Толькі адрэстаўраваць — замала

№ 33 (1367) 18.08.2018 - 25.08.2018 г

Гэтую велічную старадаўнюю камяніцу ў цэнтры Слоніма старажылы памятаюць пад кодавым найменнем “Рогі і капыты”. Так называлася размешчаная ў яе прыбудове мясная крама. Побач былі галантарэя, “Дываны”, “Малочны бар”, склад мэблі. Магчыма, гэта не самае дыхтоўнае прымяненне для ўнікальнага помніка культавага дойлідства — Вялікай альбо Галоўнай сінагогі. Тым не меней, як паказаў час — лепей, чым нічога. Пасля таго, як камяніца спусцела ды перастала выкарыстоўвацца, яе стан пачаў імкліва пагаршацца. Толькі ў лютым гэтага года яна займела ўласны праект зон аховы. І гэта пры тым, што такі праект мусіць рэгуляваць штодзённае жыццё не толькі самаго помніка, але і ўсіх навакольных тэрыторый, дзе несупынна віруе рух. Распрацоўка зон аховы амаль супала па часе з другой, не менш значнай падзеяй у жыцці старой бажніцы. На пасяджэнні Брытанскага парламента быў заслуханы і ўхвалены праект “Гістарычныя сінагогі Еўропы”. У выніку інвентарызацыі больш чым трох тысяч аб’ектаў з 48 краін, арганізаванай брытанскім Foundation for Jewish Heritage, слонімская сінагога трапіла на чацвёртае месца ў спісе найбольш каштоўных іўдзейскіх бажніц Еўропы! Праўда, яе стан эксперты ацанілі як D — “вельмі дрэнны”. Наступная катэгорыя — толькі E: страчаны беззваротна.

/i/content/pi/cult/705/15445/8.JPGЯўрэйскае барока

У “кароткі спіс” праекта “Гістарычныя сінагогі Еўропы” патрапіла 19 бажніц, адабраных Яўрэйскім універсітэтам у Іерусаліме па запыце брытанскага фонду. Што характэрна, слонімская біма змешчаная нават на загалоўнай старонцы сайта гэтай ініцыятывы!

Галоўная сінагога Слоніма была пабудаваная ў 1642 годзе з дазволу Уладзіслава IV Вазы на месцы згарэлай драўлянай. Сваім абліччам яна больш падобная на хрысціянскія баракальныя храмы.

— Як сцвярджаюць адмыслоўцы, гэта ледзь не адзіны будынак сінагогі ў стылі барока на тэрыторыі сучаснай Беларусі. І ўнікальнасць яго ў тым, што тут барока менавіта ранняе, — расказвае старшыня дабрачыннай арганізацыі “Дыялог” Артур Ліўшыц. — У нашу каманду ўваходзіць вядомы брытанскі архітэктар Цзыўай Со — аўтар нашумелага праекта беларускай грэка-каталіцкай царквы ў Лондане. Ён лічыць, што сінагога была адным з першынцаў стылю барока на Беларусі і яшчэ не зазнала ўплыву /i/content/pi/cult/705/15445/9.JPGмясцовых архітэктурных школ.

У той самы час дырэктар Цэнтру даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі акадэмік Аляксандр Лакотка сцвярджае, што ў архітэктуры былой Галоўнай сінагогі Слоніма яўна прачытваюцца рысы Гродзенскай школы барока. На яго думку, тут можна заўважыць шмат падабенстваў з брыгіцкім і францысканскім кляштарамі ў Гродне і асабліва — з францысканскім касцёлам у Гальшанах.

Сінагога багата аздобленая ўнутраным жывапісам — унікальныя фрэскі дагэтуль пакрываюць сцены. На жаль, частка іх ужо згублена незваротна. На шчасце, яшчэ на пачатку 1990-х гадоў роспіс быў зафіксаваны рэстаўратарамі з творчай майстэрні “Басталія”. Трохі пазней быў наноў перакрыты дах, што замарудзіла працэс руйнавання. Але патрапіўшы ўнутр, няўзброеным вокам бачыш, што ідзе ён усё адно несупынна.

