Дзетачка і Маргарытачка

№ 32 (1367) 11.08.2018 - 18.08.2018 г

Хто яны, Сяргей і Маргарыта Канёнкавы? Дэтэктыўная загадка, не разгаданая да канца
“К” пачынае публікацыю матэрыялу вядомага мастацтвазнаўцы Барыса Крэпака пра сям’ю класіка савецкай скульптуры — і, магчыма, нашага суайчынніка. Першая частка дакументальнага серыяла — гэта мемуары, а вось другая — сапраўдны шпіёнскі дэтэктыў.

/i/content/pi/cult/704/15438/9.JPGУ “Доме пад спадніцай”

З Сяргеем Цімафеевічам Канёнкавым я ўпершыню сустрэўся позняй восенню 1969 года, калі разам з маскоўскім мастацтвазнаўцам, тагачасным сакратаром праўлення Саюза мастакоў СССР і галоўным рэдактарам часопіса “Искусство” Уладзіславам Зіменкам наведаў прасторную майстэрню скульптара. Я ўжо ведаў, што калі крочыць ад Нікіцкіх варот па Цвярскім бульвары ўверх да Пушкінскай плошчы, то трохі не даходзячы да яе, у вуглавым доме № 17 з вітрыннымі вокнамі па вуліцы Горкага, і будзе гэтая майстэрня, упрытык з шыкоўнай кватэрай і бібліятэкай на другім паверсе.

У гэты шматпавярховы жылы дом можна было ўвайсці наўпрост з бульвара: пара прыступак — і ты перад дзвярыма кватэры № 156 з надпісам на меднай дошчачцы: “С.Т. Коненков”. Да канца 1950-х на кутняй вежачцы стаяла статуя дзяўчыны з сярпом і молатам, мадэллю якой паслужыла балерына Вольга Лепяшынская — у сувязі з чым будынак атрымаў нефармальную назву “Дом пад спадніцай”. Старажылы-масквічы і сёння так яго называюць. Па словах Зіменкі, вылепіў статую маскоўскі скульптар Георгій Матавілкаў, вучань Канёнкава па ВХУТЕМАСе і сталінскі лаўрэат.

Такім чынам, званім. Нас сустракае загадзя папярэджаная хатняя прыслужніца — жвавая, сухенькая жанчына па імені Станіслава Густаваўна. Уваходзім у маленькую вітальню. Потым направа — у велізарны пакой кшталту хола з высокай столлю. Тут цэлая экспазіцыя: скульптуры ў дрэве, мармуры і гіпсе — партрэты Блока, Дастаеўскага, Маякоўскага, Сурыкава, Паўлава, Горкага, Рахманінава, статуі ў манеры грэцкай архаікі, казачныя жывёлы і птушкі, няскончаны дзіўны аўтапартрэт у вобразе старога мудраца ў гліне з выкарыстаннем ствалоў, каранёў і галін дрэва, пару рабочых станкоў, на якіх стаяць арыгіналы ў гліне, абгорнутыя мокрымі палатнянымі анучамі.

На сценах — малюнкі гаспадара, зробленыя сінім алоўкам, два партрэты Канёнкава аўтарства эмігрантаў Мікалая Фешына і Барыса Грыгор’ева. У цэнтры пакоя вялікі круглы пень, па акружнасці якога разны рэльеф з выявай сялянскага карагода. Усюды мэбля: крэсла ў выглядзе лебедзя, які грацыёзна сагнуў шыю; удаў, што скруціўся кольцамі і стаў фатэлем, прыгожыя разьбяныя сталы і крэслы, зробленыя рукамі Канёнкава. У кутку майстэрні на падстаўцы — гіпсавы егіпецкі сфінкс. А яшчэ я заўважыў карты зорнага неба, касмагенічную карту Расіі, а таксама старажытны рытуальны каляндар майя — выява каменнага дыску з зашыфраванымі знакамі летазлічэння.

Гаспадары

Па лесвіцы спусцілася жонка скульптара Маргарыта Іванаўна — трохі паўнаватая, вышэй сярэдняга росту жанчына гадоў сямідзесяці з бляклазялёнымі, як мне падалося, вачыма. На твары — відавочныя сляды былой прыгажосці.

