Век жыве, век вучыць...

№ 30 (1365) 28.07.2018 - 04.08.2018 г

Учора і сёння атожылка “Віцебскага авангарду”
Дзіцячая школа мастацтваў імя Анатоля Багатырова ў Віцебску ўнікальная ўжо хаця б сваёй гісторыяй. Мяркуйце самі: сістэма пачатковай мастацкай адукацыі і эстэтычнага выхавання стала ў нас найбольш актыўна развівацца недзе ў 1960-я гады. Да гэтага ў дзяржавы на такую раскошу папросту не было грошай. А вось віцебская школа ў наступным годзе будзе адзначаць свой стогадовы юбілей!

/i/content/pi/cult/702/15398/20.JPGВіцебск доўгі час знаходзіўся ўбаку ад маіх журналісцкіх маршрутаў. За гады, што прайшлі з апошняга наведвання горада на Заходняй Дзвіне, у ягоным абліччы і горадабудаўнічай структуры адбыліся, як мне падаецца, радыкальныя змены. Горад з утульнага ператварыўся ў рэспектабельны. Калі я даслаў сябрам фотаздымкі помніка Альгерду на фоне адроджанай Уваскрасенскай царквы, яны пыталіся: “А гэта дзе? У Львове? У Вільні?” І для горада, які пазіцыянуе сябе своеасаблівай сталіцай мастацтваў, музычная школа са стогадовай гісторыяй таксама можа лічыцца брэндавай. Думаецца, калі б у ёй з’явіўся свой музейчык, без наведвальнікаў ён бы не заставаўся.

Напачатку была кансерваторыя

Свой пачатак школа бярэ ад Віцебскай народнай кансерваторыі. Ведаючы ўмовы, у якіх яна стваралася, і яе матэрыяльную базу, разумееш, што такая гучная назва наўрад ці адпавядала сутнасці. Бракавала тады літаральна ўсяго, наладзіць нармальны навучальны працэс было нерэальна, але энтузіязм, падагрэты мастацтвам “рэвалюцыйнага авангарду”, ажно зашкальваў.

Узнікла Народная кансерваторыя ў 1918 годзе на падставе рашэння Наркамата асветы РСФСР (Віцебск у той час быў у складзе Савецкай Расіі). І нягледзячы на не надта спрыяльныя для мастацтва часіны, ахвотных вучыцца музыцы аказалася нечакана шмат. Паводле архіўных звестак, іх набралася каля дзвюх тысяч!

Само з’яўленне ў Віцебску той кансерваторыі наўпрост звязана з сацыяльна-культурным эксперыментам, які абрынуўся на горад пасля Кастрычніка і які сёння мы называем “Віцебскім рэвалюцыйным авангардам”. Дзякуючы свайму геаграфічнаму становішчу і шчасліваму збегу абставін горад на Дзвіне тады стаў цэнтрам прыцягнення для людзей творчых прафесій, якія ў разбэрсанай грамадзянскай вайной краіне апынуліся на мяжы выжывання. Віцебску пашчасціла аказацца ўбаку ад франтоў Першай сусветнай вайны і збройнага супрацьстаяння вайны Грамадзянскай. Да таго ж ён меў зручныя транспартныя камунікацыі з Петраградам і Масквой. З гэтай прычыны сюды перабралася шмат людзей культуры ў надзеі перачакаць тут, ва ўмовах адноснай бяспекі, вайну і крывавыя класавыя разборкі.

Прыбышоў трэба было заняць чымсьці карысным. І вось у сакавіку 1918 года аддзел Народнай адукацыі Віцебска прадставіў у Петраград наркаму асветы Анатолю Луначарскаму праект арганізацыі музычнага жыцця горада. А члены Віцебскага аддзялення прафсаюза аркестрантаў прапанавалі адкрыць Народную кансерваторыю. Луначарскі ідэю падтрымаў, бо быў зацятым прыхільнікам “новага мастацтва”, здольнага паспрыяць выхаванню “новага чалавека”, а Віцебск успрымаўся амаль ідэальнай пляцоўкай для такога эксперыменту.

