Воля да кіно

№ 32 (1367) 11.08.2018 - 18.08.2018 г

Кінагурманам Беларусі дакладна знаёмае імя чалавека, які (або, нехта ўдакладніць, якая) ужо чацвёрты год ладзіць кінафестываль “Паўночнае ззянне”. Не так даўно да яе асноўнай дзейнасці праграмнай дырэктаркі дадалася яшчэ адна, вельмі важная — прадзюсіраванне. У 2016 годзе яна стварыла ўласную прадакшн-кампанію Volia Films і цяпер актыўна працуе на гэтай глебе. Пра тое, якія вынікі можа мець паспяховы пітчынг і як выжываць у стрэсавых умовах, Воля ЧАЙКОЎСКАЯ распавядае “К”.

/i/content/pi/cult/704/15427/DSC_0122-777777_op-St.jpgЖурфак быў толькі пачаткам

— Падчас вучобы на факультэце журналістыкі ўсе мае курсавыя былі прысвечаны кіно. Я займалася рознымі даследаваннямі, кінакрытыкай. Пасля шмат пісала ў газеце “Звязда”, вяла ўласныя калонкі ды блогі на розных рэсурсах, глядзела шмат фільмаў. Затым скончыла спецыяльныя курсы CICAE “Арт-менеджмент для куратараў арт-кінатэатраў” пры Венецыянскім кінафестывалі, а зусім нядаўна і курсы для прадзюсараў Emerging Producers у Чэхіі. Цяпер паступіла ў магістратуру ў Таліне на курс “Рэжысура і прадзюсіраванне дакументальнага кіно” пры Балтыйскай школе кіно і медыя. Мне гэта патрэбна для падмацавання тэарэтычнай базы і ўзбагачэння ўласнага досведу.

Дзякуючы журналісцкай прафесіі я здолела пазнаёміцца з рэальнымі людзьмі, якія здымаюць рэальнае кіно і сутыкаюцца з рэальнымі праблемамі. У пэўны момант адчула, што мне стала менш цікава пісаць пра праблемы — яны не вырашацца, пакуль я не зраблю нешта сама. Гэта стала для мяне штуршком да ўласнай дзейнасці на ніве кіно.

Майстэрства пітчу

— Дзеля таго, каб прадставіць свой праект ці знайсці фільм для праграмы “Паўночнага ззяння”, апошнія чатыры гады я рэгулярна езджу на розныя кінафестывалі. Была ўжо на Канскім, Берлінскім, Венецыянскім, Гётэборгскім, Хельсінскім, Вільнюскім, Рыжскім, Талінскім, Барселонскім.

Фестывалі патрэбны прадзюсару найперш для пітчынгу. Гэта магчымасць прадставіць свой праект патэнцыйным фундатарам, пакупнікам або людзям, якія могуць уступіць з табою ў капрадукцыю. На пітчы каманда паказвае прома-матэрыялы, распавядае пра фінансавы складнік фільма, пра тое, на якой стадыі вытворчасці ён знаходзіцца. У журы, якое прымае рашэнне падтрымаць твой праект ці не (яго членаў называюць дзісіджмэйкерамі), уваходзяць прадзюсары, прадстаўнікі тэлекампаній, сэйлз-агенты, фундатары і мецэнаты з усяго свету. Для мяне такая праца з’яўляецца пастаянным нэтворкінгам, які ўзбагачае: ты заводзіш новыя стасункі і вучышся разумець, з якім прадзюсарам можна выпрацаваць супольную стратэгію. У 2016 годзе ў Карлавых Варах я пітчынгавала свой праект “Дарога” рэжысёра Дзмітрыя Калашнікава. Пасля гэтага знайшла сэйлз-агента і атрымала шмат водгукаў — нават у такіх выданнях, як The Hollywood Reporter і Variety.

Супадзенне па ладзе мыслення

— Цяпер у мяне ў распрацоўцы 8 праектаў ад маладых рэжысёраў. Аддаю перавагу тым людзям, з якімі мне ўдаецца выбудаваць прадуктыўную і заснаваную на даверы камунікацыю, з якімі я супадаю па ладзе мыслення. Volia Films ужо выпусціла два фільмы: “Дарогу” і “Тэст-730” Дар’і Кароль. Два праекты на стадыі пост-прадакшна: “Мастацтва ЖЭС-арту” (працоўная назва) Максіма Шведа і “Бабуля” Сашы Міхалковіча. Яшчэ два фільмы ў распрацоўцы: адзін робяць беларускія рэжысёркі, яшчэ адзін мы здымаем у Токіа. VF займаецца выбудоўваннем стратэгіі дыстрыбуцыі. У прыватнасці, у мяне ёсць некалькі найменняў, з якімі я таксама працую — эстонская дакументальная стужка “Крохкі свет” Анса Таймека і праект Юліі Шатун.

“Дарога”

— Апошні наш фільм “Дарога” — гэта эксперыментальная работа пецярбуржца Дзмітрыя Калашнікава. Ідэя прыйшла вельмі проста. Дзіма працаваў у дарожнай інспекцыі, дзе манціраваў відэа “Як НЕ трэба вадзіць машыну” з ролікаў відэарэгістратараў. З часам ён заўважыў у гэтым матэрыяле антрапалагічную значнасць і зразумеў, што з яго можна зрабіць паўнаметражны фільм. Прэм’ера адбылася спачатку ў Амстэрдаме ў 2016 годзе, а потым і ў Мінску сёлета на “Паўночным ззянні”. За два гады стужка аб’ездзіла 35 гарадоў ЗША, паўдзельнічала ў шматлікіх кінафестывалях. Ужо ўвосень я планую зладзіць яе пракат у мінскіх кінатэатрах.

