Дзетачка і Маргарытачка

№ 33 (1367) 18.08.2018 - 25.08.2018 г

Хто яны, Сяргей і Маргарыта Канёнкавы? Дэтэктыўная загадка, не разгаданая да канца
(Працяг. Пачатак у № 32.)

Лёс стыхійнага таленту

/i/content/pi/cult/705/15457/30.JPG— Сярожа ў сваёй аўтабіяграфіі напісаў, што ажаніўся на мне — нібыта, студэнтцы юрыдычнага факультэта ўніверсітэта, — у 1922 годзе, — пачала свой расповед Маргарыта Васільеўна. — Дата правільная, але на самой справе я тады вучылася на прыватных юрыдычных вышэйшых жаночых курсах, заснаваных Варварай Аляксандраўнай Палтарацкай. Я яму казала пра гэта, але ён выпраўляць недакладнасць не пажадаў. Да нашага вяселля мы сустракаліся каля шасці гадоў. А да гэтага я была нявестай прыяцеля Сяргея — вядомага тады скульптара, жывапісца і графіка Пятра Ігнатавіча Брамірскага. Збіралася нават за яго замуж…

— Да майго сораму, я нічога не чуў пра такога мастака.

— Нічога дзіўнага. Гэтага чалавека вялікага стыхійнага таленту, непапраўнага рамантыка, нястомнага апавядальніка, і сёння мала хто ведае. Між тым, яго ў юнацтве маляваў сам Урубель. А Пеці, у сваю чаргу, у 1910 годзе было наканавана зняць з Урубеля пасмяротную маску. Я пазнаёмілася з Пятром Ігнатавічам у жніўні 1915 года пасля яго вяртання з вайны.

Увогуле, яго кароткая біяграфія была вельмі ўражвальная: вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства ў Паола Трубяцкога, таварышаваў з Савам Мамантавым — працаваў у яго ганчарных майстэрнях; сустракаўся з Мішам Ларыёнавым, Валодзем Татліным, юным геніем Васем Чакрыгіным, з Канчалоўскім. Моцна сябраваў і з Канёнкавым. Дарэчы, дзякуючы Сярожавай пратэкцыі, у 1918 годзе Пётр атрымаў ад Луначарскага заказ на помнік Сурыкаву. Ён марыў паставіць яго з ацынкаванага ліставога жалеза наўпрост на Краснай плошчы — на Лобным месцы (як вы памятаеце, гэта месца дзеяння сурыкаўскай карціны “Раніца стралецкага пакарання”): апакаліптычны анёл з мячом і чарай у руках. Але гэтая мара не здзейснілася...

Пеця па сваёй натуры быў чалавекам даволі багемным, у юнацтве жыў дзе давядзецца, туляўся па гарышчах знаёмых і сяброў, бедаваў, часта галадаў. А свой талент скульптара і малявальшчыка рэалізоўваў, у асноўным, у майстэрнях прыяцеляў, у начны час. У мяне заставалася шмат яго бліскучых малюнкаў, гуашаў і акварэляў, частку з якіх я перадала Траццякоўцы.

Карацей кажучы, мяне падкупілі яго Божы дар, дабрыня, адкрытасць і прыстойнасць. Мне вельмі хацелася яму дапамагчы, дзеля чаго я гатовая была рызыкнуць: стаць ягонай жонкай. Але ўмяшаўся сам Лёс... Пеця неяк паказаў маю фотакартку Канёнкаву, а той адразу ж закахаўся ў маё аблічча. Асабліва, як ён потым распавядаў, яго чамусьці скарылі мае пальцы рук і паварот галавы. Сяргей папрасіў Пецю пазнаёміць яго са мной. Вось з гэтага ўсё і пачалася — так скажам, узаемнае каханне на ўсё жыццё...

Калі мы пажаніліся, мне споўнілася 28 гадоў, Сярожа быў на 22 гады старэйшым. А неўзабаве пасля таго, як з Рыты Варанцовай я ператварылася ў Маргарыту Канёнкаву, мы праз Рыгу з’ехалі з выставай рускага і савецкага мастацтва ў Нью-Ёрк. Думалі, на кароткі час, але аказалася — больш, чым на два дзясяцігоддзі.

