Замалёўкі ад Сожа да Буга

№ 27 (845) 05.07.2008 - 11.07.2008 г

У Гомельскім абласным музеі ваеннай славы адкрыта выстаўка “Ад Сожа да Буга” мастака, пісьменніка Юрыя Рахоўскага (1923—2006 гг.) — удзельніка вызвалення Беларусі, у тым ліку і Гомельшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Ваяваў Рахоўскі на 1-ым Беларускім фронце начальнікам разведкі адной з артылерыйскіх брыгад. Пасля вайны закончыў ВГИК і Ваенную акадэмію імя М.В. Фрунзе, стаў падпалкоўнікам, працаваў у многіх маскоўскіх выдавецтвах, напісаў трохтомны раман “Апошнія дні лета” і аповесць “Дарога”. Як мастак Рахоўскі стварыў шмат работ, у якіх асаблівае месца займае тэма Вялікай Айчыннай вайны.
Ветэраны 22-й артылерыйскай Гомельскай чатыры разы ардэнаноснай дывізіі прарыву Рэзерву Вярхоўнага Галоўнакамандавання, якая ў лістападзе 1943 г. вызваляла Гомельшчыну ад гітлераўскіх захопнікаў, неаднаразова наведвалі абласны цэнтр у пасляваенныя гады.
 /i/content/pi/cult/167/1546/Zamaleuki1.jpg

Ю.Рахоўскі. “Заўтра — ”Баграціён”.

Пад час адной з такіх сустрэч Юрый Рахоўскі перадаў гамяльчанам больш за 30 сваіх работ, намаляваных ім на фронце і ў канцы 1970-х — пачатку 1980-х гадоў. Зробленыя ім франтавыя замалёўкі батальных і жанравых сцэн, партрэтаў, выкананых з натуры і па асабістых уражаннях мастака, які непасрэдна ўдзельнічаў у баявых аперацыях, уяўляюць сабой гістарычную і мастацкую каштоўнасць. Аловак і папера былі на фронце яго пастаяннымі спадарожнікамі. Так з’явіліся работы “На запасную пазіцыю” (1943 г.), “Бліндаж” (1943 г.), “Пылаючы ўсюдыход“ (1944 г.), “Разбіты фердынанд” (1944 г.), “Дзеці-сіроты” (1944 г.) і іншыя.
Мастак стварыў своеасаблівы летапіс дывізіі, якая ўдзельнічала ва ўсіх буйных аперацыях Беларускага фронту. На выстаўцы прадстаўлены фатаграфіі байцоў і камандзіраў дывізіі, іх дакументы, асабістыя рэчы, узнагароды, зброя.
Экспазіцыю адкрывае акварэль “Пад Веткай”. У ходзе Гомельска-Рэчыцкай наступальнай аперацыі, якая пачалася 10 лістапада 1943 г. у раёне Веткі, 11-я армія пры падтрымцы 22-й артылерыйскай дывізіі на ўчастку Старое Сяло — Хальч фарсіравала Сож і ўступіла ў бой на заходнім беразе ракі. На малюнку паказаны эпізод бою за Гомель.
26 лістапада 1943 г. першы абласны цэнтр Беларусі Гомель быў вызвалены ад ворага. Потым былі баі за Мазыр і Калінкавічы, якія мастак адлюстраваўу работах “Прыстрэлка” і “На Мазыр”.
Летам 1944 г. пачалася падрыхтоўка вялікай наступальнай аперацыі. На выстаўцы прадстаўлена работа мастака “Заўтра — “Баграціён”, на якой паказаны назіральны пункт 13-й лёгкаартылерыйскай брыгады, што размясціўся ў лесе, на ўсходнім беразе ракі Друць, дзе дывізія ў складзе войск 1-га Беларускага фронту прарвала доўгачасовую абарону праціўніка.
Затым — вызваленне Бабруйска, пра што сведчаць творы “Бабруйскі кацёл”,
 /i/content/pi/cult/167/1546/Zamaleuki2.jpg
Ю.Рахоўскі. “Пад Веткай”. 
“Прарыў”, “Танкі злева”, “Калі канчаюцца снарады“. Малюнак “Рускае поле” мастак маляваў алоўкам наспех за паўтара кіламетра на паўночны захад ад Бабруйска, таму што брыгада атрымала ўжо загад на перадыслакацыю ў раён Слуцка для працягу наступлення ў Брэсцкім напрамку.
Перад намі паўстае і галерэя вобразаў салдат і афіцэраў 22-й артдывізіі прарыву РВГК, з кім лёс звёў Юрыя Рахоўскага ў гады вайны. Малюнак “Асенні сон” адлюстраваў імгненне кароткачасовага адпачынку байцоў.28 ліпеня 1944 г. быў вызвалены апошні абласны цэнтр рэспублікі — Брэст. “За Бугам — чужыя гарады” — работа, якая завяршае выстаўку, прысвечаную 64-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Наперадзе, за Бугам, былі гарады Польшчы, Усходняй Прусіі, Германіі... Вайну ж дывізія завяршыла на Эльбе, пасля штурму Берліна.
I колькі б ні прайшло часу, творы ваеннай тэматыкі Юрыя Рахоўскага, як і ўвогуле ваенная тэма, заўсёды застануцца актуальнымі для беларусаў, бо з’яўляюцца своеасаблівым помнікам нашай Перамозе.

Ала ЯГОРАВА,
загадчыца аддзела Гомельскага
абласнога музея ваеннай славы