Флэшмобы на асфальце

№ 33 (1367) 18.08.2018 - 25.08.2018 г

Як сталічнаму Палацу культуры знайсці сваё месца пад сонцам?
Заняткі харэаграфіі, ганчарства і… каратэ з тайскім боксам. Старое і новае, традыцыйнае і сучаснае, праверанае гадамі і рызыкоўна-эпатажнае. Не так даўно адкрыты Мінскі гарадскі палац культуры актыўна спрабуе знайсці ўласнае “месца пад сонцам” і не цураецца ладзіць у сваіх сценах і спартыўныя спаборніцтвы, і тэатральныя пастаноўкі, а ля ганку — танцавальныя фестывалі, у якіх можа прыняць удзел любы ахвотны. “К” прайшлася па абноўленых залах і кабінетах колішняга “Камволя” і пацікавілася, чым сёння жыве і “дыхае” Мінскі ГПК.

/i/content/pi/cult/705/15453/20.JPGПерыпетыі рамонтнай эпапеі

Сваім новым абліччам гэты палац ганарыцца, дарэчы, не так ужо і даўно — толькі з мая. А да гэтага была шматпакутная і шматгадовая “эпапея” па рамонце і рэканструкцыі былой установы культуры камвольнага камбіната, год “нараджэння” якой — 1965-ы.

— У 2006 годзе будынак камвольнага камбіната быў перададзены ў гарадскую ўласнасць, — кажа дырэктар Мінскага ГПК Мікалай Казюлін. — Парадаксальна, але факт: пры неверагоднай колькасці ўстаноў культуры, свайго гарадскога Палаца ў сталіцы не было. Рамонт ішоў цягам наступных дзесяці гадоў: калі было фінансаванне — будоўля ажывала, заканчваліся грошы — працы прыпыняліся. Я за гэты час паспеў стаць самым сапраўдным будаўніком, а не проста /i/content/pi/cult/705/15453/21.JPGкіраўніком установы культуры.

Тая рамонтна-будаўнічая “эпапея” працягвалася ажно да вясны 2017 года, калі гарадскія ўлады рэканструкцыяй заняліся сур’ёзна. І нарэшце сёлета ўстанова культуры ўрачыста адчыніла свае дзверы для наведвальнікаў. Кардынальна памяняўшы пры гэтым не толькі ўнутранае ды знешняе “аблічча”, але і сваю назву.

— Спачатку мы называліся даволі проста, можна сказаць, “па-мясцоваму”: “Палац культуры “Лошыцкі”, — кажа Мікалай Казюлін. — Але з-за гэтага часта ўзнікалі непаразуменні: нехта блытаў нас з СДК уяўнай вёскі Лошыца, а нехта — нават з Лошыцкім паркам. Карацей, бывала ўсякае — і смешнае, і горкае. Таму пасля рэканструкцыі вырашылі сваю ўстанову перайменаваць. Пагадзіцеся, цяпер, пасля ўлазін, мы такую ганаровую, на мой погляд, назву цалкам заслугоўваем!

Начынка матэрыяльная…

Словы дырэктара пра заслужаны статус Палаца цалкам пацвярджаюцца на практыцы — асабліва калі прайсціся з невялікай экскурсіяй па абноўленай установе культуры. Уражанне ад стыльнай раскошы, урачыстасці і велічы ўзнікае літаральна на ўваходзе ў Мінскі ГПК, калі ты трапляеш у вялікі хол з беласнежнымі калонамі і мармуровай падлогай, над якой узвышаюцца арыгінальныя прадаўгаватыя свяцільні — дарэчы, беларускай вытворчасці.

Шыкоўна глядзіцца і вялікая глядзельная зала Палаца, разлічаная больш чым на 600 месцаў. На падлозе — паркет, на сценах — адмысловыя панэлі ў пастэльных бела-бэзавых колерах, якія прызначаны ўзмацняць гук, што ідзе са сцэны. Удачай Мікалай Казюлін лічыць і захаванне паваротнага круга на сцэне, што дае магчымасць ставіць тэатральныя п’есы, у якіх падзеі спектакля за некалькі хвілін пераносяцца з адной эпохі ў іншую.

На другім паверсе месціцца малая зала, разлічаная амаль на 200 месцаў, якую выкарыстоўваюць як для тэатральных пастановак і канцэртаў, так і ў якасці канферэнц-залы. Светлыя і прасторныя харэаграфічныя залы, асобная зала для рэпетыцый аркестра, шмат памяшканняў для размяшчэння грымёрных і розных гурткоў. Карацей кажучы, творчым людзям у падобнай установе працаваць утульна. Вось такія б палацы, думалася мне падчас праходкі па светлых пераходах Мінскага ГПК, — і ва ўсе нашы раённыя цэнтры! Можа, калі-небудзь так і будзе?