— А што сталася з Брамірскім? — запытаў я.

— У пачатку студзеня 1920-га ён памёр ад сыпнога тыфу на 34-м годзе жыцця ў Стара-Басманнай бальніцы. Мы з Сярожам у той час былі ў ад’ездзе і нічога не ведалі пра трагічны лёс Пятра Ігнатавіча. Потым нам эскулапы сказалі, што пахавалі яго ў агульнай магіле для тыфознікаў. І дзе цяпер ляжаць яго астанкі — нікому невядома...

У разінскай касаваротцы

/i/content/pi/cult/705/15457/31.JPG— Ну, а з Сярожам я пазнаёмілася ў пачатку лета 1916 года ў Маскве ў адной мілай інтэлігентнай кампаніі ў доме ў Трубнікаўскім завулку, у кватэры доктара Івана Андрэевіча Буніна, дзе я тады здымала пакой, — працягнула Маргарыта Васільеўна. — Гаспадары кватэры адзначалі нейкую падзею. Запрасілі гасцей, у тым ліку і сваіх старых прыяцеляў — Пецю Брамірскага і Канёнкава. Там, у гэтай кампаніі, я ўпершыню ўбачыла Сяргея Цімафеевіча — шырока вядомага ў мастакоўскім свеце скульптара, увенчанага мноствам узнагарод і тытулаў. Я яшчэ не ведала, што Канёнкаў, аказваецца, ужо прыкмеціў мяне па той самай фотакартцы. Памятаю, мой Пеця быў апрануты ў шырокі пінжак з сяброўскага пляча Канчалоўскага і ў вузкія галіфэ, пазычаныя ў мастака Колі Васільева. Свайго прыстойнага касцюма ў яго тады не было.

Канёнкаў быў у чырвонай касаваротцы і чорных штанах, запраўленых у высокія, да бляску начышчаныя боты. Твар апраўлены цёмнай бародкай, вострыя карыя вочы. Я тады падумала: напэўна, менавіта такім быў данскі казак Сцёпка Разін. І як быццам у ваду глядзела: Сяргей сапраўды заўсёды адчуваў сябе Разіным і, трохі падпіўшы, любіў казаць, б’ючы сябе ў грудзі: “На свеце было тры волаты: Ярмак Цімафеевіч, Сцяпан Цімафеевіч і Сяргей Цімафеевіч...”

Той вечар прайшоў у цёплай абстаноўцы: пілі шампанскае, гаварылі пра літаратуру, весяліліся, нешта спявалі, слухалі цудоўны аповед Канёнкава пра яго падарожжа ў Грэцыю і Егіпет, якое ён здзейсніў пару гадоў таму. А на наступны дзень Сяргей даслаў мне велізарны кош кветак і запрашэнне наведаць яго студыю. Пасля мы паехалі ў знакаміты рэстаран “Стрэльна”, дзе выступаў славуты цыганскі хор пад кіраўніцтвам Марыі Лебедзевай. Я ўвачавідкі пераканалася, што Сяргей Цімафеевіч там даўно быў сваім чалавекам. Цыганы з гітарамі акружылі мяне, наперабой пытаючы, што я буду піць — шампанскае ці кагор. Я адказала: малако. Тыя проста асалапелі і нешта весела залапаталі па-цыганску.

Словам, з тых часоў я стала часта сустракацца з Сярожам, за што ад сваякоў і знаёмых атрымлівала папрокі: маўляў, ён жа значна старэйшы за мяне, і наогул — п’яніца і распуснік, ніводнай спадніцы не прапускае. Я ўжо ведала, што яго жонка Таццяна Якаўлеўна Каняева — дачка качагара, былая натуршчыца, якая пазіравала Сярожы для выявы Нікі — грэцкай багіні перамогі. Гэтая скульптура ў той час карысталася шалёнай папулярнасцю на выставах. Усё скончылася тым, што не вытрымаўшы разгульнага жыцця мужа, Таццяна разам з сынам Кірылам пайшла да іншага — здаецца, да аднаго з братоў вядомага скульптара Мітрафана Рукавішнікава. Першы ж сын Сярожы — Марык — памёр яшчэ ў маленстве ад менінгіту.

