Сельская культура вакол фестывальнай сталiцы

№ 27 (845) 05.07.2008 - 11.07.2008 г

У Віцебскім раёне ўсе асноўныя ўстановы культуры знаходзяцца на сяле, а не ў самім Віцебску. Такая сітуацыя, на думку старшыні райвыканкама Івана Вазміцеля і начальніка аддзела культуры Марыны Здольнікавай, — асноўная асаблівасць рэгіёна. У гэтым — свой досвед, нават сваё ноў-хаў па арганізацыі працы. Чым бліжэй да вяскоўцаў, лічаць у райвыканкаме, тым вышэйшая эфектыўнасць і практычнага культуразнаўства. Дзяржаўную палітыку развіцця сяла ўкараняць у жыццё нашмат прасцей праз развітыя і ўладкаваныя аграгарадкі, асабліва калі гаворка ідзе пра такі спецыфічны раён, як Віцебскі. І культасветработнікам у іх аддаецца прыярытэт па ўсіх напрамках — у духоўнай сферы, у праграмах па захаванні гістарычных і архітэктурных каштоўнасцей, прапагандзе здаровага ладу жыцця, зберажэнні фальклору і традыцыйных рамёстваў. Урэшце, выбар раёна для камандзіроўкі не выпадковы і таму, што прыпала яна на пярэдадзень ХVІІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску-2008”.

Прафесіяналы могуць усё
— Каб стварыць спрыяльныя ўмовы для развіцця культуры на сяле,— упэўнена Марына ЗДОЛЬНІКАВА, — трэба найперш павышаць прафесійны ўзровень кадраў. Таму большасць нашых культасветнікаў маюць вышэйшую адукацыю.
У Віцебскім раёне 89 устаноў культуры, у тым ліку 33 клубныя, 48 бібліятэк, 6 ДШМ, Цэнтр рамёстваў, гісторыка-краязнаўчы музей. Хутка чарговы “Славянскі базар у Віцебску”, і артысты ды народныя майстры Віцебскага раёна таксама прымуць у ім самы чынны ўдзел. “Прынамсі, спяваць на сваіх жа пляцоўках — дужа адказна”, — кажа Марына Анатольеўна.— На тэрыторыі раёна знаходзіцца мноства помнікаў Вялікай Айчыннай вайны, якія мы добраўпарадкавалі, — працягвае расповед начальнік аддзела культуры, і гэтыя яе словы не выпадковыя ў пярэдадзень 3 ліпеня, калі адбывалася наша гутарка. — Сумесна з райвыканкамам і Саветам ветэранаў культасветработнікі арганізуюць сустрэчы з франтавікамі, прычым не толькі мясцовымі жыхарамі. Каардынуе работу мясцовы гісторыка-краязнаўчы музей, у якім, дарэчы, больш за 10 тысяч экспанатаў.
Наогул, установа добра абсталявана: для аблягчэння працы набылі сюды камп’ютэр, прынтэр, ксеракс, сканер. Ёсць і найновая праграма “Аўтаматызаваная сістэма “Музей-4”.
 /i/content/pi/cult/167/1544/Kult1.jpg

Дырэктар РЦР Іна Сініца.

На Купалле нарадзіўся Марк Шагал. А ў школах мастацтваў раёнаў вось-вось з’явіцца новы фотаальбом, зроблены фатографам і журналістам Уладзімірам Базанам і мастаком-дызайнерам Аляксандрам Вышкам.
