Аўдыя & Відэа

№ 33 (1367) 18.08.2018 - 25.08.2018 г

Ліпеньскія аўдыя / відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць бас-гітарыст гуртоў “НагУаль” і The Silicon Кастусь КАЛЕСНІКАЎ (A.) і спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура”, музычны крытык Алег КЛІМАЎ (B.).

АЎДЫЯ

/i/content/pi/cult/705/15450/_opt.jpegГанна Жданава, сінгл Znichka

A.: Ганна мне больш знаёмая па гуртавой творчасці, а тут яна выступіла як сольны выканаўца, заклікаўшы “на дапамогу” іншых музыкантаў. Стылістычна гэта ўсё — той жа модны электрапоп, а вось на беларускай Жданава заспявала ўпершыню. І праблемы выявіліся — некаторыя словы можна разабраць з цяжкасцю (пры запісенешта напартачылі?). У цэлым жа, сінгл пакінуў вельмі светлае ўражанне — лёгкі, прыемны для слыху трэк.

B.: Акрамя трэка з вакалам самой спявачкі, у сінгл увайшлі яшчэ тры варыянты загалоўнай кампазіцыі ад трох беларускіх выканаўцаў, што выкарыстоўвалі і голас Жданавай. Гэта першы вопыт Ганны ў рэалізацыі беларускамоўнай песні, і спроба ўдалася. Прыгожая, пяшчотная эйсід-дарожка, якая і ў клубе зойдзе “на ўра”, калі дамы запросяць кавалераў на павольны танец, і ў хатніх умовах — замест калыханкі. Цікавы быў бы паўнафарматнік, вытрыманы ў тым жа духу.

Гурт Groove Dealers, міні-альбом Minsk — California

/i/content/pi/cult/705/15450/Groove_opt.jpegА.: Эпіграфам для гэтага рэлізу я абраў бы фразу “Танцуй пакуль малады”. Юнацкага запалу тут сапраўды хапае: кананічнаму фанку хлопцы надалі акцэнтаванай танцавальнасці. Сыграна і праспявана ўсё на ўзроўні:

 чуваць, што музыканты ўмеюць складаць мелодыі. Стыль у гурта, безумоўна, ёсць. Ведаю, што людзі на канцэрты ходзяць. З пажаданняў — калі каманда марыць аб большай папулярнасці, ёй патрабуюцца хіты. А падмурак для іх ёсць.

B.: Рэдкая для нашых зямель музыка: мінскі гурт працуе ў рагга-фанк-стылістыцы, і ўвесь гэты кактэйль добранька перамяшаны, так што танцпол застанецца задаволены (ва ўсякім выпадку, пад трэк “Бум-бяжы” выстаяць не ўдасца). Якая ў каманды будучыня? Цьмяна яе бачу. Вось у выглядзе такога сэта з чатырох песень (столькі кампазіцый на гэтым міні-альбоме) у клубе калектыў будзе цалкам дарэчны, як і ў зборным канцэрце — сярод сабе падобных ансамбляў. Для большай жа папулярнасці — і, як вынік, камерцыйных перспектыў — патрэбны забойныя хіты. І ў дадзеным жанры ў свеце такіх хапае. Ці хопіць таленту ў музыкантаў Groove Dealers стварыць нешта абсалютна шлягернае? Час пакажа.

Murovei, альбом “Змрочны сезон”

/i/content/pi/cult/705/15450/Murov_opt.jpegA.: Спачатку насцярожвалі доўгія медытатыўныя, дзесьці наогул псіхадэлічныя інструментальныя ўступленні — чакаў я звычайнага рэпу. Але да кампазіцыі трэцяй — чацвёртай наладзіўся і на такі яго “варыянт”. Нават захапіла. У гэтым і хараство альбома (вечарам ён проста выдатна зойдзе): перад слухачамі і класічны хіп-хоп, і адчуваецца, што над аранжыроўкамі ды іх разнастайнасцю папрацавалі вельмі старанна. Мяркую, што гэты артыст упэўнена трымаецца ў рэп-тусоўцы. Сваё аблічча ў яго ёсць.

B.: Не ўпэўнены, што альбом аднаго з лідараў айчыннай хіп-хоп-культуры прыйшоўся б па душы бабулям якой-небудзь з беларускіх вёсак, калі б ён па прыкладзе свайго “бро” — Макса Коржа, адважыўся б несці творчасць у самы што ні на ёсць народ. Усё ж такі, гэтае музычнае мастацтва занадта ўтылітарнае (таму, мабыць, і пра сельскіх рэпераў, якія падрываюць асновы стылю, пакуль не чуваць). Гэта гарадскія рэчытатывы пра адпаведныя актуальныя гісторыі, якія назірае і каментуе выканаўца. І ў такой якасці дадзены рэліз жанру адпавядае. Спадабалася, што ў ім няма падлашчванняў з “пацанствам”, чым усё больш і больш грашыць той жа Корж. Гэта словы пасталелага маладога чалавека, які не смяецца з усяго навокал, не адмаўляе ўсё і ўся, а задумваецца, разважае. Гэта сапраўды альбом аднаго з цяперашніх беларускіх хіп-хоп-флагманаў.

ВІДЭА

Гурт “Дрозды”, Анатоль Ярмоленка,

/i/content/pi/cult/705/15450/pt.jpegКсенія Леўчык, кліп на песню “Гэта любоў”

А.: Карцінка выйшла настолькі рэкламнай, што да канца ўжо хочацца заплюшчыць вочы, каб не бачыць, як табе навязваюць пэўную марку марожанага. Адпаведна, і вушы закрыць цягне. Можна было б зрабіць ролік менш агрэсіўным у гэтым сэнсе, ды і некаторыя сюжэтныя хады мне здаліся залішне смелымі, ці што. А так — фірмовая кампазіцыя ад Карпанава і Ка.

B.: “Трылер” з пагоняй пачынаецца акурат ля мінскага Цэнтральнага дзіцячага парку імя Горкага, калі ў прадаўца марожанага (у яго ролі зняўся лідар “драздоў” Віталь Карпанаў) аніматар-веласіпедыст у касцюме лася крадзе скрыню прысмакаў. Забег заканчваецца тым, што выкрадальнік не спраўляецца з кіраваннем двухколавым сябрам і звальваецца ў Свіслач. І вось ён ужо на лавачцы на беразе, а пад маскай жывёлы, аказваецца, хаваўся Анатоль Ярмоленка! Здзіўлены Карпанаў пытае яго: “Анатоль Іванавіч, што гэта было?” “Ну, хайпануў трошкі. А што рабіць?” — адказвае народны артыст Беларусі. А ў парку на адкрытай пляцоўцы грае ансамбль “Дрозды” з тым самым Карпанавым і юнай спявачкай Ксеніяй Леўчык. Прыгажосць, ідылія. І песня такая ж светлая — аб вечных чалавечых каштоўнасцях: любові, дабрыні, удзеле, клопаце, увазе. І марозіве.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"