Склад пад скляпеннямі

У канцы ХІХ стагоддзя з 15 863 жыхароў Слоніма 11 515 было яўрэямі. У горадзе была 21 сінагога, некалькі дзясяткаў хедараў — пачатковых яўрэйскіх школ, і чатыры ешыботы — вышэйшыя рэлігійныя навучальныя ўстановы. Большасць са ста пяцідзесяці крам у горадзе належылі яўрэям. Адзін час нават выдавалася газета на ідыш “Ды Слонімер Ворт” — “Слонімскае слова”.

— Але пасля навалы Другой сусветнай вайны яўрэйская супольнасць ужо не здолела адрадзіцца, — тлумачыць дырэктарка раённага краязнаўчага музея імя Іосіфа Стаброўскага Алена Сухарукава. — Слонімская яўрэйская грамада цяпер ёсць у Ізраілі, але яе няма ў самім Слоніме!

У савецкі час сякое-такое выкарыстанне для сінагогі знайшлося: пад барочнымі скляпеннямі зрабілі склад мэблі. Да ўсяго, будынак аброс крамкамі, папулярнымі сярод месцічаў.

— У 1987 годзе там яшчэ была крама “Дываны”, дзе я закуплялася для сваёй новай кватэры, — згадвае Алена Сухарукава. — У іншых прыбудовах быў “Малочны бар” — вельмі яго любілі нашы дзеці. А ў суседнім закуточку — ужо бар для дарослых. Таксама вельмі добры. Да пачатку 1990-х усё працавала.

— Сінагога сёння ніяк не выкарыстоўваецца. Натуральна, без пастаяннага дагляду будынак прыходзіць у заняпад, — распавядае намесніца старшыні Слонімскага райвыканкама Кацярына Руткоўская. — Але ж у будынку не было перабудовы і перапланіровак, у даволі добрым стане захаваліся фрэскі. І ў гэтым — унікальнасць помніка! Да таго ж, бажніца для нас уяўляе вялікую каштоўнасць яшчэ і з гістарычнага пункту гледжання — гэта памяць пра зніклую гісторыю нашага горада. Аднак трэба не проста адрэстаўраваць будынак, але і напоўніць яго новым жыццём. Толькі так ён здолее захавацца.

Большасць — за музей

Як расказвае Артур Ліўшыц, захады па аднаўленні Слонімскай сінагогі пачаліся яшчэ нават да ўключэння яе ў міжнародны праект — пасля таго, як у “Дыялог” звярнулася сям’я Каплінскіх з Вялікабрытаніі, продкі якіх паходзяць са Слоніма. Аднак праект па аднаўленні сінагогі — вялікі, доўгатэрміновы і, што самае праблемнае, вельмі дарагі. Пакуль зроблены толькі першыя крокі ў гэтым кірунку.

— Ужо праведзена тэхнічнае абследаванне камяніцы і сабрана палова неабходных сродкаў на правядзенне работ па кансервацыі будынку, — распавядае Артур Ліўшыц.

Знаходжанне ў шорт-лісце сінагог Еўропы — не проста пачэсны статус. Гэта яшчэ і шанец атрымаць фінансаванне на рэстаўрацыю. Ужо распачаты міжнародны праект па зборы сродкаў, якім займаецца брытанская асацыяцыя The Together Plan.

Артур Ліўшыц пагаджаецца з Кацярынай Руткоўскай: проста адрэстаўраваць — мала. Трэба, каб камяніца жыла!

Што будзе размешчана ў ёй пасля аднаўлення — пакуль яшчэ пытанне. Але накіды ўжо ёсць. Бадай усе пагаджаюцца з тым, што ў першую чаргу гэта павінен быць музей.

