Словы пра авангардыстку Людмілу Русаву

№ 32 (1367) 11.08.2018 - 18.08.2018 г

Герой новага нарыса Адама Глобуса — культавая і знакавая для беларускага сучаснага мастацтва постаць, якая мела трагічны лёс.

/i/content/pi/cult/704/15437/6.jpgПадабенствы

На каго была падобнай Люда Русава? На артыстку, але не на сучасную тэлесерыяльную ці тэлетэатральную, а на артыстку вялікага нямога кіно. Так-так, і ў кіно быў час адназначнай велічы, усе так і казалі пра кіно — вялікі нямко. Гэта быў час качачнага Чапліна і браняноснага Эйзенштэйна, час меланхалічнай Халоднай і зефірнага Валентына. Як толькі ў кіно дадаліся колер і сінхронная агучка, яно страціла значную частку велічы. Парадокс. Дадаванне прывяло да стратаў. Больш ніхто не называе кіно вялікім і асноўным з мастацтваў.

Люду Русаву заўжды цікавіла выключная веліч, таму яна і была падобнай да артысткі вялікага нямога кіно.

Нітка

Чытаю і перачытваю ў бацькавым апавяданні “Свой чалавек”: “Язэп перабіраў у памяці нітку свайго жыцця. За многа год наматаўся вялікі клубок: ёсць і вузлы на гэтай нітцы — не раз і не два рвалася, не раз яна звязвалася, калі на тугі, а калі і на слабкі вузел...” Не ведаю, як каму, а мне важная непарыўнасць такой ніткі не толькі ў жыцці, а і ў творчасці. Намацаць танюткую нітачку мастацкай праўдзівасці не так і лёгка, а намацаўшы, важна не ўпусціць яе і, крый Бог — не парваць. Менавіта па такой нітцы крок за крокам можна дайсці да твора завершанага, здзейсненага, свайго і толькі свайго.

З маіх знаёмых мастакоў нітку творчасці найлепш адчувала і ўтрымлівала Люда Русава. Для яе гэты працэс, гэты шлях па нітцы і за ніткаю быў натуральны. Для яе нітка была не толькі сімвалам і элементам метафары — для Русавай нітка была самым што ні ёсць асноўным матэрыялам. Русава ўвесь час нешта вязала, нешта вышывала і ткала. Таму і метафарычная нітка творчасці ў яе жыцці была заўжды навідавоку.

Пафас

Русава заўжды захаплялася рэвалюцыйным мастацтвам. Мусіць, усе, хто вучыўся на манументаліста, любілі рэвалюцыйны настрой, любілі роўнасць і розум, любілі касмізм і пафас.

Калі я разглядаю шматлюдныя фотаздымкі з віцебскімі авангардыстамі дваццатых гадоў, сярод маладых Лісіцкіх і Малевічаў, сярод маладых Чашнікаў і Шагалаў я міжволі шукаю твар маладой Люды Русавай. Яна проста мусіла там быць, недзе побач з Надзяй Хадасевіч. Таму складаючы змест кнігі “Віцебская школа. Беларускае мастацтва дваццатага стагоддзя”, прозвішча Русавай я напісаў адным з першых.

У марудныя і задушлівыя часы застою, калі трухлявай імперыяй кіравалі састарэлыя і нямоглыя гора-правадыры, а ў мастацтве зрабіўся модным забаўляльны кіч і салодкі мяшчанскі прымітыў — нават тады Русава заставалася рэвалюцыйнай і пафаснай. Праўда, яна была больш анархісткай, чым сацыялісткай, больш індывідуалісткай, чым камандным гульцом. Яе колеры — чорны і блакітны, а не чырвоны. Яе пафас — мемарыяльны, аскетычны і касмічны. У ім няма месца смеццю і выпадковым дэталям. Пафас Русавай чысты, як кавалак свежаадколатага лёду.

