Не самасцвярджацца за кошт дзяцей і артыстаў!

№ 32 (1367) 11.08.2018 - 18.08.2018 г

Універсітэты філосафа-кампазітара
Сёння, 11 жніўня, спаўняецца 55 гадоў выдатнаму кампазітару Леаніду ШЫРЫНУ, які ўжо шмат гадоў з’яўляецца хітмэйкерам № 1 сучаснай папулярнай музыкі Беларусі. Дамаўляючыся з юбілярам аб інтэрв’ю, у яго голасе я не пачуў захопленых нотак ад прапановы стаць галоўным удзельнікам такой гутаркі. Але, выказваючы павагу “К”, ён усё ж такі сустрэўся з карэспандэнтам выдання.

/i/content/pi/cult/704/15428/DSCN6414-S.jpgДобры, дрэнны, злы…

— Нешта ты не меў асаблівага жадання раздаваць СМІ “юбілейныя” інтэрв’ю.

— Калі б ты звярнуўся гадоў пятнаццаць таму, з задавальненнем адказаў бы на пытанні, чаго я планую дасягнуць у будучыні і якімі надзеямі жыву. А цяперашні мой узрост ужо схіляе да аб’ектыўнага ўспрымання рэчаіснасці. Чаго мне цяпер ад жыцця хочацца? Як мага даўжэй адчуваць сябе ў душы маладым, як мага даўжэй быць здольным хаця б проста працаваць, а не толькі замахвацца на нешта глабальнае. Ружовыя акуляры я ўжо не так часта апранаю.

— Ага! Сёння ты большы філосаф, чым тады, калі быў студэнтам БДУ!

— Тады я часта цытаваў нейкія вялікія фразы. Але разумеў іх, у сілу юных гадоў, вядома ж, часткова. Сёння ж разумею глыбей. Памятаеш, як у Пушкіна: “Тьмы низких истин мне дороже нас возвышающий обман...”

— А дарэчы, чаму Шырын не працягнуў далей займацца навукай?

— Ой, гэта такая доўгая гісторыя. Я дысертацыю амаль напісаў, трэба было здаваць кандыдацкі мінімум, але... Ці шкадую? Не.

— Я таксама працытую. Слесар Гоша ў фільме “Масква слязам не верыць”, праслухаўшы ўсхваленні калегаў па інстытуце ў свой адрас, паведамляе каханай Кацярыне і яе дачцэ Аляксандры: “І казалі яны чыстую праўду. Але ўжо вельмі я нейкі ідэальны атрымаўся”. У маіх гутарках з нашымі артыстамі часам усплывала і тваё прозвішча. Дык вось, ні адзін з іх ніводнага дрэннага слова пра цябе не сказаў. Распавядзі тады сам аб сваiх адмоўных якасцях.

— Бывае, нейкая творчая неўрастэнія ахоплівае. Залішняе самаедства, нездаровая самакрытычнасць...

— Гэта дакладна якасці са знакам мінус?

— Па-мойму, так. І наогул: думаю, мне як чалавеку трэба быць дабрэйшым. Асабліва калі я не на публіцы.

— А з выканаўцам можаш быць злым? Дапусцім, прыйшоў да цябе імярэк на запіс песні — і зусім не разумее, пра што яна, як спяваць. Ну і ты яму: “Давай, няздара, да пабачэння!”

— Ніколі! Гэта не мае лексікон і пазіцыя! Мая функцыя — растлумачыць, пакінуць шанец самому разабрацца. Калі нешта не атрымліваецца, дзверы павінны заставацца адчыненымі. Трэба неяк так будаваць камунікацыі. Калі ж перайсці “чырвоную лінію”, то можна назаўжды загубіць у чалавеку нават зародкі чагосьці творчага — таго, што здольнае ў ім прарасці. Кожны павінен прайсці свае ўніверсітэты, а жыццё пакажа, хто чаго варты. Нельга самасцвярджацца за кошт дзяцей і жанчын!

— І артыстаў? Яны — тыя ж дзеці?

— Колькі б ім ні было гадоў.

Шлях дадому

— Лідар маскоўскага гурта “Несчастный случай” Аляксей Кортнеў неяк сказаў, што можа напісаць замоўленую яму песню за гадзіну — дзве. І гэта будзе не халтура, а матэрыял якасны.

— Тое самае. У мяне як у чалавека, які пастаянна знаходзіцца ў прафесіі, ёсць нейкія напрацоўкі, што круцяцца ў галаве. Ёсць, у рэшце рэшт, проста навык. У апошнія гады я стараюся, каб мая праца па напісанні песень была арганічнай. І эканомнай у плане выдаткаванага на гэта часу. Але на замову я стаў пісаць значна менш, хаця такая справа — асабліва ў пачатку дзейнасці — вельмі дысцыплінуе. Больш цяпер пішацца па...

— ...натхненні?

— Ну, назаві гэта так.

— І вось, прыходзіць табе замова — умоўна, ад прадстаўніка Лаймы Вайкуле. І натхненне тады адкладаецца ў доўгую скрыню, а пачынаецца праца для замежнай зоркі?

— Адрэагую па сітуацыі: наколькі я ў гэты момант заняты / не заняты чымсьці іншым. Калі кудысьці на той момант я ўжо вельмі сур’ёзна “заехаў” (цяпер я, напрыклад, увесь у напісанні балета), за замову магу і не ўзяцца. Дакладней, папрашу аб адтэрміноўцы выканання. І ўвогуле, Шырын ужо даўно не той чалавек, які ледзь не скача ад радасці, калі яго просяць нешта напісаць.

— З чым цяпер вялікая “засада” ў папулярнай музыцы — з песнямі або артыстамі?

— З часам. Цяпер ён такi, што, на першы погляд, не патрабуе ад чалавека вялікіх намаганняў па самарэалізацыі. Ён знішчыў іерархію ва ўсім — у тым ліку, і ў мастацтве. Сёння многія лічаць, што яны адбыліся — нічога для гэтага не зрабіўшы хоць трохі істотнага. Для таго каб па-сапраўднаму стаць асобай, чалавек спачатку павінен вырашыць пытанні ва ўзаемаадносінах з самім сабою, з навакольным светам. Калі парадак светабудовы не адлюстраваны адэкватна ў яго галаве, ён яшчэ ніхто. Колькасць пустэчы, якая гуляе сёння ад чалавека да чалавека, катастрафічная. А гэта “выклік” і для музыкі.

Пра якіх асобаў сёння кажуць? Пра тых, хто апублікаваў у iнстаграме сваё смелае фота з Мальдываў. А не пра тых, хто перачытвае Гегеля. Кажуць пра тых, у каго мікрафон з рук выпаў на сцэне. Такі час — суцэльнага “хайпу”, КВЗ, “развлекона” і вечнай фізкультуры замест урокаў фізікі або літаратуры. Калі я са сваімі сябрамі прыдумляў у інтэрнаце нейкія смешныя фразачкі, то і падумаць не мог, што падобная творчасць некалі будзе лічыцца чымсьці значным.

— Растлумач, чаму ўсе гэтыя “галасы” ў Расіі і Украіне жывуць ужо шмат гадоў у тэлеэфіры, а наш аналаг — “Акадэмія талентаў”, у якой ты засядаў як прадзюсар, — так хутка выпусціў дух? Так, мякка скажам, праект не надта шмат даў выканаўцаў, якія цяпер у цэнтры ўвагі. Але і яго расійскія і ўкраінскія сваякі таксама не могуць пахваліцца, што спрыялі з’яўленню пляядаў зорак.

— Справа, вядома, у ёмістасці ўласнага музычнага рынка. У Беларусі маса таленавітых выканаўцаў — і зусім юных, і ўжо дасведчаных. Але “пераварыць” іх усіх краіна не можа — з прычыны абмежаванай колькасці слухачоў. У дадатак, яшчэ гастралёры ствараюць канкурэнцыю — і не толькі з былога Саюза. Варта прайсці міма пары афішных тумбаў у Мінску, каб галава ад канцэртных прапаноў закружылася. Ахопіць беларускі талент канцэртным турам прымальныя для выступленняў пляцоўкі ў краіне, потым на наступны год — усё па коле. І куды яму пасля гэтага рухацца?

— Адна твая выпускніца “Акадэміі” перабралася за мяжу.