Каб завяршыць размову пра агульнае ўражанне ад аблічча Палаца культуры, скажу яшчэ і пра тое, што ва ўстанове сёння выкарыстоўваецца самая найноўшая сучасная тэхніка. Скажам, тут стаіць светлавое абсталяванне ProLights і Avolites (Італія), гукавое абсталяванне кампаній MAG Audio (Украіна), Proel (Італія) і Roland (Японія), праекцыйнае абсталяванне Barco (Бельгія), матарызаваныя экраны Mechanische Weberei (Чэхія), а таксама камплектуючыя ад кампаніі Beglec (Бельгія). Такі “замежны” (і заможны!) абноўлены парк прафесійнага абсталявання, па словах кіраўніка ўстановы, дазваляе сёння Мінскаму ГПК ладзіць мерапрыемствы любога ўзроўню. У чым, па праўдзе кажучы, у мяне сумненняў і не ўзнікала.

/i/content/pi/cult/705/15453/22.JPG…і начынка творчая

А не ўзнікала таму, што творчы складнік установы таксама пакінуў станоўчыя ўражанні. Тут дзейнічае 14 творчых калектываў, з іх шэсць маюць званне “народны” і “ўзорны”, шматлікія гурткі па інтарэсах, клубныя фарміраванні. Пералічваць іх усе, думаецца, не варта. Заўважу толькі, што, па словах Мікалая Казюліна, сёння ў народную дзіцячую скульптурна-керамічную студыю ходзяць столькі аматараў лепкі і працы на ганчарных кругах, як ніколі дагэтуль.

Але асноўны ўхіл у сваім творчым і крэатыўным развіцці ва ўстанове культуры зрабілі на палітыку дзяржаўна-прыватнага партнёрства.

— Сёння ў нас распрацаваны спецыяльны праект такога супрацоўніцтва, у які ўваходзяць ажно 34 розныя калектывы, — кажа дырэктар Мінскага ГПК. — Гэта, напрыклад, студыя сучаснага танцу “Тандэм”, Мінскі спартыўны клуб ушу, Мінскі госпел-хор. Праз супрацоўніцтва з гэтымі калектывамі мы імкнёмся не толькі ладзіць знакавыя культурныя мерапрыемствы, але і зарабляць неблагія грошы.

Як мяркуе Мікалай Казюлін, айчынная сфера культуры ва ўмовах адкрытай эканомікі можа працаваць на самаакупнасці, а не быць датацыйнай. І гэта пацвярджаецца практыкай. Напрыклад, сёння ў сценах установы ладзяцца прыватныя тэатральныя пастаноўкі (дзве з іх пройдуць літаральна днямі), распачалася дзейнасць клубаў гістарычнай рэканструкцыі, ствараюцца творчыя майстэрні, якія папулярызуюць беларускія народныя строі. Усё гэта, зразумела, на аплатнай і дагаворнай аснове.

Асобная тэма — дзіцячыя ранішнікі. Адна з прыватных фірмаў ужо падпісала з дырэкцыяй дамову пра тое, што зладзіць у сценах Мінскага ГПК ажно 40 навагодніх і калядных спектакляў — з 21 снежня па 7 студзеня. Так што ў некаторыя дні іх будзе праходзіць ажно некалькі — для дзяцей любых узростаў.

— Дык вось, паводле дамовы, 35 працэнтаў даходу ад продажы білетаў пойдуць на рахунак нашай установы культуры, 65 працэнтаў — прыватніку, — кажа Мікалай Казюлін. — Прычым мы прадастаўляем толькі памяшканне. Усё астатняе — артысты, дэкарацыі, неабходнае тэхнічнае абсталяванне, іншыя арганізацыйныя моманты — бярэ на сябе прыватнік. Думаю, гэта адзін з тых прыкладаў дзяржаўна-прыватнага партнёрства, карысць ад якога — для абодвух бакоў. Па падобнай схеме працуем і з іншымі нашымі партнёрамі.

Цікава, што сярод партнёраў установы культуры шмат спартыўных арганізацый. Напрыклад, дзятва ў Палацы можа пазаймацца каратэ, таэквандо, спартыўным ушу, тайскім боксам, кікбоксінгам, тайцзыцюань (гэта адзін з найбольш адметных відаў кітайскіх адзінаборстваў) і нават спачанам (націск на другім а) — японскім фехтаваннем на бяспечных мячах.