Спектр самадзейнай мастацкай творчасці ў Віцебскім раёне — надзвычай шырокі: ансамблі народнай песні “Раніца”, “Весялуха”, народны хор Вымнянскага СДК, эстрадныя гурты “Мара” і “Альянс”, гурт “Тэатр”, народны ансамбль народнай песні і музыкі “Вераснянка” Мазалоўскага СДК задзейнічаны заўжды на гастролях па раёне. Вядома, без іх удзелу не абышліся і Рэспубліканская акцыя “Спартсмены — дзецям” з удзелам дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, і Фестываль здаровага ладу жыцця, і яшчэ адна акцыя — “Стань больш заўважным!”. Шмат якія калектывы раёна ўдзельнічалі ў міжнародных і рэспубліканскіх конкурсах ды фестывалях. Напрыклад, на Міжнародным конкурсе“На сваёй зямлі” дыпломамі ўзнагароджаны Кацярына Максак, Таццяна Максак і Алена Лебедзева — навучэнкі класа выяўленчага мастацтва Старасельскай ДШМ. А з Рэспубліканскага фестывалю сямейнай творчасці “Жывіце ў радасці!”, які адбыўся ў Слоніме, дыпламантам прыехаў сямейны калектыў Логінавых з вёскі Задуброўе.Ганарацца тут і тым, што кіраўніку гуртка мастацкай апрацоўкі скуры “Эксклюзіў” Ігару Яўсціхаву прысвоена ганаровае званне “Народны майстар Беларусі”. Дарэчы, менавіта ён прадстаўляў раён летась на выстаўцы ў Венесуэле.
— Віцебскі раён — даволі вялікая прастора вакол старажытнага абласнога цэнтра. Як справа з наведваннем аддаленых вёсак?
— На нашай тэрыторыі — 252 вёскі. Як жа тут не ездзіць! Пастаяннымі сталі канцэрты на палях, мехдварах, фермах. Наладжваем і святы вёсак. Найбольшая радасць для нашых артыстаў і майстроў — наведаць хутарскую правінцыю, бо тут паядноўваюцца розныя жанры творчасці, ідзе збор фальклору, стасункі з людзьмі. Наогул, асаблівасць нашага раёна, на чым грунтуецца і падмурак працы аддзела культуры, — сямейныя дынастыі: Шыдлоўскія з Сушчоўскага СДК, Вашчанкі з Воранаўскага СДК, Машэра з Заронаўскага СДК, Лапіны з Васількоўскага СКБ, Хачапурыдзэ з Альгоўскага СДК і Віцебскага РДК і Каральковы з Тулаўскага СДК. Іх творчасць у самых розных жанрах — апафеоз прафесіяналізму.
— А маладыя спецыялісты не падводзяць?
— Прыбылі 10 чалавек. Цікавыя людзі. Кожнаму патрэбна падтрымка і асаблівы падыход.
— Акрэсліце, калі ласка, фінансавы падмурак культуры ў раёне.
— Выдаткі на ўтрыманне галіны ў нашым раёне складаюць 11,2% працэнта ад бюджэту рэгіёна. Гэта добры паказчык, нават па рэспубліцы. Асвоена больш за 3,5 мільярда рублёў. Планы платных паслуг апошнія два гады перавыконваюцца. А летась іх аказана больш чым на 143 мільёны рублёў.
Дырэктары гаспадарак — не чужыя і ў сферы культуры
Пра асаблівасці культасветработы з пункта гледжання раённых улад гутарым са старшынёй Віцебскага райвыканкама Іванам ВАЗМІЦЕЛЕМ.
— Іван Канстанцінавіч, ваш погляд на культуру раёна як старшыні райвыканкама.
— Хачу азірнуцца на 10 гадоў назад, калі толькі пачынаў працу на гэтай пасадзе.Я тады здзіўляўся мужнасці работнікаў культуры, якія змаглі за мізэрны заробак захаваць патэнцыял, кадры, установы і калектывы. Змаглі захаваць саму культуру! А жыве культура — падымецца і эканоміка, і сельскі чалавек.
— Наступнае пытанне ўжо датычыцца менавіта сённяшняга дня: ці атрымліваюць маладыя спецыялісты прэзідэнцкія домікі?
 /i/content/pi/cult/167/1544/Kult2.jpg
Ансамбль “Навічаначка”.

— Добрае пытанне. Трымаю сітуацыю на кантролі. Павінна ўсё быць аб’ектыўна: найперш трэба даваць іх сямейным людзям, якіх мы ставім на ўлік. Трэба мець на ўвазе і такую акалічнасць: жыллё патрабуе эфектыўнага распараджэння. Калі нехта з членаў сям’і працуе ў гаспадарцы — няма ніякіх праблем. І такіх сем’яў, паверце, нямала.
— Як становішча з установамі культуры ў аграгарадках?
