Другое жыццё радыёспектакляў

№ 33 (1367) 18.08.2018 - 25.08.2018 г

Радыёспектакль — найвышэйшы пілатаж, сукупнасць усіх навыкаў і лепшых прафесійных якасцяў радыйшчыкаў. На жаль, на мяжы тысячагоддзяў айчынная традыцыя гэтага жанру на Беларускім радыё амаль перарвалася. І ўсё ж, знайшліся тыя, хто не мог дапусціць, каб унікальны досвед нацыянальнай культуры знік. Пасля зацішша на пачатку нулявых радыёспектаклі пачалі ўзнікаць у эфірнай прасторы. І вось ужо канал “Культура” зладзіў конкурс сучаснай п’есы “Беларускі радыётэатр у ХХІ стагоддзі”, які дорыць надзею на вяртанне на былыя пазіцыі ў эфіры адмысловага прадукту вышэйшага гатунку.

/i/content/pi/cult/705/15448/14.jpgЗмяльчэлае мора

У многіх краінах свету само паняцце “радыёспектакль” не выклікае здзіўленага ўзняцця броваў, што стала назіраецца ў айчыннай публікі. Напрыклад, у суседзяў існуе адмысловая рэдакцыя “Тэатр польскага радыё”, дзе стварэнне такіх пастановак пастаўлена на паток. Ці возьмем Вялікабрытанію (глядзіце “К” № 8 за 2018 год): на канале ВВС штодня выходзіць па тры новыя эпізоды пастановак, чый тэматычны дыяпазон досыць шырокі — ад палітычна арыентаваных драм да інсцэніровак класікаў.

У беларускіх рэаліях усе размовы пра пастаноўкі ля мікрафона хутка збочваюць у слыннае мінулае. Ганарыцца сапраўды ёсць чым: літаратурна-мастацкае вяшчанне распачынала свой шлях амаль з першых дзён заснавання Беларускага радыё. Пачыналася ўсё з прамых эфіраў, калі ў студыі акцёры разыгрывалі перад мікрафонам тыя спектаклі, якія ўжо ішлі ў тэатрах. У 1930-х гадах радыйшчыкі перайшлі да адмысловых інсцэніровак нацыянальнай і замежнай літаратуры.

— Такім чынам выкрышталізоўваўся беларускі радыётэатр. Да 1990-х -- пачатку 2000-х мы мелі выдатную школу, — распавядае “К” намеснік дырэктара канала “Культура” Беларускага радыё Уладзімір Трапянок. — Напрыклад, тры дзясяцігоддзі на радыё працавала легенда беларускага эфіру Соф’я Гурыч — рэжысёр, якая зрабіла больш за дзвесце паўнавартасных радыёспектакляў. Сваім досведам з маладымі дзяліўся мэтр мастацкага вяшчання Ігар Лапцінскі. Дарэчы, яго вучнем быў Алег Вінярскі — адзін з тых нямногіх, хто застаўся на радыё і сёння. Аднак дзевяностыя сталіся ліхімі і для радыёэфіру. Змянялася палітыка вяшчання, літаратурна-мастацкія перадачы выцясняліся інфармацыйнымі і перадачамі іншых жанраў кшталту ток-шоу. Напачатку 2000-х у Доме радыё пачалося тэхнічнае пераўзбраенне ў сувязі з пераходам на камп’ютарнае вяшчанне. Тая рэканструкцыя і перарвала традыцыю: легендарны драмблок закрылі на рэканструкцыю.

Пераадольваючы пустэчу

Спадар Трапянок высветліў, што на працягу пяці гадоў у айчынным эфіры не прагучала ніводнай арыгінальнай пастаноўкі. Праўда, ад знікнення мастацкае вяшчанне выратоўвала літаратура: у прамым эфіры ладзіліся кніжныя чытанні. Этап адраджэння беларускага радыётэатра распачаўся ў 2006 годзе: да 20-й гадавіны катастрофы на Чарнобыльскай АЭС быў пастаўлены “Ігнатаў рубеж” па п’есе гомельскага драматурга Васіля Ткачова. З таго часу раз — два на год Беларускае радыё радуе сваіх прыхільнікаў пастаноўкамі ля мікрафона.