— Літаральна пару тыдняў таму мы мелі чарговую працоўную сустрэчу, падчас якой абмяркоўвалі планы па развіцці сінагагальнага комплексу, — расказвае спадарыня Руткоўская. — І сышліся на меркаванні, што гэта не павінна быць, уласна, сінагога, хаця прадугледжаны і памяшканні для правядзення набажэнстваў. Бо зразумела, што нават калі ў будучыні і адрадзіцца ў Слоніме свая яўрэйская грамада, яна наўрад ці здолее ўтрымліваць такі вялікі будынак. Таму трэба ствараць музей, які стане прывабным турыстычным аб’ектам.

— Фактычна, у нас няма музея гісторыі яўрэяў, няма музея, які паказаў бы трагедыю Халакосту, — дадае Артур Ліўшыц. — І гэта ў краіне, на тэрыторыі якой падчас Другой сусветнай вайны была знішчана фактычна адна шостая частка ўсіх забітых яўрэяў Еўропы! Мяркую, гэтая тэма — і гісторыя нашага народа, і гісторыя яго трагедыі, — вартая ўласнага музея.

Іншая справа, чым яго напоўніць. Звычайна арггрупа па стварэнні новага музея працуе не адзін год — пішацца навуковая канцэпцыя, распрацоўваецца архітэктурна-мастацкае рашэнне будучай экспазіцыі і, самае галоўнае, ідзе збор экспанатаў.

На жаль, разлічваць на фонды слонімскага краязнаўчага музея тут не выпадае — у яго зборы не так і шмат прадметаў па тэме. Больш за тое, як растлумачыла галоўная захавальніца музея Наталля Рудкевіч, амаль усе яны — фрагменты Торы, традыцыйнае рытуальнае адзенне яўрэяў — кіпа, тфілін і талес, срэбная мезуза, якая мацавалася на ўваходных дзвярах у яўрэйскі дом, кавалак калючага дроту са слонімскага гета, — ужо выстаўленыя ў экспазіцыі.

— Тора, якую мы дэманструем на выставе рэдкай іконы і кнігі, была знойдзена ў нашай сінагозе і падараваная музею. Гэта амаль дэтэктыўная гісторыя: прыйшла жанчына і сказала, што нейкія людзі прасілі перадаць. Вось так гэты фрагмент Торы перадаваўся з рук у рукі і, нарэшце, патрапіў да нас, — расказвае спадарыня Рудкевіч. — Ёсць вельмі цікавыя фотаздымкі — яшчэ са збораў самаго Іосіфа Стаброўскага. Але, на жаль, у нас у фондах недастаткова музейных прадметаў для пабудовы паўнавартаснай экспазіцыі па гісторыі яўрэйскага Слоніму.

— Зрэшты, пакуль гэта ўсё — толькі на стадыі абмеркавання: працоўная група па арганізацыі музея нават яшчэ не створаная, — дадае дырэктарка музея Алена Сухарукава. — Нават дакладна невядома, у якой форме ён будзе арганізаваны і ці будзе гэта самастойны музей або філіял нашага.

Адным з самых важных у развагах пра перспектывы музеефікацыі слонімскай сінагогі з’яўляецца пытанне, хто стане яе галоўным наведвальнікам. Спадар Ліўшыц лічыць, што гэты музей павінен быць цікавым і яўрэям, і беларусам, сведчачы пра іх шматгадовую супольную гісторыю. Да таго ж, нашчадкі колішніх тутэйшых літвакоў — як называюцца яўрэі з гэтых мясцінаў — усё часцей наведваюць радзіму сваіх продкаў.

Са спадаром Ліўшыцам пагаджаецца і начальнік аддзела культуры Галіна Данільчык. Яна распавяла, што паколькі тэма сінагогі ўвесь час актуальная ў Слоніме, не так даўно сярод яго жыхароў было праведзена сацыялагічнае апытанне.