— Дарэчы, менавіта там пераважна яны і канцэнтруюцца... Дапамагае Дзяржаўная праграма адраджэння і развіцця сяла, абласныя сродкі. Я заўжды патрабую ад аддзела культуры ўсе звесткі пра патрэбы ў сферы культуры. Што робім? Аднаўляем клубы, капітальныя рамонты вядуцца няспынна. Ужо зрабілі Ноўку, Янавічы, Бабінічы, на чарзе — Вароны. Напрыклад, трэба рабіць еўрапейскую аддзелку, сучасныя чарапічныя дахі, шклопакеты ставім на вокны і дзверы. Згодна з праграмай энергазберажэння, наладжваем устаноўку лічыльнікаў цэнтральнага ацяплення, іншай неабходнай апаратуры.
Адзначу, што дапамагаюць дырэктары гаспадарак. Так, у Копцях (дырэктар — Сяргей Шалуха) на базе ДК адкрыта тэатральная пляцоўка.
Гаспадарка заключыла дамову з тэатрам “Лялька” і Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатрам імя Якуба Коласа і склікае жыхароў з усяго наваколля паглядзець спектаклі бясплатна. Паслугі кінавідэапракату таксама аплачваюцца гаспадаркай. У “Альгоўскім” (дырэктар — Дэміко Надзірашвілі) выдзелена памяшканне пад бібліятэку, ДШМ і ДК.
Іншыя дырэктары гаспадарак, таксама па ўласнай ініцыятыве, гатовы дапамагчы культасветработнікам.Асаблівасць раёна, паўтару, у тым, што ён атачае Віцебск. У выніку паміж вёскамі ёсць і 70 — 80 кіламетраў. Таму выдзелілі “Газель” для падвозу будаўнічых матэрыялаў туды, дзе ідуць рамонты. Больш за 100 мільёнаў рублёў выдаткавана на набыццё апаратуры, і не абы-якой, а каб з ёй можна было працаваць і на вулічных мерапрыемствах...
Я — кіраўнік жорсткі, але ніколі не забываюся на тое, што сфера культуры спрыяе вырашэнню і гаспадарчых, і сацыяльных, нават, калі хочаце, палітычных пытанняў. На адным з культурных мерапрыемстваў, да прыкладу, сустрэліся два губернатары: віцебскі і смаленскі. Культура ў чарговы раз дапамагала ў наладжванні міжнародных палітыка-эканамічных стасункаў..
.
Зарабляюць!
Па словах дырэктара ЦБС Галіны Нісневіч, кніжны фонд у раёне — 440 тысяч асобнікаў. А чытачоў — 25 тысяч на 47 філіялаў сельскіх бібліятэк. Сёлетні план платных паслуг вялікі: 14 мільёнаў, аднак ЦБС перавыконвае яго. Пры бібліятэках функцыянуе 40 клубаў, 20 з якіх — дзіцячыя.
— Што ў планах? Новы бібліобус, які хутка паедзе па раёне, — рэзюмуе Галіна Дзмітрыеўна.
Не забываюцца тут і на ветэранаў. Ала Яськіна прапрацавала ў Яромінскай сельскай бібліятэцы 30 гадоў, і цяпер яна для работнікаў сістэмы — настаўнік, прычым вельмі актыўны. І цяпер дапамагае ЦБС былы яе кіраўнік Святлана Піліпенка.Так што пераемнасць пакаленняў відавочная, мо таму і бібліятэкі так запатрабаваны.Ёсць у культуры і мецэнаты-спонсары. Зусім нядаўна кніжнай скарбніцы ў Рудакова дапамог Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, набыўшы выданняў на 4 мільёны. І дырэктар тамтэйшай гаспадаркі Міхаіл Крывенчук дапамагае. Галіна Нісневіч кажа, што гэта ўжо традыцыя такая: людзі імкнуцца да ведаў, хочуць больш даведацца пра свой край: “Я заўважыла, што цяпер запатрабаваны новыя энцыклапедычныя выданні, новы гарадскі раман. Ды і колькасць выпісваемай перыёдыкі значна павялічваем”.
Шанс ад “Шансу на поспех”
— Выпускаем “метадычкі”, пішам сцэнарыі, абагульняем досвед.