Крыж

/i/content/pi/cult/704/15437/7.jpgНіводны з вядомых мне мастакоў не зрабіў столькі запамінальных танцаў вакол крыжа і з крыжом, колькі іх зрабіла Люда Русава. Крыж — асноўны элемент у яе творчасці. Эталонныя квадраты Малевіча ў творчасці Русавай расквітнелі крыжамі. Калі сам Малевіч вырасціў з белых квадратаў крысталічныя архітэктоны, якія пазней ператварыліся ў краявіды шматлюдных мегаполісаў з бліскучымі хмарачосамі, дык у Русавай квадраты вярнуліся ў стан мемарыяльных крыжоў, у стан надмагільных пірамід і пясочных гадзіннікаў. Русава вярнула квадраты Малевіча з касмічнага падарожжа ў звычайныя правінцыйныя крэматорыі і калумбарыі. Крыжы Русавай зямныя, заземленыя і цяжкія. Бачыш іх, і твае вусны міжволі прамаўляюць: “Memento mori”. Русава належыць да тых мастакоў, якія перакананыя, што на зямлі нічога вышэйшага за надмагільны крыж проста не бывае.

І яшчэ... Усе крыжы Люды Русавай знарочыста матэрыяльныя. У іх няма адушаўлёнасці. Яны далёкія ад таго крыжа, які знаходзіцца ў сярэдзіне чалавека і вакол якога выбудоўваецца вестыбулярны апарат. У крыжах Русавай няма вертыкалі, праверанай адвесам, і няма гарызанталі, узгоджанай з нівелірам. Крыжы Русавай дэкаратыўныя, а не архітэктурныя. Яны тэатральныя і бутафорскія, іх добра выкарыстоўваць у перформансах і акцыях, без падобных дзеянняў яны выглядаюць зусім цацачнымі і дзіцячымі.

Герой

Люда Русава, як і ўсе манументалісты, шукала і знаходзіла героя. Без героя, без пафасу, без сур’ёзнасці і ўрачыстасці манументальнае мастацтва не існуе. Лірычны манументалізм 1970-х і пачатку 1980-х напоўніцу выказаўся пра райскія сады і цнатлівых падлеткаў, выказаўся пра чароўных птушак і казачных жывёл, выказаўся пра зорнае неба і Млечныя шляхі. Здавалася, што ўсе тэмы вычарпаныя, што ўсе героі намаляваныя і перамаляваныя, што новае слова ў манументальным мастацтве сказаць нельга. Якое можа быць новае слова, калі нават новае неба ўжо намалявана па-новаму?

Русава знайшла паратунак. Яна ўваскрасіла напаўзабытага генія рэвалюцыі Казіміра Малевіча. Перформанс “Уваскрашэнне Казіміра Малевіча” ладзіўся ў 1988 годзе. Якраз тады, калі на тутэйшых абшарах з’явіліся менеджары па продажы і перапродажы музыкі, мастацтва і літаратуры. Тады, калі роля мастака, пісьменніка і выканаўцы пачала катастрафічна змяншацца. Менеджарам патрабаваўся прадукт, а не творца. Раней нават цяжка было ўявіць адкрыццё выставы сучаснага мастацтва без саміх сучасных мастакоў. У сярэдзіне 1990-х такіх выстаў было ўсё болей і болей. Нашто запрашаць брудных, п’яных, смярдзючых, самазакаханых мастачкоў? Іх і не запрашалі... Менеджары і пакупнікі звінелі келіхамі з дарагім шампанскім на арт-вечарынках.

Нашы мастакі былі загнаныя ў сутарэнні пад арт-палацамі. Каб вырвацца з сутарэнняў у асветленую залу, мастаку трэба было прадаць твор разам са сваім целам, трэба было зрабіць сваё цела часткай твора. Русава у гэтай справе была піянеркай, яна рабіла адзін перформанс за другім, яна ўключала свае малюнкі, вершы і габелены ў перформансы. Гэта было адзіным магчымым варыянтам, каб не пагадзіцца на смерць аўтара.

Дарэчы, большасць мастакоў, пісьменнікаў і музыкантаў пагадзілася на працу пад псеўданімам, на працу без аўтарскіх правоў, пагадзілася на смерць аўтара дзеля красавання брэнда. Русава ў сваёй творчасці працавала на ўласнае імя. Яе “Самаідэнтыфікацыя, альбо Цела фарбы” (1995), яе “Муміфікаванае пісьмо. Постскрыптум 8/1” (1996), яе “1/8 Муміфікаваны знак” (1996), яе “Пасля” (1997) сталі ўзорнымі перформансамі для тутэйшай арт-прасторы. Імя Людмілы Русавай залатымі літарамі было ўпісана ў новае мастацтва абноўленай Беларусі.

