Па слядах аднаго эксперымента

№ 32 (1367) 11.08.2018 - 18.08.2018 г

Напачатку 1990-х гадоў у Беларусі праводзіўся эксперымент па ўкараненні эстэтычнага “всеобуча”. Мэта была святой — папулярызацыя нацыянальных традыцый і захаванне гісторыка-культурнай спадчыны. Па ўсёй краіне адкрываліся шматлікія цэнтры асветы. З таго часу нашая культурная прастора перажыла некалькі рэарганізацый, многія ўстановы змянілі шыльды. Аглядальнік “К” накіравалася ў Вілейку, каб даведацца, чым сёння жыве адзіны ў Мінскай вобласці Цэнтр эстэтычнага выхавання, ацалелы з тых часоў.

Зялёны камертон

Незвычайная ўстанова Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Вілейскага раёна знаходзіцца, як і належыць магніту гарадскога жыцця, у самым цэнтры Вілейкі. Ад райвыканкама, дзе месціцца тутэйшы аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, дайсці туды можна ўсяго за некалькі хвілін. Крочым у Цэнтр эстэтычнага выхавання з начальнікам аддзела Сяргеем Паўлоўскім. Як клапатлівы гаспадар, Сяргей Фёдаравіч, даведаўшыся пра прыезд “К”, прапанаваў асабіста пазнаёміць аглядальніка са слыннай установай раёну.

Ганарыцца тутэйшым культработнікам сапраўды ёсць чым: канчатковым пунктам нашага нядоўгага шпацыру сталася акуратная, дагледжаная будыніна. Будынак, які за савецкім часам належыў дзіцячаму садку, падтрымліваецца ў добрым стане. Вокны выходзяць у паэтычны дворык: у спадчыну ад былога садка Цэнтру эстэтычнага выхавання дастаўся і цудоўны падворак. Зялёная прастора не толькі дорыць асалоду вачам і заспакаенне душы, але і дазваляе супрацоўнікам Цэнтра ладзіць шматлікія імпрэзы непасрэдна ў дворыку: праводзіць пленэры, ствараць адмысловыя выставы на вуліцы.

У дырэктара ўстановы Таццяны Захарыч на тое зялёнае мора, што шаргаціць пад вокнамі, ёсць далёкасяжныя планы.

— Два гады таму ў гэтым двары зарадзіўся дабрачынны праект “Край верасоў”. Дзякуючы шчыльнаму супрацоўніцтву з Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў, тут прайшоў пленэр па скульптуры. Кіраўніком праекта выступіў ганаровы грамадзянін Вілейшчыны — загадчык кафедры скульптуры БДАМ, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, прафесар Уладзімір Слабодчыкаў, — успамінае Таццяна Мікалаеўна. — Па яго завяршэнні наша ўстанова ўзбагацілася на неверагодныя скульптуры, якія цяпер упрыгожваюць сад. Я хачу, каб “Край верасоў” атрымаў новы імпульс для развіцця. Цяпер мы шукаем магчымасці, каб ператварыць наш двор у суцэльны культурна-турыстычны аб’ект.

Дырэктар прапануе ўявіць будучыню гэтай тэрыторыі: тут з’явіцца сцэнічная пляцоўка, прыдатны куточак для мастацкай галерэі на свежым паветры, месца для правядзення майстар-класаў. Па меркаванні суразмоўцы, праз такую ініцыятыву папулярызацыя вілейскіх традыцый стане больш эфектыўнай. Паралельна распачаты экалагічны праект з вопытным лясгасам. На сёння ў двары ўжо з’явілася звыш за 80 адметных саджанцаў.

/i/content/pi/cult/704/15432/pages-10-11-copy-2S.jpg

Вытокі поспеху — у супрацоўніцтве

На дадзены момант у Цэнтры эстэтычнага выхавання дзейнічае адно аматарскае аб’яднанне і 14 студый, тры з якіх маюць званне “народная”. А амаль трыццаць гадоў таму пачыналася ўсё з невялічкага памяшкання пры мясцовай школе мастацтваў. Спадарыні Захарыч і не верыцца, што з аднаго кабінета ўдалося вырасці да паўнавартаснай установы.

— Я ўдзячная тым калегам, з якімі мы пачыналі: Але Судніковіч, Крысціне Шымакоўскай, Анатолю Шагаву, Галіне Гуркінай і многім-многім іншым. Гэта быў эксперымент, мы не мелі патрэбнай нарматыўнай базы, працоўных планаў.
Падаецца, калі б сёння прапанавалі заняцца падобным маштабным праектам з нуля, я б на такое наўрад ці рашылася, — усміхаецца суразмоўца.