— Шаснаццаць гадоў таму быў утвораны канал “Культура”. Дык дзе, як не на спецыялізаванай хвалі працягваць назапашаны нашымі легендарнымі папярэднікамі досвед у справе пастаноўкі радыёспектакляў? — узрушаны спадар Уладзімір. — Так, нам спатрэбілася нямала цярпення, каб даказаць слушнасць нашай прапановы, вырашыць фінансавыя пытанні. Але намаганні таго каштавалі: у сакавіку на нашым канале адбылася прэм’ера дзіцячага радыёспектакля “Падарожжа ў краіну мурашоў”.

Радыёпастаноўку па п’есе Таццяны Мушынскай рабіла цудоўная каманда: рэжысёр Ліка Пташук, гукарэжысёры Валерый Бяляеў і Сяргей Бутоўскі, кампазітар Аляксандр Літвіноўскі, а таксама акцёры сталічных тэатраў Святлана Цімохіна, Таццяна Ражаўская, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Шароў. Спадар Трапянок спадзяецца, што першы ўдалы крок дазволіць каналу “Культура” адрадзіць традыцыю беларускіх радыёпастановак для дзяцей.

Уключыць святло ў эфіры

/i/content/pi/cult/705/15448/13.jpgВясновы поспех з новай сілай акрэсліў знаёмую праблему: для радыёпастановак на блізкія сучаснаму пакаленню тэмы не хапае адмысловай драматургіі. Зняць вастрыню пытання канал “Культура” паспрабаваў конкурсам сучаснай п’есы “Беларускі радыётэатр у ХХІ стагоддзі”, які ладзіў пры падтрымцы Цэнтра беларускай драматургіі , што працуе пры РТБД. Да разгляду прымаліся арыгінальныя творы, нідзе да гэтага не апублікаваныя. У выніку журы атрымала больш за дзясятак п’ес. Праўда, далёка не ўсе з удзельнікаў змаглі адчуць спецыфіку жанру, звязанага з эфірам.

— Радыётэатр — мастацтва акустычнае. Яму ўласцівы тры важныя выяўленчыя сродкі: драматургія тэксту, музыка і шумавое аздабленне, — тлумачыць спадар Уладзімір. — Тут існуюць свае законы пабудовы тэксту: як праз дыялогі перадаць змены, што адбываюцца з героямі, як затрымаць увагу слухача, які прызвычаіўся да сучаснага мільгацення інфармацыі, як пазначыць змену дзеяння. Радыёдраматург мусіць бачыць тое, што ўтворыцца ў выніку. Таму крыху дзіўна было чытаць у конкурсных матэрыялах рэмаркі накшталт “на сцэне запальваецца святло”.

З-за такіх акалічнасцяў журы было вырашана не прысуджаць 2 і 3 месца. Найлепшай жа суддзі назвалі п’есу Ягора Конева “Танец з рапірай”. Гісторыя пра дзяўчыну, якая дасягае мары ўзысці на спартыўны Алімп, будзе пастаўлена да канца года на канале “Культура”, а пасля радыёспектакль папоўніць фонды Беларускага радыё.

— Высокую ацэнку заслужыла таксама п’еса Васіля Ткачова “Мелодыя глінянай скрыпкі”. Расповед пра маладых людзей на вайне не стасаваўся з заяўленымі тэмамі, таму гэтаму твору прысуджаны ўсяго толькі спецыяльны дыплом радыёконкурсу. Аднак мы вырашылі запланаваць яго пастаноўку налета, калі краіна будзе адзначаць 75-годзе вызвалення аб нямецка-фашысцкіх захопнікаў, — зазначыў Уладзімір Трапянок, які з’яўляўся каардынатарам конкурсу.

На думку суразмоўцы, падобныя конкурсы варта праводзіць на пастаяннай аснове. Толькі такім чынам атрымаецца дапамагчы драматургам адчуць спецыфіку радыёвяшчання.

