“Хадайніцтва адхіліць”

№ 31 (1366) 04.08.2018 - 11.08.2018 г

У адным з мінулых нумароў “К” пісала пра тое, з якой адвагай ды ўтрапёнасцю жыхары вёскі Мядзведзічы адстойвалі сваю святыню — Петрапаўлаўскі касцёл, які не раз хацелі зачыніць улады. Такі выпадак не адзінкавы. У архівах мне ўдалося выявіць нямала прыкладаў падобнага супрацьстаяння. Прыгадаю тут хіба некалькі — датычных першых дзесяцігоддзяў савецкай улады. Тады вернікаў яшчэ не пакінула надзея на паразуменне з уладамі, якія ва ўвесь голас абвяшчалі свабоду веравызнання.

На птушыных правах

Ганенне на царкву з боку партыйных і савецкіх органаў пачалося амаль адразу пасля ўсталявання новай улады. Ужо 23 студзеня 1918 года дэкрэтам ЦВК Расіі “Пра адлучэнне царквы ад дзяржавы і школы ад царквы” былі ліквідаваны прывілеі рэлігійных арганізацый. Уся царкоўная маёмасць аб’яўлялася агульнанароднай. Праўда, будынкі і прадметы, прызначаныя для рэлігійнага культу, па дагаворах з мясцовымі органамі ўлады перадаваліся царкве на бясплатнае карыстанне. Але царкоўныя служыцелі ўжо тады былі пазбаўлены правоў юрыдычнай асобы. У школах забаранялася выкладанне рэлігійнага вучэння, а таксама арганізацыя і правядзенне ўсялякага роду “рэлігійнай прапаганды”. Камуністычная партыя, у сваю чаргу, разглядала атэістычнае выхаванне як важны складнік ідэйна-выхаваўчай работы

У далейшым меры дыскрымінацыйнага характару выкарыстоўваліся самыя размаітыя. Святары былі пазбаўлены выбарчых правоў, не маглі атрымаць ад дзяржавы дадатковай зямлі ў сваё карыстанне, не мелі права будаваць новых культавых памяшканняў, іх дзецям адмаўлялі ў прыёме ў камсамол і гэтак далей.

У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь захоўваецца шмат дакументаў, па змесце якіх можна ўявіць, якім было становішча служыцеляў культу ў 20 — 30-я гады мінулага стагоддзя. Аб чым толькі не пісалі ў розныя інстанцыі вернікі, з якімі толькі праектамі і скаргамі не звярталіся яны ў мясцовыя і ўрадавыя ўлады! Вось некалькі прыкладаў такіх дакументаў.

На працягу ўсяго 1926 года католікі з вёскі Блонь Пухавіцкага раёна дабіваліся бязвыплатнай перадачы жылога дома пры касцёле ў карыстанне яго святарам. Мяркуючы па ўсім, той дом ад пачатку быў плябаніяй і прызначаўся менавіта для гэтага. Гутарка, па сутнасці, вялася пра вяртанне рэлігійнай супольнасці гэтай плябаніі. Хай сабе, і на птушыных умовах “бязвыплатнага карыстання”.

Пытанне разглядалася Пухавіцкім раённым і Мінскім акружным выканкамамі, Цэнтральным выканаўчым камітэтам Кампартыі БССР. І ўсё безвынікова. Не дапамог і зварот прыхаджан да “усесаюзнага старасты” Міхаіла Калініна. У допісе на адрас ЦВК СССР падрабязна і аргументавана тлумачылася, што дом пры касцёле яшчэ да рэвалюцыі быў пабудаваны самімі вернікамі на свае асабістыя сродкі. Дзяржава ніякага ўдзелу ў яго будаўніцтве не прымала. Болей за тое, святары гатовы былі атрымаць плябанію нават у арэнду!

