Роднае слова на малой радзіме

№ 34 (1369) 25.08.2018 - 31.08.2018 г

Да юбілейнага 25-га Дня пісьменства ў Іванаве застаўся ўсяго тыдзень. Пра тое, як ідзе падрыхтоўка да маштабнага свята, распавялі журналістам у Прэс-цэнтры Дома прэсы начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі РБ Алена Паўлава, намеснік старшыні Іванаўскага раённага выканаўчага камітэта Рыгор Сыса, начальнік аддзела культуры згаданага райвыканкама Валянціна Барадзінчык.

/i/content/pi/cult/706/15459/opt.gifСпадар Сыса нагадаў, што Дзень пісьменства супадае са святкаваннем 595-годдзя Янава (так Іванава называлася да 1940 года). Вуліца 17 верасня, на якой знаходзяцца шэраг культурных устаноў і дзе адбудуцца некаторыя мерапрыемствы свята, рэканструявана і ператворана з праезднай у пешаходную. Даведзеныя да ладу і іншыя аб’екты гарадской інфраструктуры. Свята пройдзе, а добраўпадкаванне застанецца, нагадаў Рыгор Сыса.

Адразу пасля прэс-канферэнцыі дэлегацыя з Іванава паехала на прыёмку памятнага знака “Янава слова”, які адкрыецца ў горадзе падчас Дня пісьменства. Гэтая скульптурная кампазіцыя акрамя эстэтычнай функцыі будзе мець і рэальнае прызначэнне: сонечны гадзіннік.

Свята пройдзе не толькі ў самім Іванаве. Будзе задзейнічана і наваколле. Гэта Варацэвічы, дзе ёсць музейны комплекс імя Напалеона Орды; Моталь з ягоным знакамітым Музеем народнай творчасці, а таксама вёска Ляскавічы. У раённым цэнтры адкрыецца кніжная крама “Верасень”, пройдзе конкурс духавой музыкі “Фанфара — 2018”, шэраг выстаў, якія адпавядаюць тэматыцы свята. Як заўжды, чынны ўдзел у Дне пісьменства возьме Праваслаўная царква.

Адным з асноўных складнікаў свята традыцыйна з’яўляецца фестываль кнігі і прэсы. Пра тое, што ён будзе з сябе ўяўляць сёлета, распавяла Алена Паўлава. Грамада зможа наведаць павільёны “Кнігі і прэса Рэспублікі Беларусь”, “Слова пісьменніка”, “Добрая кніга — дзецям”, “Друкарскі двор XVI стагоддзя”. Гасцям свята будуць прадстаўлены лепшыя выданні мастацкай і вучэбнай літаратуры, энцыклапедыі, альбомы, а таксама экспазіцыя перыядычных выданняў. Адбудуцца прэзентацыі, аўтограф-сэсіі, віктарыны. Не будуць забытыя таксама абласныя і раённыя СМІ.

Наведвальнікі выстаў змогуць пагартаць кнігі-пераможцы Нацыянальнага і Міжнароднага конкурсаў “Мастацтва кнігі”, азнаёміцца з выставамі да 110-годдзя выхаду ў свет першага паэтычнага зборніка Янкі Купалы “Жалейка”, да юбілейных дат паэм Якуба Коласа “Новая зямля” і “Сымон-музыка”, 125-годдзя з дня нараджэння Максіма Гарэцкага. Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь прывязе ў Янаў свае праекты, з якімі ўжо пазнаёмілася сталічная грамада — “PROчытанне” і “Літаратура ў мастацтве”.

Валянціна Барадзінчык распавяла пра імпрэзы, якія пройдуць у рамках Дня пісьменства. На галоўнай сцэнічнай пляцоўцы ў гарадскім парку адбудзецца ўрачыстае адкрыццё і закрыццё свята. Не абыйдзецца без святочнага кірмашу, на якім можна будзе прыдбаць творы народных майстроў, а таксама патрэбныя ў гаспадарцы і побыце рэчы. Для грамады будуць граць вулічныя музыкі, паказальныя выступленні наладзяць мясцовыя спартсмены. Менавіта ў святочныя дні адбудзецца закрыццё абласнога пленэру разьбяроў.

За чвэрць стагоддзя сталіцамі свята паспелі пабыць два дзясяткі малых, і не вельмі, беларускіх гарадоў. Невыпадкова ў іх спісе няма абласных цэнтраў. Свята зыходна мела мэтай давесці беларускай грамадзе і навакольнаму свету, што ў нашай краіне няма так званай глыбінкі, што нават мястэчкі могуць паспяхова ладзіць імпрэзы нацыянальнага маштабу. А яшчэ кожны Дзень пісьменства — дадатковы стымул для добраўпарадкавання і ўпрыгожвання тых мясцін, дзе адбываецца свята. Фактычна, гэта разгорнутая ў часе і на вялікую перспектыву праграма “Малая радзіма”, бо такія святы спрыяюць духоўнай укаранёнасці людзей у родныя мясціны, усведамленню грамадою тоеснасці бацькоўскай хаты і вялікага дома пад назвай “Беларусь”.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"