Ад пачатку быў абраны прынцып, які дапамагае Цэнтру працягваць быць уплывовай структурай і ў сучасных умовах: плённа займацца эстэтычным выхаваннем дзяцей, падлеткаў, моладзі, дарослых можна толькі ў актыўным супрацоўніцтве з іншымі ўстановамі культуры, адукацыі, грамадскімі арганізацыямі, прадпрыемствамі. Менавіта ўзаемасувязь усіх устаноў раёна (а таксама і сяброўства з вядучымі творчымі ВНУ і калектывамі краіны) дапамагае Цэнтру абудзіць у жыхарах Вілейкі натуральную патрэбу да культурнага складніка жыцця.

— Мы заўсёды выступалі за сінтэз відаў мастацтва ў працэсе навучання, — працягвае Таццяна Мікалаеўна. — Прыкладам, некалі ў нас дзейнічала школа эстэтычнага выхавання “Прыступкі творчасці”. Да кожнай сустрэчы мы рабілі адмысловыя дэкарацыі, ладзілі музычна-тэатральныя пастаноўкі, выставы майстроў краю. Са школы мастацтваў да нас завітвалі музыканты, каб
прадэманстраваць свае інструменты, распавесці пра іх, сыграць. Праз гісторыю інструментаў мы выходзілі на знаёмства з музычнымі і фальклорнымі традыцыямі Вілейшчыны. Так, у своеасаблівай інтэграцыі відаў мастацтва наведвальнікі даведваліся пра спадчыну роднага краю.

Спадарыня Захарыч сцвярджае, што праз такую навуку ў маладога пакалення змянялася стаўленне да мастацтва. У прыклад прыводзіць выхаванцаў мясцовай школы-інтэрната для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення. Як ёй распавядалі ва ўстанове адукацыі, неяк у школу з канцэртам прыехалі артысты філармоніі — і былі здзіўлены, наколькі малыя ўважліва слухаюць іх выступленне, як чуйна яны ўспрымаюць музычныя нумары.

Час патрабуе не стаяць на месцы. Так, былыя “Прыступкі” паступова ператварыліся ў клуб духоўнай культуры і гісторыка-краязнаўчай работы “Крыніцы чысціні”. Да ўдзелу ў ім далучыліся святары Вілейскай царкоўнай акругі. Сумесна з царквой ладзіцца і праект “Паглядзець на свет з любоўю”, разлічаны на навучэнцаў Вілейскага дзяржаўнага каледжа. Моладзь прыходзіць у Цэнтр два разы на месяц паразважаць на тую ці іншую цікавую і важную тэму: напрыклад, пра стан душы творчага чалавека.

Асноўнай жа задачай на сёння застаецца папулярызацыя нацыянальных традыцый і гісторыка-культурнай спадчыны праз разнастайныя віды мастацтва. У Цэнтр эстэтычнага выхавання прыходзяць дзеці пачынаючы з трох гадоў, з радасцю прымаюць тут падлеткаў і моладзь, знаходзяць занятак для і людзей паважнага веку.

Элегія творчасці

— Дзякуючы зладжанай камандзе, Цэнтр эстэтычнага выхавання змог
прайсці шматлікія творчыя выпрабаванні, неаднойчы годна прэзентаваць сваю дзейнасць, даказаць творчую вартасць на шматлікіх абласных, рэспубліканскіх і міжнародных мерапрыемствах і конкурсах, — падкрэслівае дырэктар установы.

Маючы шмат традыцыйных кірункаў у працы, калектыў культработнікаў адкрыты для павеваў часу. Прыкладам, адзін з гурткоў па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве аддалі на водкуп маладому дызайнеру Максіму Мандрыку: той, абапіраючыся на традыцыі беларускай выцінанкі, пачаў ствараць з паперы цэлыя пейзажныя палотны, выразаць карціны ў стылістыцы анімэ, нават выстаўляць партрэты зорак кіно і футбола. Ён не паспеў і два месяцы правесці ў сценах Цэнтра, як скарыў сваім крэатыўным падыходам журы рэгіянальнага фестывалю. А ў колькіх вучнях ён запаліў прагу да творчасці!

