Цытаванні цягнуць на дно

№ 33 (1367) 18.08.2018 - 25.08.2018 г

Канец сезона Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр адзначыў некалькімі прэм’ерамі, і сярод іх — балет “Тытанік”. Ідэя належала дырэктару тэатра Аляксандру Пятровічу. Музыку стварыў вядомы кампазітар Алег Хадоска (у гэтым тэатры ідуць адразу некалькі яго спектакляў). Балетмайстрам-пастаноўшчыкам стаў Сяргей Мікель, дадаўшы гэты двухактовы балет да свайго леташняга “Вішнёвага саду” ў тым жа тэатры і харэаграфіі ў дзіцячым мюзікле “Лятучы карабель”.

/i/content/pi/cult/705/15451/17.JPGУзгадванне ранейшых прац творцаў — невыпадковае. Яно сведчыць, што пасля доўгіх і часам складаных пошукаў тэатр знайшоў, нарэшце, сваіх аўтараў. І гэта робіць калектыву гонар. Узрошчванне і далейшае прасоўванне айчынных мастакоў — пачэсная праца, карысная не толькі для саміх удзельнікаў гэтага працэсу, але і для развіцця ўсёй нацыянальнай культуры.

Якім жа атрымаўся новы спектакль? Мяркуючы па аншлагах на ўсіх трох прэм’ерных паказах, якія ішлі літаральна адзін за адным у спякотны дачны сезон, і па надзвычай бурных авацыях усе тры вечары запар, публіка — у экстазе. Дадам, што па інтэрнет-апытанні наконт лепшага спектакля сезона, якое праводзіў на сваім сайце Музычны тэатр, балет выйшаў на другую пазіцыю з васьмі, саступіўшы толькі мюзіклу “Трыстан і Ізольда”.

Павінен падабацца “Тытанік” і самім удзельнікам. Замест абагульненай фармулёўкі: “у ролях экіпажа і пасажыраў — артысты балета”, тут кожны атрымаў сваю маленечкую ролю, пазначаную ў праграмцы. Праўда, такая колькасць дзейных асоб зусім не падтрымана іх персаніфікацыяй. Нават цэнтральную гераіню Маргарэт, якая ледзь не ў кожнай сцэне змяняе ўбранні, пазнаць можна найперш не па пластыцы, а па абліччы самой артысткі — Алены Германовіч.

Спектакль вабіць відовішчам, якое разгортваецца на экране з дапамогай відэапраекцый, у тым ліку метадам “наплываў”. Пабудаваны на сцэне мост з дзвюма лесвіцамі становіцца і верхняй палубай, і абагульненым вобразам карабля (мастак-пастаноўшчык — Любоў Сідзельнікава, мастак па камп’ютарнай графіцы — Алена Ахрэменка).

/i/content/pi/cult/705/15451/18.JPGМоцным бокам з’яўляецца музыка. Спачатку гэту працу замовілі іншаму аўтару, але калі папярэдне аб’яўленую прэм’еру давялося пераносіць, звярнуліся да Алега Хадоскі: маўляў, ратуй. Здаецца неверагодным, як за такія сціслыя тэрміны ён змог стварыць настолькі дасканалую партытуру — з адметнай аркестроўкай, яркімі інструментальнымі сола з сучаснымі выканальніцкімі прыёмамі духавых, добра распрацаванай тэмбравай драматургіяй, сістэмай лейтматываў, сімфанічным развіццём, складанымі поліфанічнымі спляценнямі інтанацыйнага матэрыялу, полістылёвасцю, постмадэрнісцкімі спасылкамі на вядомыя мелодыі (пачатковая тэма, што сустракаецца і далей, вельмі блізкая, да прыкладу, знакамітай “Раніцы” з “Пер Гюнта” Грыга).

Дырыжорам-пастаноўшчыкам выступіла Марына Траццякова. Мне давялося ўбачыць трэці спектакль — на чале з галоўным дырыжорам Юрыем Галясам. Аркестр выдатна спраўляўся з няпростай фактурай, не губляў ні каларытнай жанравасці, ні напружанага нерва.

У харэаграфіі таксама ёсць нешараговыя дэталі, якія можна было б акцэнтаваць ды развіваць надалей. Гэта “веер” з чатырох ног закаханых, што на імгненне ўзнікае ў Адажыа — і паўтараецца з двума дзівочымі нагамі ў фінале: хлопец загінуў. Сола, так бы мовіць, “ля станка” — на абмежаванай прасторы верхняга яруса, дзе ўсталяваны поручні. Ідэя запаволенага руху ног, калі завеса напалову апускаецца, пакідаючы толькі ніжнія часткі целаў патанулых. Кантраст танцаў высакароднай знаці і народных скокаў ніжэйшых саслоўяў.

Ды парасткі, з якіх можна было б вырошчваць цэльнае магутнае дрэва, не развіваюцца. Балет уяўляе сабой спалучэнне харэадрамы з устаўнымі канцэртнымі нумарамі, якія адлюстроўваюць танцы на караблі — сярод пасажыраў першага і трэцяга класаў. Але ж Сяргей Мікель здольны на большае! Так, гэта ўсяго толькі яго магістарская работа (“Вішнёвы сад” быў дыпломнай), ды заўжды хочацца больш імклівага развіцця таго творчага патэнцыялу, што быў відавочны ў ягонай колішняй мініяцюры “Знойдзеныя і страчаныя”, якая адкрыла імя маладога пастаноўшчыка шырокай грамадскасці.

Ды ўсё ж самым праблематычным у спектаклі застаецца момант захавання аўтарскіх правоў — пачынаючы з лібрэта, якое пераказвае аднайменную кінастужку, і заканчваючы многімі іншымі запазычанымі адтуль дэталямі. Дарэчы, стваральнікі спектакля маглі б лёгка абыйсціся без прамых зваротаў, зрабіўшы цалкам уласную версію. Бо кожны творца марыць пра арыгінальнасць сваёй канцэпцыі на ўсіх узроўнях. Дый сучаснае мастацтва прапаноўвае безліч варыянтаў больш правамерных “цытаванняў”. Абавязковасць “кінаперакладу” сыходзіла ад кіраўніцтва тэатра — і, дарэчы, не ўпершыню: маўляў, “раскручаныя” тэмы неабходны для прыцягнення публікі. Калі так, дык мэта дасягнута.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"