Нягледзячы на ўсе доказы і проcьбы рэлігійнай абшчыны вёскі Блонь, ЦВК БССР на сваім пасяджэнні 24 лютага 1927 года выдаў пастанову з двух слоў: “Хадайніцтва адхіліць”. А матывіроўкай такога рашэння стала заключэнне Мінскага акруговага выканкама, дзе сцвярджалася: “Гэты дом знаходзіцца пад канцылярыяй Блоньскага сельскага савета і здаць яго ў арэнду ці прадаць касцёлу не ўяўляецца магчымым па той прычыне, што іншага вольнага памяшкання на вёсцы няма.”

у барацьбе з “рэлігійным дурманам”

Адмоўны адказ ураду атрымала і хадайніцтва рэлігійнай абшчыны вёскі Мардашэвічы Дубровенскага раёна Аршанскай акругі. Сутнасць заявы свяшчэнніка Яўгена Гешава заключалася ў наступным. У снежні 1918 года пажар знішчыў дашчэнту вясковую царкву. Выратаваныя рэчы рэлігійнага культу размясцілі ў доме, дзе пражывалі служыцелі царквы. З гэтага часу тут жа пачалі ладзіць царкоўныя службы — і такім чынам жылы дом вымушана ператварыўся ў царкву.

З цягам часу абшчына захацела перанесці гэты дом на месца згарэлай царквы, дзеля чаго там быў зроблены новы фундамент. Аднак перанос не быў дазволены ні Дубровенскім райвыканкамам, ні Аршанскім акруговым выканкамам. Хаця, здавалася б, прычын для адмоў не было.

Супраць пераносу дома і прыстасавання яго пад царкву выказаўся і Народны камісарыят унутраных спраў БССР, палічыўшы, што “ў якасці звычайнага жыллёвага памяшкання ён можа быць скарыстаны пад кватэру, альбо для размяшчэння ў ім якой-небудзь дзяржаўнай ці грамадскай культурна-асветніцкай установы, якая будзе сваёй дзейнасцю праводзіць савецкую працу на карысць усяму насельніцтву вёскі. А калі дом будзе перанесены і прыстасаваны выключна для рэлігійна-культавых патрэб, тады будынак будзе абслугоўваваць інтарэсы толькі асобнай і пры тым найбольш цёмнай групы насельніцтва, падтрымліваючы яе рэлігійныя забабоны…”

Падобная гісторыя адбылася і з прыхаджанамі вёскі Студзянец (цяперашні Дрыбінскі раён) той жа Аршанскай акругі. Там царква таксама згарэла дазвання. Згодна з тагачасным заканадаўствам, уласнік пацярпелага ад пажару будынка мог разлічваць на страхавую субсідыю, патрэбную для яго аднаўлення. Вернікі правялі агульны сход, пастанавілі адбудаваць царкву і звярнуліся па дапамогу спачатку да
мясцовых уладаў, а затым, 16 мая 1928 года, і да беларускага ўраду. Просьба заключалася ў выдачы царкоўна-прыходскаму савету Студзянецкай царквы страхавой субсідыі на пабудову новага храма. Наіўныя сяляне верылі, што ўлада, якая называла сябе народнай, прыслухаецца да іх голасу. Але адказы іх расчароўвалі.

Старшыня Беларускага сінода мітрапаліт Іосіф з гэтай нагоды пісаў: “Адмовы ўлады зрабілі гнятлівае ўражанне на вернікаў. Член царкоўнага савета Студзянецкага прыходу з горыччу сказаў: “Я чытаў гісторыю, што нават татары не перашкаджалі будаваць царкву, а сёння свая ўлада..” І з-за слёз не скончыў прамовы “.