— О, Уладзік, добры дзень! — элегантна працягнула яна руку Зіменку. — Як я рада бачыць даўняга нашага сябра! Дазвольце перш за ўсё павіншаваць з прысваеннем вам звання заслужанага дзеяча мастацтваў. Вельмі мы з Сярожам гэтаму рады. Заслужылі!

Потым, хутка акінуўшы мяне поглядам, павіталася і са мной. Жэстам запрасіла нас прысесці на драўляныя разьбяныя крэслы.

— Сяргей Цімафеевіч будзе праз сем — дзесяць хвілін. Ён корміць на панадворку галубоў.

Яна дастала са скрыні стала доўгую папяросу:

— Сярожа не любіць, калі я палю, але мы ціхенька. Сам-та ён вой як смаліў, але кінуў гадоў трыццаць таму. Доктар напалохаў яго, пераканаў, што курэнне шкоднае для вачэй.

Неўзабаве з’явіўся і сам гаспадар — увесь белы як лунь. Валасы, велізарная сівая барада з нейкімі чорнымі ўкрапінамі, вусы, бровы — усё белае, толькі шчокі ружовыя. Ды чамусьці запомніліся вузкія сухія моцныя пальцы і ружаватыя пазногці.

Але, вядома, самае дзіўнае ў знешнасці мэтра — гэта барада. Не барада, а барадзіна! Яна зрабіла на мяне моцнае ўражанне, хоць я ўжо бачыў гэтую біблейскую бараду на яго знакамітым “Аўтапартрэце”. Падобная барада была і на партрэце Іаганэса Брамса. І, дарэчы, як я даведаўся пазней, Брамс, пасля “бога музыкі” Баха, быў адным з найпаважаных кампазітараў скульптара. Асабліва Канёнкаў любіў яго скрыпічны канцэрт, у заліхвацкай апошняй частцы якога шмат рытмаў у цыганскім духу.

“Мы амаль землякі”

/i/content/pi/cult/704/15438/8.JPGСяргей Цімафеевіч стаў распытваць пра нешта Зіменку, на мяне — нуль увагі. Потым усё ж павярнуўся да мяне, доўга глядзеў сваім колкім позіркам, нарэшце, усміхнуўся:

— А вы, юнак, хто будзеце — студэнт?

— Не, Сяргей Цімафеевіч, я ўжо даўно не студэнт. Чатыры гады прайшло, як я скончыў Ленінградскі ўніверсітэт. Я мастацтвазнаўца, жыву ў Мінску, працую ў Міністэрстве культуры.

— А, з Беларусі? Значыць, мы амаль землякі? — падняў ён указальны палец і не чакаючы адказу працягнуў: — Вось мы з Маргарытачкай улетку пабывалі ў мяне на радзіме, на Смаленшчыне, у родных Караковічах. Гэта, дарэчы, усяго за некалькі дзясяткаў вёрст ад Магілёўшчыны. Ах, як там добра! Душа спявае, звініць і плача, быццам па страчаным раі. Дарэчы, мой юны сябра, у маім старажытным родзе, напэўна, ёсць і беларусы. Вы ж ведаеце, што Смаленшчына шмат гадоў уваходзіла ў склад Беларуска-Літоўскага княства? (Ён так i сказаў, хоць не мог не ведаць, як насамрэч называлася дзяржава: Вялікае княства Літоўскае — Б.К.). Скажу больш, у сярэдзіне мінулага стагоддзя ў Смаленскім павеце жыло звыш за 80 тысяч беларусаў і толькі сем тысяч вялікаросаў. Магчыма, што і ў мяне ў жылах цячэ беларуская кроў. Вось усё збіраюся вывучыць маё сямейнае радавое дрэва, ды рукі ніяк не даходзяць. А трэба было б... Праўда, Маргарытачка?

— Праўда, праўда, Сярожа.

Потым успляснула рукамі:

— Ды што ты, дзетачка, трымаеш-та гасцей тут? Запрашай на гарбату!

Пакуль мы, замілаваныя яе зваротам да мужа, рушылі наверх па прыгожай драўлянай лесвіцы, Канёнкаў пераапрануўся ў блакітны аксамітны халат. Павольна падняўся ўслед за намі, сеў у дубовае разьбяное крэсла. Мы — на зэдлікі, таксама разьбяныя. Маргарыта Іванаўна падкаціла маленькі столік на колцах з чайнымі прыладамі. Для гаспадара хатняя прыслужніца асобна прынесла на падносе вялікі распісны кубак. Замест цукру — цукеркі, хатняе печыва, малінавае варэнне. Потым на вялікай талерцы з’явіліся маленькія канапкі з чорнай і чырвонай ікоркай.

