Якасныя паказчыкі конкурсу

№ 34 (1369) 25.08.2018 - 31.08.2018 г

Сёлетняя ўступная кампанія ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў прайшла без узрушанняў і нечаканасцяў. Конкурс быў неблагім як на бюджэтную, так і на платную форму навучання, а абітурыенты паказалі высокі ўзровень сваёй падрыхтоўкі.

/i/content/pi/cult/706/15461/5.JPGУ адпаведнасці з планам, на дзённую форму навучання прынялі 304 бюджэтніка — столькі ж, колькі і летась. Затое скараціўся набор завочнікаў. Першы прарэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Наталля Карчэўская адзначыла, што гэта агульная тэндэнцыя. Улічваючы, што вучэбны працэс ва ўніверсітэце практыкаарыентаваны, завочная адукацыя і ўвогуле з часам можа сысці ў гісторыю. Пакуль жа яна застаецца запатрабаванай сярод тых, хто ўжо працуе ў сферы культуры і мае патрэбу ў павышэнні кваліфікацыі.

Сёлета ў цэлым па ўніверсітэце конкурс на дзённую форму навучання склаў 2,2 чалавекі на месца. Адпаведна, на завочную форму — 1,9. Самая вялікая канкурэнцыя традыцыйна была сярод тых, хто прагне стаць эстрадным спеваком, рэжысёрам або акцёрам (конкурс дасягаў амаль 4 чалавек на месца). Але, што прыемна, у фаворы таксама культуралогія і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва (рэстаўрацыя вырабаў). Гэтыя спецыяльнасці з года ў год выклікаюць стабільна высокі інтарэс, і сёлетняя ўступная кампанія не стала выключэннем.

Уводзіць новыя спецыяльнасці на першым этапе атрымання вышэйшай адукацыі Універсітэт культуры і мастацтваў у бліжэйшы час не плануе. Верагодна, што такія змены могуць закрануць магістратуру, дзе, хутчэй за ўсё, будзе пашырацца спектр накірункаў. Дарэчы, конкурс туды таксама застаецца традыцыйна высокім.

Парадавалі сёлетнія абітурыенты і ўзроўнем падрыхтоўкі. Наталля Карчэўская кажа, што з кожным годам яны ўсё мацнейшыя па ўзроўні ведаў і сур’ёзнейшыя ў сваім стаўленні да будучай спецыяльнасці:

 — Магчыма, і ёсць
нейкія прагалы ў іх агульнай адукацыі, але ўсё, што тычыцца прафесійнага складніка, яны імкнуцца засвоіць як мага лепш. Для сферы культуры не так важна, як абітурыенты ведаюць матэматыку — галоўнае, наколькі яны матываваны ў атрыманні сваёй прафесіі і ці старанна будуць ёю авалодваць. Мы заўсёды арыентуемся на практыку, каб потым нашым выпускнікам ніхто не сказаў “забудзьцеся на тое, чаму вас вучылі”. Таму яны і выходзяць з універсітэта цалкам падрыхтаваныя да работы ва ўстановах культуры.

У залежнасці ад гэтай задачы і будуецца адукацыйны працэс. І менавіта таму ён не мае застылай формы. Кожны выкладчык прапануе свае методыкі і формы навучання, а кожная новая група, у сваю чаргу, авалодвае імі па-свойму.

Атрымліваецца такі ўзаемазалежны працэс, пры якім прафесура і студэнты пастаянна вучацца разам. За час навучання студэнты паспяваюць не толькі авалодаць прафесіяй, але і зразумець, ці правільны яны зрабілі выбар. Пераважная большасць маладых спецыялістаў застаецца потым у галіне. Пра гэта сведчыць створаны пры ўніверсітэце спецыяльны савет выпускнікоў, які сочыць за іх творчым лёсам.

Як адзначае Наталля Карчэўская, гэты факт цалкам натуральны. Для творчай ВНУ не ўласцівая сітуацыя, калі абітурыенты падаюць дакументы туды, “куды ім хапае балаў”. На многія спецыяльнасці, каб паступіць, трэба вытрымаць сур’ёзны ўнутраны конкурс, здаць творчы экзамен. А да яго за адну ноч не падрыхтуешся.

— Нам, напрыклад, кажуць, што ў нас невялікі конкурс на такі напрамак харэаграфічнага мастацтва, як бальны танец — усяго адзін чалавек на месца. Але трэба разумець, што гэта конкурс — зусім не для ўсіх. Людзей, якія танцуюць на належным узроўні, у гэтым узросце ўвогуле няшмат у краіне. І фактычна ўсе яны прыйшлі да нас. Так, на некаторыя спецыяльнасці 1 ці 2 чалавекі на месца, але гэта не значыць, што конкурс маленькі. Гэта іспыт. Які могуць здаць толькі выдатна падрыхтаваныя абітурыенты. Якасныя паказчыкі адыгрываюць у нас асаблівую ролю.

Ды і самі нашы абітурыенты — нейкія іншыя, больш раскамплексаваныя. Некага мы ўжо ведаем, паколькі заўважаем выдатных выпускнікоў школ мастацтваў, удзельнікаў творчых калектываў. Часта прыходзяць да нас вучні нашых жа выпускнікоў. Мы рады іх поспехам і прапануем атрымаць вышэйшую прафесійную адукацыю ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў.