На ўзбярэжжы… Нявы “шумнацечнай”

№ 27 (845) 05.07.2008 - 11.07.2008 г

Напярэдадні 126-х угодкаў народнага паэта Беларусі Янкі Купалы ў Дзяржаўным літаратурным музеі “беларускай песні ўладара” спецыяльна для “К” прадаставілі новыя матэрыялы, прысвечаныя пецярбургскаму перыяду (1909 — 1913 гг.) у жыцці і творчасці пісьменніка. Чытачы “К” маюць унікальную магчымасць пазнаёміцца з невядомым лістом паэта, а таксама з неапублікаванымі з 1909 года перакладамі твораў Янкі Купалы на рускую мову, якія былі ўспрыняты аўтарам далёка не лепшым чынам.

Машынапіс, поўны адкрыццяў
Пецярбургскі перыяд жыцця і творчасці Янкі Купалы яшчэ не вывучаны ў дастатковай ступені. Новыя факты з купалаўскай біяграфіі таго перыяду адкрыліся дзякуючы працы над успамінамі Яўгена Хлябцэвіча. На чарзе — грунтоўная праца з фондавымі матэрыяламі першага біёграфа і даследчыка творчасці паэта Льва Клейнбарта.
Назва 264-старонкавага машынапісу Яўгена Хлябцэвіча з праўкамі аўтара — “Матэрыялы да манаграфіі пра Янку Купалу”. Зборнік складаецца з 4-х раздзелаў: пісьмо Янкі Купалы; беларускі народны паэт Янка Купала — палымяны патрыёт, барацьбіт супраць фашызму; Янка Купала (пецярбургскі перыяд); Янка Купала і Маскоўскі гарадскі народны універсітэт імя Шаняўскага. Чытачам “К” прапануем пазнаёміцца з фрагментамі першага раздзелу машынапісу, дзе, апроч унікальных успамінаў і недрукаванага нават у Поўным зборы твораў ліста ў рэдакцыю газеты “Новая Русь”, прысутнічае, напрыклад, перапісаны рукою Хлябцэвіча верш “Прарок” з невядомым дагэтуль прысвячэннем аб’яднанню студэнтаў-беларусаў у Пецярбургу.
Распавядае сведка
Яўген Іванавіч Хлябцэвіч (1884 — 1953) скончыў Пецярбургскі універсітэт у 1913 годзе, кандыдат педагагічных навук (1947), быў адным з арганізатараў Беларускага навукова-літаратурнага гуртка ў Санкт-Пецярбургскім універсітэце. З Янкам Купалам зблізіўся ў перыяд яго вучобы на падрыхтоўчых агульнаадукацыйных курсах
 /i/content/pi/cult/167/1543/Kupala1.jpg

Яўген Хлябцэвіч.

А.Чарняева (1909 — 1913). У
студэнцкай асабовай справе Яўгена Хлябцэвіча захавалася тэлеграма з Бельска ў Пецярбург да Купалы, дзе ён просіць напісаць за яго заяву ў канцылярыю Пецярбургскага універсітэта аб яго пераводзе ў Варшаўскі універсітэт. Гэты дакумент, напісаны рукой Купалы, захаваўся ў асабовай справе Хлябцэвіча, што зберагаецца ў Пецярбургскім дзяржаўным гістарычным архіве.
У газеце “Новая Русь” за 9.11.1909 г. пад псеўданімам “Яўгеньеў” Хлябцэвіч змясціў рэцэнзію на першы зборнік паэта “Жалейка” (дзякуючы гэтай публікацыі стала магчымым устанавіць, што “в октябре 1909 г. арест с “Жалейки” был снят”), даў высокую ацэнку творчасці паэта ў дакладзе “Нарыс беларускай народнай думкі” на адным з пасяджэнняў студэнцкага гуртка (1912), а ў працы “Адраджэнне беларускай народніцкай літаратуры” ў кнізе “Беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў Санкт-Пецярбургскага універсітэта” (1914) ім адводзілася асаблівае месца ў развіцці новай беларускай літаратуры Купалу і Коласу.
Яўген Хлябцэвіч даслаў у музей успаміны пра Янку Купалу, якія асвятлялі як асобныя моманты, так і цэлыя перыяды жыцця і дзейнасці паэта. Зборнік складаецца з чатырох раздзелаў, а кожны раздзел — з некалькіх варыянтаў аднаго і таго ж матэрыялу, дасланых, відавочна, у розны час, але пазней паяднаных тэматычна.
“Чужому рабі” ці “У панов рабы”?
Першы раздзел зборніка пачынаецца артыкулам Яўгена Хлябцэвіча пад назвай “Письмо Янки Купалы”, дзе аўтар распавядае пра падзеі канца 1909 года, калі кнігавыдавецтва “Разум” выпусціла ў Пецярбургу “Альманах-каляндар для ўсіх на 1910 год”. Пісьменнік С.Ан-скі змясціў у календары “Чытанне на кожны месяц: вытрымкі з твораў мастацкай літаратуры, якія адлюстроўвалі жыццё і творчасць народаў, што насялялі Расійскую імперыю (студзень — аб Расіі; люты, сакавік — вялікарусам; красавік — “маларосам”; май — беларусам і г. д.).
 /i/content/pi/cult/167/1543/Kupala2.jpg
Янка Купала з беларускімі студэнтамі ў Пецярбургу, 1910.

У майскай падборцы быў змешчаны артыкул “Беларусы” (аўтар не ўказаны, магчыма — Яўхім Карскі), верш Янкі Лучыны “Родная зямля” ў перакладзе на рускую мову таго ж С.Ан-скага, урывак з твора Івана Тургенева “Палессе”, апавяданне Аляксандра Пшчолкі “Фрол з Дуброўкі”… Быў у кнізе і партрэт Францішка Багушэвіча, але подпіс пад ім стаяў такі: “Я.Купала, беларускі паэт”. У тым жа “Альманаху-календары для ўсіх” былі змешчаны два вершы Янкі Купалы ў дрэнным перакладзе, усё таго ж С.Ан-скага.
Параўнайма арыгінал і пераклад С.Ан-скага. Гэта знакаміты верш Янкі Купалы “З песняў беларускага мужыка”:
Я багач, я магнат!
Усім рад, усім сыт!
Што мне пан, што мне кат!?
Цэлы свет мне адкрыт!
Я ўсё закляну,
Усё сілай папру,
З гор зраблю даліну
А з далінкі гару!
Затрымаю ваду,
Цёмны бор павалю,
А як з сошкай пайду,
Увесь свет накармлю!
Кажуць, бедны дух мой:
Я ж такі маладзец!
Замахаю касой,
Трупам ляжа сівец!
Кажуць, — крыўджу людзей;
Ах, каб іх жа багі!
Ці ж не з працы маей
Карыстае другі?!...
Эй, дуж я да ўсяго
На раллі, на лугу!
Толькі гора свайго
Я змагці не магу!..
Толькі шнур мой вузкі
Град на полі пажне,
І залом ведзьмакі
Заплятуць на мяне;
Толькі ў хатцы маей
Зімой свішча віхор,
Хлябок вынесе змей,
Дроў не дасць панскі бор;
Толькі як памру я,
Прападаю як мыш,
Няма хоць бы гнілля
На труну і на крыж...
Толькі, як памру я,
Не ўмірае бяда,
Хоць з магілкі маей
Змые насып вада...
А вось пераклад С.Ан-скага пад назвайПесня белорусского мужика”:
Я богат, я магнат, всем доволен и сыт.
Кто мне пан. Кто мне брат.
Предо мною мир открыт,
Силой все заберу, темный бор повалю,
А с сохой как пройду — весь я мир накормлю.
Да. Я мастер на все, все могу я сносить,
Только горе свое не могу победить.
Весь я скован нуждой, цепь моя коротка,
В поле ведьма плетет злой “залом” на меня.
Всех кормлю и холю, всем богатство даю.
Сам же наг я и сир и обиды терплю.
И когда я умру — не смягчится мой рок:
Мне на гроб и на крест не найдется досок.
И когда я умру — злой мой рок не умрет,
И с могилы моей ветер насыпь снесет.
І другі не менш вядомы за папярэдні купалаўскі твор “З песняў мужыцкіх”:
Няма хлеба, няма солі,
Чужому рабі,
Няма шчасця, няма долі,
Вот тут і жыві!
Вот зіма, мароз вялікі,
Дровы ў Менск цягні:
Дзеткі змерзлі: енкі, крыкі:
Вот тут і жыві!
Прайшла зімка, цёпла стала,
Вясна на зямлі,
А тут корму, хлеба мала,
Вот тут і жыві!
Вясна, лета — час рабочы:
Ары, касі, жні;
Пот крывавы заліў вочы:
Вот тут і жыві!
Прайшло лета, прыйшла восень,
Падаткі нясі;
А дзяцей абдзёртых восем!
Вот тут і жыві!
Вот і будзь шчаслівым, браце,
Долі не кляні:
Холад, голад, бяда ў хаце;
Вот тут і жыві!...
У палацы п’юць, гуляюць,
Свецяцца агні,
Мяне ж з хаты выганяюць...
Вот тут і жыві!..
Рускамоўны пераклад верша С.Ан-скага без ведама і згоды аўтара пад назвай Мужицкая песня”:
Нет ни хлеба, нет ни соли,
У панов рабы,
Нет ни счастья, нет ни доли,
Так вот и живи.
Вот зима, мороз великий,
В город лес вези.
Дети мерзнут, стоны, крики,
Так вот и живи.
Весна близко, потеплело,
Радости не жди.
Корму мало, хлеб доели,
Так вот и живи.
Вот и лето наступает
Целый день ори…
Очи слепнут, силы тают…
Так вот и живи.
Только осень наступает,
Подати неси.
Хлеб, скотинку отбирают,
Так вот и живи.
Там, в хоромах, пьют, гуляют,
Светятся огни,
А меня с земли сгоняют…
Так вот и живи. 

Алена БУРБОЎСКАЯ, вучоны сакратар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы
(Заканчэнне будзе.)

Даведка “К”
Успаміны трапілі ў фонды музея, калі жонка паэта Уладзіслава Луцэвіч у 1950-ыя стварала сталую экспазіцыю. Як дырэктар яна звярталася да розных асоб, у тым ліку і да Яўгена Хлябцэвіча, які добра ведаў Янку Купалу па Пецярбургу, бо гады іх вучобы практычна супалі (1909 — 1913).Спадчына паэта была параскідана дзвюма сусветнымі войнамі. У 1941-ым згарэлі дом і дача паэта, а разам з імі — купалаўскі архіў і багацейшая бібліятэка. А рукапісны архіў, які быў здадзены пісьменнікам у 1921 годзе ў Нацыянальную бібліятэку, разам з фондам установы вывозіўся нямецкімі акупантамі з Мінска. На шчасце, вялікая колькасць матэрыялаў вярнулася (цягнік з архівам затрымаўся на Украіне), у тым ліку і рукапісы Янкі Купалы.
Памочнікамі Уладзіславы Францаўны пры фарміраванні экспазіцыі былі вядомыя беларускія літаратары і прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі. Сведчаннем застаўся гэты архіўны фотаздымак пачатку 1950-х, які ўпершыню друкуецца цалкам.
На здымку (злева направа): Піліп Пестрак, Алеся Александровіч, Валянцін Таўлай, Уладзіслава Луцэвіч, Янка Брыль, Лідзія Таўлай, Алесь Бачыла.