Народная кансерваторыя стала адной з першых такога роду ўстаноў у Краіне Саветаў. Узначаліў яе прафесар Пецярбургскай кансерваторыі, дырыжор Мікалай Малько. Ён жа стаў кіраваць і мясцовым сімфанічным аркестрам. Вядомы ліст Малько віцебскаму музыканту Сухадрэву: “Новая кансерваторыя мае патрэбу ў значных і дзейсных сілах, якія маглі б паставіць работу на патрэбны ўзровень. Недастаткова запрасіць піяністаў, скрыпачоў і віяланчэлістаў — такіх знайсці не цяжка, пытанне толькі ў тым, ці будуць гэта педагогі, бо віртуозаў заўжды можна выпісаць”.

Усяго за два з паловай гады аркестр адыграў 240 канцэртаў. Водгукі аўдыторыі былі самыя лепшыя. Прыкладам, Марк Шагал з задавальненнем адзначаў, што цяпер ў ягоным родным горадзе “іграюць Шостую сімфонію Чайкоўскага, падбіраюцца да Дэбюсі, хутка, спадзяюся, будуць добра выконваць “Вясну свяшчэнную” Стравінскага”.

На чыстым

энтузіязме

Культурны ўздым у Віцебску тае пары падаецца чымсьці парадаксальным, нават фантастычным. З’явіўся дзяржаўны хор, тэатр-студыя, музычныя і тэатральныя гурткі, тэатр рэвалюцыйнай сатыры, маладзёжны тэатр, кінатэатры, клубы з музычным ухілам і звычайныя, і асветніцкага напрамку. Сіламі народнай кансерваторыі было пастаўлена некалькі опер. І гэта на тле грамадзянскай вайны і эканамічнага калапсу! Матэрыяльных стымулаў — нуль, усё на энергіі чыстага энтузіязму.

22 верасня 1919 года пры Віцебскай народнай кансерваторыі адкрылася Віцебская дзяржаўная спецыяльная музычная школа трох ступеней (такім чынам, стогадовы юбілей можна адлічваць і ад 1918, і ад 1919 гадоў — гэта як паглядзець). Яна мела пяць факультэтаў: клавішных, струнных, духавых інструментаў, навукова-тэарэтычны і сольных спеваў. У 1921 годзе падзялілася на дзве школы — адна першай ступені, другая — наступных дзвюх.

У маі 1922 года школа была ператворана ў Віцебскі музычны тэхнікум. Пры тэхнікуме была музычная школа з трохгадовым курсам навучання, якая займала тры пакоі ў памяшканні губернскага фінаддзела. Паколькі ў такіх умовах наладзіць нармальны навучальны працэс было немагчыма, выкладчыкі займаліся з навучэнцамі дома.

У сярэдзіне 1930-х гадоў тэхнікум стаў музычным вучылішчам, захаваўшы пры сабе школу. Затым была вайна, і, адпаведна, было не да музыкі. Зноў навучэнцаў школа прыняла ў 1945 годзе. На працягу сваёй гісторыі школа некалькі разоў мяняла адрас. Зараз займае рэспектабельны будынак у новай частцы горада на вуліцы генерала Люднікава.

Урэшце, апошняя веха ў гісторыі. Напрыканцы 2011 года музычная школа становіцца школай мастацтваў і атрымлівае імя аднаго са сваіх славутых выпускнікоў — Анатоля Багатырова. І гэта, дарэчы, не адзіная знакамітасць, якая скончыла тую навучальную ўстанову. Пералічваць імёны кампазітараў, музыказнаўцаў, дырыжораў, піяністаў, мастацкіх кіраўнікоў творчых калектываў, а таксама лаўрэатаў прэстыжных конкурсаў можна амаль бясконца.

Адкуль

настальгія?