На жаль, дырэктары нашых абласных кінапракатаў ставяцца даволі скептычна да ідэі паказваць новае кіно, якое не збярэ такую ж колькасць гледачоў, як, напрыклад, амерыканскі блокбастар — кінатэатры губляюць свае зборы.

/i/content/pi/cult/704/15427/28-777777_opt-S.jpgМесца для самарэалізацыі

— Цяпер беларускі кінарынак функцыянуе так, што нават калі б наша Акадэмія мастацтваў ці іншая ўстанова выпускала першакласных прадзюсараў, у іх проста не было б месца для самарэалізацыі. Хранічна бракуе тых праектаў, дзе патрэбны такія спецыялісты. Прадзюсар — гэта чалавек, які пастаянна працуе ў сферы эканомікі, юрыдычных, прававых і арганізацыйных пытанняў вытворчасці. А ў нас студэнтаў вучаць размяркоўваць бюджэт на кінакарціну ў той сітуацыі, калі кінастудыя не шукае грошы, а мае іх дэ-факта. Навошта тады фінансавы план, стратэгія?

Кінарынак прадугледжвае размаітыя магчымасці атрымаць фінансаванне на конкурсных умовах. А ў нашай краіне можна знайсці толькі абсталяванне — шмат кампаній гатовыя ўвайсці ў твой праект менавіта ім. Самая вялікая складанасць у Беларусі — гэта здабыць на фільм жывыя грошы.

Ці ёсць у нас кінарынак?

— Мы часта гаворым пра кінарынак, але не ўсе дакладна
разумеюць, што гэта такое. Кінарынак — эканамічная дэфініцыя, ён уключае ў сябе шмат розных аспектаў: нацыянальны кінапракат, domestic distribution — пракат унутры краіны, фестывалі, індустрыяльныя платформы і пляцоўкі для камунікацыі і нэтворкінгу, механізм прыцягнення замежнікаў да здымак у Беларусі, сетку кінатэатраў, адкрытых для таго, каб паказваць новае кіно, кінапрэсу, якая фарміруе публічнае меркаванне, урэшце — падрыхтоўку кадраў, якія могуць абслугоўваць гэтую індустрыю.

Важны чыннік кінарынка — магчымасць капрадукцыі з іншымі краінамі. Аднак у нас не падпісаны канвенцыі па кінавытворчасці практычна ні з якімі еўрапейскімі дзяржавамі. А гэта значыць, што калі ў Беларусі ёсць дзяржаўныя грошы на кіно, мы не можам на афіцыйным, легітымным узроўні ўступіць у капрадукцыю з замежнымі вытворцамі, паколькі ў нас няма для гэтага заканадаўчай базы. Прыватныя кінакампаніі вольныя рабіць усё, што заўгодна, калі ў іх ёсць грошы. Але калі замежны прадзюсар разумее, што ў кампаніі няма public money — бюджэтных сродкаў — у яго адразу ўзнікае шмат сумневаў адносна супрацоўніцтва з табою. І нікому не патлумачыш, што ў нас іншая сістэма, і незалежнаму прадзюсару вельмі складана тыя public money атрымаць. Таму на пытанне, датычнае стану беларускага кінарынку, я магу адказаць: яго няма.

Прадзюсар як амбасадар

— З моманту распрацоўкі фільм праходзіць яшчэ шмат этапаў: прадакшн, постпрадакшн, фінальны мантаж і прасоўванне на кінафестывалі. Мы пачынаем шукаць пляцоўкі, дзе зрабіць сусветную прэм’еру фільма, сэйлз-агента, прадумваць далейшую фестывальную стратэгію. Думаем, што будзе пасля, на якім тэлеканале тую карціну можна паказаць, на якую тэрыторыю прадаць. Напрыклад, адзін з варыянтаў — змясціць стужку на Video on Demand: платформы, на якой ты плаціш грошы і па запыце можаш паглядзець фільмы з каталогу. На гэтым шляху варта прыдумаць шмат цікавых піяр-кампаній, стварыць вэб-сайт фільма, піярыць яго праз сацыяльныя сеткі, зрабіць прэм’еры ў розных гарадах з удзелам здымачнай групы, надрукаваць постары, буклеты, флаеры.

Прадзюсар — гэта свайго роду амбасадар, які займаецца прасоўваннем лакальнага кантэнту і падтрымлівае мясцовых аўтараў. Я шмат гадоў працую на ніве беларускага кіно, вельмі стараюся, каб у нас нешта адбывалася і людзі не апускалі рукі.

Ды і тое, што робіцца на
“Паўночным ззянні” — стымул для развіцця як для беларускіх кінадзеячаў, так і ўвогуле для аматараў кіно: яны маюць унікальную магчымасць паглядзець цікавыя стужкі, якія болей нідзе не ўбачыш.

Гіперадказнасць

— У нейкі момант я зразумела, што калі працягну так гіперадказна ставіцца да сябе і сваёй справы, псіхічна проста не вытрымаю. Трэба адносіцца да ўсяго прасцей, атрымліваць задавальненне ад таго, што ты робіш. І калі ты гэтаму навучышся, ёсць шанец не з’ехаць з глузду.

Фота аўтара

Аўтар: Ганна ШАРКО
карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"