Правялі конкурс культарганізатараў. Цікава было сабраць усіх разам, паглядзець, што новага ёсць на месцах, — распавядае аб дзейнасці Віцебскага раённага метадычнага цэнтра яго дырэктар Алена Ягоранка. — Правялі конкурс майстэрства “Гульні з бабулінага куфэрка”, у якім — 12 клубных устаноў, што дэманстравалі, вядома ж, гульнёвыя праграмы.
— Мяркуючы па вашых словах, шанс на поспех ёсць ва ўсіх.
— Так, і, дарэчы, “Шанс на поспех” — традыцыйнае свята дзяцінства, якое праводзіцца ў нашым раёне. Сёлета мы ладзілі яго сумесна з аддзелам адукацыі райвыканкама.
Праграма была вельмі шырокая — чытанні па прафілактыцы СНІДу, злачыннасці. Выдатна прайшоў фестываль “Грай, гармонік!” у аграгарадку “Бабінічы”. З усяго раёна сюды з’ехаліся музыкі, каб пасля лепшы калектыў выправіўся на абласны конкурс. У тры этапы адбываўся конкурс сярод шматдзетных сем’яў.
А яшчэ Арцём Ісачэнка паспяхова прыняў удзел у Рэспубліканскім усежанравым конкурсе “Зіма-2008”, які адбыўся ў Мінску. У Міжнародны дзень танца было ў нас таксама свята “Бусляняткі”, у якім удзельнічалі харэаграфічныя аддзяленні ДШМ.
На Дошку гонару — сямейнае фота
Кіраўнікі раёна ўжо згадвалі, што рэгіён багаты на творчыя дынастыі, і гэта таксама адметнасць краю. Начальнік аддзела культуры Марына Здольнікава падрабязна распавядае пра дынастыю Шыдлоўскіх з Сушчоўскага СДК:
— Дзіўная сям’я! Ім не сядзіцца ў клубе. Міхаіл Васільевіч — дырэктар сельскага клуба, Ларыса Іванаўна — мастацкі кіраўнік. Шыдлоўскія выйшлі на вуліцу, сталі добраўпарадкоўваць тэрыторыю, не забыўшыся нават на прыпынак грамадскага транспарту. Раней у клубе была і кантора мясцовай гаспадаркі. Кантора пераехала — Шыдлоўскія самі прывялі ўсё ў належны стан, зэканоміўшы бюджэтныя сродкі. Мы ім толькі фарбы набывалі. Прычым іх вопыт ужо вядомы ў раёне: клубныя работнікі адразу ім зацікавіліся. Увогуле, майстравітых асоб у раёне дастаткова. Нават пры невялікай дапамозе з боку аддзела культуры кожны здольны добраўпарадкаваць тэрыторыю вакол клуба пасвойму і з улікам ландшафту.
Штогод у раёне абнаўляецца Дошка гонару. Цяпер сярод лепшых ёсць і культработнік: Ларыса Шыдлоўская. Пытаюся ў Марыны Здольнікавай:
— А сямейную фатаграфію на Дошку гонару не змяшчаюць?
— Пакуль не прынята, — усміхаецца яна.
РДК пераехаў у аграгарадок
Літаральна днямі прайшло ў Віцебскім раёне вялікае Свята нацыянальных культур. Зусім нядаўна “К” пісала пра Рэспубліканскі фестываль у Гродне, але, аказваецца, і на раённым узроўні можа атрымацца міжнароднае шоу.
— І зноў-такі дапамагалі дырэктары гаспадарак, якія і самі прынялі актыўны ўдзел у гэтым мерапрыемстве, — кажа начальнік аддзела культуры.
Віта Фрэйманэ, сакратар консульства Латвіі, захоплена казала: “Два гады жыву ў Віцебску, але ўпершыню бачу такую прыгажосць!”
 /i/content/pi/cult/167/1544/Kult3.jpg
Харэаграфічны калектыў “Непаседы”.