— Так. Але праект гэты абавязкова патрэбны. Інакш — застой. Хай маладыя артысты заяўляюцца. Хай спрабуюць заваяваць сваё месца пад сонцам беларускай эстрады. І хай з’язджаюць, калі ўжо так складзецца. Усё роўна яны нашыя. Не ведаю, чаму іх нехта перастае лічыць сваімі — і яны адчуваюць гэта. Пачытаеш інтэрв’ю іншага выканаўцы — а там крыўды нейкія. А ад крыўдаў да забыцця радзімы — адзін крок. Так і раскідваемся талентамі. Лічу, для іх
заўсёды павінен быць адкрыты шлях дадому.

— І такое пытаннейка табе падрыхтаваў... Ніколі не хацелася забараніць нейкаму артысту выконваць свае песні — па якой-небудзь прычыне?

— Парывы такія здараюцца... Але! Калі ў аўтара адна песня, то яе, вядома, трэба берагчы ад замахаў няздараў. А калі песень больш за трыста, трэба думаць пра іншае: як напісаць новыя, пажадана, лепшыя, чым папярэднія. І толькі ў асобных выпадках варта адстойваць свае правы. Але калі чалавек пачынае татальна кантраляваць уласную паляну, то творчасць аднойчы заканчваецца — проста часу на яе ўжо не застаецца. Я так думаю. Увогуле, напішы, што ўсё індывідуальна...

Не ўсё гэта рок-н-рол

— Калі прамаўляеш прозвішча “Шырын” у асяроддзі старых рок-фанатаў, чуеш у адказ: гурт “Новае неба”, у якім ты граў на гітары з канца 1980-х па сярэдзіну 1990-х — гэта было наша ўсё. Але калі б ты і далей рушыў тым шляхам, то, пэўна, лабаў бы цяпер каверы ў рэстаранах.

— А я рады за сваіх аднагодкаў, якія граюць сёння каверы! Значыць, яны нешта яшчэ могуць, да чагосьці імкнуцца, усё яшчэ жывыя! Думаю, пакуль не ўсё я рэалізаваў у рок-музыцы. Ніколі ж не кажы “ніколі”, праўда? Калі так складзецца лёс, то я нешта такое “алдскульнае”, артадаксальнае, каранёвае ў року абавязкова прыдумаю. Але не рок-н-рол дзеля рок-н-ролу разам з усім тым ладам жыцця: здароўе ўжо не тое.

— Праект Da Vinci — гэта для цябе як забаўка?

— Не, як лабараторыя. Гэта яшчэ адно маё даследаванне музыкі. Франтмэну праекта Дзянісу Дудзінскаму было цікава рэалізаваць сябе і ў гэтым амплуа. Мне ж было цікава, наколькі песні на італьянскай мове прыжывуцца ў нашым асяроддзі. Кактэйль адбыўся, на мой погляд. І не забывай пра мае артыстычныя амбіцыі, хай і невялікія! Я ж толькі ў маладосці стаяў на сцэне, а тут вунь як
разышоўся, прыемна! І граю я ў Da Vinci сам сябе — такога, які ёсць на самой справе, не нацягваючы чужародны імідж.

— Калі б я папрасіў цябе скласці альбом тваіх лепшых песень, якія кампазіцыі ў яго абавязкова ўвайшлі б?

— Хутчэй, не лепшыя, можа быць, а дарагія мне песні. Тады гэта, напрыклад, “Срэбны дождж” у выкананні Людмілы Краўцовай — таму што гэта першая мая песня, якая прагучала ў эфіры (зняты на яе кліп у 1990-х пракруцілі Саша Цэкала і Лаліта ў тэлеперадачы “Ранішняя пошта”). Гэта “Абарваная струна”, якую мы склалі разам з Алесем Камоцкім і якую праспяваў Стэфан. “Белае неба”, якую спявае Ціна Караль, “Амадэй” — Уладзімір Праснякоў, “Я цябе знайду” — Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч. Спяваў... Running Man выконвала Corriana. Памятаеш такую беларускую спявачку?

— Я памятаю, як некалькі месяцаў напяваў “Это просто февраль, это просто печаль…” — настолькі затрымалася ў маёй галаве гэтая песня гурта “Лета”. Напяваў, не ведаючы, што музыка і словы яе — былога рокера Леаніда Шырына.

— Так, Алег, не заўсёды наш слухач ведае аўтараў песень. Такі ўжо мой лёс.

Фота аўтара

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"