Мерапрыемствы пачаліся з самай раніцы ў Лідскім замку, дзе для наведвальнікаў праводзіліся экскурсіі, працавалі выставы і школа археалогіі, кухары карчмы запрашалі на дэгустацыю страў сярэднявечнай кухні. У кінатэатры “Юбілейны” ўсе ахвотныя змаглі наведаць сямейны кінапаказ. У гэты ж дзень стартавала дабрачынная акцыя “У школу з добрым сэрцам”.
У другой палове дня свята перамясцілася да Палаца культуры Ліды. Тут размясцілася арт-выстава творчых работ лідскіх мастакоў, выстава сувеніраў, зробленых рукамі мясцовых майстроў аддзела рамёстваў. На гульнявой праграме “Чырвоны. Жоўты. Зялёны” аніматары Палаца культуры нагадалі дзецям правілы дарожнага руху. Упершыню ў горадзе ў рамках свята адбыўся імправізаваны фестываль “Тата-Фэст”. Таты і нават адзін дзядуля пад бурныя апладысменты дэманстравалі хуткасць, спрыт, артыстызм і крэатыў. Кіравалі мерапрыемствам клоўны з народнага тэатра гульні “100 сяброў”.
На сцэне праходзіў музычны марафон. На працягу вечара змянілася некалькі канцэртных праграм: рэтра, сучаснай песні і народнай музыкі. Свае выступы гледачам прадставілі артысты Лідскага эстраднага аркестра, эстраднай студыі “Акцэнт”, фальклорнага калектыву “Талер”, народнага ансамбля песні і танца “Лідчанка”, харэаграфічнага калектыву “Чаравікі”, саліст рок-групы “Прэмія” Віктар Лебядзевіч.
Каля Палаца культуры ладзіўся і песенна-танцавальны этна-рух: дарослыя разам з дзецьмі з задавальненнем вывучалі і паўтаралі харэаграфічныя фігуры старадаўніх танцаў. Яго змяніў песенны марафон эстрадных выканаўцаў Палаца культуры. А з набліжэннем цемры сваё шоу “Fire-Мельница” прадэманстравалі фаер-брыгада “Огненные Вороны” і госці горада з Мінска і Віцебска. Відовішчныя пастаноўкі з арыгінальнымі піратэхнічнымі спецэфектамі, багаты рэквізіт, разнастайныя вогненныя тэхнікі і дынамічная музыка дазволілі атрымаць сапраўдную асалоду ад магіі жывога агню. У рамках імпрэзы быў праведзены і экскурс у гісторыю гэтага незвычайнага віду мастацтва.
Настасся ГОЛУБ
Фота аўтара