Украінская гаворка, малдаўскія танцы, цыганскія спевы, армянскія жарты — усё гэтаў вёсцы Акцярская. А да ўсяго прадставілі і народныя рамёствы, і нацыянальную кухню. Свята пацвердзіла: у Віцебскім раёне жывуць прадстаўнікі розных нацыянальнасцей, якім ёсць што паказаць. Смаленцы прывезлі з сабой фальклорны ансамбль “Терем-ОК”, а вось цыганы былі з Бабінічаў. Дырэктар ЗАТ “Ліпаўцы” і нават сам танчыў лезгінку: Фізулі Гасанаў — дагестанец.
Марына Здольнікава ўсё яшчэ згадвала пра свята, а мы ўжо набліжаліся да аграгарадка “Ноўка”. У сяле з гэтай назвай 2500 жыхароў. У РДК, што месціцца тут, ажно чатыры калектывы са званнем “народны”.
Дырэктар установы Марына Дземчанка пазнаёміла з удзельніцамі ансамбля “Навічаначка” і з дзіцячым харэаграфічным ансамблем “Непаседы”.
Дарэчы, у Ноўцы працуе знакамітая на ўвесь раён і нават на ўвесь “Славянскі базар у Віцебску” майстар па лозапляценні Алена Асінская.
Хоць справа і не жаночая, але ў Алены ўжо свая школа па гэтым рамястве. Ад лазы нават у хаце неяк па-летняму сонечна. Алена Асінская — прызёр Рэспубліканскага фестывалю па лозапляценні ў Вілейцы.
Ужо згаданы майстар па мастацкай апрацоўцы скуры Ігар Яўсціхаў тамсама запрасіў у сваю майстэрню:
— Яшчэ мой прадзед шыў боты, рабіў збрую для коней, і маці гэтым займалася, і брат, — распавёў Ігар і зусім нечакана дадаў: — А я вучыўся на аддзяленні рэжысуры ў цяперашнім Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, пісаў сцэнарыі, ды промысел продкаў “перацягнуў”.
Ігара цікавіць гісторыя яшчэ дахрысціянскай Русі да Х стагоддзя. Але і на сучаснае мастацтва ён не забываецца, навучаючы яму дзве групы школьнікаў: “Дзеці вельмі здольныя, цікавяцца гісторыяй Віцебска, і не толькі”.
Раней РДК знаходзіўся на беразе Дзвіны ў абласным цэнтры, але калі будынак пачаў прыходзіць у заняпад, старшыня райвыканкама Іван Вазміцель прыняў рашэнне: няхай установа пераедзе ў Ноўку, тым больш, што дырэктар аграгарадка не супраць.
— А цяпер — у нашу танцавальную залу! — запрасіла дырэктар РДК Марына Дземчанка.
Прызнацца, ніколі не бачыла такога выдатнага памяшкання, сучасна аддзеланага, выштукаванага. Гледзячы на сіне-блакітную плітку, заўважыла:
— А ці не слізка на такой танчыць?
— Наадварот! А тон спрыяе таму, каб астудзіць агністы запал дыскатэк.
У Ноўцы і сапраўды нямала новага, але “Газель” ужо мчыць у Копці. І тут Дом культуры — палац. У ім працуе трыо “Гаголушка”, якое арганізавала дырэктар СДК Наталля Бабашка.Спявае ў калектыве і мастацкі кіраўнік Таццяна Акулёнак. Каб не перапыняліся традыцыі, у Копцях стварылі вакальную групу “Славяначка”, калектыў “Пралеска”. А яшчэ — фальклорны гурток “Званочкі”, які то пешшу, а то на веласіпедах гастралюе па сёлах...
І гэтая вандроўка па Віцебскім раёне аказалася не апошняй. Вёска Акцябрская. Тут — Раённы цэнтр рамёстваў. Дырэктар Іна Сініца распавяла, што толькі тут ёсць адна-аднюткая на ўсю Беларусь узноўленая па старажытнай тэхналогіі печ для абпалу гліны, таму і ганчарства ў раёне — рамяство прыярытэтнае. Печ выглядае новай, сучаснай, працуе на дровах.
Ды і тэхналогія вытрымліваецца.
— Нават старажытнасць працуе на эканамічнасць?
— А як жа інакш! — падводзіць вынік начальнік аддзела культуры.

Вольга ЯГОРАВА,
наш спецыяльны карэспандэнт
Фота аўтара