Чатыры самасці

№ 31 (1366) 04.08.2018 - 11.08.2018 г

На пачатку месяца ў сталічным Палацы мастацтваў адкрыліся ажно тры новыя выставы. Практыка такіх сумешчаных вернісажаў стала ўжо пастаяннай і дэманструе свой плён — прынамсі, па колькасці наведвальнікаў. А ў самы пік “мёртвага сезону” гэта асабліва актуальна.

/i/content/pi/cult/703/15413/12.jpgВялікую залу Палаца мастацтва падзялілі чатыры персанальныя выставы, прымеркаваныя да юбілейных дат. Тое, што гэтыя абсалютна розныя поводле творчага менталітэту і прафесійнай спецыялізацыі мастакі апынуліся пад адным дахам — чыстая выпадковасць. Проста ўсе яны не так даўно дасягнулі ўзросту, які дае чальцу Саюза мастакоў права на “сольную партыю” і які вымагае азірнуцца назад, асэнсаваць назапашанае і падумаць, што рабіць далей.Уладзіміру Тамашэвічу сёлета спаўняецца 55 гадоў, Віктар Мінко летась адзначыў 50-гадовы юбілей, Уладзімір Лавецкі адсвяткаваў яго нядаўна, а самаму старэйшаму з іх — Рыгору Мяжуеву — сёлёта 60.

Уладзімір Тамашэвіч — пейзажыст у традыцыйным разуменні гэтага жанра. Ён з тых, каму падабаецца вандраваць па вясковых ваколіцах не з фотаапаратам, а з эцюднікам і фіксаваць з дапамогай пэндзля тыя краявіды, да якіх яшчэ не даехалі асфальтавы каток і газонакасілка.

Віктар Мінко — скульптар. Раней бы назвалі яго сюррэалістам, бо ў сваёй пластыцы ён спалучае тое, што ў рэчаіснасці і побач не стаяла. Але зважаючы на папулярнасць “фэнтэзі”, назаву яго хутчэй казачнікам, які праз мудрагелістыя сюжэты імкнецца данесці да грамадства простыя думкі.

Уладзімір Лавецкі паводле адукацыі манументаліст, але па жыцці — графік. Тое, што ён малюе, можа ў роўнай ступені быць ілюстрацыямі да філасофскіх прыпавясцяў і тлумачальніка невытлумачальных сноў-мрояў.

Рыгор Мяжуеў — майстар акварэлі. Ён не імкнецца да максімальна дакладнай перадачы таго, што бачыць вока. Малюючы прыродныя краявіды, помнікі гісторыі, ствараючы абстрактныя кампазіцыі ці сімвалічныя кампазіцыі з метафізічным чыннікам, ён вядзе гаворку сам з сабою, спрабуе зазірнуць ва ўласную душу. У прыродзе яго цікавяць памежныя станы, калі ўжо не восень, але яшчэ і не зіма, ужо не зіма, але яшчэ не вясна. Падобны стан дваістастасці, няпэўнасці вельмі шанаваў і наш класік Вітольд Бялыніцкі-Біруля. У Мяжуева адзін з улюбёных сюжэтаў — адліга.

Выстава чатырох мастакоў сведчыць, што нават пры наяўнасці трэндаў, якія для культурнай грамады з’яўляюцца чымсьці накшталт “лінгва франка” — і праз гэта вабяць і творцаў, і гледачоў — заўжды знойдуцца тыя, хто не будзе падладжваць мову сваёй душы пад агульнапрыняты лексікон. І не таму, што не могуць. Не хочуць. Ім цікавей выявіць уласную самасць.

/i/content/pi/cult/703/15413/13.jpg

Каардынаты пункту адліку

 

/i/content/pi/cult/703/15413/14.jpgБольш як дзесяць гадоў таму група беларускіх мастакоў утварыла суполку “Традыцыя”. Такім чынам, выставу творчага аб’яднання “Далягляды рэальнасці”, якая адкрылася ў Палацы мастацтва, можна лічыць па сутнасці юбілейнай.

У адрозненні ад чальцоў іншых мастацкіх аб’яднанняў, “традыцыйнікі” не рабілі заяў сацыяльна-палітычнага зместу, не дэкларавалі намераў узгадаваць на культурным полі штосьці такое, чаго раней не было, не клікалі назад у сацрэалізм і не звалі зноў стаць на
рэйкі перасоўніцтва. На маю думку, у “Традыцыі” зыходна не было ніякага крэда, і паядналіся ў межах суполкі выключна з прагматычных меркаванняў: грамадою часам бывае прасцей прабівацца на мастацкі рынак, чым рабіць тое самае паасобку. Да таго ж, сабраліся ў суполцы людзі псіхалагічна сумяшчальныя, блізкія поглядамі на мастацтва ўвогуле і на фігуратыўна-прадметнае мастацтва ў прыватнасці.

