Тайна літары “Ю”

№ 33 (1367) 18.08.2018 - 25.08.2018 г

Магілёўскі драматычны тэатр завяршыў сезон прэм’ерай. У два апошнія ліпеньскія вечары тут прайшоў спектакль з загадкавай назвай “Ю”.

/i/content/pi/cult/705/15449/15.jpgАднайменную п’есу расійскага драматурга Вольгі Мухінай паставіў Міхаіл Лашыцкі, які ўжо амаль год працуе рэжысёрам гэтага тэатра. Спектакль, жанрава азначаны як “экзістэнцыяльная камедыя”, атрымаўся яркім, цікавым. І не толькі з-за выбару матэрыяла, а з прычыны ўдала знойдзенага ключа да яго сцэнічнага прачытання. Бо ў п’есе не адбываецца нічога асаблівага: героі вядуць гутаркі, часам не слухаючы адзін аднаго, п’юць каву-гарбату-віно, п’янеюць ад гарэлкі і кахання, танцуюць. Ідылія раз-пораз парушаецца стрэламі, раненнямі, спробамі самагубства — але быццам “ненасамрэч”, з заўсёдным камікаваннем. А ў фінале хлопцы сыходзяць на вайну. На якую — незразумела. /i/content/pi/cult/705/15449/16.JPGДый не важна. Бо яна — заўсёды побач.

Дарэчы, гэтая п’еса, напісаная ў 1996-м, у Беларусі прадстаўлена не ўпершыню. У 2014-м на Міжнародным тэатральным фестывалі “Белая Вежа” ў Брэсце мы бачылі “Ю” Невялікага драматычнага тэатра з Санкт-Пецярбурга ў пастаноўцы Льва Эрэнбурга. У тым спектаклі, адзначаным дыпломам “За лепшую рэжысуру”, п’еса служыла хіба адпраўным пунктам да далейшых развагаў “пра час і пра нас”: тэкст быў цалкам перапрацаваны, значна скарочаны, дзеянне — насычанае рэальнымі прыкметамі брэжнеўскага застою, чаго ў аўтара не было.

Магілёўская версія — прынцыпова іншая, максімальна набліжаная да драматургічнага арыгіналу. Міхаіл Лашыцкі, выступіўшы рэжысёрам і адначасова мастаком-пастаноўшчыкам, скіроўвае п’есу не ў бок постмадэрнісцкіх інтэрпрэтацый сацыялістычнага рэалізму, а да тэатра абсурду. У п’есе час дзеяння не вызначаны. У спектаклі — падкрэслены дэталі з розных часавых вымярэнняў, на паралелях паміж якімі і будуецца дзеянне. Светлыя строі Севы (Дзмітрый Дудкевіч), Барсукова (Уладзімір Пятровіч) нагадваюць 1930-ыя, адзенне Мікалая (Максім Чарнюк), Ані (Анжаліка Барчан) — сучаснае. Чырвоныя гальштук і падцяжкі Дзмітрыя (Чэслаў Вількін), бліскучы чырвоны плашч экзальтаванай Піраговай (Марыя Рудакова) адсылаюць да 1990-х, а яе ж белыя шкарпэткі — да пасляваеннага часу. Андрэй у сваім класічным строі (Даніла Самкнулаў) успрымаецца “па-за часам”, з відавочнымі алюзіямі на “лішняга чалавека” рускай класікі ХІХ стагоддзя. Выведзены на сцэну і Лётчык Віця з заліхвацкі налепленымі вусамі (Аляксандр Палішчук), які ў п’есе толькі згадваўся.

Такое ж спалучэнне тэхнік і прыёмаў розных часоў назіраецца ў рэжысуры і сцэнаграфіі. Адсутнасць куліс, калі не занятыя ў той ці іншай сцэне артысты не сыходзяць, а знаходзяцца побач, хіба што не на першым плане, уласцівае яшчэ тэатру часоў Шэкспіра. Актыўнае выкарыстанне паваротнага кола, што ўпершыню з’явілася ў ХVIII стагоддзі ў тэатры кабукі, — шматлікім класічным пастаноўкам мінулых дзясяцігоддзяў. Замена мэблевага атачэння некалькімі ўніфікаванымі крэсламі — спектаклям малой формы, тэатральнаму мінімалізму.

Тэкст п’есы захаваны амаль цалкам, агучаны нават рэмаркі. З любоўю падкрэслены чэхаўскія матывы ўсеагульнай закаханасці, ды без узаемнасці. Абапіраецца спектакль і на аўтарскія выявы, змешчаныя ў гэтай, паводле арыгіналу, “п’есе з малюнкамі”. Не, карцінкі з кніжкі не праектуюцца на экран. Але іх асноўная ідэя — супрацьпастаўленне “маленькага чалавека” і прыроднага, грамадскага атачэння — рэалізуецца ў разнастайных дадатках. Так, гукавая палітра спектакля пашырана не толькі інструментальнай музыкай і песнямі (усё — “жыўцом”), але і фрагментамі “радыёперадач” — пра чатыры фізічныя станы рэчыва (чытай: псіхалагічныя станы чалавека) і шэсць прыярытэтных сфер, якія патрабуюць дзяржаўнага фінансавання.

