Шаргаценне сукенкі музы

№ 31 (1366) 04.08.2018 - 11.08.2018 г

Напярэдадні юбілею Ігара Лучанка вядомы фотажурналіст Юрый Іваноў узгадвае эпізоды свайго сяброўства з кампазітарам, якое доўжыцца ўжо болей за паўстагоддзя.

/i/content/pi/cult/703/15404/2.JPGАдстароненасць

Пазнаёміліся мы ў 1963 годзе. Гэта быў час адлігі, калі газеты змяшчалі ўжо не толькі фота правадыроў, а радыё прамаўляла ўжо не толькі голасам Левітана. І вось менавіта на гэтай хвалі ў нас з’явілася маладзёжная тэлепраграма “Я з шасцідзясятых”, якая, дарэчы, ішла ў прамым эфіры — іначай тады проста тэхнічна было немагчыма.

Для газеты “Знамя юности”, дзе я тады працаваў, мяне папрасілі зрабіць здымак маладога кампазітара, запрошанага на тую перадачу. Першыя ўражанні ад гэтай асобы памятаю дагэтуль. Ён быў, што называецца, увесь у сабе, поўнасцю занураны ў творчасць, у ім адчувалася пэўная адстароненасць ад знешняга свету. І менавіта гэта мяне ў ім прываблівала. Пасадзіў яго за піяніна, ён зайграў, і мелодыя натхніла мяне на пэўны лад. Ужо тады для мяне фатаграфія была не толькі візуальным мастацтвам — яна магла і гучаць.

За гады нашага знаёмства Ігар Міхайлавіч не тое каб надта змяніўся. Тады яму было 25, цяпер — трошкі болей. Але гэтая засяроджанасць уласцівая яму заўсёды.

Думаю, музыка патрабуе адзіноты. Не ведаю, што такое калектыўная кампазітарская творчасць: яна можа быць толькі індывідуальнай. Кампазітар — не сказаць, што самотнік (блізкімі людзьмі Лучанка лёс зусім не абдзяліў), але гэткі затворнік, які праводзіць шмат часу сам-насам з музычным інструментам і нотнай паперай.

Верабейка

А праз два гады пасля той першай сустрэчы Лучанок стаў вядомым на ўвесь Саюз. Яго песня “Памяць сэрца”, напісаная на верш Міхаіла Ясеня, глыбока кранула літаральна кожнага. І гэта зразумела. Пасля заканчэння вайны прайшло ўсяго 20 гадоў, самі ветэраны тады яшчэ былі даволі маладыя. А іх успаміны пакуль не зацярушыліся часам, яны захоўвалі эмацыйную вастрыню.

У выніку, мяне папрасілі зрабіць яшчэ адзін партрэт кампазітара — гэтым разам ужо для газеты “Советская культура”. Ён без ваганняў пагадзіўся: ну трэба, дык трэба. Ігар Міхайлавіч не тое каб надта любіў пазіраваць, але з павагай ставіўся да любой прафесіі, у тым ліку і фотакарэспандэнта. Сустрэліся мы ў парку Янкі Купалы. Занураны ў сябе Лучанок — такі трохі ўскудлачаны, у звычайным сваім касцюмчыку — сядзеў на лаве і як чалавек абавязковы цярпліва чакаў, пакуль я зраблю сваю справу. Можа, у яго галаве ў гэты момант гучалі новыя мелодыі, а можа, ён засяроджана слухаў цішыню — не ведаю.

/i/content/pi/cult/703/15404/3.JPGЯ зрабіў адзін здымак, другі, але вынік мяне не задаволіў. І раптам да Ігара прысуседзіўся верабейка. Я адчуў, што паміж імі ёсць нейкая духоўная роднасць. Абодва самастойныя, адсланёныя ад вонкавага свету, засяроджаныя на сабе… І тады мне стала зразумела: вось ён, той партрэт, які я хацеў.