Нягледзячы на ўсе гэтыя бытавыя перыпетыі і драмы, развітаўшыся са сваім жаніхом Пятром Брамірскім, я мужна працягвала сустракацца з Сяргеем — спачатку таемна, потым у адкрытую, пакуль ў 1922 годзе мы не абвянчаліся.

Гульня ў мяч

Думаю, што чытачам будзе цікава даведацца і версію самога Канёнкава аб тым, як складваліся яго адносіны з Маргарытай Варанцовай. Шмат гадоў пазней за тыя падзеі ён успамінаў: “У адной кампаніі я ўбачыў высокую стройную дзяўчыну. Не памятаю, што мы казалі адно аднаму, калі знаёміліся. Потым гулялі ў мяч. Мы перакідалі праз сетку гумовы мяч, і я любаваўся ёю — лёгкай, стройнай, вытанчанай. Мы вельмі доўга гулялі ў мяч: гэтая карціна засталася ў мяне ў памяці на ўсё жыццё...

Я запрасіў Маргарыту да сябе ў студыю, і яна пагадзілася прыйсці. Але падаспелі летнія вакацыі, і яна з’ехала на радзіму, у горад Сарапул на Каме. Я не мог вытрымаць расстаяння: адправіўся ў Сарапул следам за ёй. З прыстані паслаў ёй запіску. Маргарыта неўзабаве прыйшла. Як цяпер памятаю яе залатыя валасы, белую шаўковую кофтачку і сінюю спадніцу. Вялікая была радасць сустрэчы. Маргарыта прывезла мяне знаёміцца з бацькамі. Сустрэлі мяне гасцінна. Бацька Маргарыты, прысяжны павераны Іван Цімафеевіч, быў супраць нашага вяселля з-за вялікай розніцы ў веку. Ён быў цяжка хворы і таму з выгляду пануры і нелагодны.

Вярнуўшыся ў Маскву, я пачаў рабіць па памяці партрэт Маргарыты і з нецярплівасцю чакаў яе вяртання. Яна прыехала ў Маскву і прыйшла да мяне ў майстэрню. Усе гады, якія папярэднічалі нашай жаніцьбе, Маргарыта была верным сябрам і памочнікам ва ўсіх маіх справах і пачынах…”

— Маргарыта Васільеўна, вы тут успомнілі пра аўтабіяграфію Сяргея Цімафеевіча. Хачу запытацца, а ці была яна апублікаваная? — пацікавіўся я.

 — Не, не была. Рукапіс, напісаны ўвосень 1955 года, некуды знік, хтосьці яе скраў. Але, на шчасце, захаваўся машынапіс. Хочаце, пакажу?

Канешне! Аўтабіяграфія займала, калі не памыляюся, крыху больш за пяць старонак машынапіснага тэксту. Я папрасіў дазволу выпісаць з яе некаторыя фрагменты. Яна пачыналася так: “Я нарадзіўся ў сялянскай сям’і ў вёсцы Караковічы Смаленскай губерні 28 чэрвеня (10 ліпеня) 1874 года. Маці памерла, калі мне было тры гады, але да гэтага часу памятаю яе незвычайна прыгожы твар...”

Далей ішлі факты біяграфіі: пра дзяцінства і першы мастацкі досвед, пра вучобу ў Вучэльні жывапісу, скульптуры і дойлідства, пра першую паездку ў Італію, пра гады вучобы ў Акадэміі мастацтваў, пра першыя творчыя работы і першыя выставы, пра сустрэчы з Леніным… Літаральна некалькі словаў — пра жыццё ў ЗША і вяртанне на радзіму пасля доўгай адсутнасці. Далей — пра абранне акадэмікам і гэтак далей. І заканчвалася аўтабіяграфія словамі пра тое, што для яго “вялікае шчасце тварыць для народа”, што ён адчувае ў сабе велізарны прыліў сіл і энергіі і марыць, каб яго творы былі вартыя “нашага вялікага і мудрага народа”. Да гэтага часу мне незразумела, чаму такая “правільная” аўтабіяграфія так і не была апублікаваная пры жыцці скульптара.

Барыс КРЭПАК