Сяргей Цімафеевіч доўга гутарыў з Зіменкам наконт рэстаўрацыі і аднаўлення яго мемарыяльнай барэльефнай дошкі з падфарбаванага цэменту “Памяці тых, хто загінуў у барацьбе за мір і брацтва народаў”, якая ацалела з часоў рэвалюцыі, але пры пасляваенным дэмантажы са сцяны Сенацкай вежы Крамля была пашкоджаная. І тады Міністэрства культуры СССР даручыла аўтару яе рэстаўрацыю, каб потым можна было вырабіць дошку з алюмінія, золата, смальты і ўсталяваць на ранейшае месца.

Уласна, мэтай візіту Зіменкі да мастака і было высвятленне акалічнасці гэтай працы. А я пры ім — як бы “збоку-прыпёку”, няпрошаны госць, якога па дабрыні душэўнай прыхапіў з сабой Уладзіслаў Мсціслававіч.

Я ўважліва слухаў, імкнучыся запомніць кожнае слова, каб потым у сваім гатэльным нумары ўсё занатаваць па свежай памяці.

Забягаючы наперад, скажу, што пасля рэстаўрацыі гэты барэльеф апынуўся не на першапачатковым месцы, а ў Музеі рэвалюцыі. Але эскіз гэтага барэльефа я ўсё ж убачыў у майстэрні: незадоўга да нашага сыходу маэстра вызваліў яго ад палатнянага пакрыцця і паказаў нам. Тут быў намаляваны натхнёны крылаты Геній Перамогі з чырвоным сцягам у правай руцэ і зялёнай пальмавай галінай — у левай. Каля яго ног — пакарэжаныя шаблі і вінтоўкі, пераплеценыя жалобнай стужкай. За плячыма Генія — узыходзячае сонца, прамяні якога складзены з слоў “Кастрычніцкая 1917 Рэвалюцыя”. Гэтакі круты пафасны рэвалюцыйны плакат, які ў першую гадавіну святкавання перамогі бальшавікоў, напэўна, быў у самы раз.

Наогул, з Уладзіславам Мсціслававічам у мяне склаліся добрыя адносіны: менавіта з яго блаславення я — тады яшчэ “зялёны” беларускі мастацтвазнаўца — стаў самым маладым членам Усесаюзнай камісіі па мастацтвазнаўстве, крытыцы і друку Саюза мастакоў СССР, якой ён кіраваў. Для часопіса “Мастацтва” Зіменка ўжо замовіў мне сякія-такія артыкулы на беларускую тэматыку. Першы — пра Георгія Паплаўскага — выйшаў, здаецца, у 1967-м. Пазней наша сяброўства ўмацавалася, асабліва падчас сумеснага месячнага знаходжання ў ГДР — у Доме творчасці недалёка ад горада Наўмбурга.

Выпіўшы гарбаты, Канёнкаў і Зіменка засталіся наверсе, каб ужо без сведак працягнуць перамовы адносна рэстаўрацыі мемарыяльнай дошкі. А мы з Маргарытай Іванаўнай спусціліся ўніз і селі на ранейшыя месцы. У першыя хвіліны адсутнасці старэйшага калегі я трохі збянтэжыўся і адчуваў сябе не вельмі ўпэўнена, не ведаючы, пра што гаварыць. А жанчына глядзела на мяне з хітраватым прышчурам: маўляў, не бянтэжся, малады чалавек, бачу, што ты хочаш мяне пра нешта спытаць. І, набраўшыся адвагі, я прамовіў:

— Маргарыта Іванаўна, мне як мастацтвазнаўцу вельмі цікава даведацца, як вы пазнаёміліся з Сяргеем Цімафеевічам?

Напэўна, трапіў у кропку. Падобнае пытанне жанчына нібы чакала. Задумалася, потым мякка ўсміхнулася і, напоўніўшы яшчэ раз мой кубак гарбатай, пачала свой аповед.

Барыс КРЭПАК

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"