Сёння ў школе на харавым, фартэпіянным, струнных смычковых, духавых інструментаў, народным аддзеленнях навучаецца больш за 600 чалавек. Прычым гэта не толькі жыхары прылеглага да яе раёна, але і ўсяго Віцебска ды яго прыгарадаў. Многія бацькі абіраюць менавіта “першую”, хаця значна бліжэй да дома ёсць і іншыя аналагічныя навучальныя ўстановы.

Нібыта ўсё добра, як мае быць. Але выкладчыкі ды і сама дырэктар школы Таццяна Пятроўна Сямашка з пэўнай настальгіяй згадваюць савецкі час. Чаму?

Па-першае, сацыяльны статус музыканта, як прафесіянала, так і аматара, сёння не той, што быў колісь. І справа нават не ў заробках. У тыя гады далучанасць да музыкі мела ў вачах грамады налёт элітарнасці. Раней пры паступленні ў музычную школу была якая-ніякая канкурэнцыя. Сёння ж нават іспытаў няма, ёсць толькі праслухоўванне. Фактычна бяруць усіх, хто мае хоць якія здольнасці. Наяўнасць жа ці адсутнасць музычнага слыху, рытму, музычнай памяці для прафесіянала бачныя адразу. Адсеў адбываецца ўжо ў часе вучобы.

У згаданай школе недабораў не бывае, а вось у Віцебскім музычным каледжы здараюцца. Людзі сёння больш прагматычныя. Прафесія музыканта не ўспрымаецца моладдзю як перспектыўная. Па словах спадарыні Таццяны, музыканту ў Віцебску ўладкавацца на працу даволі праблематычна. Ды і вышэйшай кропкай кар’еры для яго тут будзе хіба месца загадчыка аддзялення ў мясцовым музычным каледжы. Вось і едуць у Мінск, Пецярбург, далёкае замежжа. Спачатку — давучваюцца, а потым там і застаюцца. Значная частка тых выпускнікоў школы, што здолелі рэалізаваць свой талент і здзейсніць творчую кар’еру, уладкаваліся за мяжою.

Запатрабаванасць творчых кадраў — праблема не толькі для Віцебска.

Пытаюся: а што рабіць? На думку Таццяны Пятроўны, трэба выхоўваць у грамады звычку да культуры, каб мастацтва ўвогуле і яго канкрэтныя формы сталі для людзей не дадаткам да камфортнага побыту, а жыццёвай патрэбай. Каб далучанасць да культуры была б самае малое знакам прэстыжнасці. А для пачатку было б някепска, каб на культуру і яе прапаганду выдаткоўваліся такія ж сродкі, як на спорт.

Таццяна Сямашка згадвае час, калі працавала ў сярэдняй школе, дзе былі класы з музычным ухілам. Па яе словах, тыя, хто ў дадатак да школьнай праграмы яшчэ і музыкай займаўся, вылучаліся больш высокім інтэлектам і сацыяльнай адказнасцю. Сярод іх было меней хуліганаў і прагульшчыкаў. Культурны чалавек псіхалагічна няздольны на антысацыяльныя ўчынкі, але чуйны да грамадскіх праблем.

Таму і не дзіва, што вучні Віцебскай дзіцячай школы мастацтваў актыўна бяруць удзел у гарадскіх культурных мерапрыемствах. Выступаюць перад сваімі аднагодкамі, перад ветэранамі Вялікай Айчыннай, перад пацыентамі бальніцы хуткай дапамогі. “З кожнага зерня ў рэшце рэшт штосьці прарастае”, — гаворыць на развітанне спадарыня Таццяна.

Вось і старэйшая на Беларусі Дзіцячая школа мастацтваў імя Анатоля Багатырова вырасла з зерня, кінутага ў глебу сто гадоў таму. І яна вельмі дарэчы ў сённяшнім Віцебску з яго адбудаванымі храмамі і новымі помнікамі, са славутым фестывалем і мноствам іншых буйных культурных падзей, з захаванай памяццю пра Віцебскі авангард. Без такога чынніка Віцебск наўрад ці можа быць паўнавартасным горадам мастацтваў.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"