Плынь у новым кірунку

Дзякуючы конкурсу аўдыторыя гарантавана пачуе ў бліжэйшыя гады яшчэ два радыёспектаклі. А хацелася б, каб мы віншавалі радыйшчыкаў з прэм’ерай куды часцей… Разумею, запіс пастаноўкі — справа не толькі тэхнічна складаная, але яшчэ і досыць накладная. У рабоце задзейнічана вялікая каманда, якая складаецца з рэжысёра, рэдактара, гукарэжысёра, акцёраў. Дарэчы, колькасць апошніх для конкурсу дакладна акрэслівалася — не больш за восем чалавек. Каб усё ж упісацца ў фінансавы каштарыс. Дадайце сюды спецыяльна пад праект замоўленую ў кампазітара музыку — і стане зразумелым, чаму аддаецца перавага музычнаму вяшчанню.

Можна, канешне, пайсці лягчэйшым шляхам, каб знізіць выдаткі: скараціць колькасць задзейнічаных асоб, браць музыку з архіва, перайсці на монаспектаклі, у якіх будуць задзейнічаны адно рэжысёр, гукарэжысёр і выканаўца. Але такі падыход тут жа адаб’ецца на якасці і "відовішнасці" пастаноўкі. А галоўнае, шкада ўсіх тых напрацаваных мэтрамі айчыннага мастацкага вяшчання дасягненняў, якія так проста згубіць канчаткова, калі не змяніць сваё стаўленне да гэтага жанру.

Мне падаецца, радыёспектаклі маглі б стаць сапраўды запатрабаванымі, калі б не толькі асядалі ў фондах, але і атрымалі жыццё як самастойны прадукт. Паглядзіце, наколькі ў наш час папулярныя аўдыякнігі — колькасць спампоўванняў вам выдасць любы інтэрнэт-сайт. Гэты фармат адпавядае павевам часу: слухаць можна падчас іншых спраў — велашпацыру, спартыўных трэніровак, працы па доме.

Сярод бацькоў карыстаюцца папулярнасцю вэб-старонкі з алічбаванымі савецкімі плыткамі ды сучаснымі аўдыяэнцыклапедыямі — яны становяцца лепшай заменай бясконцых мультпраглядаў. Дарэчы, у дзіцячых садках ды малодшых класах школы я таксама сутыкаюся з тым, што педагогі ўключаць аўдыягісторыі. Дык чаму беларускім радыёспектаклям не пацясніць тут канкурэнтаў? А ў беларускамоўнай нішы і ўвогуле вольнага месца зашмат.

Да слова, на тых жа расійскіх сайтах у адкрытым доступе багата матэрыялаў Беларускага радыё. Спадар Уладзімір ведае гэтую праблему: “Усё, што праходзіць у эфіры, транслюецца ў інтэрнэце. А праз інтэрнэт зрабіць запіс, каб выкласці на адмысловых сайтах, нескладана”. Для мяне ж гэтая гісторыя — яшчэ адзін факт, які пацвярджае запатрабаванасць беларускіх аўдыёспектакляў.

Трэба ўмець прасоўваць сваё. Плыткі з запісамі, адмысловы сайт з айчынным кантэнтам, больш інфармацыі пра тыя спектаклі, што ўжо выйшлі на Першым нацыянальным канале (ПНК) і канале “Культура”, — крокі ў гэтым напрамку зробяць айчынныя радыёпастаноўкі пазнавальнымі. Бо, паклаўшы руку на сэрца, ці многа хто са звычайнай аўдыторыі ведае пра мастацкія дасягненні радыёэфіру? І гэта пры тым, што радыёсігналы ПНК і “Культуры” амаль стопрацэнтова ахоплівае краіну. Пры розгаласе прасцей будзе наладзіць дзяржаўна-прыватнае партнёрства — і тады запіс можна ладзіць пры фінансавай падтрымцы мецэнатаў. Праўда, гэтае маё пытанне ўжо не да Беларускага радыё, бо яно не мае права займацца стварэннем камерцыйнага прадукту — адно гуказапісам у сваіх студыях.

Пакуль жа арыгінальныя радыёспектаклі толькі пачынаюць намацваць сваё месца ў сучасным радыёэфіры. 1 — 2 пастаноўкі на год у сучасных умовах таксама шчасце, бо нават маленькія крокі робяць вялікую справу ў захоўванні назапашанай спадчыны. А там глядзі — пры спрыяльных умовах, добрай піяр-кампаніі ды талковым менеджменце канал “Культура” зможа адкрыць у сябе самавітую пляцоўку нацыянальнага радыётэатра.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"