Муза

Як правіла, муза да творцы прыходзіць нябачна і незаўважна для тых, хто навокал. Але за гады сяброўства з Лучанком мне не раз даводзілася чуць шаргаценне яе сукенкі. У пэўныя моманты ён раптам станавіўся засяроджаным, потым хапаўся за свой блакнот і пачынаў нешта хутка там занатоўваць. Я разумеў, што ў такія хвіліны лепей яму не перашкаджаць, не адрываць ад справы.

Аднойчы мы разам наведалі прэм’еру ў Тэатры-студыі кінаакцёра. Сустрэліся ў Саюзе кампазітараў, які Ігар тады ўжо ўзначальваў. Прайшліся пехатою да “Масквы”, паглядзелі спектакль. Потым завіталі да мяне ў госці. Увесь гэты час я бачыў, што Лучанок на нечым засяроджаны. І вось, ужо патрапіўшы ў маю кватэру, ён кажа: “Я напісаў песню. Можна, я зайграю на тваім фано?”

Ён сеў за маё фартэпіяна і пачаў граць прыгожую мелодыю, якая ўжо неўзабаве гучала ў галовах і душах мільёнаў слухачоў. Гэта быў знакаміты “Майскі вальс”, сведкам нараджэння якога мне міжволі пашчасціла стаць.

“Спадчына”

/i/content/pi/cult/703/15404/4.JPGЧаго толькі няма ў размаітым і важкім творчым багажы Лучанка! І санаты, і кантаты, і прэлюдыі да фартэпіяна, і рок-опера “Гусляр”. І нават песні на вершы Карла Маркса!

Хаця, калі быць шчырымі, куды большы розгалас мелі яго песні на словы зусім іншых паэтаў. Прыкладам, Янкі Купалы і Якуба Коласа. Выкажу меркаванне, што радкі “Мой родны кут, як ты мне мілы” настолькі ўрэзаліся ўсім нам у памяць менавіта дзякуючы кампазітарскаму таленту Ігара Міхайлавіча.

Тое самае можна сказаць і пра слова “спадчына” — адно з самых папулярных сёння беларускіх слоў, якім ахвотна карыстаюцца нават тыя, хто ў жыцці па-беларуску не гаворыць. Зусім нядаўна я назваў ім сваю новую выставу, падораную мною кардыялагічнаму аддзяленню 4-й клінічнай бальніцы ў Мінску. І магу шчыра сказаць: гэтае слова прыйшло да мяне менавіта з песні Лучанка! Зрэшты, я прывёў толькі адно сведчанне ўздзеяння яго твораў на цэлыя пакаленні.

У тыя гады ранішнюю праграму па радыё слухалі ўсе — бо альтэрнатывы асабліва і не было. І калі ў ёй гучала добрая песня, яе словы водгуллем праносіліся ў тваёй галаве па дарозе на працу. Такіх, як ты, была цэлая краіна. Мы ўсе жылі адной і той самай музыкай. У Маскве быў Мікіта Багаслоўскі, у Рызе — Райманд Паулс, а ў Мінску — Ігар Лучанок.

Кожнае слова

/i/content/pi/cult/703/15404/5.JPGАдкрыю тут невялічкую таямніцу. Тая ж несмяротная “Спадчына” стваралася адмыслова пад чарговы юбілей Купалы. Лічу, нічога дрэннага ў гэтым няма. Тады ўсе пісалі да пэўных дат, нават той жа Еўтушэнка. І сярод “дацкіх” твораў можна знайсці не адзін дзясятак шэдэўраў. Была, канешне, і халтура, але гэта не пра Ігара. Ён да гэтай справы ставіўся надзвычай скрупулёзна і даткліва. Неяк апавядаў мне, як ён дбайна перачытваў творы таго ж Купалы, шукаючы тыя радкі, якія могуць патрапіць слухачу прама ў сэрца.

Лучанок увогуле вельмі сур’ёзна ставіцца да паэтычнага складніка песень, улічваючы не толькі сэнс, але і мілагучнасць кожнага слова, дабіваючыся яго музычнага гучання. З класікамі, вядома, спрачацца ўжо не выпадала. А вось з сучаснымі яму аўтарамі часам узнікалі даволі палкія дыскусіі.

