Нейкі час мы з ім ладзілі слоўныя бітвы ў інтэрнэце — па самых розных прычынах. І ніхто не хацеў саступаць. Але, на шчасце, да абразаў, пасля якіх мяжу разладу назад ужо не перайсці, не даходзіла. Першым звычайна рабіў крок насустрач ён — увесь вытканы з супярэчнасцяў, з кіданняў ад плюсу да мінуса і наадварот, з перманентна пераменлівым настроем. Умераны аптыміст па-за творчасцю, у песнях ён быў, у асноўным, беспрасветным песімістам. Так і ішоў па жыцці: і смеючыся, і пакутуючы — ад уласнай недасканаласці і ад недасканаласці навакольнага свету.
Ён не быў вялікім рок-паэтам. Хутчэй, быў майстрам вобразаў — кліпавага мыслення ў песнях. Яго асобныя радкі — быццам бы, няскладныя, ды што там, нярэдка проста каравыя — у выніку збіраліся ў цэльны твор, у якім раптам усё станавілася зразумела — хоць бы на ўзроўні адчування. Ён любіў распавядаць гісторыю, якая некалі адбылася з ім у Маскве, калі ён праходзіў кастынг у знакамітых расійскіх прадзюсараў, што падумвалі ўзяць пад сваё крыло беларускi альтэрнатыўны гурт. “Як гэта разумець?” — пыталіся яны і цытавалі яго хіт: “А судьба в ушанке синее переехала комбайном”. Так і не змог франтмэн нічога ім растлумачыць. І застаўся беларускім альтэрнатыўшчыкам.
I ён быў вялікім рок-музыкантам. З гэтым яго анархісцкім “бязмежжам” на сцэне, з меладычнымі кампазіцыямі. Гурт, у якiм ён верхаводзіў, аказаўся на іх дзіўна багаты — пры тым, што граў пераважна агрэсіўную музыку.
“Пока еще всё в порядке и есть ниоткуда руки. Немерено под глазами любви и забытой разлуки. В прихожей ненужные вещи — на многие синие годы. Я был бы любезен народу, если был бы любезен. И так можно жить, и так можно жить, и так…” — спяваецца ў адной з маіх найулюбёных яго песень. У Аляксандра Башлачова быў “Час званочкаў”, у Барыса Грабеншчыкова з “Аквариума” — “Час Месяца”, у Канстанціна Кінчава з “Алисы” — “Час мяняць імёны”, ва Уладзіміра Шахрына з “Чайфа” — “Час не чакае”. У Аляксандра Кулінковіча з “Нейро Дюбеля” — “Час развітацца”. І вось ён прыйшоў…
“Я памру тут” — спяваў гэты анфан тэрыбль айчыннага андэрграўнда. Сваё абяцанне ён выканаў.