Фестывальнае “жугждзенства”

№ 32 (1367) 11.08.2018 - 18.08.2018 г

Два спектаклі, пастаўленыя галоўным рэжысёрам Гродзенскага абласнога тэатра лялек Алегам Жугждам у расійскіх тэатрах і паказаныя на “Славянскім базары ў Віцебску”, — чым не падзея?

“Памінальная малітва” Мыцішчанскага тэатра “Агніва” сталася надзвычай шчырым і кранальным аповедам не толькі пра жыццё яўрэяў на захадзе
Расійскай імперыі, але і, шырэй, пра філасофскае разуменне жыцця і смерці, пра супрацьстаўленне чалавечай гнуткасці і няўмольнай сістэмы тагачаснай імперскай улады. Як заўжды ў пастаноўках Жугжды былі і тонкая работа з лялькамі, і шмат цікавых ракурсаў адлюстравання вядомых тэм. Выявы каровы і казы (мастак — Настасся Кардаш), зробленыя з гумарам і нейкай асаблівай радасцю, нагадвалі творчасць Марка Шагала. Візуальная крохкасць некаторых лялек (што з таго, што яны планшэтныя?) і выкарыстанне тэатра ценяў схілялі да роздумаў пра каштоўнасць чалавечага жыцця. У размовах з Богам Тэўе (Аляксей Гушчук) звяртаўся да сваёй лялькі, быццам сцвярджаючы народную мудрасць: Божа, памажы, але й сам не ляжы. Затое памерлая бабуля, на прыход якой у сне спасылаюцца героі, аказалася зусім не цацачнай, а цалкам рэальнай жанчынай з каманднымі замашкамі.

Нечакана была вырашана сцэна яўрэйскага пагрому. Завадатаркай выступала прыгажуня ў бялюткіх строях і з тварам анёла. Пасля яна, падсвечваючы сабе ліхтарыкам, з непрыхаваным здзіўленнем разглядала раскіданыя рэчы і фотаздымкі са старога яўрэйскага сямейнага альбома — настолькі ўдумліва і глыбока, быццам хацела ажывіць усіх, хто на іх адлюстраваны. І толькі ў другой дзеі станавілася зразумелай сапраўдная сутнасць гэтага вобраза — Смерць, якую мы прызвычаіліся бачыць у абліччы жудаснай старой у чорных лахманах.

Спектакль “Скандальнае здарэнне ў Пасажы, альбо Кракадзіл” прыватнага тэатра “Карабаска” з Пярмі быў пастаўлены паводле не самага вядомага апавядання Дастаеўскага і яшчэ больш насычаны фірмовым жугждаўскім гумарам. Пачыналася дзеянне ў фае, дзе зладжаны дуэт Андрэя Цяцюрына і Наталлі Красільнікавай камічна жаліўся на пастаноўшчыка — “рэжысёра ўсіх часоў і народаў”, які “б’е артыстаў, вымушае гаварыць па-нямецку і граць на акардэоне”. Марыянеткі суседнічалі з плоскімі кардоннымі лялькамі (мастак — Вера Задарожняя). Каб падзівіцца на малпачак, героі пільна ўглядаліся ў залу. Перамовы з праглынутым, які апынуўся ў жываце кракадзіла і быў бачны ў тэатры ценяў, ажыццяўляліся праз трубу ад пыласоса. Пакой жонкі няшчаснага змяшчаўся ў яе скрыні для капелюша. Вынаходліва былі выкарыстаны і музычныя цытаты, кожная з якіх цягнула за сабой адпаведны асацыятыўны шэраг, выклікаючы чарговую порцыю смеху. Але за ўсімі гэтымі “каленцамі” ніколькі не згубіліся ні фельетонны манер літаратурнай крыніцы, ні боль пісьменніка за “праглынутыя” добрыя памкненні.

Згаданыя пастаноўкі выкананы ў розных тэхніках і эстэтычных кірунках. Яднае ж іх вельмі ашчаднае стаўленне да традыцыі, імкненне захаваць у цэнтры ляльку і вымусіць гледача звяртаць увагу на драбнюткія дэталі, кожная з якіх пашырае і без таго неабсяжнае семантычнае поле спектакля.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"