Аднойчы я быў сведкам тэлефоннай палемікі з Генадзем Бураўкіным. Не памятаю, над якой песняй яны тады працавалі з Ігарам, але факт у тым, што спрэчка ўзнікла з нагоды ўсяго толькі аднаго слоўца! На думку кампазітара, з пункту гледжання рытмічнасці нешта не складалася, і трэба было ўнесці якіясьці дробныя карэктывы. Паэт жа стаяў на сваім і саступаць не хацеў. Гэтая дыскусія доўжылася болей за паўгадзіны! Наколькі памятаю, агульную мову аўтары ўсё ж знайшлі.

Аперэта

Аднойчы я даведаўся, што з Масквы ў Мінск прыехалі такія знакамітасці, як Аляксандра Пахмутава і Мікалай Дабранраваў. З Лучанком на той час яны ўжо сябравалі. І ён павёз іх да сябе ў Мар’іну Горку, запрасіўшы за кампанію і мяне. Атмасфера была нефармальнай, людзі ўсе свае. І вось, у адзін цудоўны момант Ігар узяў у рукі акардэон — а гэтым інструментам ён валодаў не горай за фартэпіяна. Атрымаўся шыкоўны імправізаваны нумар, які вельмі спадабаўся маскоўскім гасцям.

Увогуле, на знаёмства з мэтрамі сярод кампазітараў Ігару Міхайлавічу шанцавала. Памятаю, немалады ўжо Андрэй Пятроў раптам яму кажа: “Лучанок, колькі можна песні пісаць? Пішы аперэту!” Ігар пасміхнуўся і пагадзіўся з самым сур’ёзным выглядам.

Потым, калі мы ўжо засталіся сам-насам, я пачаў разважаць услых: хто б мог напісаць для гэтага твора лібрэта. Але Ігар мяне адразу суняў: “Юра, ды не буду я аперэту пісаць! Не маё гэта, разумееш!”

Старшыня

Пасаду старшыні Саюза кампазітараў Ігар Лучанок займае рэкордна доўгі час — ажно з 1980 года. А ў савецкую эпоху яна значыла многае. Прычым не столькі для Ігара Міхайлавіча, колькі менавіта для беларускіх кампазітараў. Сёй-той з іх і дасюль удзячны яму за ўдзел у сваім лёсе.

Лучанок — перад якім, як я ўжо казаў, расчыняліся ўсе дзверы — выбіваў для іх добрыя кватэры, высокія ганарары, званні і розныя рэгаліі. Прычым Ігар Міхайлавіч ніколі не меў нейкіх улюбёнцаў — ён аднолькава дбаў пра кожнага. Ведаў, каму што трэба, у каго дрэнныя жыллёвыя ўмовы, у каго дзіця нарадзілася… І мэтанакіравана ды ўтрапёна вырашаў праблемы членаў свайго саюза.

Таму і не дзіўлюся, што і на апошнім яго з’ездзе Лучанок быў зноў абраны старшынёй.

Два геніі

Аднойчы сядзелі мы ў прыемнай сяброўскай кампаніі ў маскоўскім гатэльным нумары Лучанка. І вось, у нейкі момант я запытаў Мулявіна: “Валодзя, скажы шчыра: ці падабаецца табе Ігар як кампазітар? Як з ім працуецца?” Пытанне было трохі правакатыўным. Балазе, “Песняры” на той момант ужо выконвалі нямала лучанкоўскіх песень, і грымелі яны тады не раўнуючы на ўвесь свет.

Мулявін, як вядома, меў адмысловае пачуццё гумару. Адказаў не задумваючыся. І тую фразу я назаўсёды запомніў: “Хай Лучанок дасць мне хаця б адну толькі ноту! Але гэта будзе нота Лучанка, і я зраблю з яе казку!”

Без сумневу, Мулявіну творы Ігара былі блізкімі. Гэта было сапраўднае сяброўства двух геніяў. Думаю, вельмі важна, калі выканаўца і кампазітар мысляць ва ўнісон, калі яны ствараюць песню сумесна. І ў іх такое супрацоўніцтва заўсёды атрымлівалася.

