Стымул для “гаспадара музея”

№ 33 (1367) 18.08.2018 - 25.08.2018 г

Каб не заспаць да паўдня, на выхадных заўсёды стараюся кудысьці выбрацца. Гэтым разам і нагода здарылася. У “коласаўскай” Альбуці ўпершыню прайшоў свой фэст — Мядовы Спас. Вуллі ля леснічоўкі месцяцца па-ранейшаму, як і ў тыя часы, калі класік іх натхнёна апісваў у “Новай зямлі”.

/i/content/pi/cult/705/15444/_opt.jpegГэты музейны аб’ект на Стаўбцоўшчыне ўражвае ўжо сам па сабе. Сапраўдны засценак, размешчаны пасярод сапраўднага леса. Так, самі пабудовы ў свой час былі адноўленыя з нуля. Але гэта рэдкі выпадак, калі “навадзельнасць” зусім не адчуваецца.

Таму турфірмам варта прыслухацца да прапановы дырэктаркі Коласаўскага музея Зінаіды Камароўскай ды “заварочваць” на Альбуць некаторыя з тых аўтобусаў, што кіруюцца ў Нясвіж. Балазе, і тэматычная звязка аб’ектаў выбудоўваецца: вось так жылі магнаты, а так — іх шараговыя “падданыя”.

Сам фэст атрымаўся па-сапраўднаму народным: камерным, шчырым і зухаватым. Гэтая натуральнасць неяк апраўдвала і пярэстасць рэпертуару: фальклор суседнічаў з рускай эстрадай і нават ламбадай. Але думаю, што і ў часы коласавага юнацтва на фэстах гучала рознае.

Трое гасцей свята вылучаліся нават сваім знешнім выглядам. Тым не менш, выхадцы з Непалу і Чаду вокамгненна ўключыліся ў фэставую кругаверць і не толькі танчылі польку нароўні з астатнімі, але, здаецца, нават выйгралі нейкі прыз. Таму напярэдадні Еўрапейскіх гульняў самы час падумаць пра адмысловыя маршруты для тых турыстаў, якім карціць пазнаёміцца ў гэтай краіне не толькі з меню бліжэйшых да стадыёна бараў. Альбуць для такіх маршрутаў падыходзіць на ўсе сто. Ды і яшчэ знойдзецца з дзясятак такіх мясцінаў, дзе дух аўтэнтыкі не толькі захоўваюць, але і шчодра дзеляцца ім з усімі ахвотнымі.

На сённяшні дзень лясны засценак выглядае нядрэнна: чаротавыя дахі не працякаюць, трава дбайна выкашаная. А экскурсіі, дарэчы, вельмі цікавыя. Але за прывабным для турыстаў фасадам тоіцца нямала праблем — звыклых для падобных “лясных” музеяў.

У свой час усе чатыры “коласаўскія” аб’екты на Стаўбцоўшыне былі аб’яднаныя ў адзіны філіял. Здавалася б, нічога кепскага ў такой цэнтралізацыі няма. Але праблема ўзнікае са штатным раскладам: дэ-факта філіялаў чатыры, а дэ-юрэ ён толькі адзін. Хаця працы тут проста безліч. Ды і ёсць свая спецыфіка, пра якую і не здагадваюцца “гарадскія” музейшчыкі.

— Маладую дзяўчыну я сюды працаваць не пушчу! — безапеляцыйна кажа спадарыня Зінаіда. — Тут і дзікі па лесе сноўдаюць, і здзічэлыя сабакі трапляюцца.

На яе думку, лепей за ўсё, калі такі аб’ект даглядае гаспадарлівая сям’я. Балазе, і ўмовы для гэтага прадугледжаныя: музей валодае і звычайнай хатай (ад турыстаў яна схаваная) для жыцця персаналу. Але дзе ж ты возьмеш тую сям’ю — пры цяперашніх музейных заробках?

Умудроныя жыццём дырэктары ўсімі спосабамі зацягваюць на пасады загадчыкаў такіх філіялаў людзей ініцыятыўных і рукастых — хай і без профільнай адукацыі. Не чыноўнікаў, а сапраўдных гаспадароў. І справа робіцца. Але энтузіязм — гэта той рэсурс, вычарпальнасць якога нават не варта выпрабоўваць. Гаспадарскую жылку добра было б неяк матываваць.

На маю думку, выйсце з сітуацыі можа быць наступным. А што калі паспрабаваць уключыць падобнага кшталту філіялы ў пералік суб’ектаў, якім дазволена займацца агратурызмам? Пакінуць абавязковы спектр музейных паслуг з адпаведным бюджэтным фінансаваннем — і развязаць тым, хто там працуе, рукі ў плане паслуг дадатковых. Хочаш — зрабі для школьнай экскурсіі салодкі стол з духмянымі пірагамі. Дзятва будзе радая ды ў ахвоту заплоціць табе якую капейчыну. Хочаш — прапануй вусатым дзецям паказаць, дзе дзядзька Антось ляшчоў лавіў: можа, там яшчэ засталіся? І не трэба рупіцца пра тое, каб кожны “чых” афармляць юрыдычна. Галоўнае, каб дадатковыя паслугі радыкальна не выпадалі з канцэпцыі музея.

Акурат пры мне ў Альбуці абмяркоўвалася новая задума. Чаму б не пабудаваць ля Нёману прыгожую альтанку, каб маладыя пасля вяселля маглі завітваць туды на фотасесію? Але адразу ўзнікаюць практычныя пытанні. Хто ўкладзе грошы ў будаўніцтва? Хто будзе абслугоўваць? Як гэта ўсё аформіць?

Прарыўны Указ аб агратурызме засведчыў: гаспадароў у нашым краі процьма, і калі даць ім волю, усе рабочыя пытанні вырашаюцца досыць хутка.