што надарыцца пад рукою, а часам і проста “неўзброенымі” рукамі. Адзначаў таксама творчую і жыццёвую ўпартасць Басава, глыбокую эмацыянальнасць ягонага мастацтва.

Кішчанка, сам вольналюбівы чалавек, вельмі паважаў безкампраміснасць Басава. Я думаю, нават зайздросціў яму, бо жыццё калі-нікалі прымушала Аляксандра Кішчанку быць дыпламатам, дзеля справы ісці на кампрамісы. Тым часам, як Ізраіль Басаў сваёй лініі заўжды трымаўся непахісна.

Кар’еры ў звычайным разуменні Ізраіль Басаў не зрабіў, ганаровых званняў і дзяржаўных узнагарод не меў. Хіба што напрыканцы жыцця, калі спадчына савецкай эпохі падверглася крытычнаму пераасэнсаванню, ён як вымушаны апанент афіцыйнага мастацтва (пры суцэльнай апалітычнасці сваёй творчасці і адсутнасці заангажаванасці хоць у якую ідэалогію), прыдбаў немалую вядомасць па-за межамі шчыльнага прафесійнага кола. Я ж дазволю сабе меркаванне, што ігнаруючы афіцыйныя знакі прызнання, ён здолеў зрабіць адзіна вартую для творцы кар’еру: жыў паводле законаў мастацтва і застаўся самім сабою ў варунках, якія гэтаму не спрыялі.

Па матывах ягонага жыцця можна зрабіць раман (серыял) — эпапею беларускага яўрэйства ў ХХ стагоддзі. Тут будзе і “класічнае” мястэчка, з якога апантаны мастацтвам хлопец пайшоў у вялікі свет, і пошук свайго месца ў соцыуме на тле грамадскіх пераўтварэнняў, і вайна, і праца дзеля фронту ў эвакуацыі, і вяртанне на родныя папялішчы, і акалічнасці “барацьбы з касмапалітызмам”…

А ён — увесь час на сваёй хвалі. Незалежна ад таго, што адбываецца за акном ягонага дома — малюе-малюе-малюе… Прычым які б краявід, які б горад ён ні маляваў, усё адно атрымліваецца Палестына, Ерусалім. Зрэшты, гэта толькі адна з магчымых трактовак творчасці Ізраіля Басава.

Ведаючы акалічнасці ягонага жыцця, можна пры патрэбе даволі дакладна вызначыць, якія канкрэтна мясціны ён адлюстроўваў на халсціне, якія асобы былі прататыпамі партрэтных выяў. Але ступень іх абагульненасці і абстрагаванасці такая, што вобразы на карцінах Ізраіля Басава набываюць пазачасовы сэнс. Мастак нібыта вандруе ў часе не пакідаючы сваёй майстэрні, не адыходзячы ад мальберта.

Экспазіцыя выставы дазваляе ўбачыць творчасць Басава ў панарамным фармаце, прасачыць змены ў стылістыцы і трактоўцы сутнасна нязменных сюжэтаў і вобразаў. Трывожная жывапіснасць на яго карцінах у позніх работах змяняецца на экспрэсіўную графіку. Адценні і нюансы — на лакальны колер, а мадэліроўка формы, на пачатку даволі ўмоўная і лаканічная — на чорны абрыс.

Такое ўражанне, што мастак баяўся не паспець сказаць нешта важнае. І таму — мінуючы прадмовы і ўступы, а таксама сэнсавыя нюансы — адразу пераходзіў да брутальнай сутнасці.

Асабіста для мяне творчасць Басава — нібыта кніга са знаёмым зместам, але напісаная на невядомай мне мове. Я магу памыліцца ў трактоўцы асобных карцін, аднак сама творчая канцэпцыя падаецца мне зразумелай, бо блізкая мне самому. Так здараецца ў гісторыі мастацтва: думаў чалавек пра сваё, маляваў тое, што хвалявала асабіста яго, жыў і працаваў на сваёй хвалі — а потым аказалася, што ён сказаў нешта важнае для многіх іншых. Важнае, але не да канца разгаданае. І хай яно застаецца таямніцай…