Спадарыня Захарыч лічыць, што дырэктар
абавязаны не толькі непасрэдна кіраваць дзейнасцю ўстановы, але і стварыць усе ўмовы, каб паспрыяць раскрыццю талентаў сваіх работнікаў. Каб мець права вучыць, неабходна і самому
прадэманстраваць, што ты ўмееш. Таму Цэнтр рэгулярна праводзіць выставы кіраўнікоў студый, мастакоў на хатняй пляцоўцы, у музеях сталіцы і вобласці, а таксама ў рамках рэспублікаскіх мерапрыемстваў.

Як і ўсім установам культуры, Цэнтру эстэтычнага выхавання даведзены план платных паслуг. Аднак спадарыня Захарыч супраць таго, каб у наш і ў без таго прагматычны час яшчэ і ў творчых гуртках адбывалася камерцыялізацыя адносін.

— Як можна прадаваць, напрыклад, ляльку, якую дзіця толькі што сваімі рукамі зрабіў, уклаўшы ў чалавечка часціцу сваёй душы?! — узрушана тлумачыць сваю пазіцыю прамоўца. — Зарабляць грошы трэба іншым спосабам. Як клубная ўстанова, мы можам мець прыбытак ад канцэртнай дзейнасці (акрамя непасрэдна канцэртаў, ладзіць гульнявыя праграмы, спектаклі і гэтак далей), а таксама на майстар-класах. Яшчэ імкнемся актывізаваць выставачную дзейнасць.

Начальнік аддзела ІРКСМ Сяргей Паўлоўскі дадае, што Таццяна Мікалаеўна віртуозна ўмее наладзіць дзяржаўна-прыватнае партнёрства. Так, з дапамогай фундатараў летась быў праведзены літаратурна-музычны фестываль “Светлае слова” з удзелам Алега Вінярскага, Марыі Захарэвіч, Валерыя Максімовіча, Іны Фраловай пры падтрымцы сталічных музеяў імя Янкі Купалы і Якуба Коласа і абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

З дапамогай прымаючага боку праходзяць шматлікія замежныя гастролі народнага калектыву аўтарскай песні “Элегія”, кіраўніком якога па сумяшчальніцтве з’яўляецца Таццяна Захарыч. Напачатку чэрвеня “Элегія” прадстаўляла Вілейшчыну ў Друскеніках: у складзе вялікай беларускай дэлегацыі калектыў прымаў удзел у святкаванні 25-годдзя таварыства беларускай культуры “Спадчына”.

— Гэта яе ініцыятыва, яе заслуга на сто працэнтаў. Таццяна Мікалаеўна ведае людзей, якія могуць дапамагчы, — зазначае Сяргей Фёдаравіч.

Крочыць далей

Заўсёды з захапленнем гляджу на тых, хто не стаіць на месцы нават тады, калі за плячыма шмат перамог і ўжо, як падаецца, нічога нікому не трэба даказваць. Спадарыня Захарыч таксама магла б няспешна даглядаць пратаптаныя культурныя сцяжынкі, але неўрымслівай натуры няма часу на заспакаенне. Яна генерыруе новыя шырокамаштабныя праекты. Напрыклад, пяць гадоў таму праекты разам з галіновым аддзелам і райвыканкамам да юбілею беларускага паэта Івана Лашуткі прайшоў шэраг мерапрыемстваў у рамках праекта “Незабыўныя імёны Вілейшчыны”. Сумесна з Беларускім калектывам радыё “Элегія” была запісана плытка на вершы славутага земляка. На вуліцы Камарова ў Вілейцы ля дома № 9, дзе жыў паэт, устанавілі памятны знак. А ў гарадской школе №3, якой шмат год сваёй прафесійнай дзейнасці аддаў Іван Іосіфавіч, з’явіўся ўнікальны літаратурны клас.

— Сёлета чарговы юбілей, да якога мы таксама плануем падрыхтаваць адмысловую праграму, — запэўнівае Таццяна Мікалаеўна.

Задуманы і дабрачынны праект па ўшанаванні памяці вілейскага краязнаўцы Анатоля Рогача. Увогуле, у дворыку Цэнтра культработнікі мараць закласці алею славутых землякоў у Год малай радзімы.

Карацей кажучы, планаў па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны, па развіцці формаў эстэтычнага навучання, па ўдасканаленні выставачнай і канцэртнай дзейнасці багата — паспець бы ўсё рэалізаваць. Спадарыня Захарыч спадзяецца, што новае пакаленне культработнікаў дапаможа працягваць запачаткаваныя колішнім эксперыментам традыцыі.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"