Гэтая выстава “Традыцыі” мае назву “Далягляды рэальнасці” і прысвечана Году малой радзімы. Яна будзе цікавай для тых, хто шукае сваё тлумачэнне гэтай з’явы. Што ёсць для кожнага з нас малая радзіма? Вясковая хата, з якой калісьці выправіўся ў горад па навуку? Ускраіна сталіцы, ператвораная сёння ў рэспектабельны раён? Местачковая плошча, дзе адно на аднаго глядзяць царква і касцёл? А ў кагосьці дзяцінства прайшло ў вандроўках па ваенных гарадках, гарнізонах на прасторы ад Калінінграда да Уладзівастока.

Памятаеце песню савецкага часу “З чаго пачынаецца Радзіма”? Мастакі “Традыцыі” да нейкай ступені атаясамліваюць сваю творчасць з асветніцкай працай. Бадай на кожнай выставе суполкі прысутнічаюць творы, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне, і партрэты асоб, якім ёсць што сказаць “пра час і пра сябе”. У карцінах чальцоў суполкі прысутнічаюць рэаліі эпохі, якая для кагосьці скончылася і адышла ў нябыт у 1991 годзе, а для кагосьці застаецца трывалым падмуркам нашага сёння.

Далягляд залежыць ад кропкі, з якой углядаешся ў гарызонт. Час — ад падзеі, ад якой вядзецца падлік гадоў. На гэтай выставе глядач мусіць сам вызначыць гэтыя каардынаты.

 

 

Фарба як слова

/i/content/pi/cult/703/15413/15.jpgУ Палацы мастацтва адкрылася выстава “Маленне агню і ветру”, прысвечаная памяці мастака Фёдара (Франца) Ястраба.

Яна займае залу, дзе звычайна выстаўляецца дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Той, хто знаёмы са стылістыкай жывапісу Ястраба (1953 — 2014), можа ўбачыць у гэтай акалічнасці сімвалічны знак. Справа ў тым, што дэкаратывізм — аснова вобразнага ладу мастака. Фарбы на палітры для яго — бадай, тое самае, што для іншых літары алфавіта; а карціна — нібыта верш, які вабіць найперш мілагучнасцю, а ўжо потым ты задумваешся аб ягоным сэнсе.

Родам Фёдар-Франц з Віцебшчыны, паходжаннем вясковец. Адукацыя — віцебскі “худграф”. Калі лічыць крытэрыем поспеху мастака прапіску ягоных твораў у прыстойных галерэях і прыватных калекцыях, дык тут у Ястраба ўсё як мае быць. Але творчасць была не адзінай ягонай іпастассю. Зрэшты, адной творчасцю мала хто жыве. Нават тыя людзі мастацтва, чые імёны на слыху, мусяць шукаць дадатковы заробак, які часцяком становіцца асноўным.

Ястраб акрамя таленту жывапісца меў яшчэ і выдатныя арганізацыйныя здольнасці, а таксама ўменне ладзіць з людзьмі. Гэтыя якасці дазволілі яму ўзначаліць Міжнародную гільдыю жывапісцаў, арганізаваць галерэйна-выставачную справу ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, быць куратарам шэрагу выстаў і арт-фэстаў, выкладаць ва ўніверсітэце культуры і мастацтва. Мастак валодаў не толькі пэндзлем, але і словам. Ён пакінуў пасля сябе як мастацкую, так і паэтычную спадчыну.

Выставу складаюць некалькі дзясяткаў твораў. Дасведчаныя ў мастацтве гледачы магчыма адчуюць у іх водгулле мадэрну / сецэсіі / югендстылю. Мастака, відавочна, прываблівала стылістыка і ментальны лад творцаў пачатку мінулага стагоддзя, якія ў невытлумачальным прадчуванні (душа мастака — сацыяльны барометр) драматычнага злому цывілізацыі шукалі духоўнага апірышча ў эстэтыцы “залатога веку” (Старажытная Грэцыя, Рэнесанс, ранняе хрысціянства), вядомага нам збольшага не ў фармаце рэальнай гісторыі, але ў версіях пазнейшых інтэрпрэтацый.

Я не стаў бы шукаць у творчасці Ястраба канцэптуальны стрыжань. На маю думку, яна ў значнай меры рэфлексіўная. Ён рабіў не тое, што цікава многім, а тое, што было важна для самаго аўтара. Але паколькі той аўтар —асоба шматгранная, дык у люстэрку ягоных карцін бадай кожны здолее ўбачыць нешта сваё.

Калі мастак памірае, усё зробленае ім набывае новы сэнс. Завяршаецца жыццё — і падводзіцца рыса творчасці. Застаюцца творы, у якіх нічога нельга змяніць, дапрацаваць, перайначыць. Якія ўжо немагчыма ні сапсаваць, ні палепшыць.

Пры жыцці аўтара мы часта ўспрымаем творы праз ягоную асобу. Пасля смерці мы бачым асобу праз прызму створанага ёй. Мяркуючы па персанальнай выставе, Фёдар Ястраб жыў недарма і мастаком быў годным.

 

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"