Боль

Люда Русава шмат разоў скардзілася на боль. Ёй балела спіна, балелі рукі, а часцей за ўсё ёй балела галава. Яна балела так моцна, што нават расчэсванне валасоў рабілася пакутай. Люда абстрыгала валасы “пад нуль”. Яна хадзіла з хустачкай на галаве. Так ёй было лягчэй.

У мяне захаваўся фотаздымак з вяселля дзядзькі Чэся Александровіча. На тым здымку, зробленым у цёплы летні надвячорак, мая маці — Ніна Глобус стаіць у белай хустачцы. Усе апрануты лёгка і па-святочнаму, адна маці ў хустачцы. Яна завязала хустку, бо на галаве пасля менінгіту не было яшчэ валасоў. Маці расказвала пра страшэнныя галаўныя болі ад таго менінгіту. Сваякі думалі, што яна не выкараскаецца са страшэннай хваробы, а калі і застанецца жыць, дык розум яе зробіцца непаўнавартасным. Маці паправілася, скончыла школу і атрымала вышэйшую адукацыю. Яна заставалася ў добрым розуме да свайго апошняга дня.

Калі я чуў скаргі Люды Русавай на боль, калі бачыў яе ў хустачцы, дык
заўжды згадваў маці, згадваў вясельны здымак з белай хустачкай, згадваў і верыў, што і Люда, як некалі Ніна, пойдзе на папраўку і яе страшны боль застанецца ў мінулым.

Перацяканне

Калі Люда Русава пачынала хвалявацца, яна чырванела. Твар яе наліваўся крывёю да цёмнай бурачковасці. Яе валасы, зазвычай пафарбаваныя ў максімальна-чорны колер — рабіліся глыбока-сінімі ці нават смарагдавымі. Гэткая бурачковасць, сінеча і смарагдавасць разам з узрушэннямі, злаваннямі і хваляваннямі пераплывалі на карціны Русавай. Яе карціны, асабліва ў апошні змрочны і хваравіты перыяд, былі натуральным працягам яе біялагічнага згасання. Жыццё Люды Русавай з чалавечага цела перацякло ў карціны, перацякло ўсё да апошняй кроплі, перацякло і там спынілася.

Пісталет

Люда прыдбала пісталет. Так кажуць. Сам я таго пісталета не бачыў, але веру — у Люды Русавай і сапраўды магла быць агняпальная зброя. Кажуць, яна вырашыла купіць пісталет, каб у цяжкую хвіліну развітацца з жыццём. Верагодна, што адна з нагодаў, каб займець зброю, была невылечная хвароба, ад якой пакутвала Русава. Ваўчанка — такі ёй паставілі дыягназ.

— У мяне ваўчанка. Жыць засталося мала, але я цяпер цалкам свабодная. Я адчуваю лёгкасць, бо нікому нічога не вінаватая. Хвароба спісала ўсе мае пазыкі. Лёгкасць, свабода і блакітны колер — вось што ў мяне засталося напрыкацы жыцця! — казала мне Люда і ўсміхалася.

Нам хацелася заплакаць, але яна ўсміхалася, а я рабіў спакойны выгляд сур’ёзнага і стрыманага чалавека. Пра самагубства Люда Русава нічога не казала — прынамсі, яна мне не казала.

Люда Русава захаплялася рэвалюцыянерамі, яна ўсхваляла самахвярных нарадавольцаў, яна паважала змагароў з пісталетамі і бомбамі, таму магла і сабе набыць пісталет, з якога так і не стрэліла.

Трэба мець найвялікшую смеласць, каб не страляць.

Блакіт

У нейкі момант Люда Русава вырашыла адмовіцца ад служэння д’яблу. Так і сказала: “Надакучыла служыць д’яблу. Буду служыць Богу. Цяпер у мяне асноўны працоўны колер — блакітны...” Люда паказала шмат светла-блакітных малюнкаў зробленых на паперы.

Напрыканцы жыцця палотны Русавай сталі зноў цёмнымі, пурпурнымі і змрочнымі. Больш мы ніколі не размаўлялі пра яе служэнне Богу. Я не цікавіўся, а яна маўчала. Калі Люда памерла, я напісаў некалькі блакітных палотнаў прысвечаных ёй. Русава нібыта пакінула мне ў спадчыну свой блакітны колер.

Адам ГЛОБУС,
мастак, літаратар

Аўтар: Адам ГЛОБУС
мастак, літаратар