— Мая прынцыповая пазіцыя ў тым, каб у нашым Палацы заўсёды было месца для дзетак, якія хочуць падтрымліваць здаровы лад жыцця, — кажа Мікалай Казюлін. — Да таго ж, усе гэтыя арганізацыя таксама працуюць у нас на дагаворных умовах і прыносяць сякую-такую “капейчыну” ў план платных паслуг. Так што мы ў кожным разе застаёмся ў выйгрышы!

Дарэчы, сёння, 18 жніўня, каля Мінскага ГПК, пройдзе дзень аргентынскага танга, падчас якога можна будзе не толькі ўбачыць шматлікіх артыстаў, якія прадэманструюць публіцы ўсе выкшталцоныя піруэты гэтага паўднёваамерыканскага класічнага танца, але і самім паспрабаваць сябе ў ролі танцораў. Па словах Мікалая Казюліна, яны штосуботы ладзяць танцавальныя флэшмобы, а з верасня ў Палацы пачнуць праходзіць танцавальныя вечары для тых, каму за…

Карацей кажучы, Мінскі ГПК сёння працуе з усімі зацікаўленымі арганізацыямі і наведвальнікамі — хоць малога, хоць маладога, хоць старога веку. Што ж, як кажуць, высокі статус да гэтага проста абавязвае.

Госпел у сценах Палаца

І апошняе, пра што хацелася б расказаць. У хуткім часе — ужо з верасня — у сценах Палаца будзе працаваць Multicolor Gospel Choir — падраздзяленне Мінскага госпел-хору.

Сам хор існуе ў сталіцы ўжо больш за 5 гадоў, і як кажа адзін з яго арганізатараў Павел Шведаў, яго на сёння наведвае блізу 80 чалавек. Галоўнае адрозненне ад звычайнага хору — песні тут спяваюць не па нотах, а на слых. Немалаважна і тое, што сюды прымаюць любога, хто хоча спяваць, хай сабе ён (ці яна) не мае музычнае адукацыі і мінімальных навыкаў.

— Мы ставім навічкоў побач са сталымі ўдзельнікамі, і з цягам часу, пад кіраўніцтвам прафесійнага кіраўніка, яны паступова пачынаюць трапляць у рытм, адчуваць музыку і больш-менш нармальна спяваць, — кажа Павел Шведаў. — Мушу адзначыць, за тыя гады, што я ўдзельнічаю ў хоры, мне ні аднаго разу не сустрэўся чалавек, які абсалютна не здатны патрапіць у ноты. Таму галоўнае — гэта да нас прыйсці, а спяваць мы абавязкова навучым.

Але важныя, па словах суразмоўцы, у хоры не толькі спевы, а і тое, што ён дае магчымасць розным людзям пазнаёміцца паміж сабой, пасябраваць, завязаць кантакты ды пазбавіцца адзіноты.

— Таму і наша праца ў Мінскім ГПК, лічу, будзе карыснай як для ўстановы культуры ў Лошыцы, так і для нас, — кажа Павел Шведаў. — Мы зможам такім чынам развіваць сваю арганізацыю, прыцягваць у яе новых членаў, а Палац культуры займее яшчэ адну “разыначку”: там будзе працаваць гурток, накіраваны не толькі на развіццё спеўнага майстэрства, а і на сяброўства. Карысць ад гэтага супрацоўніцтва — навідавоку.

Дадам, што Мінскі госпел-хор ужо 5 гадоў ладзіць міжнародныя фестывалі спеваў, на якія прыязджаюць шматлікія ўдзельнікі з іншых краін свету. Тэматыка песень розная: рэлігійная, эстрадная, джазавая. На фэсце можна пачуць песні Майкла Джэксана, Уінтні Хьюстан, Рэя Чарльза і многіх іншых вядомых выканаўцаў. І не толькі пачуць, але і самім паспрабаваць праспяваць вядомыя госпел-хіты. Прычым не толькі ў Мінску, але і далёка за яе межамі, бо, па словах Паўла, яны часцяком выбіраюцца за мяжу для ўдзелу ў госпел-фестывалях. Напрыклад, у бліжэйшы час 40 чалавек — амаль палова хору — накіруюцца ў Германію.

Пошукі свайго месца пад сонцам для любой установы культуры Беларусі сёння маюць шмат падводных “камянёў”: дзеці, падлеткі, дарослыя “згубіліся” ў сваіх смартфонах. І калі сельская ці раённая ўстанова культуры можа прывабіць падлетка за кошт адметных мясцовых брэндаў, дык у сталіцы такія брэнды трэба ствараць самім або супрацоўнічаць з тымі, у каго яны ўжо ёсць. Чым, на мой погляд, сёння актыўна і займаецца Мінскі ГПК. Першыя крокі ў гэтым кірунку ўжо зроблены, і крокі, як бачна, даволі паспяховыя. А што ў выніку атрымаецца — пакажа яго Вялікасць час.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"