— Мы хацелі даведацца, якую будучыню для былой сінагогі хацелі б бачыць мясцовыя жыхары. І часцей за ўсё чулі ў адказ — “музей”! — распавядае спадарыня Данільчык.

Без сумневу, музей значна павялічыць і турыстычны патэнцыял Слоніма. Тым болей, для мясцовых уладаў гэтая праблема актуальная.

Не сакрэт, шмат хто з турыстаў наведвае Жыровіцкі манастыр, але нават не заязджае ў суседні Слонім. Спадзяемся, калі сінагога будзе адрэстаўраваная, колькасць турыстаў вырасце нават не ў разы, а ў дзясяткі разоў, — дзеліцца планамі намеснік старшыны райвыканкама. — І гэта пацягне развіццё суправаджальнай інфраструктуры — гатэляў, сістэмы харчавання. Нас у нашых спадзяваннях падтрымліваюць эксперты — і беларускія, і замежныя.

Зрэшты, казаць пра перспектывы пакуль варта з пэўнай асцярожнасцю. Сродкаў на рэстаўрацыю — а гэта сума, як мінімум, сямізначная — на сёння няма. Тым не меней, Артур Ліўшыц поўны аптымізму:

— У нас вельмі моцная каманда — архітэктары, будаўнікі, фандрайзеры, піяршчыкі. Ім ужо даводзілася працаваць на самых розных праектах, у тым ліку і даволі буйных — ад Нью-Ёрку і Лондану да маскоўскага Крамля. Да канца восені плануем завяршыць вонкавыя работы — узімку тады можна было б камфортна праводзіць і ўнутраныя. Да рэстаўрацыі мы спадзяемся прыцягнуць сур’ёзных спецыялістаў з-за мяжы, якія спецыялізуюцца, напрыклад, на захаванні фрэсак. Справа ў тым, што ў Беларусі такіх адмыслоўцаў вельмі мала. Таму наш праект — гэта яшчэ і магчымасць абмену досведам, калі сюды будуць прыязджаць, скажам, англійскія рэстаўратары, а нашы — ездзіць у Брытанію для павышэння кваліфікацыі.

На наступны год запланавана і правядзенне валанцёрскіх летнікаў. Мяркуецца, што ў іх возьме ўдзел не толькі моладзь з яўрэйскіх арганізацый, але і беларусы са Слоніма.

А на пытанне, за які ж прыблізна час ёсць надзея аднавіць сігагогу ў яе колішняй велічы, спадар Ліўшыц адказвае:

— Мяркую, агулам усё зойме чатыры — пяць гадоў. Але гэта пры тым, што не будзе праблем з фінансаваннем.

Дарэчы

Як ні дзіўна, суседні будынак з Галоўнай сінагогай Слоніма — Малая слонімская сінагога — захаваўся ў лепшым стане. Відавочна, гэта здарылася таму што ён не быў закінуты. Камяніца ўваходзіць у ахоўную зону Вялікай сінагогі, аднак статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці не мае. Як адзначыў аўтар праекта зон аховы Зміцер Савельеў, напэўна, у свой час не было жадання ўключаць яе ў Дзяржспіс. Хаця адметнасць — відавочная.

— Заходзіш у мэблевую краму, а там пасярэдзіне біма, — месца на ўзвышэнні ў цэнтры сінагогі для чытання Торы, — падзяліўся сваімі ўражаннямі архітэктар-рэстаўратар.

Магчыма, пры рэстаўрацыі Вялікай сінагогі варта было б звярнуць увагу і на Малую — відавочна, яны ўтвараюць калі не архітэктурны, дык гісторыка-культурны ансамбль. Тым больш, што гаворка ідзе пра рэнавацыю ўсёй прылеглай тэрыторыі і стварэння там цэнтру культурнага жыцця цяперашняга Слоніма.