Дарэчы, мала хто ведае, што менавіта Лучанок дапамог Мулявіну стаць членам Саюза кампазітараў. Валодзя неаднаразова туды спрабаваў уступіць, але Масква, якая тады зацвярджала ўсе рашэнні, дабро не давала, грунтуючыся на фармальных крытэрыях. Лідар “Песняроў” (на той момант — ужо народны артыст СССР!) не меў вышэйшай музычнай адукацыі. І хіба так важна, што ягоныя песні спявае палова адной шостай часткі сушы?

Ігар Міхайлавіч несупынна ўздымаў гэтае пытанне перад старшынёй Саюза кампазітараў СССР Ціханам Хрэннікавым, нават спецыяльна ў Маскву ездзіў. І ўрэшце настаяў на сваім — Мулявіна прынялі.

Патрыятызм

Шмат цяпер кажуць, што ў савецкія часы Лучанок быў аблашчаны ўладамі. І гэта праўда. Але тут трэба аддаць належнае тым уладам, якія шанавалі свае таленты ды шчодра адорвалі іх званнямі, узнагародамі, пасадамі…

Адной з самых прэстыжных у СССР лічылася ўсесаюзная прэмія Ленінскага камсамола. Да таго ж, яна мела і вельмі прыстойны матэрыяльны эквівалент. І вось, далі гэтую прэмію Ігару Міхайлавічу. Паехаў ён у Маскву на яе ўручэнне, а па вяртанні радасна паведаміў: “Юра, усе да капейчыны грошы я пералічыў у Фонд міра!” Маю першую рэакцыю на гэтае паведамленне я тут не буду апісваць.

Чаму ён гэтак зрабіў? Адказаць можна адным словам: патрыятызм! Лучанок шчыра верыў у тую ідэалогію, якую ён апяваў і вызнаваў публічна. “Прежде думай о Родине, а потом о себе” — для яго гэта былі не прыгожыя словы з песні, а кіраўніцтва да дзеяння.

Дарэчы, калі ён займаў пасаду рэктара кансерваторыі — а гэта доўжылася з 1982 года па 1986 — ён прынцыпова не атрымліваў за сваю працу заробак. Маўляў, Радзіма мне і без таго шмат дае.

Ворагі

У Лучанка ворагаў не было, няма і не будзе. Ігар Міхайлавіч вельмі зычлівы да сяброў, вельмі цэніць добрыя адносіны да сябе. А нейкія эксцэсы… Здараліся і яны. Але хай гэта будзе тэмай для жоўтай прэсы.

Камандантэ

Неяк Ігар Міхайлавіч паехаў у Кубу разам з дэлегацыяй творчай інтэлігенцыі БССР. Вярнуўся ён проста акрылены. І распавёў: “Была ў нас сустрэча з Фідэлем Кастра. І вось, камандантэ падыходзіць наўпрост да мяне і кажа: “Ведаеш, камрад Лучанок (і адкуль ён толькі пра маю персону пачуў?), а ты такі самы мяцежны, як і я!” Ігар дасюль вельмі гэтым ганарыцца.

Не ведаю, як і чаму такое магло стацца. Можа, Кастра проста яму ў вочы ўгледзеўся і злавіў яго позірк?

Лёс

І гэта не адзіны выпадак з жыцця Ігара Міхайлавіча, не падуладны ніякаму тлумачэнню. Падчас вайны яго сям’я была ў эвакуацыі ў горадзе Сальску, што ў Растоўскай вобласці. Пасля вызвалення прыспеў час вяртацца на радзіму. На жаль, сабачку, які ў іх жыў, давялося пакінуць — з сабою ж яго не возьмеш. Сэрца хлопчыка балела, развітанне было цяжкім. Усю дарогу Ігар адчуваў, як не хапае яму халоднага носа сябра. Шлях да Мар’інай Горкі атрымаўся доўгім і запомніўся на ўсё жыццё. За вокнамі цягніка праплывалі абгарэлыя танкі, зруйнаваныя гарады і вёскі.

