Плакатны лубок як частка эстэтыкі

№ 27 (845) 05.07.2008 - 11.07.2008 г

Першая сусветная вайна прынесла глабальную катастрофу, зрушыўшы межы, сацыяльны і палітычны лад усёй Еўропы. Вялікія страты, глыбокае гора і бяду гэтае кровапралітнае процістаянне абрынула і на Беларусь: у выніку няўдач царскай арміі ў 1915 годзе лінія фронту падзяліла нашу краіну на дзве часткі — усходнюю і заходнюю.

 /i/content/pi/cult/167/1545/Lubok.jpg
Дом-музей І з’езда РСДРП вырашыў паказаць Першую сусветную вайну найбольш пашыранымі на той час агітацыйнымі сродкамі: батальнымі лубкамі і сатырычнымі плакатамі са збору Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі.
Лубок — гэта своеасаблівы твор графікі, што вызначаецца даходлівасцю вобраза, дэкаратыўнасцю і прастатой тэхнікі, яркай размалёўкай і прызначаны для масавага распаўсюджвання. Такія малюнкі заўсёды будуюцца на разуменні плоскасці як двухмернай прасторы, вылучэнні галоўных персанажаў шляхам павелічэння, франтальным размяшчэннем асоб, дэкаратыўным запаўненнем фону. Традыцыя такога мастацтва ідзе з часоў Сярэднявечча: нават у асобных малюнках віленскіх выданняў Францыска Скарыны прасочваюцца лубачныя тэндэнцыі.
Па словах дырэктара музея Сяргея Бяспанскага, у другой палове ХІХ стагоддзя з-за жорсткай цэнзуры лубок быў у заняпадзе, і толькі з пачаткам Імперыялістычнай вайны для ўздыму патрыятызму літаральна ўсе друкарні Расійскай імперыі, у тым ліку і гродзенская, пачалі выдаваць гэтыя творы. Шырокае распаўсюджанне лубка тлумачыцца тагачаснай малапісьменнасцю простага люду і модай інтэлігенцыі на прымітывісцкае мастацтва. Гэтая тэндэнцыя нарадзілася ў супрацьвагу “замшэламу класічнаму акадэмізму”. Сярод мастакоў, якія працавалі ў галіне лубочнага плаката, былі вядомыя жывапісцы і графікі, у тым ліку Казімір Малевіч, Арыстарх Лентулаў, Давід Бурлюк, Уладзімір Маякоўскі і іншыя. Маляваны лубок цалкам укладваецца ў цэласную эстэтычную сістэму, заснаваную на прынцыпах мастацкага прымітыву.
Плакат, выкананы ў традыцыях народнага лубка — маляўнічых каляровых карцінках, якія, часцей за ўсё, суправаджаюцца тэкстамі, — дзякуючы таленту мастакоў, падае трагічны сэнс падзей 1914 — 1918 гадоў.
На выстаўцы прадстаўлены батальныя плакаты, сатырычныя паштоўкі Расіі, прысвечаныя падзеям Першай сусветнай вайны, а менавіта: серыі “Вялікая еўрапейская вайна”, “Карцінкі — вайна рускіх з немцамі” і іншыя. У гэтых работах адлюстраваны не толькі франтавыя подзвігі рускіх салдат, але і баязлівасць ворага, яго недарэчнасць. У некаторых работах распавядаецца пра дзейнасць саюзнікаў па Антанце. У тэматыцы выстаўкі вылучаюцца тры накірункі: інфармацыйныя творы пра поспехі рускай зброі на франтах Першай сусветнай, крытыка ворага з паказам яго злачынстваў, а таксама сатыра. Як адзначае Сяргей Бяспанскі, і сёння сатырычныя плакаты выклікаюць усмешку наведвальнікаў выстаўкі. Нельга не заўважыць, што ў лубачным мастацтве яскрава праяўляецца сімвалізм; каб зразумець некаторыя карціны, трэба добра ведаць гісторыю, каб за мядзведзем убачыць вобраз Расіі, за каўбасой — Германію, а за выявай сасіскі — Аўстрыю. Адлюстраванне самой вайны часам выглядае як змаганне двух арлоў — з адной і дзвюма галовамі. Але ўжо з 1915 года, калі Расія страціла Польшчу, а фронт адкаціўся далёка на ўсход, лубачнае мастацтва зноў прыходзіць у заняпад. І толькі праз некалькі дзесяцігоддзяў, у час Вялікай Айчыннай вайны, гэтыя традыцыі вяртаюцца і рэалізоўваюцца ў плакатах “Раздавім фашысцкую гадзіну!”, працах Кукрыніксаў.Акрамя мастацкіх твораў, на выстаўцы змешчаны і прадметы вайсковай амуніцыі армій-праціўніц, малавядомыя сёння шырокай грамадскасці.
Выстаўка “Рускі батальны лубок і сатырычны плакат часоў Першай сусветнай вайны” працягвае доўгатэрміновы праект “Сімвалы эпохі”. Так, некалькі гадоў таму дэманстравалася калекцыя франтавых фотаздымкаў, а ў бліжэйшы час сумесна з пошукавым батальёнам Міністэрства абароны краіны і замежнымі партнёрамі плануецца стварыць вялікую экспазіцыю, прысвечаную ваенным падзеям пачатку ХХ стагоддзя.