Дададзеныя да п’есы фразы шмат у чым становяцца ідэйнай, сэнсавай квінтэсенцыяй спектакля. Акрэсліваюць згаданы тэматычны стрыжань: чалавек і грамадства, асоба і сусвет. Выклікаюць суцэльную повязь незапланаваных асацыяцый. Праз тыя дадаткі назва “Ю” ўспрымаецца не толькі як англамоўнае “ты, вы” ці працяглы канчатак ад “люблю-ю-ю”, пра што пісалі ў свой час даследчыкі, аналізуючы п’есу. Візуальнае ўвасабленне літары чытаецца ў спектаклі яшчэ і як спалучэнне адзінкі і нуля. Ці палачкі, з дапамогай якой у калгасах ды турмах падлічвалі адпрацаваныя/адседжаныя дні, — і эліптычнай арбіты спадарожніка, які “баразніць касмічныя прасторы”.

На падобныя думкі настройвае і сцэнаграфія: хатні абажур, які звешваецца з каласнікоў, такі вялізны, што нагадвае парашут (на жаль, з ім цягам спектаклю так нічога і не адбываецца — вісіць сабе ды вісіць, бы маўклівы сведка часу). А парашуты, між іншым, былі намаляваныя на тытульным лісце п’есы! Там іх многа і ўсе яны маленечкія, знаходзяцца бы ў броўнаўскім руху — і перагукаюцца з дададзенымі ў спектакль “станамі рэчыва”.

З развіцця “маляваных” ідэй п’есы вынікаюць таксама афіша і дызайн вокладкі праграмкі (мастак па рэкламе — Святлана Піліпенка): вялізная літара складзеная з броўнаўскага руху маленечкіх “ю”, што збіліся ў зграю.

Артысты іграюць з задавальненнем, ствараюць запамінальныя вобразы. Некаторыя акцёры паўстаюць у новых, нечаканых для іх амплуа. Добра выкарыстоўваюцца самі тэмбры галасоў, розныя манеры маўлення, парадзіраванне ўзнёсла-захопленага тону. Даволі малады Аляксей Цыбін удала пераўвасабляецца ў 60-гадовага Сцяпана Іванавіча, канчаткова скараючы сваім сакавітым басам. Пачуццёвае кантральта Алены Крыванос дадае пікантнасці яе ролі Сястры. Адкрыта камедыйныя ноты ўзбагачаюць аблічча Лізаветы Сяргееўны (Яўгенія Белацаркоўская).

Дзве бабулькі, якія ў п’есе выступаюць своеасаблівым працягам шэкспіраўскіх вядзьмарак ці самога лёсу, зліваюцца ў спектаклі ў адну — гэтакую каларытна іранічную цётачку ў ватніку ды гумовых ботах, якая папраўдзе “дырыжыруе” дзеяннем. У тым ліку, у самым прамым сэнсе: кіруе фартэпіянным трыа “Экспромт-класіка”, якое існуе ў складзе тэатра і задзейнічана ў спектаклі (Ала Мурзіна — скрыпка, Надзея Мілаванава — віяланчэль, Людміла Барэйша — сінтэзатар). Тая ж дзіўная Бабулька (Галіна Угначова) чытае змешчаныя ў п’есе рэмаркі. А ў пачатку спектакля ўвогуле прадстаўляе ўсіх персанажаў — што, дарэчы, робіць даволі складаны тэкст п’есы зразумелым нават непадрыхтаванаму гледачу.

Спектакль пабудаваны на рэзкіх кантрастах дынамікі і тэмпарытмаў: цішыня змяняецца стрэламі, імклівае развіццё — прыпынкамі, бег — сядзеннем на крэслах тварамі да гледача. Праўда, пакуль моманты запаволення выглядаюць менш пераканаўча. У некаторых з іх, асабліва ў другой дзеі, так і хочацца хаця б крыху ўнутранага руху, бо любыя паўзы патрабуюць большага майстэрства, чым самыя напружаныя кульмінацыі.

З цягам часу спектакль, безумоўна, “разыграецца”. Артысты будуць яшчэ больш вольна пачуваць сябе ў новых іпастасях, іграць сабе ў задавальненне. Магчыма, некаторыя цяперашнія прасяданні ў развіцці дзеяння знікнуць ці хаця б змікшыруюцца. Ну, а публіка, мяркуючы па аншлагу, спектакль упадабала.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"