І вось, праз нейкі час пасля іх вяртання на парозе раптам з’явіўся… той самы сабака! Як яму ўдалося пераадолець амаль дзве тысячы кіламетраў ды знайсці сваіх гаспадароў — і дасюль застаецца загадкай.

— Ведаеш, пасля гэтага я стаў верыць у лёс! — сказаў мне Ігар, завяршаючы гэты аповед.

Каханне

Амаль на ўсіх фота Лучанок апрануты ў сціплы строгі касцюм. Думаю, ён ставіцца да моды як Маякоўскі, які напісаў, што апрача свежавымытай кашулі яму нічога з зямных дабротаў не патрэбна. Ігар Міхайлавіч заўсёды быў акуратным, дагледжаным, але ніколі не станавіўся рабом рэчаў. А вось на канцэрт альбо ўрачысты вечар ён ужо апранаўся “з іголачкі”. Пра гэта заўсёды дбала ягоная жонка Аляксандра Рыгораўна

З жонкай Ігару вельмі-вельмі пашчасціла. Яна — яго надзейны сябра і памочнік. Думаю, усімі сваімі заслугамі кампазітар у нечым абавязаны ёй. Пра іх адносіны можна пісаць паэму, а можна сказаць у двух словах: гэта каханне! Прычым Аляксандра Рыгораўна — і сама натура творчая, у яе дзве музычныя адукацыі. Ёсць прыклады, калі творчыя асобы не могуць плённа суіснаваць разам, бо кожная цягне на сябе коўдру. Але ў Лучанкоў усё зусім іначай. Аляксандра Рыгораўна дае Ігару магчымасці ствараць.

Пералом эпох

У савецкі час кампазітары жылі нядрэнна. За кожнае выкананне іх твора — як сімфанічнага, так і эстраднага, як на канцэрце, так і ў радыёэфіры — на банкаўскі рахунак крапала пэўная сума. Гэта былі капейкі, але калі тых выкананняў назапашвалася шмат, капейкі пераўтвараліся ў тысячы рублёў. Памятаю, адзін кампазітар (не Лучанок!) сцвярджаў, нібы ён з’яўляецца самым багатым чалавекам Беларусі. Настолькі багатым, што можа дазволіць сабе купіць не адзін відэамагнітафон (на той час — страшная раскоша), а ажно два.

Але наступіў пералом эпох, і ўсё змянілася да непазнавальнасці. “Пришли иные времена, взошли иные имена”, як прарочыў яшчэ раней Еўтушэнка. Гэта адбілася на матэрыяльным стане ўсіх кампазітараў. Рэй сталі весці выканаўцы, а вось аўтарам музыкі і слоў не даставалася амаль нічога. Ды і сама музыка, як вы разумееце, моцна змянілася. Зусім не ў лепшы, я лічу, бок. Як Лучанок перанёс гэтую змену эпох? Ён выжыў!

“Перажыві!”

На адным з маіх здымкаў Ігар Міхайлавіч з татам і мамай ля дома ў Мар’інай Горцы. Цяпер гэты дом належыць Лучанку. Сябры настаялі на тым, каб там быў створаны яго музей. І вось, на яго адкрыццё, прымеркаванае да 75-годдзя кампазітара, з’ехалася мноства вядомых асобаў. Каго там толькі ні было — апрача самога Ігара Лучанка!

Калі літаральна сёння мы з ім размаўлялі, ён усклікнуў: як бы так зрабіць, каб і гэты юбілей прайшоў міма мяне! Я кажу: “Ну, Ігар Міхайлавіч, ты ўжо ўвайшоў у гісторыю, і нікуды табе ад яе не падзецца. Перажыві!”

Самае важнае, што юбілеі юбілеямі — а пара творчасці кампазітара працягваецца. Прыкладам, сёння да Ігара прыехала паэтка з яго роднай Мар’інай Горкі Валянціна Ясень, прынесла зборнік сваіх вершаў, і я пакінуў іх за зацікаўленай гутаркай...

Занатаваў Ілья СВІРЫН