Як і трэба было чакаць, на пасяджэнні прэзідыума ЦВК БССР 11 чэрвеня 1928 года рашэнне аб выдачы страхавой субсідыі было прынята адмоўнае. І на гэты раз вырашальным довадам адмовы стала тлумачэнне Наркамата ўнутраных спраў БССР: “Страхавая сума за згарэлыя царкоўныя будынкі ні ў якім разе не можа быць выдадзеная групе вернікаў з прычыны таго, што яны не з’яўляюцца ўласнікамі царкоўнай маёмасці, а толькі арандатарамі. Страхавыя сумы належыць перадаваць мясцовым саветам для залічэння ў мясцовыя сродкі.”

Адным словам, хадайнічаць аб выплаце страхоўкі павінен быў сельскі савет, які ў той час гэтага ніяк зрабіць не мог, бо яму была пастаўлена задача весці барацьбу з “рэлігійным дурманам”. Юрыдычна, як бачым, усё вытлумачана так, што і не падкапаешся.

Паражэнне ў правах

Як ужо было адзначана, царкоўныя служыцелі былі пазбаўлены правоў грамадзянства. На працягу 1920 — 1930-х гадоў многія з іх не раз рабілі спробы дамагчыся ад савецкай улады аднаўлення ў статусе грамадзяніна БССР.

У Нацыянальным архіве захоўваюцца дакументы, якія адлюстроўваюць намаганні дзяка царквы вёскі Езяры Круглянскага раёна Янкі Данько атрымаць магчымасць уступіць у грамадзянскія правы. Пасля доўгай перапіскі з дзяржаўнымі ўстановамі 6 верасня 1926 года прэзідыум ЦВК БССР пастанавіў: “Хадайніцтва гр-на Данько Янкі Кузьмовага адхіліць, бо па заключэнні Круглянскага выканкама, “Данько не можа быць адноўлены ў выбарчых правах, бо галоўнай крыніцай яго існавання з’яўляюцца даходы ад абслугоўвання рэлігійнага культу, а не земляробства; што ж датычыцца надзялення Данько зямлёй, дык свабоднага зямельнага фонду ў раёне няма.”

Яшчэ ў 1924 годзе ЦВК БССР выдаў цыркуляр аб магчымасці ўступлення ў правы грамадзянства тым “служыцелям рэлігійных культаў”, якія адмовіліся ад царкоўнага сану. У тлумачэнні да гэтага дакумента было адзначана: царкоўнікі пазбаўлены выбарчых правоў таму, што яны займаюцца рэлігійнай дзейнасцю і атрымліваюць непрацоўны даход. Калі ж святары цалкам разрываюць сувязь з царкоўнай іерархіяй і “прыступаюць да вытворчай працы”, не будзе ніякай перашкоды для аднаўлення іх у правах грамадзянства БССР.

Аднак такіх “адмаўленцаў” было зусім мала. Людзі, якія прысвяцілі жыццё служэнню Богу, не маглі адным махам змяніць сваю духоўную пазіцыю і адракчыся ад царквы.

Перакаваць званы на трактары

Кампанія барацьбы з рэлігіяй несупынна набірала абароты. Паўсюдна зачыняліся прыходы, цэрквы адна за адной аддаваліся пад склады і зернясховішчы. Узмацнялася і антырэлігійная прапаганда.

Пра атмасферу тых часоў красамоўна сведчыць паведамленне ў газеце “Рабочий” за 23 студзеня 1930 года: “У акруговы савет бязбожнікаў двое сялян прывезлі з самахвалавіцкага раёна Мінскай акругі шэсць званоў, знятых з царквы, якая знаходзіцца ў вёсцы Гатава, Агульны сход бедняка-серадняцкай часткі вёскі пастанавіў хадайнічаць пра закрыццё царквы і аддачу яе пад клуб. ЦВК БССР хадайніцтва задаволіў і 19 студзеня адбылося адкрыццё клуба ў былой царкве, а прывезеныя званы перададзеныя заводу “Камунар”. Атрыманыя за іх грошы пойдуць у фонд пабудовы трактарнай калоны “Бязбожнік”.

Генадзь БАРКУН,
гісторык